Сёння беражлівым адносінам да энергарэсурсаў людзей вучыць ужо не трэба. Калі раней у дачыненні да тых, хто не эканоміць, прымяняліся жорсткія меры, то сёння ўсе прадпрыемствы і арганізацыі ведаюць, што без эфектыўнага выкарыстання энергарэсурсаў яны проста не змогуць развівацца і, як вынік, не будуць канкурэнтаздольнымі.
Пра тое, чаму энергазберажэнню трэба вучыць яшчэ са школы і наколькі адказна да гэтага ставяцца навучэнцы, расказаў начальнік аддзела прававой работы, кадравай палітыкі і камунікацый Дэпартамента па энергаэфектыўнасці Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі арганізатар рэспубліканскага конкурсу “Энергамарафон” Віталь Тамашавіч КРЭЦКІ.
— Віталь Тамашавіч, наша краіна штогод далучаецца да правядзення Міжнароднага дня энергазберажэння. Да якіх карысных звычак Дэпартамент стараецца далучыць насельніцтва краіны?
— Безумоўна, асноўная мэта Дня энергазберажэння — прыцягнуць увагу ўлады і грамадскасці да праблем рацыянальнага выкарыстання рэсурсаў і да пытанняў развіцця аднаўляльных крыніц энергіі. Таксама стараемся звярнуць увагу на магчымасці зніжэння забруджвання навакольнага асяроддзя. Акрамя таго, энергазберажэнне — гэта выгадна эканамічна. Мерапрыемствы па эканоміі энерга-рэсурсаў у 2,5—3 разы таннейшыя, чым вытворчасць і дастаўка спажыўцам такой жа колькасці зноў атрыманай энергіі. Тым больш што самыя простыя і элементарныя меры энергазберажэння даступны кожнаму і могуць прымяняцца ў побыце.
— Што трэба рабіць для павышэння энергаэфектыўнасці тым краінам, што маюць дэфіцыт уласных энергарэсурсаў?
— Для дзяржаў, якія маюць дэфіцыт уласных энергарэсурсаў (наша краіна таксама адносіцца да такіх), аптымальнае развіццё і функцыянаванне эканомікі — гэта адзін з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці, прычым на ўзроўні як заканадаўчай, так і выканаўчай улады, усіх вытворцаў і спажыўцоў паліўна-энергетычных рэсурсаў для забеспячэння канкурэнтаздольнасці прадукцыі на сусветным рынку.
Органы дзяржаўнага кіравання, удзельнікі працэсаў па энергазберажэнні і прыватны сектар павінны аб’яднаць намаганні, каб дасягнуць неабходнага маштабу і своечасовасці ўкаранення энергаэфектыўных мерапрыемстваў, якія патрэбны для ўстойлівага эканамічнага развіцця.
Стратэгічнай мэтай дзейнасці ў галіне энергазберажэння з’яўляецца зніжэнне энергаёмістасці нацыянальнай эканомікі.
Для павышэння энергаэфектыўнасці трэба развіваць тэхналогіі, рыначныя механізмы і дзяржаўныя меры палітыкі, якія змогуць паўплываць на мільёны спажыўцоў энергіі — ад буйных заводаў да асобных грамадзян.
— Два гады назад у мэтах зніжэння цепласпажывання шматкватэрных жылых дамоў і стварэння ўмоў для ўдзелу ў рэалізацыі мерапрыемстваў, накіраваных на эфектыўнае і рацыянальнае выкарыстанне цеплавой энергіі, быў прыняты Указ “Аб павышэнні энергаэфектыўнасці шматкватэрных жылых дамоў”. Якія магчымасці па цеплавой мадэрнізацыі жылых памяшканняў ён дае?
— Згаданы дакумент стаў прарыўным механізмам, што дае магчымасць жыхарам правесці цеплавую мадэрнізацыю жылога дома (г.зн. уцяпліць знешнія сцены), замяніць уваходныя дзверы ў пад’ездзе і вокны ў месцах агульнага карыстання, а ў кватэры ўсталяваць індывідуальныя прыборы ўліку спажывання цеплавой энергіі і сістэмы аўтаматычнага рэгулявання расходу цяпла. І толькі 50% кошту гэтых работ жыхары пакрыюць роўнымі долямі фіксаванай сумай на працягу 10 гадоў без якой-небудзь індэксацыі.
Згодна з Указам, цеплавую мадэрнізацыю дома можна будзе правесці, калі рашэнне пра гэта на добраахвотнай аснове прымуць уласнікі жылля на агульным сходзе.
Так, жыхары могуць калектыўна звярнуцца ў сваю кампанію (Таварыства ўласнікаў, ЖБВК ці ЖЭС) з запытам аб правядзенні энергаэфектыўных мерапрыемстваў у сваім доме па Указе № 327. Калі на агульным сходзе больш чым 2/3 уласнікаў жылых і нежылых памяшканняў прагаласуюць за правядзенне энергаэфектыўных мерапрыемстваў, то дом мае права атрымаць дзяржаўную падтрымку за кошт бюджэтных сродкаў. Пры гэтым за кошт дзяржавы пад строгім наглядам тэхнічных службаў выконваецца ўвесь комплекс энергаэфектыўных мерапрыемстваў, узгодненых жыхарамі. Пасля прыёмкі якасці ўсяго комплексу работ жыхары будуць аплачваць толькі 50% выдаткаў за выкананыя работы ў растэрміноўку на працягу 10 гадоў.
