Сацыяльна-рэабілітацыйнае аддзяленне “Сфера” пры сацыяльна-педагагічным цэнтры Першамайскага раёна Мінска стваралася як эксперыментальнае ў 2015 годзе. Цяпер можна канстатаваць, што эксперымент удаўся, а вопыт работы аддзялення распаўсюджаны на ўсе СПЦ краіны, дзе таксама вядзецца рэабілітацыйная работа. Работа па пазбаўленні ад розных відаў залежнасці падлеткаў, а таксама работа з іх бацькамі, што не менш важна.
Праблемнае кола — шырокае
— У 2015 годзе, як вы, канечне, памятаеце, ішла вялікая хваля злоўжывання наркотыкамі, — гаворыць педагог-псіхолаг аддзялення Алена Аляксандраўна Чарнякевіч. — Як дапамагаць дарослым, зразумела, а што рабіць з непаўналетнімі? “Сфера” тады была першым і адзіным такім аддзяленнем не толькі ў Мінску, але і ў Беларусі. Наша работа, а ў аддзяленні працуе некалькі педагогаў-псіхолагаў і сацыяльных педагогаў, даказала сваю эфектыўнасць, і з бягучага года пры кожным СПЦ створана такое аддзяленне. Гэта ўжо не эксперымент.
З самага пачатку работы аддзялення яго дзейнасць выйшла за межы Першамайскага раёна — дзяцей на рэабілітацыю накіроўвалі з усяго горада. Фармат работы, як тады, так і зараз, прадугледжвае кансультацыі і падлеткаў, і бацькоў не менш, чым раз у тыдзень, таксама пажадана групавая работа з дзецьмі. А прыходзяць сюды падлеткі або па пастанове камісіі па справах непаўналетніх аб праходжанні комплекснай рэабілітацыі, або дзякуючы рабоце ўрачоў-нарколагаў, інспектараў па справах непаўналетніх ці іншых спецыялістаў, якія рэкамендуюць сваім падапечным пайсці ў “Сферу”.
Сувязі са спецыялістамі, якія працуюць з праблемнымі падлеткамі, у аддзяленні напрацаваны добрыя. Да таго ж, дзейнічае “сарафаннае радыё” — адны бацькі раяць іншым звярнуцца ў “Сферу”, падлеткі і самі расказваюць аднагодкам, што сюды можна прыйсці і што тут дапамогуць, прычым, калі хочаш, ананімна (у аддзяленне можна прайсці праз асобны ўваход, не запісваючыся ў вахцёра).
Вяртанне да нармальнага сацыяльнага жыцця ў розных падлеткаў займае розны час, усё індывідуальна. І ўзрост у тых, хто прыходзіць на рэабілітацыю, розны. Так, самаму малодшаму падапечнаму маёй суразмоўніцы было 9 гадоў. Наогул, апошнім часам, як гаворыць псіхолаг, залежнасці вельмі “памаладзелі” — работа з 9—10-гадовымі дзецьмі ўжо зусім не выключэнне. Асабліва гэта тычыцца дзяўчынак, якія фізічна фарміруюцца рана, гадоў у 11—12, а псіхалагічна яны зусім яшчэ дзеці.
Кола праблем, якія вырашаюць тутэйшыя спецыялісты, таксама шырокае: дэвіянтныя і дэлінквентныя (асацыяльныя, проціпраўныя паводзіны, якія прыносяць шкоду грамадству, пагражаюць жыццю іншых людзей і агульнаму сацыяльнаму парадку, падлягаюць крымінальнаму пакаранню) паводзіны, злоўжыванне алкаголем, ужыванне псіхаактыўных рэчываў, камп’ютарная залежнасць, павышаная агрэсіўнасць, сацыяльная неадаптаванасць і іншыя. Што тычыцца псіхатропных рэчываў, то іх віды мяняюцца: былі спайсы, цяпер усё часцей даводзіцца дапамагаць падлеткам, якія дыхаюць газам з запальніц або клеем (так, вярнулася дрэнная мода ліхіх 90-х). Супрацоўнікі аддзялення, канечне, не ўрачы і такіх дыягназаў, як “залежнасць”, не ставяць, але пастаянна супрацоўнічаюць з раённым урачом-нарколагам.
Бацькі і дзеці
— Рэабілітацыйная работа, канечне, комплексная, — заўважае А.А.Чарнякевіч. — Калі бацькі робяць тое, што мы рэкамендуем, працуюць над сабой, тады і рэабілітацыя іх дзіцяці атрымліваецца. А калі бацькі прыводзяць сына або дачку і кажуць: “Ён быў добрым, а цяпер сапсаваўся, бярыце яго і зрабіце што-небудзь, каб усё зноў стала добра”, то і работа наўрад ці атрымаецца. Дзіця не тэлефон або гадзіннік, які можна адрамантаваць. Калі бацькі жывуць па-старому, нічога не мяняючы ў сваіх паводзінах, то і дзіця не зменіцца. Цудаў не бывае, толькі комплексная пастаянная работа.
