Праз турызм — да юрыдычнай адукацыі

Не ўсякая ідэя, што мае падтрымку звонку, асуджана на поспех. Каб быць заўважанай, яна павінна мець сэнсавую напаўняльнасць, аддачу і прыносіць — няхай гэта і банальна гучыць — карысць. Ідэальна, калі рашэнні, якія задумваліся, здольны ахапіць не адну сацыяльную групу, а ўвесь рэгіён.

Дасягнуць такіх вынікаў больш чым рэальна. Пра гэта сведчаць шматлікія адукацыйныя праекты, якія былі рэалізаваны ў краіне дзякуючы падтрымцы фонду “Новая Еўразія”. Што гэта за ініцыятывы і якую карысць ад іх маюць тыя навучальныя ўстановы, што выступаюць з адпаведнымі сацыяльнымі прапановамі, расказала дырэктар “Новай Еўразіі” Жанна Валянцінаўна ФІЛІПАВА.

— Жанна Валянцінаўна, з якіх адукацыйных праектаў пачалася дзейнасць вашай арганізацыі? Да якіх ініцыятыў першапачаткова далучыліся навучальныя ўстановы і ў што сёння вырасла сяброўства са школамі?

— У нашай краіне фонд “Еўразія” пачаў дзейнасць у 1998 годзе. Менавіта тады была запушчана першая праграма па развіцці бізнес-адукацыі.

Праграма была накіравана на забес­пячэнне высакаякаснай бізнес-адукацыі ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі. Тады былі створаны першыя праграмы ў Мінску і Гродне. Крыху пазней сумесна з ключавымі партнёрамі — Інстытутам бізнесу БДУ і Бізнес-школай ІПМ — мы правялі першы форум маладых кіраўнікоў, арганізавалі школу кейсаў і школу майстар-класаў для прак­тыкуючых выкладчыкаў бізнес-адукацыі. За першыя некалькі гадоў работы больш за 90 выкладчыкаў і бізнес-трэнераў павысілі кваліфікацыю. А за наступныя чатыры гады іх колькасць перавысіла 400 чалавек. Важным дасягненнем праграмы сталі распрацоўка і зацвярджэнне Кан­цэпцыі развіцця бізнес-адукацыі ў краіне і запуск дыстанцыйных курсаў для прадпрымальнікаў у рэгіёнах.

Мы ганарымся, што паступова развілі інфраструктуру падтрымкі бізнесу і прадпрымальніцтва сумесна з Бізнес-саюзам прадпрымальнікаў і наймальнікаў і што стаім ля вытокаў сельскага турызму ў краіне. Яго маштабнае развіццё пачалося з азнаямленчага візіту ва Украіну, арганізаванага ў партнёрстве з Беларускім грамадскім аб’яднаннем “Адпачынак у вёсцы”. Лагічным працягам гэтага сяброўства стала адкрыццё лабараторыі сельскага турызму, школы сельскага бізнесу і рэалізацыя цэлага шэрага іншых мерапрыемстваў мясцовага і нацыянальнага маштабу, якія дапамаглі сельскім жыхарам пачаць, развіць, пашырыць сваю справу і такім чынам паспрыялі развіццю мясцовых супольнасцей.

Дарэчы, актыўнымі ўдзельнікамі ўсіх праектаў былі ў тым ліку вясковыя школы, навучэнцы і настаўнікі, якія зацікаўлены ў тым, каб іх мясцовыя супольнасці развіваліся, а пра саму мясцовасць і яе славутасці даведаліся не толькі замежныя турысты, але і жыхары свайго ж раёна.

— Адным з кірункаў вашай дзейнасці з’яўляецца развіццё і папулярызацыя юрыдычнай клінічнай адукацыі сярод моладзі. З чаго пачалося развіццё гэтай вучэбнай кампетэнцыі?

— Наш першы праект у галіне падтрымкі юрыдычнай клінічнай адукацыі стартаваў у 2003 годзе ў партнёрстве з юрыдычным факультэтам БДУ. Менавіта ён стаў нашым першым партнёрам. Што тычыцца юрыдычных клінік, то гэта адукацыйная праграма прафесійнай падрыхтоўкі юрыстаў, якая ўключае ў сябе развіццё практычных навыкаў і аказанне студэнтамі-юрыстамі прававой дапамогі сацыяльна неабароненым грамадзянам пад кіраўніцтвам вопытных выкладчыкаў-куратараў. Усяго за час рэалізацыі гэтай праграмы 11 юрыдычным клінікам была аказана тэхнічная і метадалагічная падтрымка. І, што важна, больш за 1200 студэнтаў прайшлі навучанне і працавалі ў юрыдычных клініках, дзе разгле­дзелі больш за 4300 спраў, што тычацца сацыяльна неабароненых грамадзян. Сярод дасягненняў гэтага праграмнага кірунку — стварэнне першай прафесійнай асацыяцыі, а таксама ўключэнне юрыдычнай клінічнай адукацыі ў праект Канцэпцыі развіцця юрыдычнай адукацыі ў краіне.

