Дом, у якім любяць

Дзеля чаго і для каго праводзіцца рэспубліканская дабрачынная акцыя “Нашы дзеці”?  Безумоўна, у першую чаргу яна накіравана на тое, каб чарговы раз нагадаць, што побач з намі ёсць дзеці, якія абдзелены бацькоўскай любоўю і цяплом. Па-другое (у гэта вельмі хочацца верыць), яна заклікае да чалавечнасці: паказвае, наколькі мы засяроджаны на сабе, на дробязях, якія раздуваем да праблем сусветнага маштабу, не разумеючы пры гэтым, што нашы праблемы не параўнаюцца з праблемамі тых, у каго няма ні дома, ні сям’і. 

У дзіцячым сацыяльным прытулку Жодзінскага сацыяльна-педагагічнага цэнтра сёння знаходзяцца 4 малышы. Было б цудоўна, калі б гэты Новы год яны сустрэлі дома. Толькі гэта не залежыць ад нас, як не залежыць і ад супрацоўнікаў цэнтра. Але яго кіраўніцтва робіць усё магчымае, каб дзеці заўсёды ўсміхаліся, адчувалі падтрымку і верылі ў тое, што цуды здараюцца не толькі ў ноч на Новы год. 

Дрэва цудаў

Каля “Дрэва цудаў”.

Жодзінскі сацыяльна-педагагічны цэнтр штогод прымае ўдзел у рэспубліканскай дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці”. Прычым святочныя мерапрыемствы пачынаюцца задоўга да Новага года. А ў пра­граме навагодніх імпрэз нават ёсць свае прыемныя асаблівасці.

Так, 19 снежня выхаванцы цэнтра наведалі гарадское свята, падчас якога з надыходзячымі Калядамі і Новым годам іх павіншавала кіраўніцтва горада.

Са слоў Юліі Васільеўны Ткачэнка, дырэктара Жодзінскага сацыяльна-педагагічнага цэнтра, работа спецыялістаў рэабілітацыйнай групы накіравана на карэкцыю паводзін дзяцей, прафілактыку і папярэджванне трапляння ў небяспечныя сітуацыі. Акцэнт, зразумела, робіцца на дзецях з уразлівых катэгорый. Так, групу наведва­юць дзеці з мнагадзетных, няпоўных сем’яў, а таксама тыя малышы, якія ўжо знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы ці ў адносінах да якіх сёння праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа. Рэабілітацыйная група працуе штодзень з 12 да 17 гадзін.

“На мінулым тыдні адбыўся сумесны ранішнік для дзяцей з рэабілітацыйнай групы і тых, хто знаходзіцца ў сацыяльным прытулку, — расказвае Юлія Васільеўна. — Дарэчы, ужо стала добрай традыцыяй, што напярэдадні Новага года, як і ў Міжнародны дзень абароны дзяцей, да выхаванцаў цэнтра прыязджаюць актывісты валанцёрскага клуба “Крок насустрач”, што дзейнічае ў Міжнародным універсітэце “МІТСО”. Як правіла, валанцёры прывозяць тое, што ў першую чаргу неабходна дзецям. “Крок насустрач” загадзя абмяркоўвае з намі, у чым прытулак мае патрэбу. У мінулым годзе, напрыклад, нам падарылі пыласос, партатыўную калонку, гульнявы вулічны інвентар. Сёлета ў якасці падарункаў будуць падушкі. Безумоўна, салодкія падарункі, настольныя гульні выхаванцам таксама ўручаюць, а пасля гуля­юць з імі”.

У сярэдзіне снежня ў адным з гіпермаркетаў горада стартавала акцыя “Дрэва цудаў”. Яе арганізатары — аддзел па адукацыі, спорце і турызме Жодзінскага райвыканкама і ТАА “Жодзіна Мол”. Сутнасць акцыі вельмі цікавая. Спецыяльна для “Дрэва цудаў” — а гэта жывая ёлка — дзеці (сіроты і тыя, хто застаўся без апекі бацькоў) робяць навагоднія цацкі, на якіх пішуць свае пажаданні. Цацкі вывешваюцца на дрэва, а жыхары Жодзіна, якія хочуць выступіць у ролі таемнага Санты, знімаюць іх, чытаюць пажаданні дзяцей і дораць малышам тое, што яны загадалі.

