Атрымаць атэстат і прафесію

Некалькі гадоў назад у краіне адбылася аптымізацыя дзейнасці  вучэбна-вытворчых камбінатаў, якія на працягу доўгага часу дазвалялі навучэнцам старшых класаў атрымліваць прафесійную адукацыю. 

Напрыканцы жніўня мінулага года Міністэрства адукацыі зацвердзіла новы вучэбны план, згодна з якім у 10-класнікаў, якія не маюць профільнага навучання, з’явілася магчымасць па суботах займацца працоўным навучаннем. Менавіта дзякуючы такому новаўвядзенню, у аб’ёме 6 гадзін у тыдзень пачала рэалізоўвацца адукацыйная праграма прафесійнай падрыхтоўкі, якая накіравана  не толькі на фарміраванне станоўчай матывацыі да прадаўжэння прафесійнай адукацыі, але і здольна садзейнічаць павышэнню  сацыяльнай абароны выпускнікоў на рынку працы.

Па сутнасці, вучням цяпер прадастаўлена магчымасць разам з атрыманнем агульнай сярэдняй адукацыі атрымліваць і рабочую прафесію, як гэта было і пры дзейнасці вучэбна-вытворчых камбінатаў.

Пра тое, як арганізавана прафесійная падрыхтоўка школьнікаў у  Барысаўскім дзяржаўным будаўнічым прафесійным ліцэі, а таксама аб тым, як працоўнае навучанне дапамагае ў прафарыентацыйнай рабоце, расказала дырэктар Барысаўскага дзяржаўнага будаўнічага прафесійнага ліцэя Галіна Сцяпанаўна КАЛЯЧОНАК.

— Галіна Сцяпанаўна, наколькі апраўданым з’яўляецца ўвядзенне прафесійнай пад­рыхтоўкі школьнікаў ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі? Якія прафесіі навучэнцы раёна могуць атрымаць у вашым ліцэі?

— Установы прафесійнай адукацыі, якія ажыццяўляюць прафесійную падрыхтоўку школьнікаў у рамках вывучэння вучэбнага прадмета  “Працоўнае навучанне” даюць магчымасць навучэнцам паспрабаваць сябе ў рабочых прафесіях рознага кірунку. Гэта цудоўная магчымасць атрымаць дадатковыя навыкі, нават калі ў далейшым маладыя людзі не плануюць звязваць будучыню з гэтай рабочай прафесіяй.

У нашым ліцэі навучэнцы атрымліваюць будаўнічыя прафесіі, такія як маляр, тынкоўшчык і інш. З 2018/2019 навучальнага года ў ліцэі атрымліваюць прафесію будаўніка і навучэнцы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі Барысаўскага раёна. У адпаведнасці з загадам міністра адукацыі “Аб арганізацыі адукацыйнага працэсу па працоўным навучанні па праграме прафесійнай падрыхтоўкі рабочых (служачых) у Х (ХІ) класах устаноў агульнай сярэдняй адукацыі ў 2018/2019 навучальным годзе” ад 28.08.2018  № 669, у ліцэі для навучэнцаў 10-х класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Барысаўскага раёна з верасня 2018 года рэалізуецца праграма прафесійнай падрыхтоўкі  па прафесіі маляр.

Сёлета, як толькі было вызначана, што навучэнцы школ могуць выбраць любую з прапанаваных прафесій, да нас на маляроў прыйшлі вучыцца вучні са шматлікіх раённых школ. Навучэнцы наведваюць ліцэй адзін раз на тыдзень. Заняткі ў іх доўжацца, як і прапісана ў загадзе, 6 гадзiн. Зразумела, тэарэтычнае навучанне чаргуецца з вытворчым. Дзякуючы спалучэнню практыкі і тэорыі, у падлеткаў з’яўляецца разуменне ўсіх тонкасцей выбранай прафесіі, развіваюцца прафесійна значныя якасці. Безумоўна, нашы майстры тлумачаць вучням усе асаблівасці работы маляра, гаво­раць аб тым, што ў кампетэнцыю такога рабочага  ўваходзяць не толькі афарбоўка сцен, абклейванне іх шпалерамі, шпатляванне. Маляру высокай кваліфікацыі даводзіцца выкон­ваць больш складаную і разнастайную работу: мастацкае аздабленне сцен і столяў, роспіс розных паверхняў, падчас якіх неабходна ўмець камбінаваць складаныя колеры.

