Бізнес-старт дае ўніверсітэт

Крэатыўнасць, ініцыятыўнасць, новыя ідэі — тыя якасці, якія варта чакаць ад студэнтаў і супрацоўнікаў устаноў вышэйшай адукацыі. Тым больш такіх буйных, як Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт, дзе студэнты і не толькі яны могуць рэалізаваць свае ідэі з дапамогай навучальнай установы. Бізнес-ідэі дапамагае ажыццявіць конкурс стартап-праектаў, які праводзіцца ў рамках стартап-школы ўніверсітэта. Ёсць і іншыя магчымасці практычнага ўвасаблення праектаў, рэалізацыі навуковых распрацовак, якія дае УВА. Пра іх мы папрасілі расказаць кіраўніка медыяцэнтра БНТУ Віталя Мікалаевіча ГМЫРАКА.


— Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт сёння адпавядае сучаснай канцэпцыі “Універсітэт 3.0” — адукацыя, навука, інавацыі і прадпрымальнасць, — тлумачыць мой суразмоўнік. — У нас больш за 30 тысяч студэнтаў, і яны маюць магчымасць не толькі вучыцца, але і займацца навуковай дзейнасцю, а таксама прадпрымальніцтвам. Больш за тое, прыкладна 70% грашовых сродкаў ад кантрактаў з прадпрыемствамі сярод УВА краіны, што падпарадкоўваюцца Міністэрству адукацыі, прыходзяць менавіта ў БНТУ. Іншымі словамі, калі ў якога-небудзь беларускага прадпрыемства ёсць вытворчая праблема, то ў 7 з 10 выпадкаў за яе рашэннем вытворцы звяртаюцца ў наш універсітэт.

— А наколькі дапамагае такой камерцыялізацыі навукі (у добрым сэнсе гэтага слова) Рэспубліканскае інавацыйнае ўнітарнае прадпрыемства “Навукова-тэхналагічны парк БНТУ “Палітэхнік”?

— Задача тэхнапарка — перанесці вынікі фундаментальных, прыкладных даследаванняў, падрыхтоўкі доследных узораў у дзеючыя вытворчасці і бізнес. Мы ажыццяўляем трансфер тэхналогій, створаных ва ўніверсітэце, у нацыянальную прамысловасць, а таксама за мяжу. Па-другое, і гэта, магчыма, самае важнае, што робіць “Палітэхнік”, ён дапамагае нашым навуковым супрацоўнікам, лабараторыям, студэнтам ствараць прадпрыемствы, дзеючы бізнес. Ва ўніверсітэце зараз каля 20 прадпрыемстваў-рэзідэнтаў, іх колькасць пастаянна расце дзякуючы падтрымцы УВА, дзяржавы.

Развіваецца інфраструктура тэхнапарка, а калі ёсць месца для новага бізнесу, то яго і стварыць прасцей. Самае галоўнае, што гэтае месца, гэты дом для бізнесу дзяржава дае на льготных умовах. Акрамя таго, тэхнапарк прадастаўляе паслугі, неабходныя для адкрыцця і развіцця бізнесу. “Палітэхнік” некалькі гадоў назад атрымаў прэзідэнцкую ўзнагароду як лепшы суб’ект падтрымкі інавацыйнага прадпрымальніцтва ў Беларусі. Такім чынам атрымліваецца, што ўніверсітэцкі тэхнапарк дапамагае жадаючым стварыць бізнес з нуля. Іншыя ж тэхнапаркі прыцягваюць не толькі новыя, але і ўжо дзеючыя прадпрыемствы.


— Конкурс стартап-праектаў нарадзіўся з ідэі падтрымкі прадпрымальніцкіх ідэй?

— Так, некалькі гадоў назад мы вырашылі актывізаваць прапаганду інавацыйнага прадпрымальніцтва ва ўніверсітэце і запусцілі конкурс стартапаў. Сёлета ўжо будзе 5-ты сезон, які пачнецца 3 кастрычніка, а закончыцца 12 снежня. Задача конкурсу — стымуляваць і моладзь, і ў цэлым навуковы патэнцыял БНТУ для стварэння прадпрыем-стваў і адначасова павышаць інавацыйную культуру.