Расказваючы пра цэнтр, яго дырэктар акцэнтавала ўвагу на кірунках работы з дзецьмі. Так, спецыялісты дзіцячага сацыяльнага прытулку на працягу навучальнага года працавалі са сваімі выхаванцамі па такіх напрамках, як прафілактычная, дыягнастычная, кансультацыйная, карэкцыйна-развіццёвая дзейнасць. Значная роля адводзілася дзейнасці па абароне правоў і законных інтарэсаў непаўналетніх.

“Мэты, якія ставілі перад сабой у пачатку мінулага года, былі да­сяг­нуты, — кажа Ю.В.Ткачэнка. — Але нам неабходна працягваць пашыраць прафесійныя кампетэнцыі па формах узаемадзеяння з бацькамі выхаванцаў прытулку, па павышэнні ўзроўню бацькоў­скай адказнасці ў пытаннях догляду і выхавання дзяцей, па абароне правоў і законных інтарэсаў непаўналетніх з мэтай папярэджвання выпадкаў трапляння дзяцей у цяжкія жыццёвыя сітуацыі. У наступным навучальным годзе асноўныя кірункі работы спецыялістаў дзіцячага сацыяльнага прытулку застануцца ранейшымі, бо вядучым пытаннем застаецца абарона правоў і законных інтарэсаў выхаванцаў, аднаўленне дзіцяча-бацькоўскіх адносін”.

Галоўная роля ў наладжванні сямейных адносін, падтрымцы сям’і належыць аддзелу прафілактыкі сямейнага недабрабыту і сацыяльнага сіроцтва, што працуе ў цэнтры. Адзін з важных кірункаў дзейнасці аддзела — улік і кантроль непаўналетніх, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, а таксама тых дзяцей і падлеткаў, якіх прызналі маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне. 

“Акрамя гэтага, аддзел займаецца аналізам прычын сямейнага недабрабыту дзяцей, каардынацыяй работы спецыялістаў СППС устаноў адукацыі па рабоце з праблемнымі сем’ямі і аказвае метадычную дапамогу ў пытаннях абароны правоў і законных інтарэсаў непаўналетніх”, — гаворыць дырэктар установы.

Для дзяцей і сям’і

У Жодзінскім сацыяльна-педагагічным цэнтры вялікая ўвага ўдзя­ляецца рабоце з замяшчальнымі сем’ямі, прыёмнымі бацькамі. Спецыялісты аддзела падтрымкі сем’яў нават распрацавалі праграму, якая дазваляе право­дзіць  комплекснае, паэтапнае сацыяльна-педагагічнае, псіхалагічнае і прававое суправаджэнне дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў.

Як паведаміла Таццяна Леанідаўна Канашонак, псіхолаг цэнтра,  у Жодзіне створаны і функцыянуюць 12 прыёмных сем’яў, у якіх выхоўваюцца 18 дзяцей. Таксама ажыццяўляюць работу 3 дзіцячыя дамы сямейнага тыпу, у якіх пражываюць 19 дзяцей.

 А вось чым Жодзінскі сацыяльна-педагагічны цэнтр насамрэч можа ганарыцца, дык гэта клубам прыёмных бацькоў, бацькоў-выхавальнікаў “Прыёмная сям’я”, які працуе крыху больш за 10 гадоў. Дарэчы, у верасні 2019 года клуб перайменаваны ў клуб для замяшчальных бацькоў “Цяпло сэрцаў”.

“Мэта клуба — стварэнне спрыяльнага псіхаэмацыянальнага клімату ў сем’ях, якія прыма­юць дзяцей на выхаванне, а таксама фарміраванне станоўчых  установак у свядомасці бацькоў, — кажа Таццяна Канашонак. — Штоквартальна разам збіраюцца не толькі прыёмныя бацькі, але і бацькі-выхавальнікі, апекуны, каб падзяліцца вопытам выхавання дзяцей, умацаваць паўнавартасныя кантакты паміж прыёмнымі сем’ямі, атрымаць адказы на хвалюючыя пытанні. Спецыялісты аддзела ў сваёй дзейнасці выкарыстоўваюць інтэрактыўныя формы работы з дарослымі і выхаванцамі: сямейныя гасцёўні, дзелавыя псіхалагічныя, інтэлектуальна-пазнавальныя гульні, спартыўныя сустрэчы, экскурсіі, трэнінгавыя заняткі і інш. Адназначна, сустрэчы ў рамках клуба збліжаюць членаў замяшчальных сем’яў, дазваляюць дарослым і дзецям убачыць адно аднаго ў іншым свеце, дапамагаюць пераадолець недавер і адчужа­насць ва ўзаемаадносінах. Дарэчы, у рамках клуба рэалізуецца аўтарская “Праграма па прафілактыцы эмацыянальнага выгарання замя­шчальных бацькоў”, што была распрацавана мной”.

