Галоўная задача школьнай сталовай — забяспечыць навучэнцаў збалансаваным харчаваннем і тым самым умацаваць іх здароўе. Усе патрабаванні, якія сёння прад’яўляюцца да арганізацыі школьнага харчавання па захаванні санітарна-гігіенічных норм, накіраваны менавіта на гэта. Але ці магчыма навучыць саміх дзяцей адказна ставіцца да свайго рацыёну, як прывіць ім правільныя звычкі? Па сутнасці, менавіта на гэта накіравана арганізацыя харчавання па сістэме шведскага стала.
У Гродне лепшай у вобласці сярэдняй навучальнай установай у арганізацыі харчавання па сістэме шведскага стала з’яўляецца гімназія № 5. Пра вопыт работы ў гэтым кірунку расказала дырэктар гімназіі Вольга Генадзьеўна ХІТРУШКА.
“Сёлета ў гімназіі 885 навучэнцаў з 1 па 11 клас, а педагогаў больш чым 120, — расказвае дырэктар Вольга Генадзьеўна Хітрушка. — Асаблівасць нашай навучальнай установы, у адрозненне ад іншых школ Гродна, у тым, што гімназісты знаходзяцца тут амаль цэлы дзень: расклад сфарміраваны так, што ўсе дзеці, акрамя 3-х і 4-х класаў, вучацца ў першую змену. Гімназія мае эстэтычны ўхіл, вучні 1—9 класаў атрымліваюць і эстэтычную адукацыю, як у школе мастацтваў. Дзеці на свой густ выбіраюць адзін з кірункаў: музыку, харэаграфію, тэатральнае ці выяўленчае мастацтва. Відавочна, што ў кожнай паралелі ёсць класы, якія займаюцца той ці іншай мастацкай дзейнасцю. Дарэчы, у гімназіі 7 калектываў: 3 харэаграфічныя, узорны тэатр-студыя, узорная вакальная студыя, узорны хор, а таксама студыя выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва”.
Любы з кірункаў мастацкай дзейнасці, які гімназія прапануе сваім навучэнцам, патрабуе ад дзяцей знаходжання ва ўстанове цэлы дзень. У першай палове дня дзеці займаюцца на ўроках, а пасля абеду атрымліваюць мастацкую адукацыю. Відавочна, што пры поўнай занятасці дзяцей вялікую ўвагу трэба ўдзяляць школьнай сістэме харчавання, таму кіраўніцтва гімназіі № 5 да вырашэння гэтага пытання падыходзіць скрупулёзна.
“Да пытанняў харчавання дзяцей мы заўсёды ставіліся сур’ёзна, — працягвае дырэктар установы. — Дзяцей трэба пастаянна забяспечваць гарачым харчаваннем, таму што яны вельмі занятыя”.
Шведскі стол прадугледжаны для вучняў з 6 па 11 клас. Пяцікласнікі харчуюцца традыцыйна. Прычым многія з іх атрымліваюць і снеданне, і абед.
Складзі меню сам
З арганізацыяй харчавання па сістэме шведскага стала гімназія № 5 працуе ўжо трэці год. Пераход на новую сістэму быў не вельмі лёгкім. Усё новае заўсёды ўспрымаецца насцярожана, таму нельга было прадказаць, як новы ўклад успрымуць дзеці. Для таго каб змяніць гастранамічныя звычкі сваіх навучэнцаў, дырэктар установы прапанавала камбінату школьнага харчавання правесці эксперымент.
“Складзі меню сам” — так называўся эксперымент, які мы праводзілі разам з супрацоўнікамі КШХ, — працягвае В.Хітрушка. — Гэта быў першы крок да пераходу на шведскі стол. Разам з прапанаваным, напрыклад, абедзенным меню дзеці атрымлівалі невялікую картку, у якой быў пералік тых страў, якія сёння прапаноўваліся ў сталовай. Насупраць кожнай стравы дзеці ставілі плюс ці мінус, рабілі паметкі наконт таго, што ім падабаецца ў прыгатаванай ежы, што не падабаецца і чым бы замянілі тое, насупраць чаго быў пастаўлены мінус. Гэты эксперымент праводзіўся на працягу 3 тыдняў. Штодзень мы аналізавалі задаволенасць дзіцяці кожнай стравай, і такім чынам карэкціравалася меню на наступны тыдзень”.