Дарэчы, малазабяспечаныя і сацыяльна не абароненыя сем’і могуць прэтэндаваць на дадатковыя льготы.
— Які з метадаў захавання і эканоміі энергіі сёння найбольш папулярны сярод насельніцтва краіны?
— У частцы выкарыстання электраэнергіі самы папулярны і даступны кірунак — гэта выкарыстанне сучасных энергаэфектыўных лямпачак. Расходы на замену звычайнай лямпы напальвання 60 Вт на аналагічную па светлавым патоку святлодыёдную акупляецца менш чым за год.
Вядома ж, выходзячы з пакоя, трэба выключаць святло, своечасова чысціць асвятляльныя прыборы ад пылу, выкарыстоўваць пральную і пасудамыйную машыны пры іх поўнай загрузцы, не пакідаць электрапрыборы, падключаныя да сеткі, у рэжыме чакання. Таксама варта выключаць зарадныя прылады з разеткі, калі мабільны тэлефон ужо зараджаны.
На кухні адным з самых энергаёмістых бытавых прыбораў з’яўляецца халадзільнік. Я заўсёды гавару, што для яго трэба выбіраць самае прахалоднае месца, пажадана каля знешняй сцяны, але ні ў якім разе не побач з плітой або радыятарам ацяплення.
Калі гатуеце ежу, то пажадана шчыльна закрываць каструлю накрыўкай. Справа ў тым, што пры варэнні ў адкрытым посудзе павялічваецца час гатавання і расход электраэнергіі ў 2,5 разу.
Для больш якаснага паглынання цяпла дно посуду павінна быць чыстым і роўным, а яго дыяметр у ідэале павінен адпавядаць памеру канфоркі. Посуд з тэфлонавым пакрыццём і эмаліраваны посуд не з’яўляюцца энергаэканамічнымі. Таму раю выкарыстоўваць энергаэфектыўны посуд, напрыклад, з нержавеючай сталі, які мае паліраванае дно ці дно са слоем алюмінію або медзі.
Адна з самых эфектыўных мер зберажэння цяпла — уцяпленне вокнаў і дзвярэй (страты цяпла праз іх дасягаюць 20%) або іх замена на новыя і энергазберагальныя. Радыятары ацяплення неабходна трымаць чыстымі і не загароджваць шторамі і іншымі прадметамі інтэр’ера.
А яшчэ больш парад па энергазберажэнні ў побыце можна знайсці на сайце Дэпартамента па энергаэфектыўнасці, а таксама на нашых старонках у сацыяльных сетках.
— Віталь Тамашавіч, напярэдадні Дня энергазберажэння ў краіне праводзілася інфармацыйна-адукацыйная акцыя “Беларусь — энергаэфектыўная краіна”. Як школы, у прыватнасці, навучэнцы, ставяцца да праблем рацыянальнага выкарыстання энерга-рэсурсаў? Якія ідэі для вырашэння адпаведных праблем яны прапаноўваюць?
— Так, у сувязі з Міжнародным днём энергазберажэння Дэпартаментам па энерга-эфектыўнасці ў перыяд з 8 па 12 лістапада праводзілася рэспубліканская інфармацыйна-адукацыйная акцыя “Беларусь — энерга-эфектыўная краіна”.
Мэта акцыі — павышэнне дасведчанасці насельніцтва аб магчымых спосабах і метадах павышэння эфектыўнасці выкарыстання энергарэсурсаў, у тым ліку ў штодзённым жыцці. Гэта, між іншым, з’яўляецца адной з важных мер па паляпшэнні дабрабыту грамадзян і эканамічнага росту краіны ў цэлым.
Што тычыцца навучальных устаноў, то ў Мінскай вобласці актыўна падтрымалі рэспубліканскую акцыю “Беларусь — энергаэфектыўная краіна”. Ва ўстановах адукацыі вобласці прайшло шмат мерапрыемстваў для дзяцей і іх бацькоў, для педагогаў.
Педагогі-арганізатары падчас правядзення мерапрыемстваў выкарыстоўвалі матэрыялы, размешчаныя на інтэрнэт-сайце Дэпартамента па энергаэфектыўнасці ў раздзеле “Папулярна аб энергазберажэнні / Карысныя парады”.
Дарэчы, сённяшнія школьнікі валодаюць дастатковымі ведамі па энергазберажэнні. Увогуле, са школамі, з абласнымі ўпраўленнямі па адукацыі мы вельмі актыўна супрацоўнічаем. Калі праводзім тэматычныя мерапрыемствы, то збіраем педагогаў з усёй краіны і знаёмім з перадавымі тэхналогіямі ў сферы зберажэння цеплавых і энергетычных рэсурсаў.
Адзінае, чаго нам не хапае, гэта ўзаемадзеяння з УВА краіны. Зацікавіць студэнтаў вельмі цяжка, ім неабходна матывацыя, якой для іх з’яўляецца далейшае працаўладкаванне.
Для гэтага неабходна наладжваць супрацоўніцтва з энергетычнымі кампаніямі, Міністэрствам энергетыкі, якія могуць ста ць работадаўцамі. Дзякуючы конкурсам па энергазберажэнні, мы можам выяўляць тых дзяцей, якія цікавяцца праблемай энергазберажэння і могуць прыносіць свежыя ідэі для яе вырашэння. Такія школьнікі ў далейшым могуць стаць выдатнымі спецыялістамі.
Гутарыла Наталля САХНО.