Праект сацыяльнай дапамогі “Аўтобус Дабра” быў створаны Аленай Міндлін для падтрымкі людзей, што не маюць дома. Задума ў Алены простая і адначасова складаная: стварыць рухомы пункт харчавання і дапамогі тым, хто па розных прычынах вымушаны жыць на вуліцы.
На адзін крок да ажыццяўлення сваёй мары Алена, выкладчык рускай мовы і літаратуры па адукацыі, ужо стала бліжэй: яе праект — адзін з пераможцаў XV конкурсу сацыяльных праектаў Social Weekend.
Чаму тэма дапамогі бяздомным стала для дзяўчыны больш важнай, чым педагогіка? Што падштурхнула яе пайсці на такі крок? Ці лёгка ў дарослым жыцці карэнным чынам змяніць прафесійную дзейнасць і заняцца тым, аб чым марыш? Пра ўсё гэта даведаемся з першых вуснаў — ад Алены Міндлін.
З філолага ў валанцёры
Алена Міндлін па адукацыі філолаг, выкладчык рускай мовы і літаратуры: дзяўчына скончыла філалагічны факультэт БДУ. Пасля былі адпрацоўка па размеркаванні ў гімназіі № 5 Мінска і работа на кафедры культуралогіі БДУ. Сёння Алена працуе журналістам у газеце Мінскага трактарнага завода і дапамагае людзям, якія не маюць пастаяннага месца жыхарства. Дзяўчына прызналася, што спачатку яе сям’я не разумела, для чаго ёй гэта трэба: прамяняць прафесію выкладчыка на дапамогу бяздомным.
“Праз некаторы час, калі родныя зразумелі, што гэта прыносіць задавальненне і з’яўляецца важным для мяне, перасталі задаваць падобныя пытанні, — расказвае гераіня. — Але ўсё роўна бацькі дагэтуль перажываюць, калі вяртаюся дадому позна”.
Бяздомным Алена дапамагае ўжо больш за 7 гадоў. Спачатку яна, калі сустракала такіх людзей на вуліцы, проста падыходзіла і цікавілася, чым можа быць карыснай ім. Запыты ва ўсіх, і гэта не дзіўна, былі і ёсць адны і тыя ж: дапамагчы знайсці жыллё ці аднавіць дакументы.
“З часам зразумела, што ў гэтым маё прызначэнне, мяне ўвесь час цягнула да гэтага, — працягвае дзяўчына. — Да мяне сталі далучацца іншыя людзі, якім расказвала пра сваю работу. Потым я вырашыла, што нам неабходна стварыць арганізацыю, якая будзе займацца адпаведнай дапамогай, і знайсці сродак перамяшчэння па горадзе. Па праўдзе кажучы, былі нават такія моманты, калі не разумела, з чаго пачаць, куды кінуцца ў першую чаргу: трэба чалавека і ў бальніцу адвезці, і ў міліцыю, а яшчэ ежу прыгатаваць”.
Каб зразумець, з чаго пачаць, Алена пачала цікавіцца, ці існуе падобная дапамога ў іншых краінах. Аказалася, што ўвесь прагрэсіўны свет ужо даўно займаецца гэтым. Але больш за ўсё дзяўчыну ўразіў і натхніў вопыт Санкт-Пецярбурга: там ёсць спецыяльны “Начны аўтобус”.
Каб бяздомнаму “ўстаць на ногі”, атрымаць магчымасць вярнуцца да нармальнага жыцця, для пачатку трэба не памерці ад голаду. Гарачая ежа — гэта неабходная ўмова выжывання на вуліцы. Бяздомны чалавек не заўсёды можа дастаць чыстую ваду, што ўжо казаць пра гарачае харчаванне: магчымасці яе прыгатаваць у бяздомнага па зразумелых прычынах не існуе. “Піцерскі “Начны аўтобус” — гэта экстранная гуманітарная дапамога бяздомным людзям: гарачая ежа, прадметы першай неабходнасці, сацыяльныя кансультацыі, даўрачэбная дапамога і банальнае нераўнадушша дапамагаюць тым, хто не мае даху над галавой, адчуць сябе чалавекам і застацца ім надалей, — працягвае Алена. — Зразумела, праект не ўплывае на прычыны бяздомнасці, але дазваляе згладжваць яе негатыўныя наступствы. Ён не зніжае колькасці бяздомных, але змяншае ўзровень іх сацыяльнай выключанасці. Што хаваць: неабходнасць такога праекта ў цывілізаваным грамадстве відавочная”.
Вырашана — зроблена: Алена напісала пісьмо валанцёрам піцерскага “Начнога аўтобуса”, расказала пра сябе, аб тым, што хоча рэалізаваць прататып іх ідэі ў нашай краіне. У адказ на ліст дзяўчыне выслалі падрабязную інфармацыю аб тым, з чаго пачаць, як дапамагаць і дзе шукаць гэтую дапамогу.