За 3 тыдні быў намаляваны цэлы нацюрморт тых страў, якія дзеці есці не хочуць. У выніку эксперымент ператварыўся ў гульню, паўдзельнічаць у якой хацеў кожны. У гэтым для гімназіі быў вялікі плюс: можна было дакладна прааналізаваць, якія падыходы ў харчаванні патрабуюць кардынальных змен.
“Правядзеннем эксперымента ў нас займаўся савет страшакласнікаў. З імі па згаданых пытаннях супрацоўнічалі ўсе дзеці. Да даследавання яны падышлі вельмі адказна. Безумоўна, мы не імкнуліся поўнасцю замяніць прывычныя стравы на лазанню ці сушы. Усе мы разумеем, наколькі важна далучаць дзяцей да здаровага харчавання, і трэба трымацца ў рамках рэальных магчымасцей. Вучні гэта зразумелі, таму замена страў у нас была вельмі разумнай. Напрыклад, дзеці не ядуць манную кашу, але ім падабаецца маннік. У выніку каша была заменена маннікам. Рыба, якая запякалася з агароднінай, таксама не выклікала асаблівай прыхільнасці ў навучэнцаў. Затое ім падабаецца проста запечаная рыба, абсалютна без усяго. У выніку мы перасталі класці агародніну і пачалі падаваць яе ў іншым выглядзе. Думаю, зразумела, што меню не проста перапісвалася, яно засталося такім жа, толькі з унясеннем карэктываў”, — расказала пра асаблівасці эксперымента Вольга Хітрушка.
Пасля карэкціроўкі меню дзеці засталіся задаволенымі, у сталовай зменшылася колькасць адходаў. Каб у навучэнцаў заўсёды быў выбар, што з’есці сёння, а што пакаштаваць пасля, узнікла ідэя перайсці на шведскі стол. Па сутнасці, тры тыдні эксперымента — гэта ўжо быў плаўны пераход на новую сістэму харчавання.
“Першымі мы далучылі да эскперымента навучэнцаў 10—11 класаў, а яшчэ праз год падцягнуліся 8-я і 9-я класы. Сёння па сістэме шведскага стала ў нас харчуюцца ўжо і навучэнцы 6-х класаў”, — канстатуе Вольга Генадзьеўна.
Любое новаўвядзенне, якое з’яўляецца ў навучальнай установе і тычыцца дзіцяці, заўсёды выклікае цікавасць і нават невялікае хваляванне ў бацькоў, таму спецыяльна для іх раз у год у гімназіі таксама ладзіцца шведскі стол — дарослых запрашаюць на дэгустацыю страў.
“Штогод у лютым у нас праводзіцца дзень адкрытых дзвярэй для дарослых, — працягвае дзяліцца метадамі супрацоўніцтва з бацькамі дырэктар гімназіі. — Бацькі запрашаюцца на індывідуальныя гутаркі, могуць азнаёміцца бліжэй з сістэмай работы ў гімназіі. Такое мерапрыемства не мае нічога агульнага з бацькоўскім сходам. Гэта іншы фармат узаемадзеяння з сям’ёй, калі мамы і таты самі прымаюць рашэнне, што яны хочуць убачыць, з кім паразмаўляць. Стол дэгустацыі — абавязковая нагода для знаёмства. Дзякуючы гэтаму, бацькі могуць даведацца, як арганізавана харчаванне па сістэме шведскага стала, паглядзець, якія стравы стаяць на стале, як яны сервіруюцца. Параўноўваючы традыцыйны спосаб харчавання і шведскі стол, можам з упэўненасцю сказаць, што адходаў цяпер мінімальная колькасць, а па асобных стравах іх і ўвогуле няма. Зразумела, бацькі, бачачы гэта, задаволены. Ім і самім такая сістэма вельмі падабаецца”.
Шведскі стол гімназіі — гэта 4 віды халодных страў, сярод якіх салаты і закускі, 4 віды гарачага, а таксама штодзённая магчымасць выбару рыбы і мяса. Безумоўна, дэсерты таксама ўключаны ў пералік, і яны ў асноўным прадстаўлены садавіной і вырабамі з тварагу.
“Дзецям вельмі падабаецца жывая нарэзка — агуркі, памідоры, перац, вяндліна і каўбаса, — кажа В.Хітрушка. — Ранейшыя салаты, дзе ўсё было намяшана, заўсёды ў большасці сваёй адстаўляліся ўбок. А асобная падача агародніны — гэта толькі плюс. З гарачых страў навучэнцы традыцыйна аддаюць перавагу бульбяному пюрэ, любяць рыс. З мясных страў ідзе на ўра кураціна, а таксама невялічкія, запечаныя асобна кавалачкі мяса. З мінулага года, дарэчы, пачалі гатаваць сырнікі з рыкоты. Іх таксама разбіраюць вельмі хутка”.