Работа з бацькамі — абавязковая ўмова рэабілітацыі ў аддзяленні “Сфера”. Многа выпадкаў, калі дзіця катэгарычна адмаўляецца прыходзіць на заняткі, але калі да спецыялістаў нейкі час ходзяць бацькі, то і падлетак паступова разумее, што яму трэба прымаць новыя правілы жыцця, якія ўстанаўліваюць тата і мама, мяняцца самому.
Шчыра кажучы, і гэта не сакрэт, часцей за ўсё пад паняццем “бацькі” маюцца на ўвазе толькі маці падлеткаў, многія таты ўсяляк адмяжоўваюцца ад выхавання і перавыхавання сваіх дзяцей. Калі сям’я няпоўная, аб нейкай зацікаўленасці татаў гаварыць амаль не даводзіцца — з сем’яў, якія знаходзяцца ў разводзе, спецыялісты “Сферы” за ўвесь час работы бачылі толькі трох татаў. Звычайна ў мужчын такая пазіцыя ў адносінах да жанчын: “Тваё выхаванне — ты і разбірайся”. А на заканамернае пытанне “А дзе ўвесь гэты час былі вы?” яны адказу не маюць. Таты з поўных сем’яў прыходзяць часцей, бываюць і на індывідуальных, і на мультысямейных занятках. Быў нават выпадак (адзін, але ўсё ж), калі з дачкой у аддзяленне прыходзіў тата, а мама так і не з’явілася.
Восенню, як правіла, у аддзяленні пачынаецца самы насычаны работай перыяд, бо летам звычайна дзеці раз’язджаюцца, а калі застаюцца ў горадзе, то бацькі закрываюць вочы на тое, што падлетак неяк не так сябе паводзіць, вяртаецца позна, начуе ў сяброў. Маўляў, усё роўна ў школу не трэба, неяк абыдзецца. Восенню такія паслабленні прыводзяць да сур’ёзных праблем, бо нішто не праходзіць дарэмна — тры месяцы канікул без межаў і рамак выліваюцца ў вал зваротаў па дапамогу з нагоды прагулаў, дэвіянтных паводзін і г.д.
А бывае і так: падлетак сам просіць псіхолага аб больш частых сустрэчах, бо пагаварыць няма з кім — з маці няма кантакту, з аднагодкамі і школьнымі педагогамі — таксама. “Сфера” становіцца адзіным месцам, дзе можна свабодна выгаварыцца, сустрэцца з чалавекам, які не будзе асуджаць, якому можна сказаць усё. Бывае, што псіхолаг рэкамендуе дарослым самім прайсці псіхатэрапію ў адпаведных спецыялістаў, бо бачыць у іх праблемы, але тыя не пагаджаюцца. Адгаворкі звычайныя: “Няма грошай”, “Няма часу”, “Спраўлюся сам”…
Прыходзьце, дапаможам
З-за таго, што якасную рэабілітацыйную работу можна ажыццяўляць толькі ў цесным супрацоўніцтве з бацькамі, іншымі роднымі падлеткаў — бабулямі, дзядулямі, братамі і сёстрамі, пастаянна на заняткі і гутаркі ў “Сферу” прыходзяць дзясяткі чалавек. Кансультацыі дарослых і дзяцей спачатку праходзяць асобна, пазней, калі спецыяліст лічыць гэта неабходным, праводзяцца мультысямейныя сустрэчы.
Дзеці, акрамя таго, раз у тыдзень ходзяць на групавыя заняткі, пры гэтым у аддзяленні ёсць вопыт правядзення такіх заняткаў у зборнай групе — у ёй займаліся падлеткі з рознымі праблемамі. Былі і тыя, хто ўжываў алкаголь або псіхатропы, быў хлопец з праблемай сацыялізацыі, падлеткі з іншымі праблемамі — усяго 11 чалавек. Група займалася на працягу 24 тыдняў, і да фіналу дайшлі 9 падлеткаў, якія паспяхова рэабілітаваліся, вучацца, працуюць. Спецыялісты “Сферы” нават плануюць у снежні правесці своеасаблівую сустрэчу выпускнікоў. А ў цэлым працэнтаў 70 тых, хто звяртаецца ў аддзяленне, удаецца рэабілітаваць. Гэта, канечне, прыкладна, бо вынікі такой рэабілітацыі дакладна не вымераеш, але прыкінуць можна, і эфектыўнасць, як бачыце, вельмі добрая.
