Прыярытэт № 16?

Пра выхаванне дзяцей, абыякавасць бацькоў і школу

“Выхоўвайце сябе, а не дзяцей, таму што яны ўсё роўна будуць падобнымі да вас”. Не згадзіцца з гэтым не магчыма, таму што дзеці — гэта амаль наша поўнае адлюстраванне. Толькі, на жаль, часта дочкі-сыночкі пераймаюць не зусім ідэальныя адценні характару, не зусім правільныя звычкі мамы і таты.

Для таго каб дапамагчы бацькам правільна выхаваць дзяцей, настаўніца пачатковых класаў заснавала і выдае цікавы адукацыйна-выхаваўчы праект — “Паласатая газета”. Прыкметна, што выданне распаўсюджваецца толькі ў нашай краіне, але пісьмы на адрас рэдакцыі прыходзяць з Польшчы, Нарвегіі, ЗША, Канады, Літвы, Расіі і інш.

Пра сам праект, выхаванне і школу расказвае яго аўтар Ганна Уладзіміраўна ГРАНОЎСКАЯ.

— Ганна Уладзіміраўна, як з’явіўся ваш галоўны праект — “Паласатая газета”? Што паспрыяла таму, што вы перавялі педагагічныя веды ў іншую плоскасць, пачалі вучыць дзяцей і бацькоў праз часопіс?

— Я ўпэўнена, што кожны павінен рабіць тое, у што верыць. І самае галоўнае, мы павінны правільна ўплываць на тых, хто зможа змяніць заўтрашні дзень і нашу будучыню. Відавочна, што зараз маю на ўвазе дзяцей. Мы ўсе можам на іх уплываць, але галоўнае рабіць гэта правільна. Сёння ў краіне жывуць 2 мільёны хлопчыкаў і дзяўчынак, і будучыня належыць менавіта ім. Ужо праз 10—15 гадоў яны зменяць нас у розных сферах дзейнасці. Таму зараз, у эпоху дэфіцыту часу, вельмі важна знаходзіць тыя словы і прыклады, якія будуць дапамагаць дзецям правільна думаць.

Праектамі вырашыла займацца тады, калі адчула, што вырасла з настаўніцтва. У школе я больш не працую, але ўсё роўна ствараю нестандартныя кнігі вучэбных кірункаў, брашуры, даведнікі.

Дзякуючы сваім праектам, працую з вялікай колькасцю дзяцей. Цяпер, калі выдаю “Паласатую газету”, вучняў у мяне значна больш, чым было ў гады выкладання ў школе. Такім чынам, мая галоўная задача — дапамагаць бацькам зрабіць так, каб дзеці раслі чалавечнымі.

Акрамя газеты, займаюся некалькімі дабрачыннымі праектамі, якія накіраваны на дапамогу дзецям з асаблівасцямі развіцця, а таксама дапамагаю бяздомным жывёлам. Ва ўсім гэтым, безумоўна, дапамагае асноўны праект — “Паласатая газета”. Дарэчы, сёння гэта адзінае выданне, якое расказвае пра асаблівых людзей. Мы закранаем на старонках свайго выдання тэмы пра дзетак-аўтыстаў і тых, хто мае сіндром Даўна.
Я вельмі хачу, каб дзеці, калі вырастуць і стануць спецыялістамі ў розных сферах, змаглі стварыць безбар’ернае асяроддзе для сваіх сяброў, у якіх ёсць абмежаванні ў перамяшчэнні. Я ўпэўнена, што калі б галоўны архітэктар метро ў дзяцінстве сябраваў, напрыклад, з хлопцамі-калясачнікамі, то падчас праектавання станцый ён бы памятаў, якіх намаганняў яму каштавала дапамагчы суседскаму хлопчыку-інваліду падняцца па пандусе. На жаль, яны зусім не прыстасаваны для самастойнага руху калясачнікаў. І з такой праблемай мы сутыкаемся не толькі ў метро.

Такім чынам, дзецям неабходна тлумачыць, як важна ствараць безбар’ернае асяроддзе ў горадзе. Акрамя гэтага, важна вучыць непаўналетніх кантактаваць з людзьмі, якія маюць абмежаваныя магчымасці. Гэта дазволіць непаўналетнім вырасці больш чулымі, добрымі і чалавечнымі.

Дзецям неабходна расказваць пра сапраўдныя каштоўнасці, гаварыць з імі на роўных. Таму што і ў педагогаў, і ў бацькоў адна агульная задача — выгадаваць з дзіцяці са-праўднага чалавека, а не бяздушную асобу. Менавіта па гэтай прычыне варта пісаць пра талерантнасць у адносінах да дзяцей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі.