Вольга Хітрушка расказала, што ў гімназіі сваіх кухараў няма, на кухні шчыруюць работнікі камбіната школьнага харчавання. У камбіната свой тэхнолаг, менавіта ён распрацоўвае меню, у якім абавязкова ўлічваюцца ўсе нормы харчавання, ажыццяўляюцца планы па вітамінізацыі навучэнцаў. Прыкладнае меню складаецца на месяц, а зацвярджаецца на тыдзень, і замены быць не можа.
Кухары працуюць згодна з тэхналагічнымі картамі, якія з’яўляюцца для іх своеасаблівай падказкай па гатаванні той ці іншай стравы. Тэхналагічны працэс не павінен парушацца ні ў якім разе. Гэта кантралюе бракеражная камісія, а таксама гімназічны савет па харчаванні.
Не застацца галодным
Арганізацыя харчавання па сістэме шведскага стала не была б магчымай, калі тэхналагічнае абсталяванне не адпавядала б нормам ці ўвогуле адсутнічала. Але гімназія № 5 Гродна на момант увядзення новай сістэмы знаходзілася ў выгадным становішчы: 6 гадоў назад у харчаблоках замянілі абсталяванне, а ў сталовай быў праведзены рамонт.
“У нас для першых і другіх страў ёсць марміты, якія падтрымліваюць неабходную тэмпературу, а таксама параканвектаматы, што дазваляюць прытрымлівацца тэхналогіі гатавання не толькі стандартных страў, але і дыетычных, — пералічвае дырэктар. — Узнікалі толькі арганізацыйныя пытанні. Звязана гэта было з тым, што пры звычайнай форме харчавання накрываюцца сталы, дзеці прыходзяць і садзяцца на свае месцы. Са шведскім сталом крыху інакш: выстройваецца чарга, дзеці самі выбіраюць сабе тое, што ім да смаку. Але гэта толькі ў першыя дні было незразумела, як усё пойдзе. Мы вельмі хутка наладзілі сістэму, і цяпер у нас за 15 мінут навучэнцы могуць выбраць, што ім падабаецца, і паесці. У сталовай 184 пасадачныя месцы, на кожным перапынку яна запоўнена”.
Вольга Генадзьеўна ўспамінае, што спачатку, як толькі з’явілася ідэя перайсці на шведскі стол, бацькі перажывалі, што дзеці не будуць хадзіць у сталовую, не будуць есці. Нават на пасяджэннях папячыцельскага савета шмат разоў абмяркоўваліся гэтыя пытанні. А каб усё дэталёва раскласці па палічках, патлумачыць бацькам, як гэта будзе адбывацца, на пасяджэнні запрашалі загадчыка вытворчасці і тэхнолага з КШХ.
“Бацькі хацелі толькі аднаго: атрымаць гарантыю, што дзіця не будзе галодным. Спачатку мы таксама перажывалі, але гэтае пытанне закрыта. Нашы навучэнцы галоднымі не бываюць, таму што ў нас сапраўды смачна гатуюць”, — запэўнівае В.Г.Хітрушка.
Год назад пасля доўгіх просьбаў да шведскага стала далучыліся вучні 6-х класаў, а сёння ў дырэктара гімназіі з’явіліся яшчэ адны жадаючыя — пяцікласнікі.
“Не буду ўтойваць, мы вельмі хваляваліся, ці зможам з 6-мі класамі арганізаваць такую сістэму. Са старшымі класамі ўсё інакш, там дзеці ўжо дарослыя, могуць выбраць, што ім хочацца. А як малодшыя дзеці гэта зробяць? Ці гатовы яны да такога? — разважае дырэктар. — Але яны вельмі прасілі, і мы паспрабавалі, пра што ні разу не пашкадавалі. Зараз просяцца на шведскі стол пяцікласнікі, толькі мы фізічна не можам пакуль што гэта арганізаваць”.
Акрамя магчымасці выбару, шведскі стол вучыць дзяцей правільнаму і здароваму харчаванню, а значыць, дапамагае дзецям быць самастойнымі і адказнымі за сваё здароўе.
Наталля САХНО.