— Ведаю, што сумесна з БДУ вамі быў распрацаваны курс па менедж­менце ў арганізацыях. На якіх акадэмічных стандартах ён заснаваны?

— Так, сумесна з Інстытутам бізнесу БДУ была распрацавана вучэбная праграма курса “Менеджмент у некамерцыйнай арганізацыі (НКА)”. Гэта быў першы ў краіне адукацыйны курс, заснаваны на спалучэнні акадэмічных стандартаў і рэальнага вопыту вядомых беларускіх некамерцыйных арганізацый. У рамках пілотнага курса “Менеджмент НКА” прайшлі навучанне і атрымалі пасведчанні дзяржаўнага ўзору 27 прадстаўнікоў АГС (арганізацыі грамадскай супольнасці).

Курс праходзіў у рамках праекта “Лідары перамен”, падчас якога больш за 130 прадстаўнікоў АГС і актывістаў прайшлі навучанне ў серыі трэнінгаў па такіх тэмах, як “Арганізацыя работы з валанцёрамі”, “Кіраванне праектамі: ад ідэі да рэалізацыі”, “Стратэгічнае развіццё і ўстойлівае функцыянаванне НКА”, “Кіраванне канфліктамі ў некамерцыйнай арганізацыі”, “Прамоўніцкае мастацтва”.

У рамках дзейнасці Кансультацыйнага цэнтра больш чым 120 прадстаўнікам АГС і грамадзянскім ініцыятывам аказана кансультацыйная падтрымка па пытаннях распрацоўкі праектных заявак, былі растлумачаны працэдуры рэгістрацыі міжнароднай тэхнічнай дапамогі, выбару арганізацыйна-прававой формы, працоўных адносін. Таксама была прадастаўлена дапамога ў галіне дыягностыкі, ацэнкі і стратэгічнага планавання, распрацоўкі ўнутраных палітык і працэдур АГС. Больш за 450 прадстаўнікоў АГС і ініцыятыўных груп грамадзян, устаноў адукацыі, навукі і культуры, бізнесу, СМІ, незалежных экспертаў і актыўных людзей прынялі ўдзел у двух форумах “Сакавіцкія сустрэчы”. На пляцоўках форумаў былі прадстаўлены лепшыя беларускія і ўкраінскія практыкі рэалізацыі грамадска карысных ініцыятыў і пабудовы ўзаемадзеяння са СМІ, бізнесам і органамі ўлады.

Таксама прайшлі дыскусіі з экспертамі па актуальных пытаннях развіцця грама­дзянскай супольнасці і актывізму, трэнінгі, майстар-класы і адукацыйныя гульні, прысвечаныя сацыяльнаму, экалагічнаму і эканамічнаму развіццю, сацыяльнаму прадпрымальніцтву і карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці, бізнесу, гендарнай роўнасці, антыдыскрымінацыі і інш.

— Літаральна месяц назад былі падведзены вынікі конкурсу “Голас моладзі для дасягнення Мэт устойлівага развіцця”. З якімі ініцыятывамі падчас яго выступілі беларускія школы?

— Так, 19 верасня былі падведзены вынікі праекта і аднайменнага конкурсу “Голас моладзі для дасягнення Мэт устойлівага развіцця”. Падчас правя­дзення мерапрыемства кіраўнікі і непасрэдныя ўдзельнікі маладзёжных ініцыятыў абмяняліся вопытам, новымі ідэямі і планамі, а таксама падзяліліся паспяховымі практыкамі ўдзелу маладых лю­дзей у жыцці мясцовых супольнасцей. Пераможцамі конкурсу, які прайшоў у рамках рэалізацыі згаданага праекта, сталі 3 мала­дзёжныя ініцыятывы, што былі прадстаўлены на выніковым круглым стале.

Так, Таццяна Найдар, намеснік ды­рэктара па вучэбнай рабоце гімназіі № 1 Зэльвы, расказала аб маладзёжнай ініцыятыве “PR пункт “FRESH-STARTUP”. Яго ідэя накіравана на тое, каб школьнікі і моладзь дапамагалі мясцовым рамеснікам і індывідуальным прадпрымальнікам у засваенні тэхнік стварэння прафесійнага іміджу і тэхналогій самапрэзентацыі.

Аляксандр Сямёнаў з “Інтэлектуальнай майстэрняй устойлівых перамен” прадставіў маладзёжную ініцыятыву, распрацаваную навучэнцамі Ходасаўскай сярэдняй школы Мсціс­лаўскага раёна, “Усе на вуліцу… Трэніравацца!”. Яе сэнс у тым, каб пабудаваць бяспечную спартыўную пляцоўку для заняткаў вулічнымі відамі спорту. Яна будзе матываваць не толькі навучэнцаў і моладзь, але і іх бацькоў праводзіць больш часу на свежым паветры, займацца фізкультурай і вулічнымі відамі спорту.

