Практыка як аснова прафесіяналізму

Мінскі гарадскі педагагічны каледж — установа пакуль “дзіцячага” ўзросту, але гэта не перашкодзіла яму ўвайсці ў шэраг лепшых каледжаў сталіцы, вызначыўшыся па выніках 2018, 2019 і 2020 гадоў. Нядаўна каледж адзначыў першы, 5-гадовы, юбілей, хаця тут не без падстаў лічаць сваю ўстанову пераемніцай традыцый Белпедтэхнікума, гісторыя якога звязана з імёнамі Якуба Коласа і іншых вядомых асоб. Ва ўсялякім выпадку, каледж, як раней тэхнікум, рыхтуе вельмі запатрабаваных спецыялістаў.

Дырэктар Мінскага гарадскога педагагічнага каледжа К.А.Пятруцкая.

Больш настаўнікаў і выхавальнікаў

Каледж рыхтуе педагогаў па дзвюх спецыяльнасцях: “Пачатковая адукацыя” і “Дашкольная адукацыя” — у дзённай бюджэтнай форме на базе 9 класаў, а спецыяльнасць “Дашкольная адукацыя” можна атрымаць яшчэ і завочна (як за бюджэт­ныя сродкі, так і за ўласныя) на базе 11 класаў або прафесійна-тэхнічнай адукацыі з агульнай сярэдняй. Тут былі ўжо 3 выпускі — усяго каля 170 чалавек, а вось сёлета выпуск будзе падвоены — 201 чалавек, не лічачы завочнікаў. Гэта звязана з тым, што змяніліся тэрміны падрыхтоўкі спецыялістаў, і сёлета каледж заканчваюц­ь і тыя, хто вучыўся больш працяглы час — 3 гады 10 месяцаў, і дзяўчаты і хлопцы, якія вучыліся менш — 2 гады 10 месяцаў.

Паколькі спецыялісты з такой адукацыяй вельмі запатрабаваныя ў заказчыкаў кадраў, то набор у каледж павялічваецца як у дзённай форме навучання, так і ў завочнай — звычайна на 1 групу (25 чалавек) штогод. Больш за тое, у перспектыве магчыма ўвядзенне новай спецыяльнасці “Педагагічнае суправаджэнне” па падрыхтоўцы выхавальнікаў, якія могуць працаваць з дзецьмі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця аўтыстычнага спектра.

— Заказчыкамі кадраў у нас з’яўляюцца ўпраўленні па адукацыі Мінска, нашы выпускнікі забяспечваюцца месцамі ў поўным аб’ёме, — расказвае дырэктар педагагічнага каледжа Кацярына Аляксандраўна Пятруцкая. — Да нас паступаюць не толькі мінчане. Іншагароднія навучэнцы могуць размяркоўвацца і ў Мінск, і ў свае населеныя пункты. Работадаўцы вельмі зацікаўлены ў нашых выпускніках, размеркаванне пабудавана так, што многія выпускнікі працуюць там, дзе прахо­дзілі практыку.

Пры гэтым многія выпускнікі педкале­джа, здараецца, і ўсе 100%, працягваюць навучанне на больш высокай ступені адукацыі. Летась, напрыклад, 4 чалавекі пасля заканчэння гэтай установы паступілі ва ўстановы вышэйшай адукацыі на дзённую форму навучання, іншыя — на завочную, гэта значыць, працуюць па размеркаванні, павышаючы ўзровень сваёй адукацыі часцей за ўсё менавіта па той спецыяльнасці, якую атрымалі ў каледжы, што добра і для іх, і для школ і садкоў, у якія яны трапілі.

Другое вучэбнае паўгоддзе, дарэчы, — гэта для каледжа не толькі час канчатковага размеркавання выпускнікоў, а яшчэ і час сустрэч з абітурыентамі, правядзення дзён адкрытых дзвярэй, якія праходзяць у трэцюю суботу месяца. Такія дні ўключаюць і творчыя візітоўкі каледжа, і сустрэчы з педагогамі і навучэнцамі, і інтэрактыўныя пляцоўкі.

Акрамя таго, каледж пастаянна ў­дзельнічае ў выставе “Адукацыя і кар’ера”, якая праходзіць у лютым, — там заўсёды ёсць стэнд Мінскага гарадскога педагагічнага каледжа, і заўсёды каледж удзельнічае ў рабоце інтэрактыўнай пляцоўкі “Не багі гаршкі абпальваюць”. Сёлета прадстаўнікі каледжа дэманстравалі сучасныя методыкі і тэхнікі музычнага выхавання дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту.