Бывае, што ў конкурсе ўдзельнічаюць студэнты або супрацоўнікі іншых універсітэтаў, але такіх пабочных удзельнікаў нямнога. Гэта могуць быць, напрыклад, члены каманд, у якія ўваходзяць студэнты і нашага ўніверсітэта, і, напрыклад, БДУ. Вынікі работы такіх зборных каманд бываюць вельмі цікавымі. Уваход не зачынены ні для каго, і прыходзяць каманды з праектамі рознай ступені гатоўнасці: толькі з ідэяй, з прататыпам прадукцыі, у кагосьці ўжо можа быць бізнес. Мы нікога не адсейваем, кожны можа выступіць перад экспертамі, паказаць сябе. Для нас галоўнае — паказаць, што ўніверсітэт — тое месца, дзе якраз варта заняцца інавацыйнымі праектамі, тут ёсць усе ўмовы для гэтага.

— Віталь Мікалаевіч, раскажыце, калі ласка, пра асаблівасці, адметныя рысы конкурсу.

— Першае, пра што варта сказаць, — гэта тое, што ўніверсітэт ніяк, нават у самай малой ступені, не выкарыстоўвае адміністрацыйны рэсурс. Ніхто не ставіць умоў кшталту ад кожнага факультэта прадставіць па 5 праектаў. Усё толькі на дабравольных асновах, бо важна, можа, нават больш важна, чым адшукаць перспектыўныя праекты, знайсці лідараў, каманды, якія сапраўды хочуць займацца інавацыйным бізнесам, а таксама падабраць таленавітыя кадры для ўніверсітэта, тэхнапарка.

Рыхтуючыся да конкурсу, мы актыўна выкарыстоўваем сацыяльныя сеткі, размяшчаем аб’явы ва ўніверсітэцкіх будынках, робім іх праз рэктарат, дэканаты — карацей, усяляк рэкламуем конкурс.

У сярэднім удзел у ім прымаюць 15—20 праектаў, летась, напрыклад, было 18.

— Конкурс складаецца з аднаго этапу ці іх больш?

— Этапаў некалькі. Першы — гэта зносіны канкурсантаў, а таксама ўсіх жадаючых з дзеючымі прадпрымальнікамі. Набіраюцца поўныя залы слухачоў, бізнесмены расказваюць пра свае гісторыі поспеху. Гэта матывуючы этап. Так, летась у нас выступаў Кірыл Валошын, адзін з заснавальнікаў вядомага беларускага партала навін, зараз ён выступае ў ролі венчурнага бізнес-анёла. Выступаюць таксама рэзідэнты нашага тэхнапарка, людзі, якія зрабілі сабе імя ў бізнесе. Яны расказваюць пра свой шлях у прадпрымальніцтве, ім можна задаваць любыя пытанні.

Другі ўмоўны этап — навучальны. Я гавару “ўмоўны”, бо кожная частка конкурсу звязана з іншымі, яны пераплятаюцца паміж сабой, адна выцякае з другой і наадварот. Дык вось, на другім этапе праводзяцца трэнінгі, прысвечаныя таму, як зрабіць добрую прэзентацыю праекта, як правільна выступіць перад экспертным саветам, як і дзе шукаць грошы на рэалізацыю ідэі, як скласці маркетынгавы план і г.д.

Наступная ступень конкурсу — ментарскія сеткі, калі ідзе падрыхтоўка да фіналу. Да кожнага праекта замацоўваецца ментар, і канкурсанты робяць для яго прэзентацыю свайго праекта. Ментар робіць заўвагі і падказвае, як выправіць недахопы. Ментарскія сеткі працягваюцца 2—3 дні, мы з іншымі ментарамі (а я адзін з іх) пастаянна мяняемся, каб у каманд было больш магчымасцей папрацаваць з рознымі трэнерамі. Бывае, што ментары маюць несупадаючыя меркаванні наконт праекта, але гэта і добра. Усё вельмі гібка і дэмакратычна.

І, нарэшце, праходзіць фінал, праекты ацэньвае экспертны савет, у склад якога ўваходзяць і прыцягнутыя эксперты, бізнесмены, і супрацоўнікі БНТУ, у тым ліку тэхнапарка.


— А які прыз атрымліваюць пераможцы? Гэта грошы ці, магчыма, нешта іншае?