“Я вырашыла паспрабаваць. Зімой убачыла рэкламу конкурсу сацыяльных праектаў Social Weekend і падумала, што сёння якраз той час, калі я гатова зрабіць нешта сур’ёзнае. У нас насамрэч не хапае такога праекта, які б рэгулярна прапаноўваў дапамогу і ежу, арганізацыі, дзе чалавек мог бы пракансультавацца, што рабіць далей, атрымаць суправаджэнне ў аднаўленні пашпарта і пошуку работы”, — упэўнена сацыяльны валанцёр.
Алена падала заяўку на Social Weekend. Ініцыятыва “Аўтобус Дабра” (так А.Міндлін назвала праект) перамагла на конкурсе. 20 тысяч рублёў, якія ў хуткім часе дзяўчына атрымае, будуць патрачаны на тое, каб набыць транспарт і абсталяваць яго дадатковымі крапежнымі рамянямі для буйнагабарытных тэрмасаў. У іх будзе перавозіцца гарачае харчаванне. Таксама аўтобус абсталююць лаўкамі для аказання першай медыцынскай дапамогі. Да праекта ўжо далучыліся неабыякавыя людзі. Нехта перадае валанцёрам вопратку, каб яны аддалі яе тым, хто мае патрэбу. Іншыя дапамагаюць фінансава: грошы ў такім праекце патрэбны заўсёды.
Начны рэйс
Каманда “Аўтобуса Дабра” сёння — гэта 7 чалавек. Дарэчы, адзін з валанцёраў — былы бяздомны, якому Алена калісьці дапамагла.
Пытанне з забеспячэннем бяздомных адзеннем валанцёры ўжо вырашылі. А.Міндлін расказала, што вельмі шмат рэчаў перадаюць звычайныя людзі. Акрамя гэтага, валанцёры наладзілі супрацоўніцтва з тэрытарыяльнымі цэнтрамі сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і Чырвоным Крыжам. Таксама да каманды далучыліся два ўрачы, яны будуць некалькі разоў на тыдзень выязджаць i аглядаць бяздомных, аказваць ім першую дапамогу, калі неабходна.
“На сёння “Аўтобус Дабра” шукае рэстараны ці кафэ, якія змогуць прадастаўляць бясплатна ежу, — працягвае ініцыятар дабрачыннай ідэі. — Таксама за сродкі, атрыманыя ў якасці прыза на Social Weekend, плануем набыць аўтобус Ford Transit, пераабсталяваць яго знутры і прыгожа аформіць звонку, каб яго заўважалі і пазнавалі. Адразу пасля гэтага аўтобус адправіцца ў першы рэйс. Думаю, што спачатку будзем рабіць рэйсы некалькі разоў на тыдзень. Калі будзем бачыць, што гэтага мала, павялічым колькасць выездаў”.
Сёння каманда праекта рыхтуецца да Новага года, збірае кансервы, чай, цукар, пальчаткі і іншыя рэчы першай неабходнасці. Напярэдадні свят валанцёры адвязуць усё гэта ў прытулкі.
“Усе мы хочам верыць у цуды, а перад святамі асабліва хочацца дапамагчы тым, хто мае ў гэтым патрэбу, — прызнаецца А.Міндлін. — Увогуле, не разумею, чаму да бяздомных у грамадстве ставяцца не па-чалавечы. Я лічу, што жыццё чалавека — гэта самая каштоўная рэч на зямлі. Бяздомных абзываюць, з іх смяюцца, з імі могуць жорстка абысціся. Многія ўпэўнены, што яны самі выбралі такое жыццё: не хочуць працаваць, злоўжываюць алкаголем і інш. Тым не менш, калі пачынаеш размаўляць з бяздомным, то разумееш, што ўсё не так проста. Сярод іх сустракаюцца вельмі начытаныя, разумныя людзі, якія апынуліся ў цяжкай сітуацыі, але побач не было таго, хто працягнуў бы руку дапамогі. Колькі раз было так, што я бачыла, як ляжыць чалавек на вуліцы, а ўсе праходзяць міма! Безумоўна, яны думаюць, што гэта алкаголік. Я не раз сутыкалася з сітуацыямі, калі людзі замярзалі і маглі памерці”.