— Вы валодаеце ведамі ў напрамках сацыяльнай педагогікі і практычнай псіхалогіі. Ствараючы дапаможнікі для дзяцей, які вопыт, якія праблемы часцей за ўсё бераце за аснову? Чаму вашы кнігі вучаць бацькоў?

— Практычна ўсе даведнікі, дапаможнікі стварала на вопыце, які атрымала падчас вучобы ў педагагічным каледжы.

Калі мой сын быў маленькі, я зрабіла вялікі насценны каляндар, у якім былі адлюстраваны важныя моманты з жыцця немаўлят: што і калі павінна навучыцца рабіць маленькае дзіця, на што бацькам перш за ўсё трэба звяртаць увагу. Крыху пазней сутыкнулася з праблемай навучання чытанню, а таксама з пытаннем, як не адбіць жаданне чытаць. Увогуле, слоўнікавыя словы дзеці могуць запамінаць праз асацыятыўныя карцінкі. Важна падчас тлумачэння не выкарыстоўваць даведнікі з навукападобнымі словамі, а ўмець расказваць усё простай мовай.

Умець тлумачыць простымі словамі складаныя рэчы вельмі важна. Мне здаецца, гэта своеасаблівы крытэрый, па якім неабходна выбіраць аўтараў для вучэбных дапаможнікаў. Можна мець навуковую ступень, але пры гэтым не ўмець тлумачыць складаныя рэчы нават дарослым, а тым больш дзецям.

— Як лічыце, ці заўсёды наяўнасць у школе педагога-псіхолага можа дапамагчы ў вырашэнні праблемы канфліктаў сярод навучэнцаў? І чаму бывае зручна не заўважаць іх паміж дзецьмі?

— Не заўважаць канфлікты зручна заўсёды. Калі гаварыць пра дзяцей, у іх мала вопыту ў вырашэнні канфліктаў. Акрамя гэтага, часцей за ўсё адсутнічае адэкватны прыклад таго, як трэба вырашаць спрэчную сітуацыю. Улічваючы ўсё гэта, неабходна, каб у бацькоў быў канструктыўны падыход да вырашэння дзіцячых праблем.

Пазіцыі “самі разбяруцца” быць не павінна. З дзецьмі трэба размаўляць, прапаноўваць і абмяркоўваць, падахвочваць знайсці рашэнне, якое б задаволіла ўсіх. Некалькі паказальных разборак будуць тым самым падрыхтоўчым палігонам, які навучыць дзяцей потым вырашаць канфлікты без дарослых.

Тым не менш ключавую ролю ў жыцці дзяцей адыгрываюць менавіта бацькі. Дзеці маюць патрэбу ў маме з татам. Мы ж, дарослыя, самі расстаўляем прыярытэты ў сваім жыцці. Большасць бацькоў жадае пасядзець у інтэрнэце, паглядзець серыял і футбол, а засмучанае дзіця няхай само разбіраецца. На жаль, гэта рэальнасць, і яна тычыцца многіх сем’яў. Гэта азначае адно: месца гэтага дзіцяці ў бацькоўскіх прыярытэтах пад № 16.

Я лічу, што ўсё ідзе з сям’і. Адукаваны і прафесійны псіхолаг можа дапамагчы мінімізаваць наступствы цяжкіх сітуацый, спрэчак. Адначасова з гэтым важна, каб і бацькі змянілі падыход да ўзаемаадносін паміж сабой. Але калі пасля кантакту са спецыялістам дзіця зноў вернецца ў сям’ю, а там нічога не змянілася, пазбавіцца праблем будзе немагчыма, ніякі псіхолаг не дапаможа.

Акрамя гэтага, важна, каб у школах на бачным месцы заўсёды вісела інфармацыя аб псіхалагічных службах, службах даверу, у якія ў выпадку цяжкіх сітуацый можна звяртацца па дапамогу. Дзеці павінны быць упэўнены, што іх праблема не будзе расказана іншым і іх ніхто не абвінаваціць у тым, што здарылася.


— Сёння, калі вы будуеце адносіны з дзецьмі на іншым узроўні, не як настаўнік, якія праблемы ў сям’і, у школе для вас сталі відавочнымі? Пра што дзеці пішуць і на што скардзяцца?

— Дзеці часцей за ўсё расказваюць аб праблемах у сям’і: бацькі сварацца, разводзяцца, выпіваюць, б’юць.

Пры гэтым дзецям важна выгаварыцца. Дасылаючы ліст, хлопчыкі і дзяўчынкі хочуць быць упэўненымі, што ніхто нічога не даведаецца. Дзеці баяцца тэлефанаваць у службы даверу, таму што думаюць, што іх рассакрэцяць і будзе яшчэ горш.

