Асновам бяспечных паводзін дзяцей вучаць не толькі дома і ў школе. Інфармацыйныя ролікі, якія створаны Міністэрствам па надзвычайных сітуацыях і накіраваны на папярэджанне няшчасных здарэнняў, дэманструюцца ў якасці рэкламы па тэлевізары, на білбордах. І яны маюць свой эфект. Менавіта такім чынам дзецям неназойліва падаецца інфармацыя пра тое, як дзейнічаць у тых выпадках, калі жыццё знаходзіцца пад пагрозай. Але самы лепшы ўплыў на ўсведамленне любога надзвычайнага здарэння мае сітуацыя тут і зараз.
У студзені гэтага года ў Барысаве пачаў працаваць абласны цэнтр бяспекі МНС, які сёння з’яўляецца адной з самых буйных пляцовак у краіне, дзе дзяцей у рэжыме віртуальнай рэальнасці вучаць правілам паводзін у экстранных сітуацыях.
Работа па стварэнні аб’ектаў, здольных дзякуючы сучасным тэхналогіям прывіваць дзецям навыкі бяспекі, у Мінскай вобласці вядзецца ўжо на працягу двух гадоў. Інавацыйныя класы былі адкрыты ў большасці раёнаў вобласці. І яны наглядна даказваюць, што ўрокі бяспекі могуць быць цікавымі і займальнымі.
Абагульнены вопыт, які быў назапашаны за час стварэння інавацыйных класаў бяспекі, дапамог ратавальнікам стварыць у Барысаве самы мадэрнізаваны ў краіне вучэбны аб’ект, што быў рэалізаваны ў 15 блоках.
Відавочна, стварэнне цэнтраў накіравана на перадачу дзецям і падлеткам элементарных ведаў і навыкаў, якія неабходна прымяняць у надзвычайнай сітуацыі. У стане шоку чалавек часта губляецца і не ведае, што рабіць, калі, напрыклад, у кватэры адбываецца задымленне і пажарны апавяшчальнік пішчыць на поўную моц. Блокі цэнтра бяспекі імітуюць розныя небяспечныя для жыцця здарэнні і даюць магчымасць дзецям скласці правільны алгарытм дзеянняў падчас таго ці іншага форс-мажору.
“Чаму адбываюцца пажары, што ў такой сітуацыі трэба зрабіць у першую чаргу, з якім узгараннем можна справіцца самастойна і што ў гэтым можа дапамагчы, як аказаць першую дапамогу, што можа стаць крыніцай радыяцыі, як паводзіць сябе на вадаёмах, у лесе, на балоце, падчас навальніцы? Адказы на гэтыя і іншыя пытанні знойдзе кожны наведвальнік цэнтра, — тлумачыць першы намеснік начальніка Мінскага абласнога ўпраўлення МНС Уладзімір Янчык. — Дзейнасць нашага цэнтра арыентавана на навучанне падрастаючага пакалення асновам бяспекі жыццядзейнасці з выкарыстаннем інавацыйных тэхналогій і сучаснага абсталявання шляхам віртуальнага перамяшчэння ў асяроддзе, якое імітуе надзвычайныя сітуацыі. Гэта дазваляе адпрацаваць дзеянні не толькі тэарэтычна, але і практычна”.
Навацыяй цэнтра бяспекі МНС Барысава з’яўляецца блок для навучання будучых маладых мам. У пакоі размешчаны ложак для нованароджанах, столік, дзе можна пераапрануць дзіця, а таксама іншыя прыстасаванні, якія спатрэбяцца маладой сям’і, калі дзіця падрасце і пачне самастойна рухацца па кватэры.
“У спецыяльнай каробцы бяспекі, якую нам перадалі з ЮНІСЕФ, ёсць шмат навамодных дэвайсаў, пра існаванне якіх мамы нават не здагадваюцца, — расказвае спецыяліст сектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадствам Барысаўскага РАНС Вольга Канстанцінаўна Няхайчык. — Так, у каробцы ляжаць накладка на гаршкі для кветак, каб дзіця не наелася пяску, заглушкі для дзвярэй, на газавую пліту, духоўку, халадзільнік. І гэта вельмі правільна. Навучанне бяспецы павінна ісці з сям’і. Калі мама будзе валодаць асноўнымі правіламі бяспечных паводзін, яна і дзяцей гэтаму навучыць”.
У блоку, прызначаным для будучых мам, у далейшым пачнуць працаваць педыятры з акушэрамі-гінеколагамі. Будзе набірацца група, удзельнікі якой змогуць атрымліваць навыкі абыходжання з немаўлятамі. Напрыклад, мала хто ведае, як правільна дапамагчы маленькаму дзіцяці, калі яно падавілася. Трэба не біць з усёй сілы па спіне, а паступовымі датыкальнымі рухамі выбіваць іншародны прадмет з дыхальных шляхоў.