Яшчэ з патэнцыяльнымі абітурыентамі каледжа працуюць яго навучэнцы, калі праходзяць практыку: сустракаюцца з вучнямі 8—9 класаў, праводзяць з імі прафарыентацыйную работу, у тым ліку дэманструюць відэаматэрыял, адказваюць на пытанні. Здаецца, больш пераканаўчых сустрэч і прыдумаць цяжка: ніхто лепш не раскажа пра вучобу ў каледжы і магчымасці, якія ён дае, чым яго навучэнцы.

Навучэнцы Уладзімір Грыцэўскі і Паліна Мялешка.

Прэстыжна, адказна

Між іншым, калі тэрміны навучання ў каледжы былі скарочаны, тут задумаліся, як захаваць цікавасць абітурыентаў да прафесіі, як даць ім як мага больш практыкі, зносін з дзецьмі дзеля набыцця вопыту і ўпэўненасці ў сваіх сілах. Зрабілі так: распрацавалі праект “Валанцёрская серада”, які летась атрымаў грант Мінгарвыканкама. І ўжо другі год першакурснікі па серадах прыходзяць у навучальныя ўстановы, дзе ў групах прадоўжага дня працуюць з дзецьмі. Справа тым больш важная, бо першакурснікі каледжа — гэта 15-, 16-гадовыя ўчарашнія школьнікі, якім надзвычай важна адчуць сябе не толькі навучэнцамі, але і будучымі педагогамі.

— “Валанцёрская серада” — назва з двума сэнсамі, — тлумачыць кіраўнік практыкі каледжа Святлана Станіславаўна Елісеева. — Маецца на ўвазе не толькі дзень тыдня, у які працуюць нашы валанцёры, але і тое, што яны ў гэты час знахо­дзяцца ў пэўным асяроддзі, набліжаюцца да сваёй прафесіі. Першакурснікам дапамагаюць нашы педагогі, а таксама будучыя выпускнікі, якія з’яўляюцца куратарамі іх груп у праекце. У межах праекта з першакурснікамі праводзяцца практычныя заняткі “Майстэрня будучага педагога”. Усё гэта, канечне, спрыяе павышэнню прафесійнай падрыхтоўкі нашых навучэнцаў.

Ёсць у рабоце каледжа і такі цікавы момант, як супрацоўніцтва з педагагічнымі класамі. Здавалася б: у каледж паступа­юць выпускнікі 9-х класаў, якія ніяк не звязаны з педкласамі, бо ў іх вучацца 10- і 11-класнікі. Навошта каледжу педкласы?

— Мы не бачым у рабоце з педагагічнымі класамі ніякай супярэчнасці, — гаворыць Святлана Станіславаўна, — бо працуем на павышэнне іміджу і станоўчага стаўлення да прафесіі педагога. Таму, напрыклад, удзельнічаем у злёце педкласаў, які праводзіць Маскоўскі раён Мінска. Каледж выступае на злёце з творчай праграмай, сёлета, напрыклад, падрыхтавалі літаратурна-музычную кампазіцыю “Настаўнік — галоўная прафесія на Зямлі”. Другі момант: мы 4 разы на год запрашаем педагагічныя класы на свае ўрокі, якія паказваем на сцэне аднаго са сталічных тэатраў у межах праекта “Тэатральная педагогіка”. Ва ўроку абавязкова ўдзельнічаюць пачэсныя госці, напрыклад, беларускія пісьменнікі, рэжысёры. Гэта тэматычныя ўрокі, сугучныя з тымі спектаклямі, якія потым гля­дзяць навучэнцы і выконваюц­ь практычнае заданне, скажам, пішуць эсэ аб місіі педагога ў жыцці. Для нашых навучэнцаў гэта таксама пэўная практыка.

Кіраўнік практыкі С.С.Елісеева.

Ад пачаткоўца да выпускніка

Адзін з валанцёраў, што працуюц­ь з малодшымі школьнікамі кожную сераду, — Уладзімір Грыцэўскі, навучэнец першага курса каледжа па спецыяльнасці “Пачатковая адукацыя”. Сюды хлопец прыйшоў пасля заканчэння 9 класа, у каледж паступаў з сярэднім балам, большым за 9.

