Год пачынаецца з казкі

Мноства адрасатаў мае Рэспубліканская навагодняя дабрачынная акцыя “Нашы дзеці”. Сярод іх і Ждановіцкая спецыяльная агульнаадукацыйная школа-інтэрнат, дзе вучацца хлопчыкі і дзяўчынкі з парушэннем слыху. Сюды з віншаваннямі і падарункамі прыехала намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Раіса Станіславаўна Сідарэнка.


…Атмасфера ў школе вельмі святочная і нават казачная — серабрысты дожджык, залатыя ўпрыгажэнні, дзеці і дарослыя ў карнавальных касцюмах, бацькі выхаванцаў з тэлефонамі і фотаапаратамі ў руках. А на стэндах і сценах у фае ўстановы — творчыя работы дзяцей, з агляду якіх Раіса Станіславаўна ў суправаджэнні дырэктара ўстановы Ірыны Вітольдаўны Волчак і пачала знаёмства са школай-інтэрнатам. Навучэнцы, што і гаварыць, тут вельмі творчыя, прадстаўлялі свае работы на многіх выставах і фестывалях. Напрыклад, школа ганарыцца дыпломам І ступені, атрыманым на ХІ Рэспубліканскім фестывалі мастацкай творчасці “Вясёлкавы карагод”. Іншых узнагарод ва ўстановы таксама нямала, сярод іх — дыплом ІІ ступені ў намінацыі “Лепшая спецыяльная агульнаадукацыйная школа (спецыяльная агульнаадукацыйная школа-інтэрнат) І Рэспубліканскага конкурсу “Лепшая ўстанова спецыяльнай адукацыі”.

У актавай зале атмасфера не менш творчая, чым у фае. Тут сабраліся госці, дзеці, педагогі, бацькі і, канечне, казачныя персанажы — вясёлыя гномы, гарэзлівая Чырвоная Шапачка, добрая Снежная Каралева, абаяльны Шэры Воўк, шкадлівая, але добрая ў душы Баба Яга, мноства іншых герояў навагодняй казкі. А галоўнымі персанажамі, зразумела, сталі Дзед Мароз і Снягурачка, якія прынеслі дзецям падарункі.

З падарункамі прыехалі да дзяцей і госці. Ад імя міністра адукацыі і ўсяго міністэрства Р.С.Сідарэнка падарыла выхаванцам Ждановіцкай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната наборы канструктараў LEGO і салодкія падарункі. Прысмакі набыла для дзяцей таксама Мінская гарадская калегія адвакатаў, а дырэктар Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Алена Уладзіміраўна Ануфровіч падарыла выхаванцам установы сертыфікат на праграму цэнтра “Навагодні цуд”, па якім дзеці могуць яго наведаць, паглядзець на тамтэйшых насельнікаў — трусоў, рыбак, чарапашак і іншых жывёл.


— Дарагія дзеці, паважаныя дарослыя, — звярнулася да прысутных намеснік міністра. — Вялікі вам дзякуй за тое свята, якое мы з вамі ўбачылі і адчулі! Дзякуючы вам, для мяне сёння прыйшоў Новы год — час казак, усмешак, радасці, добрых спраў і, канечне, падарункаў. Думаю, мы з вамі пасябруем і далей па вашых заяўках будзем яшчэ ўручаць падарункі. Няхай ваша жыццё будзе яркім, вясёлым, салодкім, няхай вам будзе заўсёды так добра, як было сёння нам, на гэтым свяце.

Што ж, дзяцей, якія заканчваюць вучобу ў спецыяльнай школе-інтэрнаце, і сапраўды чакае добрая будучыня. Пра гэта можна меркаваць хаця б па апошнім выпуску школы. З 14 выпускнікоў 2017/2018 навучальнага года чацвёра працягваюць адукацыю ў Мінскім дзяржаўным каледжы электронікі, адзін юнак атрымлівае прафесію цырульніка (а гэта была яго запаветная мара), іншыя хлопцы і дзяўчаты працуюць. А яшчэ выпускнікі любяць наведваць сваю школу і пасля яе заканчэння — арганізоўваць футбольныя матчы паміж выпускнікамі і цяперашнімі навучэнцамі, мець зносіны з імі і з педагогамі.

Сёння ў школе вучацца 94 чалавекі (ад дашкольнікаў да старшакласнікаў), як з Мінскай вобласці, так і з іншых рэгіёнаў краіны. Упрыгожваць сваю ўстанову яны пачалі яшчэ ў пачатку снежня — тут такая традыцыя, бо ў пачатку гэтага месяца, як і кожны год, старшакласнікі арганізавалі салодкі стол, на які запрасілі бацькоў. А з першага снегу дзеці паспелі зрабіць навагоднюю кампазіцыю ў выглядзе торта.

Калі ж цяперашнія навучэнцы скончаць школу, яны, без сумненняў, стануць самастойнымі, шчаслівымі, упэўненымі ў сабе людзьмі, такімі, як і іх старэйшыя таварышы. Школа кожнаму з іх дапаможа ў гэтым.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.