Для таго каб аб’яднаць дзяцей і бацькоў, а таксама папулярызаваць замяшчальныя сем’і як з’яву, як сістэму, СПЦ Жодзіна неаднаразова арганізоўваў выставы творчых работ выхаванцаў з замяшчальных сем’яў, — працягвае расказваць пра дзейнасць цэнтра Т.Л.Канашонак. — Прыметна, што фотаматэрыялы выставы работ выхаванцаў з замяшчальных сем’яў Жодзіна размешчаны ў віртуальным інтэрактыўным клубе для замяшчальных бацькоў Мінскай вобласці “Дом там, дзе любяць”. Матэрыялы гэтага інтэрактыўнага клуба накіраваны на папулярызацыю замяшчальных форм уладкавання ў сям’ю, прафілактыку сіроцтва, папярэджванне эмацыянальнага выгарання і падтрымку прыёмных бацькоў. Таксама інтэр­актыўны клуб змяшчае цыкл навучальных матэрыялаў, якія ўключаны ў рубрыкі “Практыкум для прыёмных бацькоў”, “Сіндром эмацыянальнага выгарання: твая псіхалагічная падтрымка”, “Бацькоўскі практыкум”, “Псіхалагічныя гульні”, “Цёплы дом”. Вельмі цікавымі па сваім змесце з’яўляюцца “Псіхалагічны партфель для прыёмных бацькоў” і “Рэкамендацыі псіхолага ў перыяд самаізаляцыі”.

Цяпло сэрца

У Жодзінскім СПЦ вельмі адказна ставяцца да прафесійнай падрыхтоўкі кандыдатаў на ролю прыёмных бацькоў, бацькоў-выхавальнікаў і ўсынавіцеляў. Менавіта таму падрыхтоўка кандыдатаў вя­дзецца па  праграме “ПРАЙД”, што была распрацавана Нацыянальным цэнтрам усынаўлення сумесна з Міністэрствам адукацыі.

“У рамках падрыхтоўкі дарослых да прыёму на выхаванне дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, падчас заняткаў і трэнінгаў ажыццяўляецца выяўленне і фарміраванне ў дарослых выхаваўчых кампетэнцый, а таксама бацькоўскіх навыкаў для догляду і выхавання дзіцяці, у тым ліку для аховы яго правоў і здароўя, стварэння бяспечнага асяроддзя, паспяховай сацыялізацыі, адукацыі і развіцця, — тлумачыць педагог-псіхолаг. — Таксама кандыдатам у прыёмныя бацькі і ўсынавіцелям аказваецца дапамога ў вызначэнні іх гатоўнасці да прыёму на выхаванне дзіцяці, якое засталося без апекi бацькоў. Мы вучым дарослых усведамляць рэальныя праблемы і цяжкасці, з якімі яны будуць вымушаны сустрэцца ў працэсе выхавання прыёмнага дзiцяцi. Таксама падчас трэнінгаў адбываецца азнаямленне кандыдатаў у прыёмныя бацькі з асновамі заканадаўства ў сферы абароны правоў дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, з правамі і абавязкамі прыёмных баць­коў, формамі прафесійнай дапамогі, падтрымкі і суправаджэння прыёмных сем’яў”.

Заняткі  право­дзяцца ў форме семінараў-трэнінгаў, што дазваляе стварыць умовы для нефармальных зносін, узаемадапамогі і падтрымкі. На занятках выкарыстоўваюцца інтэрактыўныя формы навучання з прымяненнем сучасных тэхнічных сродкаў. Слухачы маюць магчымасць засвойваць веды з дапамогай прагляду навучальных фільмаў, відэаролікаў, прэзентацый з іх наступным аналізам. Што тычыцца практычнай часткі заняткаў, то яна прадстаўлена ролевымі гульнямі, дыскусіямі, дзейнасцю ў падгрупах, індывідуальнай работай.

“За справаздачны перыяд падрыхтаваны 12 кандыдатаў, 2 з якіх — у прыёмныя бацькі, а 10 — ва ўсынавіцелі. Таксама вя­дзецца работа па стварэнні новай прыёмнай сям’і”, — канстатуе Т.Л.Канашонак. — Дарэчы, для таго, каб у цэнтры можна было даць кансультацыю прыёмным баць­кам, падапечным, іх блізкім сваякам, мы стварылі кансультацыйны пункт. Кансультаванне праводзіцца ў групавой і індывідуальнай форме, у дзіцяча-бацькоўскай пары, сямейнай групе. Падчас кансультацый члены прыёмнай сям’і могуць абмяняцца сваімі пачуццямі, адчуваннямі, дапамагчы адно аднаму ў вырашэнні важных сямейных праблем, канфліктных сітуацый. Кансультаванне праводзіцца як па ініцыятыве спецыялістаў нашага СПЦ, так і па запыце прыёмных бацькоў і дзяцей з усёй краіны ў дыстанцыйнай форме”.

