З эфектам метафары

Абараняць правы дзяцей, дапамагаць рэалізоўваць свае магчымасці і ідэі, правільна сацыялізавацца, не баяцца выказваць меркаванні і своечасова паклікаць на дапамогу — усё гэта толькі невялікі спіс тых абавязкаў, што ўскладзены на сацыяльных педагогаў школы.

Акрамя работы са школьнікамі і бацькамі, спецыяліст павінен знаходзіць час на самаразвіццё, як асобаснае, так і прафесійнае. Пра тое, наколькі рэальна ўсё гэта паспяваць, нам расказала Кацярына Патула, сацыяльны педагог сярэдняй школы № 18 Барысава.

Дарэчы, менавіта Кацярына Патула стала пераможцай конкурсу “Педагог сацыяльны — 2020”, які мінулым летам праводзіўся ў Мінскай вобласці.

У сярэдняй школе № 18 Барысава, дзе працуе Кацярына Сяргееўна Патула, сёння вучыцца каля 900 дзяцей. Гэтая школа не простая: адметнасць навучальнай установы ў тым, што тут у адным класе вучацца як звычайныя дзеці, так і дзеці з інваліднасцю, у тым ліку калясачнікі.

“У нас вялікі мікрараён, многія сем’і мнагадзетныя, — расказвае пра навучальную ўстанову сацыяльны педагог. — Таксама ў школе ёсць дзеці, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы ці пад прафілактычным наглядам. Пры гэтым прынцып роўнасці дзяцей, незалежна ад іх статусу або статусу іх бацькоў, для педагогаў і вучняў ня­зменны”.

Ні на адну праблему, якая ўзнікае ў навучэнцаў, сацыяльны педагог не заплюшчвае вочы. Кацярына ўпэўнена, што толькі пастаяннае і настойлівае супрацоўніцтва з бацькамі можа прывесці да станоўчага выніку. А ён вымяраецца проста: дзіця ў школе павінна ўсміхацца і з задавальненнем вяртацца дадому.

“Убачыць, што з малым нешта не так (Кацярына працуе з пачатковымі класамі), вельмі проста, — дзеліцца назіраннямі К.Патула. — Такія дзеці часта замкнёныя, у іх сумныя вочы, патухлы погляд. У дадатак да гэтага, дзіця выдае яго знешні выгляд. Калі мама не займаецца ім, гэта відаць па вопратцы ці валасах, калі гэта дзяўчынкі. Такія сітуацыі мы не пакідаем без увагі. Абавязкова з калегамі ідзём у сям’ю, размаўляем з бацькамі. Што хаваць, былі нават выпадкі, калі паказвалі адной з мам, як трэба прыбіраць кватэру. Можа, гэта некага здзівіць, але такое здараецца. Як правіла, няўменне весці гаспадарку характэрна для тых дарослых, якія самі не выхоўваліся ў сем’ях. Таму наша задача зрабіць так, каб дзеці гэтых ужо дарослых дзяцей жылі ў зручных умовах, у чысціні і клопаце”.

Мінулым летам у Мінскай вобласці была адноўлена цікавая адукацыйная традыцыя. З мэтай павышэння прэстыжу сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службаў, развіцця прафесійнага ўзроўню і рэалізацыі творчага патэнцыялу педагогаў у вобласці праводзіўся конкурс прафесійнага майстэрства “Педагог сацыяльны”.

У фінале абласнога этапу ўдзельнічалі 24 канкурсанты, якія прадставілі відэазапісы заняткаў, дзелавыя гульні, эсэ па тэме “Маё прафесійнае прызнанне — педагог сацыяльны”. Акрамя таго, удзельнікі прайшлі тэсціраванне на веданне нарматыўнага прававога забеспячэння дзейнасці сацыяльнага педагога.

У заключным этапе конкурсу прынялі ўдзел 8 педагогаў, кожны з якіх прадставіў на суд журы самапрэзентацыю (візітную картку) з адлюстраваннем свайго прафесійнага крэда і асобасных якасцей, а таксама відэазапіс майстар-класа.

На дапамогу сацыяльнага педагога большасць дарослых рэагуе адэкватна. Часта нават самі бацькі тэлефануюць і про­сяць аб тым, каб настаўніца прыйшла і дапамагла ў вырашэнні пэўных праблем. Кацярына Патула, калі трэба, можа завесці бацькоў да нарколага ці дапамагчы ў вырашэнні некаторых бытавых пытанняў.

“Зразумела, што не ўсе дарослыя такія. Ёсць мамы і таты, якія лю­бяць паскандаліць або адмаўляюцца ад дапамогі. Але мы ўсе і дырэктар нашай школы таксама, прытрымліваемся меркавання, што трэба акуратна спрабаваць дапамагчы. Бо гэта неабходна і нам, і ім”.

У рабоце з дзецьмі К.Патула карыстаецца рознымі тэхнікамі. Акрамя размовы, сацыяльнай дыягностыкі, педагог прымяняе шматлікія псіхалагічныя метады, інфармацыйныя падыходы і навінкі.

“Cёння нашых дзяцей ужо не здзівіш нічым, яны ўмеюць працаваць з любой камп’ютарнай тэхнікай, таму мы, настаўнікі, у сваёй рабоце стараемся прымяняць новыя тэхналогіі, — працягвае Кацярына Патула. — Многа матэрыялаў, безумоўна, знахо­дзім у інтэрнэце. Але не ва ўсіх дзяцей ёсць тэлефоны. Таму для таго каб ахапіць як мага больш навучэнцаў, выкарыстоўваем настольныя, інтэрактыўныя гульні”.