— Гэта не грошы, гэта лепш — год бясплатнага бізнес-інкубавання ў тэхнапарку “Палітэхнік”. Пераможцу або пераможцам, бо мы не абмежаваны, паўтаруся, строгім рэгламентам, бязвыплатна прадастаўляецца памяшканне з усёй інфраструктурай (святло, вада і г.д.). Плюс у нас ёсць фаблаб — лабараторыя хуткага прататыпавання з сучасным абсталяваннем. Ёсць 3D-прынтары, 3D-сканеры, такарныя, фрэзерныя станкі з лічбавым праграмным кіраваннем, іншае абсталяванне, што дазваляе стварыць прататып будучага прадукту. Спонсары таксама выдзяляюць прызы для канкурсантаў, якія ім спадабаліся.

Мінулагодні конкурс выйграў праект “Біянічная рука”, і каманда студэнтаў з розных факультэтаў БНТУ на базе тэхнапарка дапрацоўвае біянічны пратэз, хлопцы актыўна ўключаны ў нашу экасістэму: могуць карыстацца ўсімі тэхнічнымі магчымасцямі тэхнапарка, кансультавацца ў нашых супрацоўнікаў і рэзідэнтаў. Зараз студэнты дапрацоўваюць бізнес-план, каб прыняць удзел у Рэспубліканскім конкурсе інавацыйных праектаў.

Яшчэ ў БНТУ мы праводзім форум ВНУ інжынерна-тэхналагічнага профілю Саюзнай дзяржавы. У яго рамках адзін тыдзень прысвячаем моладзі і таксама праводзім конкурс стартапаў. Ён прыкладна такі, як і наш унутраны конкурс, але большы па маштабе. Пераможцы атрымліваюць падтрымку на ўзроўні Саюзнай дзяржавы. Сёлета форум пройдзе

22—26 кастрычніка. Беларускія студэнты, дарэчы, нярэдка ў ім перамагаюць.

— Калі ласка, раскажыце пра студэнтаў БНТУ, якія дасягнулі поспеху ў бізнесе. Такіх гісторый, упэўнена, нямала, але хаця б адну-дзве.

— Адзін з лепшых такіх прыкладаў — гісторыя цяпер ужо былога студэнта БНТУ Кірыла Ляўкова. Ён якраз-такі прайшоў праз форум Саюзнай дзяржавы, універсітэт дапамог яму таксама атрымаць фінансаванне з інавацыйнага фонду Мінгарвыканкама, а зараз у Кірыла група кампаній “Турбасфера”. Турбасфера — гэта прылада для ператварэння энергіі залішняга ціску прыроднага газу ў электрычнасць. Сёння Кірыл Ляўкоў са сваёй камандай — рэзідэнт нашага тэхнапарка, а таксама рэзідэнт інавацыйнага цэнтра “Сколкава” ў Расіі. Ён якраз з тых лідараў, якіх мы шукаем, хаця актыўны чалавек будзе і сам шукаць усе магчымасці, каб увасабляць свае планы ў жыццё.

Другі прыклад — дызайн-цэнтр вышыўкі Fainy.by. Дзяўчаты і хлопцы таксама калісьці прыйшлі ў тэхнапарк і на форум з ідэяй стварэння карпаратыўнага стылю ўніверсітэта. Вы ж ведаеце, што Оксфард, Кембрыдж, іншыя замежныя ўніверсітэты маюць свой стыль, адзенне ў гэтым стылі. Студэнты прапанавалі і для БНТУ распрацаваць такі стыль. Распрацавалі, паказалі яго ў рэктараце. Кіраўніцтва ўніверсітэта ідэю падтрымала, на яе ажыццяўленне выдзелілі фінансы. Потым удзельнікі праекта пачалі вырабляць беларускія вышыванкі, сёння гэта прадпрыемства, якое працуе на нашай пляцоўцы, адзін з лідараў у сваёй галіне — думаю, працэнтаў 70 вышыванак робіць менавіта Fainy.by. У камандзе — нашы выпускнікі:

Аксана Сафронава, Кацярына Кузьміч, Андрэй Зімніцкі і інш.

І падобных гісторый у нас не адна і не дзве, тут вы не памыліліся.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з архіва Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*