Для таго каб пацвердзіць разрад, школьнікі павінны будуць поўнасцю прайсці праграму навучання і здаць кваліфікацыйны экзамен.

Даведка ўпраўлення па адукацыі

Прафесійная падрыхтоўка рабочых (служачых) у рамках вучэбнага прадмета “Працоўнае навучанне” ў 10-х класах арганізавана для 362 вучняў з 32 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Барысаўскага раёна.

Для 213 дзесяцікласнікаў (58,8%) працоўнае навучанне па праграме прафесійнай падрыхтоўкі рабочых (служачых) арганізавана непасрэдна ў 21 установе агульнай сярэдняй адукацыі ў адпаведнасці з I мадэллю навучання.

У рэйтынгу прафесій рабочых (служачых) лідзіруе прафесія справавод. Па ёй, згодна з данымі, вучацца 53 вучні. Швачкамі выказалі  жаданне стаць 39 дзяўчат. Акрамя гэтага, у раёне ёсць і іншыя прафесіі. Так, цікавымі для вучняў з’яўляюцца такія кірункі дзейнасці, як сацыяльны работнік, садоўнік, слесар-рамонтнік, абліцоўшчык-плітачнік і г.д.

149 навучэнцаў 10-х класаў (41,2%) з 12 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі вучацца па III мадэлі, якая прадугледжвае арганізацыю прафесійнай падрыхтоўкі рабочых (служачых) на базе ўстаноў прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай адукацыі, устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.

— На якім абсталяванні і ў якіх кабінетах і майстэрнях праводзяцца заняткі з навучэнцамі?

— У нас у ліцэі ёсць вучэбны  цэнтр Ceresit, у якім праводзіцца навучанне па прафесіі маляр. Акрамя гэтага, вучні займаюцца  ў майстэрні апрацоўчых будаўнічых работ, у кабінеце спецыяльнай тэхналогіі. Маладыя людзі выву­чаюць пытанні спецыяльнай тэхналогіі, матэрыялазнаўства, асноў колеразнаўства, аховы працы, чарчэння, а таксама набываюць практычныя ўменні і навыкі. У выніку навучання па прафесіі маляр вучні павінны будуць прадстаўляць асноўныя і дапаможныя працэсы вытворчасці апрацоўчых будаўнічых работ, разумець сутнасць, парадак, правілы і спосабы выканання малярных работ рознай складанасці. Акрамя гэтага, навучэнцы павінны будуць умець характарызаваць асаблівасці тэхналагічных працэсаў афарбоўкі розных дэталей і паверхняў. Безумоўна, вельмі каштоўным з’яўляецца ўменне выкарыстоўваць набытыя тэарэтычныя веды ў практычнай дзейнасці, выконваць малярныя работы рознай складанасці ў будаўніцтве і машынабудаўнічай  вытворчасці.

— Наколькі  дзейcнай у пытаннях прафарыентацыі  з’яўляецца падрыхтоўка школьнікаў па рабочых прафесіях у вашай установе адукацыі?

— Прафарыентацыйная работа павінна праводзіцца з вучнямі  пастаянна. І прафесійная падрыхтоўка школьнікаў у рамках вывучэння вучэбнага прадмета “Працоўнае навучанне” з’яўляецца даволі дзейсным спосабам прафарыентацыі. Падчас заняткаў у нашым ліцэі, у каледжах Барысава ў вучняў ёсць магчымасць пазнаёміцца з рознымі прафесіямі.

Увогуле, мэтай арганізацыі прафесійнай падрыхтоўкі школьнікаў з’яўляецца прафесійная арыентацыя і прафесійнае суправаджэнне навучэнцаў школ, навукова-метадычнае і педагагічнае супрацоўніцтва, распрацоўка і рэалізацыя сумесных прафесійна арыентаваных праектаў.