Тэрміны рэабілітацыі пры гэтым у кожнага падлетка розныя — яны залежаць як ад яго індывідуальных асаблівасцей, так і ад падтрымкі бацькоў. Псіхолагі, напрыклад, не толькі сустракаюцца з падлеткамі і дарослымі, але і перапісваюцца з імі ў сацсетках, тэлефануюць адно аднаму ў рэжыме 24/7, праводзяць падтрымліваючыя сустрэчы.
— Цэнтр галаўнога мозга, які адказвае за эмацыянальнасць, паспявае рана, а аддзел кары мозга, які адказвае за пабудову лагічных ланцужкоў, за кантроль паводзін, — значна пазней, — тлумачыць А.А.Чарнякевіч. — Вось і з’яўляюцца рызыкоўныя паводзіны, а дарослыя ў вачах падлеткаў аўтарытэту ўжо не мюць. Аўтарытэтамі становяцца старэйшыя таварышы з такімі ж рызыкоўнымі паводзінамі, прадстаўнікі крымінальных структур.
Прыходзьце, навучым
На думку маёй суразмоўніцы, найбольшы эфект работа з цяжкімі падлеткамі дае пры выкарыстанні кагнітыўна-паводзінскай тэрапіі і дыялектычна-біхевіяральнай тэрапіі, якая імкнецца да вырашэння ўнутраных супярэчнасцей пацыентаў. У Беларусі апошні напрамак пакуль зусім новы, Алена Аляксандраўна сама вучыцца ДБТ у Маскве, а КПТ яна вывучала ў Санкт-Пецярбургу.
— Мой асабісты вопыт паказвае, што спачатку падлеткаў трэба навучыць спраўляцца з тым, чаго яны не ўмеюць, навучыць паводзінскім навыкам, змяніць пэўныя кагнітыўныя ўстаноўкі, а потым, калі дзеці ўваходзяць у фазу стабільнасці, прымяняць псіхааналіз, гештальт-тэрапію, — пераканана А.А.Чарнякевіч.
Свой вопыт спецыялісты цэнтра перадаюць калегам з іншых СПЦ, а таксама інспектарам па справах непаўналетніх. Мінулай зімой і вясной тут прайшоў цэлы комплекс семінараў-практыкумаў для іх. Так, інспектары ІДН вучыліся матывацыйнаму інтэрв’юіраванню — таму, як пераканаць падлетка хаця б прыйсці ў рэабілітацыйнае аддзяленне або пагадзіцца на адкрытую размову з інспектарам. Таксама інспектары вывучалі тое, якія працэсы праходзяць у арганізме падлетка на гарманальным узроўні, у галаўным мозгу, як фарміруюцца залежнасці.
Зараз у аддзяленні запушчаны праект з сацыяльнымі педагогамі школ раёна — цыкл семінараў-практыкумаў, на якіх школьныя спецыялісты не толькі атрымліваюць метадычныя рэкамендацыі, але і на практыцы адпрацоўваюць розныя формы работы з падлеткамі. Першай тэмай стала прафілактыка суіцыдальных паводзін, плануюцца яшчэ тэмы работы з бацькамі, навыкаў актыўнага слухання, матывацыйнага кансультавання, іншыя.
А летась Алена Аляксандраўна ездзіла па школах Першамайскага раёна, праводзіла прафілактычныя трэнінгі з падлеткамі. Гэта былі не сумныя лекцыі пра шкоду наркотыкаў, што зусім не эфектыўна, а практычныя заняткі, накіраваныя на тое, каб навучыць хлопцаў і дзяўчат разумець саміх сябе. Работа ажыццяўлялася ў рамках прафілактычнага праекта, які рэалізоўвае Мінскі гарадскі інстытут развіцця адукацыі сумесна з нямецкімі спецыялістамі. Сёлета да праекта падключаюцца іншыя супрацоўнікі аддзялення “Сфера”, тэмы разглядаюцца разнастайныя: “Сам-насам са сваімі пачуццямі і эмоцыямі”, “Супрацьстаянне маніпуляцыям”, “Навыкі асэнсаванай адмовы” і іншыя. Усё разам — цыкл трэнінгаў “Прарыў”.
Удзельнічаюць спецыялісты “Сферы” і ў школьных бацькоўскіх сходах, а мая суразмоўніца марыць яшчэ працаваць па праграме Family Connection, якая накіравана на работу з бацькамі і прапаноўвае 12 крокаў для татаў і мам, чые дзеці маюць нейкую залежнасць. Гэта не проста падтрымліваючая, гэта вучэбная практыка-арыентаваная праграма, з якой Алена Аляксандраўна пазнаёмілася, праходзячы навучанне ў ЗША. Праграма, канечне, патрабуе адаптацыі да нашых умоў, а калі такое адбудзецца, то вельмі дапаможа ў рабоце, пераканана спецыяліст.
Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з адкрытых крыніц інтэрнэту і з архіва А.А.Чарнякевіч.