Анлайн і рэальна

Навагоднія ёлачкі растуць не толькі ў лесе, і ўпрыгожваюць іх не толькі дома, у школах і дзіцячых садах. Яны з’яўляюцца таксама на плошчах, у дварах і парках. Адна з такіх упрыгожаных ёлак традыцыйна радуе дзяцей і дарослых у Цэнтральным дзіцячым парку імя Максіма Горкага ў Мінску. Сёлета менавіта тут Беларускі дзіцячы фонд вырашыў пачаць рэспубліканскую дабрачынную акцыю “Нашы сэрцы — дзецям”, якая праходзіць у рамках агульнарэспубліканскай акцыі “Нашы дзеці”.

Фонд праводзіць сваю акцыю 29-ты раз для хлопчыкаў і дзяўчынак, якім найбольш востра неабходны абарона і падтрымка дарослых, і, канечне, рыхтуе падарункі. На адкрыццё акцыі сёлета фонд запрасіў больш за 40 выхаванцаў з дзіцячых дамоў сямейнага тыпу Мінска. Актыўны адпачынак на свежым паветры, забаўляльная праграма, якую падрыхтавалі студэнты-валанцёры з клуба “СЛОН” Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, cтваралі святочны навагодні настрой. А ў Мінскім планетарыі гасцей свята чакалі сферычны фільм і экскурсія па чароўным зорным небе.

Але ж гэта быў толькі пачатак чарады добрых спраў. Беларускі дзіцячы фонд пад­рыхтаваў падарункі малым, якія ў гэтыя святочныя дні знаходзяцца на лячэнні ў дзіцячым апёкавым аддзяленні Бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі сталіцы, Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры дзіцячай хірургіі, дзіцячым аддзяленні РНПЦ псіхічнага здароўя і іншых медыцынскіх установах. Зараз у сувязі са складанай эпідэмічнай сітуацыяй маленькіх пацыентаў нельга наведаць,

і актывісты і сябры фонду арганізоўваюць для іх святы і конкурсы анлайн.

Трэба сказаць, Беларускі дзіцячы фонд кожны год прыдумвае і праводзіць арыгінальныя акцыі для сваіх падапечных. То да малых прыедзе Дзед Мароз на аленях, то навагодняя ёлка стане яшчэ і ёлкай жаданняў, і кожны з запрошаных на адкрыццё акцыі атрымае тое, што загадаў, — да дзяцей нават прыязджалі зоркі беларускай эстрады, калі тыя загадвалі такую сустрэчу, то для хлопчыкаў і дзяўчынак арганізуюць незвычайную інтэрактыўную гульню або запросяць на Калядкі ў Купалавай хаце (Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы ў Мінску), і сам гаспадар (яго галаграфічная выява) прачытае дзецям свае вершы…

Усе абласныя аддзяленні Дзіцячага фонду праводзяць дабрачынныя праграмы ў сваіх рэгіёнах для дзяцей-сірот, дзяцей з інваліднасцю, хлопчыкаў і дзяўчынак, якія хварэюць, знаходзяцца ў бальніцах або вучацца ў спецыялізаваных установах. Добрым людзям і добрым справам не перашкаджаюць ні эпідэмія, ні іншыя прычыны — свята для дзяцей нішто не адменіць.

Марына ХІДДЖАЗ.