— Педагог — гэта спецыяліст, які павінен ведаць усе прадметы, разбірацца ва ўсіх сферах, — лічыць Ула­дзімір. — Рашэнне прымаў самастойна, бацькі далі свабоду выбару і з маім выбарам пагадзіліся, пры гэтым самі яны не педагогі.

Нягледзячы на тое, што вучыцца пакуль на першым курсе, мой суразмоўнік вызначыўся са сваім далейшым шляхам — збіраецца атрымаць вышэйшую адукацыю або ў педагагічным, або ў іншым універсітэце. Пакуль жа з энтузіязмам працуе з дзецьмі як валанцёр у школе № 86, арганізоўвае для іх правядзенне вольнага часу з элементамі навучання. Так першакурснік атрымлівае першы педагагічны вопыт, працуючы з першакласнікамі. Гаворыць, што хвалюецца, бо адказнасць вялікая, тым больш што ў школе сустракаецца са старшакласнікамі, якія, магчыма, гле­дзячы на навучэнцаў кале­джа, выберуць прафесію педагога.

Паліна Мялешка сёлета заканчвае каледж, будзе настаўніцай пачатковых класаў. Яна якраз з тых чацвёртакурснікаў, якія працуюць з першакурснікамі-валанцёрамі. Расказвае, што, калі сама вучылася ў 9 класе, разважала, што выбраць: далейшую вучобу ў школе ў педагагічным класе або педкаледж. Вырашыла паступац­ь пасля таго, як прыйшла сюды на дзень адкрытых дзвярэй, паглядзела, паслухала і зразумела, што яе прыцягвае менавіта магчымасць атрымац­ь нядрэнны практычны вопыт падчас вучобы. У гэтым дзяўчына, трэба сказац­ь, не памылілася.

— Калі я пачынала вучыцца, яшчэ не было такога цудоўнага праекта, як “Валанцёрская серада”, — гаворыць Паліна, — але я рада, што ўдалося папрацаваць у ім у якасці гіда, куратара. Мая ж практыка ў школе пачалася на другім курсе. Гэта была псіхолага-педагагічная практыка, калі мы назіралі за міжасобаснымі адносінамі ў класе, праводзілі выхаваўчыя мерапрыемствы. Было няпроста, бо мы не мелі вопыту ў напісанні канспектаў, падрыхтоўцы дыдактычнага матэрыялу. А цяперашнія першакурснікі, дзякуючы ўдзелу ў валанцёрскім праекце, гэты вопыт набываюць, ды і мы, працуючы з імі, практыкуемся. Тым больш кіраўніцтва каледжа заахвочвае нашу ініцыятыву і творчасць, таму мы можам праяўляць сябе.

Усяго ж навучэнцы каледжа прахо­дзяць практыку некалькі разоў (4 віды практыкі за навучальны год), у тым ліку атрымліваюць вопыт работы з дзецьмі з псіхафізічнымі асаблівасцямі, якія вучацца ў інтэграваных класах.

Падчас нашай сустэрчы Паліна праходзіла пераддыпломную практыку ў школе № 155, дзе збіраецца працаваць па размеркаванні. На работу дзяўчыну запрасіла кіраўніцтва школы. Паліна ўжо ведае, што 1 верасня пачне працаваць з першакласнікамі, а з іх бацькамі яна ўжо сустрэлася, пазнаёмілася на спецыяльна арганізаванай сустрэчы, расказала аб тым, як бачыць сваю работу, адказала на пытанні.

— Працаваць у гэтай школе я хачу і сама, — гаворыць Паліна Мялешка. — Многае залежыць ад атмасферы ва ўстанове адукацыі, ад стаўлення адміністрацыі да маладых педагогаў. У маім выпадку вырашальную ролю адыграла стаўленне кіраўніка практыкі намесніка дырэктара па пачатковай школе Сняжаны Пятроўны Страх. Тут, дзякуючы, зразумела, і папярэднім практыкам, я адчула, што ўжо многае ўмею, што набыла пэўны вопыт, што я расту.

Пасля заканчэння каледжа Паліна збіраецца паступаць у Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка на завочнае аддзяленне па сваёй жа спецыяльнасці. Пры гэтым курс атрымання вышэйшай адукацыі для яе будзе скарочаным — 3 гады, плюс дзяўчына разлічвае атрымаць у каледжы дакумент аб сярэдняй спецыяльнай адукацыі з адзнакай, будзе паступаць па ім без экзаменаў.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота аўтара.