Віталь Жуковіч, дырэктар Здзітаў­скай сярэдняй школы Бярозаўскага раёна, падзяліўся вынікамі ініцыятывы “Створым школьную зону адпачынку разам!”. Яе мэта, як расказаў дырэктар установы, — садзейні­чаць развіццю маладзёжнага самакіравання ў Здзітаве праз рэалізацыю сацыяльна значных ініцыятыў.

У другой частцы мерапрыемства разам з Аляксеем Усенкам, бізнес-трэнерам, спецыялістам па эфектыўнай камунікацыі і вырашэнні канфліктаў, у інтэрактыўнай форме і з выкананнем мер сацыяльнай дыстанцыі ўдзельнікі абмеркавалі інструменты прамоўніцкага мастацтва, этапы прамоўніцкага цыкла, успомнілі аб псіхагеаграфіі слухачоў і прэдутылізацыі.

— На развіццё якіх кампетэнцый у школьнікаў і моладзі накіравана анлайн-школа, якая была арганізавана ў рамках згаданага праекта?

— Анлайн-школа ў рамках праекта “Голас моладзі для дасягнення Мэт устойлівага развіцця” працавала па важным кірунку. У яе аснове ляжаў цыкл заняткаў, кожныя з якіх прысвечаны маладзёжным ініцыятывам. Лейтматывам першых заняткаў стала тэматыка лідарства. Дасведчаны трэнер, эксперт па арганізацыйным развіцці Аляксандр Лямперт расказаў аб інструментах уплыву, якія выкарыстоўвае лідар. Таксама закрануў іншыя важныя пытанні, напрыклад, як група людзей успрымае лідара і чаму “першы паслядоўнік робіць з дзівака-адзіночкі лідара”. У сваю чаргу калегі з рэгіёнаў, педагогі па­дзяліліся асабістым вопытам і абмеркавалі, з якімі цяжкасцямі даводзіцца сутыкацца падчас развіцця маладзёжнага лідарства.

З першага погляду здаецца, што ўсё ў школе было проста. Але гэта не так. Яе ўдзель­нікам трэба было правесці вялікую работу: прайсці навучанне самім і навучыць маладых людзей на месцах тонкасцям кіравання маладзёжнымі ініцыятывамі. Галоўнае ва ўсім гэтым, як і ў любой іншай сферы, — вера ў сябе і жаданне працаваць, тады абавязкова ўсё атрымаецца.

— Жанна Валянцінаўна, сёння даволі актуальнай з’яўляецца тэма кіравання канфліктамі. Як анлайн-школа, пра якую мы ўзгадвалі, вучыць моладзь рэагаваць на спрэчныя сітуацыі і вырашаць іх?

— Па тэме канфліктаў мы таксама праводзім трэнінгі. Не так даўно ў нас прахо­дзіла сустрэча па тэме кіравання канфліктамі ў арганізацыі. Усе мы ведаем, што ў аснове любога канфлікту ляжыць супярэчнасць, якая прыво­дзіць да канструктыўных ці дэструктыўных наступстваў.

Аднак адкрыццём для ўдзельнікаў трэнінгу стала тое, што 80% канфліктаў у любой арганізацыі — гэта лжывыя канфлікты! Таму галоўнай задачай сучаснага кіраўніка з’яўляюцца правільная дыягностыка і валоданне навыкамі кіравання арганізацыйнымі спрэчкамі. Зараз я гавару пра гэта менавіта з пункту гледжання кіраўніка з больш чым 20-гадовым стажам работы і спецыяліста ў галіне кіравання канфліктамі (Жанна Валянцінаўна мае ступень магістра ў галіне канфлікталогіі. — Заўвага аўтара.).

Падчас тэматычнага мерапрыемства ўдзель­нікі вучыліся складаць картаграмы канфлікту, пазнаёміліся з рознымі метадамі і прыёмамі кіравання канфліктамі, стратэгіямі паводзін у канфлікце, а таксама даведаліся пра магчымасці выкарыстання медыятыўных тэхнік. Пра асноўныя стадыі, стратэгіі і тактыкі вядзення перамоў расказваў Аляксей Усенка, дырэктар па Еўрапейскіх даследаваннях, выкладчык філіяла Расійскага дзяржаўнага сацыяльнага ўніверсітэта ў Мінску. А вось аб медыяцыі як альтэрнатыўным спосабе ўрэгулявання канфліктаў мы пагаварылі з Ірынай Красоўскай, выкладчыкам Інстытута перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі суддзяў, работнікаў пракуратуры, судоў і ўстаноў юстыцыі БДУ.

Безумоўна, усё, аб чым гаворым, на чым акцэнтуем увагу, гэта толькі частка нашай работы. У будучыні ў нас яшчэ многа цікавых праектаў і ідэй, якія плануем рэалізаваць сумесна з навучальнымі ўстановамі краіны.

Гутарыла Наталля САХНО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.