Адным з улюбёных метадаў дыягностыкі стану дзіцяці ў Кацярыны з’яўляецца выкарыстанне метафарычных карт: сацыяльны педагог мае сертыфікаты з пройдзеных курсаў па арт-тэрапіі, таму можа прымяняць іх у рабоце. Метафара заўсёды працуе эфектыўна.

“Калі мне падаецца, што прычына, па якой дзіця сёння панурае, у адносінах з мамай, то прашу паказаць яе дома: калі карцінка не вельмі пазітыўная, усё становіцца відавочна. Быў выпадак, калі пасля заняткаў з дзіцем патэлефанавала яго маме, расказала, што ў нас адбылося, і выказала меркаванне наконт таго, што, магчыма, дома мела месца невялікае непаразуменне. Мама не стала адмаў­ляць гэтага і правільна зрабіла. Разам мы знайшлі выйсце з канфлікту. Дзецям, дарэчы, гэты маўклівы метад работы таксама вельмі падабаецца, — гаворыць сацыяльны педагог. — Асабліва ён дапамагае ўбачыць малышоў, якія не хочуць у цяперашні момант расказваць аб сваіх праблемах. Дзіця паказала карцінку, якая адлюстроўвае яго стан, і я адразу разумею, што адбываецца. Да кожнага з навучэнцаў стараюся знаходзіць індывідуальны падыход. Тое, што малыш патрабуе дапамогі, першапачаткова бачу, калі право­джу заняткі ў класе. Бы­ваюць выпадкі, калі з просьбай аб дапамозе прыходзяць бацькі. Безумоўна, я не адмаўляю. Бо ў нас з імі адна і тая ж задача — дапамагчы. Як правіла, у аснове любой спрэчкі (у школе ці дома) ляжыць канфлікт. Дзеці ў нас розныя, кожнае са сваім характарам, эмоцыямі. Асабліва цяжка першакласнікам: пасля дзіцячага сада яны толькі прывыкаюць да школьнага рэжыму. Чагосьці патрабуюць настаўнікі, іншага — бацькі. І адразу сарыентавацца ў гэтых патрабаваннях вельмі цяжка.

Я заўсёды была зацікаўлена ў тым, каб сям’я са мной супрацоўнічала. Многія ўяўляюць сацыяльнага педагога падобным на інспектара па справах непаўналетніх, які кантралюе і расказвае, як трэба сябе паводзіць. Але гэта міф. Я вельмі хачу, каб дзеці атрымлівалі ад мяне толькі станоўчыя эмоцыі і ўспрымалі як сябра, якому можна даверыцца. Вопыт паказвае: калі вучні давяраюць, то потым у любой сітуацыі будуць старацца не падвесці. А значыць, я магу разлічваць на тое, што іх паводзіны палепшацца, вучоба наладзіцца. Як бы там ні было, але малым патрэбен дарослы, якому можна давяраць”.

Акрамя метафарычных карт, К.Патула будуе заняткі на аснове арт-тэрапіі. Малюнак, гаворыць настаўніца, таксама здольны перадаць эмоцыі і настрой дзіцяці.

“Дзеці вельмі розныя. Ёсць тыя, хто адмовіцца і ад метафарычных карт, і ад малявання, — аддасць перавагу лепцы з пластыліну. Тое самае і з характарам: некаторыя лёгка і хутка ідуць на кантакт, а іншыя будуць доўга правяраць маё цярпенне. Больш агрэсіўныя, дарэчы, часта так сябе паводзяць: ім хочацца ўвагі. І, магчыма, гэтая агрэсія выклікана якраз яе недахопам. Таму ў пэўных момантах стараюся размаўляць з дзецьмі як мама. Але і гэта працуе не заўсёды: хтосьці даверыцца і адкрые мне свае эмоцыі, а хтосьці — не. Калі вяртацца да арт-тэрапіі, то цёмныя малюнкі, на якіх выяўлены драпежныя жывёлы з зубамі, прысутнічаюць іншыя элементы, якія не выклікаюць станоўчых эмоцый, свед­чаць пра тое, што дзіця знаходзіцца ў стане стрэсу”.

Убачыць, ці мяняецца нешта ў больш пазітыўны бок, сацыяльнаму педагогу дапамагаюць тэматычныя размовы. Кожны панядзелак у кабінет Кацярыны Сяргееўны не папасці: дзеткі разам з настаўніцай садзяцца за стол і расказваюць адно аднаму, як яны право­дзілі выхадныя, якія эмоцыі перажывалі. Такія заняткі спрыяюць даверлівым адносінам. Кацярына Сярг­ееўна помніць, з якім настроем малышы развітваліся з ёй у пятніцу і з якім вярнуліся ў школу.

“Па дзецях усё і адразу бачна, яны не ўмеюць хаваць эмоцыі, — тлумачыць педагог. — Таксама мне важна, што вучні, калі здараецца канфлікт, прыхо­дзяць скардзіцца адзін на аднаго і прасіць парады. Гэта сведчыць пра тое, што мы правільна будуем сістэму работы. Сацыяль­ны педагог — гэта ў першую чаргу дарадчык і сябар, а потым ужо настаўнік”.


Наталля САХНО.
Фота аўтара