Рэальнасць, але не 3D
Акрамя спецыялізаванага аддзялення для будучых мам, усе астатнія 14 блокаў цэнтра прызначаны для навучання дзяцей і іх бацькоў. Прыкметна, што гардэробны пакой імітуе грамадскі транспарт. Заходзячы ў яго, дзеці звяртаюць увагу на парэнчы, якія размешчаны па перыметры памяшкання. Увесь пакой — гэта аўтобус. На сценах намаляваны яго пасажыры. Па карцінках дзяцей вучаць, як трэба паводзіць сябе ў транспарце. Дэманстрацыйныя малюнкі паказваюць, каму трэба ўступаць месцы.
“Спачату дзеці не звяртаюць увагі, што на сценах намаляваны пасажыры, яны глядзяць на знакавыя месцы горада, што відаць з акна аўтобуса. Калі задаю пытанне, дзе мы знаходзімся, адказваюць, што ў Барысаве, на плошчы, але пасля мы пераводзім увагу на парэнчы і разумеем, што едзем у транспарце. Так падводзім хлопчыкаў і дзяўчынак да праблем грамадскай культуры, паводзін у транспарце, на прыпынку падчас чакання аўтобуса. Калі сітуацыя разабрана, мы выходзім з аўтобуса і ідзём па нашых пакоях бяспекі”, — працягвае расказваць пра экскурсіі ў цэнтры спецыяліст.
Для таго каб зайсці ў які-небудзь пакой цэнтра, трэба ўважліва сачыць за дарогай. Падлога ўяўляе сабой балота, таму дзяцей просяць пільна глядзець пад ногі, каб не спатыкнуцца. Месца, куды лепш ступіць, варта правяраць палкамі. Вялікай праблемай з’яўляюцца і адкрытыя люкі. Іх імітацыя таксама прадстаўлена ў калідорах цэнтра.
“Першы пакой, у які заходзім са школьнікамі, — пакой 3D-рэальнасці. Мы надзяваем акуляры і бачым перад сабой памяшканне, у якім знаходзімся з бацькамі, а па гукавым сігнале апавяшчальніка разумеем, што ў кватэры пачаўся пажар, — прыводзіць прыклад Вольга Няхайчык. — Як жа дапамагчы? Школьнік павінен сарыентавацца ў тым, што рабіць. Напрыклад, дзіця бачыць перад сабой бутэльку з алеем, бярэ яе, спрабуе затушыць агонь, але ён становіцца яшчэ большым. Што рабіць у такой сітуацыі? Безумоўна, трэба выклікаць ратавальнікаў, а да гэтага неабходна паспрабаваць пакінуць памяшканне. Яшчэ адзін цікавы пакой — уваходнага і выхаднога кантролю. У залежнасці ад узросту, у пакоі паказваюцца розныя па тэматыцы ролікі, напрыклад, дэманструецца відэа, як трэба сачыць за пажарнай бяспекай у доме. Мала хто нават з дарослых ведае і прытрымліваецца правіла, што, выходзячы з дому, трэба адключыць ад электрасеткі ўсе разеткі. Звычайна мы выключаем тэлевізар пультам, а шнур з разеткі не дастаём. І гэта няправільна. Усе прыборы павінны быць абясточаны. Таму што калі, напрыклад, здарыцца пажар, вы выклічаце ратавальнікаў і акажацца, што вашы прыборы былі ўключаны ў сетку, давядзецца заплаціць штраф. Дарэчы, у мінулым годзе ў краіне здарыліся 2 пажары з-за таго, што зарадныя ўстройствы былі пакінуты ўключанымі ў разеткі”.
Увогуле, усе зоны, якія створаны ў цэнтры, вучаць не толькі адказнаму стаўленню да свайго жыцця, але і паказваюць, наколькі важна не заставацца раўнадушнымі, калі незнаёмы чалавек, які апынуўся ў экстраннай сітуацыі, мае патрэбу ў першай дапамозе. Як паводзіць сябе падчас маланкі, што рабіць у выпадку радыеактыўнай небяспекі, як прабірацца праз балоцістую мясцовасць, калі на шляху сустрэлася змяя, як дапамагчы чалавеку, калі ён праваліўся пад лёд і якімі павінны быць першыя рэанімацыйныя дзеянні, калі чалавек страціў прытомнасць, — усяму гэтаму можна навучыцца ў цэнтры МНС.
“Пасля таго, як усё пройдзена, можна праверыць свае веды ў спецыяльным пакоі, — адзначае Вольга Канстанцінаўна. — У нас устаноўлены 20 стоек з планшэтамі, і кожны наведвальнік пры дапамозе распрацаванага тэста па пытаннях бяспекі можа праверыць, наколькі ён праінфармаваны ў адпаведным кірунку. Дарэчы, толькі на першы погляд здаецца, што мы ведаем, як паводзіць сябе ў надзвычайнай сітуацыі. Насамрэч гэта далёка не так. Адна з наведвальніц цэнтра расказвала, што знаходзілася побач са сваячкай, калі той раптоўна стала дрэнна. Жанчына разгубілася і не змагла ўспомніць, куды званіць. Добра, што быў мабільны пад рукой. Яна патэлефанавала мужу, і той падказаў, каго выклікаць на дапамогу”.