У ходзе рэалізацыі  адукацыйнай праграмы прафесійнай падрыхтоўкі  школьнікаў ліцэй прадастаўляе ім магчымасць азнаямлення з усёй неабходнай дакументацыяй па правілах прыёму ў ліцэй, па пытаннях навучання і магчымасці працаўладкавання. Акрамя гэтага, навучэнцы школ прыязджаюць да нас на агульналіцэйскія мерапрыемствы, спартыўныя святы, конкурсы.

Безумоўна, для таго каб прыцягнуць вучняў у прафесію, неабходна праводзіць мерапрыемствы рэкламнага характару. Яны павінны быць накіраваны на папулярызацыю прафесіі, а таксама тыя спецыяльнасці, па якіх вядзецца падрыхтоўка ў ліцэі для вучняў у адпаведнасці з зацверджаным планам работы па прафесійнай арыентацыі або па заяўцы ад школы. Дарэчы, праводзячы разам са школамі сумесныя мерапрыемствы, мы такім чынам прыцягваем да сваіх спецыяльнасцей і кваліфікацый яшчэ больш увагі. Вучні прыходзяць, знаёмяцца з кабінетамі, майстэрнямі, лабараторыямі, выкладчыкамі, нашымі навучэнцамі і пасля, нават калі не займаюцца ў нас па суботах, робяць выбар на карысць будаўнічых спецыяльнасцей.

— Калі закранаць пытанне матэрыяльна-тэхнічнай базы, якім абсталяваннем забяспечаны ліцэй?

— У ліцэі створана неабходная матэрыяльна-тэхнічная база для арганізацыі адукацыйнага працэсу, а таксама для падрыхтоўкі высокакваліфікаваных рабочых кадраў. Наша ўстанова мае  тут багаты вопыт. Ужо не першы год з ліцэя выпускаюцца высокакваліфікаваныя рабочыя, якія працуюць на буйных прадпрыемствах, у арганізацыях будаўнічай галіны. Безумоўна, важна, што ліцэй мае сучасную матэрыяльна-тэхнічную базу, у тым ліку вучэбны цэнтр Ceresit, які адкрыты ў супрацоўніцтве з прадпрыемствам ТАА “Хенкель Баўтэхнік”.

Дзякуючы добрай матэрыяльнай базе, цудоўнаму педагагічнаму складу, наш ліцэй мае вопыт выніковай падрыхтоўкі навучэнцаў да Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства WorldSkills  Belarus па кампетэнцыі “Малярныя і дэкаратыўныя работы”: у 2016 годзе  наш  навучэнец Аляксандр Градовіч у гэтым  конкурсе заняў 1-е месца, у 2018 годзе Настасся Нікіціна — 3-е месца.

Плённае супрацоўніцтва і сацыяльнае партнёрства з арганізацыямі — заказчыкамі кадраў дазваляюць нашым выпускнікам  без праблем знайсці першае рабочае месца. Безумоўна, аб усім гэтым мы расказваем навучэнцам школ.

— Як на працягу навучальнага года будзе кантралявацца  прафесійная паспяховасць навучэнцаў?

— Як і па іншых вучэбных прадметах, па працоўным навучанні ацэнь­ванне вучняў праводзіцца ў адпаведнасці  з правіламі атэстацыі, адзнакі выстаўляюцца за чвэр ць.

Для таго каб даць дзецям асноўныя навыкі выбранай прафесіі, за кожнай вучэбнай групай замацаваны майстар вытворчага навучання, які праводзіць практычныя заняткі. Тэарэтычныя заняткі праводзяць выкладчыкі спецыяльных вучэбных прадметаў.

— Як ажыццяўляецца падвоз тых дзяцей, якія жывуць далёка ад горада?

— Падвоз навучэнцаў з раённых школ арганізаваны ўпраўленнем па адукацыі Барысаўскага райвыканкама. Дзякуючы зладжанай рабоце, вучні кожную суботу прыязджаюць вучыцца. Пропускі заняткаў па працоўным навучанні без уважлівых прычын, як і па іншых прадметах, не дазваляюцца.

Наталля САХНО.