Важнай часткай работы СПЦ Жодзіна, пра якую згадала псіхолаг Таццяна Канашонак, з’яўляецца арганізацыя работы трэнінгавых груп для прыёмных бацькоў, бацькоў-выхавальнікаў дзіцячых дамоў сямейнага тыпу. Так, ужо былі праведзены 7 групавых трэнінгавых заняткаў, 7 групавых кансультацый для замяшчальных бацькоў, 9 групавых заняткаў па сацыялізацыі з выхаванцамі прыёмных сем’яў, дзіцячых дамоў сямейнага тыпу. Для педагогаў-псіхолагаў былі арганізаваны 10 групавых кансультацый па актуальных тэмах: “У маім класе вучыцца дзіця з прыёмнай і апякунскай сям’і”, “Прыёмнае дзіця ідзе ў школу”, “Папярэджванне жорсткага абыходжання ў сям’і, у тым ліку і сексуальнага гвалту”, “Прафілактыка інтэрнэт-залежнасці” і інш.

“Усе трэнінгі-кансультацыі распрацаваны мной і выкары­стоўваюцца ў рабоце клуба “Цяпло сэрцаў” падчас суправа­джэння замяшчальных сем’яў, — заўважае педагог-псіхолаг. — Таксама вельмі дапамагаюць у рабоце з сем’ямі такія метадычныя матэрыялы, як праграма “Рух насустрач”, што прызначана для педагогаў-псіхолагаў і закранае тэму аднаўлення дзіцяча-бацькоўскіх адносін, сістэму выхавання дзіцяці ў прыёмнай сям’і з біялагічнымі бацькамі.

З 1 верасня бягучага года ў Жодзінскім СПЦ арганізавана работа занальнага рэсурснага цэнтра па суправаджэнні замяшчальных сем’яў з уключэннем Смалявіцкага, Барысаўскага, Крупскага, Лагойскага, Пухавіцкага раённых сацыяльна-педагагічных цэнтраў. Асноўнай мэтай дзейнасці рэсурснага цэнтра з’яўляецца абагульненне і распаўсюджванне эфектыўнага педагагічнага вопыту па рабоце з прыёмнымі бацькамі, бацькамі-выхавальнікамі ДДСТ, апекунамі. Каардынацыю і метадычнае суправаджэнне работы рэсурснага цэнтра забяспечвае Мінскі абласны інстытут развіцця адукацыі. Каардынацыяй работы занальнага цэнтра займаецца Таццяна Канашонак.

“У рамках рэсурснага цэнтра вялікая ўвага ўдзяляецца падтрымцы і навучанню маладых педагогаў-псіхолагаў, якія суправаджаюць прыёмныя сем’і, бацькоў-выхавальнікаў дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, выхаванцаў, — пералічвае Таццяна Канашонак. — Таксама робім упор на павышэнне прафесійных кампетэнцый спецыялістаў у рамках навучальных абласных і рэспубліканскіх семінараў і вэбінараў, на дыстанцыйнае кансультаванне па пытаннях суправаджэння, прафілактыкі адмаўлення ад дзяцей, што право­дзяцца на базе Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі, Акадэміі паслядыпломнай адукацыі. Напрыклад, падчас семінара “Актуальныя пытанні суправа­джэння замяшчальных сем’яў” былі разгледжаны пытанні ўзаемаадносін дзіцяці з прыёмнай і біялагічнай сям’ёй”.


Што хаваць: пра тое, што дзеці маюць патрэбу ў абароне і ўвазе, большасць насамрэч успамінае тады, калі аб гэтым нагадвае каляндар. Было б цудоўна, калі б ініцыятыву з Жодзіна — “Дрэва цудаў” — падхапілі іншыя гарады і праводзілі яе не толькі пад Новы год, а пастаянна “расцілі” такое дрэва. Згадзіцеся, гэта была б добрая нагода ўспомніць пра тых, каму сёння не хапае не дарагіх цацак і нават не цукерак, а банальнай ўвагі і цяпла.

Наталля САХНО.