У якую службу і ў якой сітуацыі званіць, павінны ведаць і школьнікі. Менавіта для гэтага ў цэнтры размешчаны некалькі шырм, на кожнай з якіх дэманструецца адпаведная сітуацыя, што патрабуе неадкладнага рэагавання, а таксама нумары тэлефонаў спецыялістаў ратавальнай службы, хуткай дапамогі, міліцыі.
“Калі размаўлялі з дзецьмі пра пажар, я ім паказала, як званіць і што тлумачыць спецыялістам. Справа ў тым, што ўсе званкі ў нас запісаны, яны аўтаматычныя, і калі ажыццяўляецца выклік, ён несапраўдны. Але некаторыя дзеці пужаюцца, яны думаюць, што мы насамрэч тэлефануем у МНС. Аналізуючы такія сітуацыі, важна разумець, што дзеці павінны быць гатовы да размовы са спецыялістамі, павінны ўмець патлумачыць, дзе знаходзяцца, ведаць свой адрас, нумар тэлефона, а таксама сказаць прычыну выкліку”, — кажа В.К.Няхайчык.
Ад захаплення да будучай прафесіі
Правілы бяспекі — гэта не толькі ўменне правільна і без панікі дзейнічаць у сітуацыі пажару ці падчас навальніцы, калі дзіця апынулася адно дома. Для дзяцей, асабліва малодшага школьнага ўзросту, актуальнымі з’яўляюцца правілы паводзін з незнаёмымі людзьмі. Што рабіць, калі ў пад’ездзе каля ліфта сядзіць ці спіць нехта вельмі падазроны? Ці можна заходзіць у ліфт, калі там стаіць незнаёмы чалавек? Безумоўна, не, і пра гэта школьнікам яшчэ раз нагадаюць у цэнтры бяспекі МНС. Ва ўяўным пад’ездзе і ліфце знаходзяцца настолькі рэалістычныя манекены, што адразу з’яўляюцца адпаведныя рэфлексы: хочацца збегчы, не азіраючыся.
“Тое, што манекены рэалістычныя, вельмі добра, — упэўнена Вольга Няхайчык. — Мы павінны вучыць дзяцей быць гатовымі да абсалютна любых сітуацый. Акрамя ліфта і пад’езда, паказваем таксама, якія сітуацыі з незнаёмцамі могуць узнікнуць на вуліцы. Дзеці, калі з імі размаўляем, пагаджаюцца, што нельга садзіцца да незнаёмцаў у машыну, нельга ісці за імі ці заводзіць размову”.
Дарэчы, супрацоўнікам МНС дапамагаюць праводзіць экскурсіі навучэнцы з сярэдніх школ №№ 20 і 22 Барысава. Яны займаюцца ў Клубе юных ратавальнікаў-пажарных “112.by”, які дзейнічае ў сярэдняй школе № 20. Відавочна, што і будучая прафесія ў гэтых дзяцей будзе звязана з іх сённяшнім захапленнем.
“У школе № 20 дзейнічае Клуб юных ратавальнікаў-пажарных, якім кіруе настаўніца вучэбнага прадмета “Асновы бяспекі жыццядзейнасці” Вольга Валянцінаўна Радзіёнава, — кажа валанцёр раённага рэсурснага цэнтра асноў бяспекі жыццядзейнасці сярэдняй школы № 20, актывіст Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі ратавальнікаў-пажарных, навучэнец 11 класа сярэдняй школы № 22 Ягор Задруцкі. — Дапамагаць праводзіць экскурсіі супрацоўнікам цэнтра бяспекі вельмі цікава. Падабаецца тлумачыць і паказваць навучэнцам з іншых школ, як трэба паводзіць сябе ў той ці іншай небяспечнай сітуацыі. Вывучаючы асновы бяспекі жыццядзейнасці, мы ў тэорыі знаёмімся з тымі сітуацыямі, у якія можа трапіць кожны. Дзякуючы таму, што ў горадзе быў адкрыты цэнтр бяспекі, усе выпадкі, вядомыя нам толькі тэарэтычна, можам пражыць у віртуальнай рэальнасці, а гэта значыць, што, калі мы сутыкнёмся ў жыцці з той ці іншай пагрозай, будзем гатовы вырашыць яе. Нам падабаецца праводзіць экскурсіі для сваіх равеснікаў і малодшых школьнікаў, і будзем рады, калі камусьці цэнтр, як і нам, дапаможа вызначыцца з будучай прафесіяй, накіраванай на тое, каб дапамагаць людзям”.
Наталля САХНО.
Фота аўтара.