Дарэчы, выпадкаў, калі Алена магла прайсці міма, але не змагла, многа. Адзін з першых, каму пашчасціла не застацца на вуліцы, сам-насам з бядой, — Артур. Як расказала валанцёр, пасля выхаду з папраўчай калоніі ён застаўся без даху над галавой: маці, пакуль сын сядзеў у турме, выпісала яго з кватэры. Уладкавацца на работу мужчына не змог, хоць і хацеў: калі праходзіў медагляд, урачы дыягнаставалі ў яго рак лёгкіх. Пасля трох аперацый і лячэння ў бальніцы (гэта цягнулася год) Артура выпісалі. Дзяўчына дапамагла яму знайсці пакой у кватэры, дзе ён пасяліўся, і аформіць групу па інваліднасці (Артур пазнаёміўся з Ленай да таго, як трапіў у бальніцу). Сёння былы бяздомны плануе адкрыць сваю справу, а пра тое, што можа вярнуцца на вуліцу, нават думаць не хоча.
Падобны жыццёвы сцэнарый і ў Валерыя. Мужчына пасварыўся з жонкай і дачкой, пакінуў ім кватэру і апынуўся на вуліцы. Нягледзячы на тое, што сяброў у мужчыны многа, прасіць у іх грошай на арэнду жылля не хацеў.
“Валерый начытаны, інтэлігентны, з вышэйшай адукацыяй, — расказвае пра свайго падапечнага каардынатар праекта. — Ён не думаў, што яго заўважаць на вуліцы, падыдуць і прапануюць дапамогу. Але яго сітуацыя, як і кожнага, над кім ажыццяўляю патранаж, мяне кранула. Мы аднавілі Валерыю пашпарт. Дзякуючы гэтаму ён аформіў пенсію па інваліднасці. Дарэчы, грошы яму пастаянна налічвалі, але выдаць без дакументаў не маглі. Мужчына быў вельмі шчаслівы, нават хацеў зрабіць мне падарунак, але я адмовілася: у яго былі больш важныя расходы”.
Для тых, хто хоча зрабіць дакументы, атрымаць вопратку ці іншую дапамогу, А.Міндлін знайшла прытулак — пакой у прыватным доме.
“У доме тры пакоі, адзін з іх гаспадары здавалі. І менавіта сюды я прывезла Артура пасля выпіскі з бальніцы, — расказвае пра ўмовы жыцця бяздомных Алена. — З цягам часу да Артура падсялялі іншых бяздомных, ён прыглядаў за імі, пакуль мы думалі і шукалі варыянты, як ім дапамагчы далей”.
За адзін пакой, у якім пражывалі падапечныя “Аўтобуса Дабра”, Лена плаціла 200 рублёў у месяц. Грошы на арэнду яна збірала па знаёмых, некаторую суму плаціла са свайго заробку, а яшчэ шукала тых, хто гатовы фінансава дапамагчы, у сацыяльных сетках.
“Самі бяздомныя нічога не плацілі за жыллё. Адкуль у іх грошы? Сёння пенсія па інваліднасці — каля 228 рублёў. У Мінску за такую суму жыллё нідзе не здымеш. Зараз пакой, у якім сялілі сваіх падапечных, мы страцілі: гаспадары вырашылі, што ён патрэбен ім для іншых мэт. Таму дапамагаць новенькім стала больш складана”, — працягвае Лена.
Безумоўна, дапамагаць бяздомным прасцей, калі яны знаходзяцца ў адным месцы. Менавіта таму пошук прытулку — прыярытэтная задача на сёння.
“Акрамя забеспячэння гарачым харчаваннем, людзей трэба яшчэ адвезці ў лазню, вырашыць некаторыя адміністратыўныя моманты, калі гэта неабходна, — кажа А.Міндлін. — Таму будзе цудоўна, калі зможам знайсці новы прытулак. Увогуле, спадзяёмся да Новага года вырашыць усе пытанні, што звязаны з нашым праектам”.
Дарэчы, валанцёрская дзейнасць, якой займаецца Лена Міндлін, дапамагае людзям знайсці адно аднаго не горш, чым знакамітая праграма “Чакаю цябе”: пра падапечнага Лены, якому дапамаглі пасяліцца ў прытулак манастыра, знялі рэпартаж для тэлебачання. Праз некаторы час ёй патэлефанавала жанчына: яна пазнала ў героі рэпартажа свайго аднакласніка і папрасіла яго кантакт.
“Аказалася, што ў доме яго сваякоў ніхто не жыве, ён стаіць пустым. Мужчына туды паехаў, пасяліўся. Праз тыдзень мы адвезлі яму прадукты. Ён вельмі шчаслівы, жыць у вёсцы яму падабаецца, патроху вяртаецца да жыцця”, — прыводзіць пазітыўны прыклад Алена.
Сёння такіх гісторый мала. Але кожнай з іх можна надаць адценне шчасця. Менавіта дзеля гэтага і будзе працаваць “Аўтобус Дабра”, які хутка зробіць свой першы рэйс па вуліцах начнога Мінска.
Наталля САХНО.