А пазітыўнаму паласатаму персанажу, які сябруе з імі на старонках газеты, дзеці расказваюць усе свае душэўныя таямніцы. За 5 гадоў існавання “Палосачкі” было аказана больш за 400 псіхолага-педагагічных кансультацый сем’ям, якія апынуліся ў цяжкай сітуацыі.

Аднойчы ў рэдакцыю “Паласатай газеты” напісаў маленькі хлопчык. Ён расказваў, што расце без бацькі, а яго мама вельмі хоча, каб у сям’і з’явіўся мужчына, які заменіць яму тату. Наступны ліст ад хлопчыка быў радасным. Наш маленькі чытач напісаў, што мама сустракаецца з разумным і добрым чалавекам. Шчыра кажучы, я вельмі радавалася, што ў гэтай сям’і ўсё добра. Пасля было яшчэ некалькі пазітыўных лістоў, у якіх хлопчык дзяліўся навінамі. Аказваецца, яны пераехалі да новага таты, усё ў іх добра. Толькі радасць была нядоўгай. Наступны ліст прыйшоў у разводах: дзіця пісала і плакала. Як стала зразумела, мужчына аказаўся алкаголікам. Знаходзячыся ў стане алкагольнага ап’янення, новы тата біў і маму, і хлопчыка. Дзіця пісала, што яны вельмі хочуць вярнуцца назад, у свой родны пасёлак, толькі мама баіцца, што ўсе будуць папракаць яе.

Пасля таго як дачытала пісьмо да канца, патэлефанавала ўсім, хто б мог дапамагчы вырашыць гэтую праблему. Дзякуючы сувязям, удалося праз знаёмых знайсці валанцёраў, якія дапамагаюць жанчынам і дзецям, што знаходзяцца ў крызіснай сітуацыі. Валанцёры дапамаглі вярнуцца дадому.

Пасля гэтага выпадку маленькі чытач яшчэ некалькі разоў пісаў мне. У апошнім лісце, дарэчы, расказваў, што мама пазнаёмілася з чарговым мужчынам з іншай краіны і што на гэты раз усё дакладна будзе добра.

Чытаючы пісьмы, у якіх дзеці звяртаюцца па дапамогу, не цяжка зрабіць выснову, што нам давяраюць больш, чым спецыялізаваным службам. Дзеці не ўпэўнены ў тым, што іх праблемы, сакрэты, давераныя псіхолагу ці сацыяльнаму педагогу, не выйдуць за межы кабінета. Гэта значыць, што і псіхолагам, і сацыяльным педагогам неабходна наладжваць з дзецьмі кантакт. З навучэнцамі неабходна працаваць не для “птушачкі”, а на вынік.


— Ваш “паласаты” праект — гэта выданне пра чалавечнасць і дабрыню. Тым не менш, што трэба, каб выгадаваць добрага чалавека? Хто перш за ўсё павінен займацца выхаваннем дзіцяці — школа ці бацькі?

— Я не давяраю толькі адукацыі. Безумоўна, добра, калі чалавек умее чытаць, пісаць, прыгожа гаварыць. Але гісторыя мае шмат прыкладаў, калі адукаваныя людзі прыдумвалі розныя спосабы катаванняў, стваралі зброю, праводзілі доследы на дзецях.

Менавіта па гэтай прычыне важна выхоўваць у дзецях чалавечнасць, пра якую ўжо згадвалася. Увогуле, я супраць падмены паняццяў, калі нас спрабуюць запэўніць у тым, што дабрыня — гэта слабасць, а нахабнасць — гэта добра, яна дапамагае жыць. На дарослых, у якіх ужо сфарміравана ўласнае ўспрыманне свету, паўплываць цяжка. Але я ўпэўнена, што можна ўплываць на дзяцей.

Згодна з Кодэксам аб шлюбе і сям’і, менавіта сям’я ў першую чаргу мае прыярытэт у адносінах да працэсу выхавання дзіцяці: як выхоўваць, дзе вучыць — усё гэта вызначаюць бацькі. Так, школа таксама павінна прымаць удзел у жыцці дзіцяці, настаўнікі павінны даваць веды. Але сёння на педагогаў усклалі многа лішніх задач: арганізоўваць мерапрыемствы па суботах, кантраляваць камунальныя плацяжы, наяўнасць пажарных апавяшчальнікаў, збіраць медыцынскія даведкі. Здараюцца сітуацыі, калі, напрыклад, у сям’і ўзнікае канфлікт, ад якога пакутуе дзіця. Калі аб канфлікце становіцца вядома, вінаватым чамусьці зноў жа робяць настаўніка, таму што ён не ўмее працаваць з бацькамі, навучэнцам. Але прычыну трэба шукаць у сям’і, у выхаванні. Таму вельмі важна паказваць дзецям правільны прыклад.

Гутарыла Наталля САХНО.
Фота з архіва Ганны ГРАНОЎСКАЙ.