Праект “Паляпшэнне доступу да фінансавых рэсурсаў сельскага насельніцтва Беларусі”, які рэалізуецца Рэспубліканскім мікрафінансавым цэнтрам пры падтрымцы USAID, накіраваны на пашырэнне доступу сельскага насельніцтва да пазыковых грашовых сродкаў, павышэнне фінансавай дасведчанасці і на развіццё прадпрымальніцкіх навыкаў. Для дасягнення гэтай мэты каманда праекта распрацавала некалькі адукацыйных праграм, адной з якіх стаў запуск у рэгіёнах міжнароднага курса навучання “Плануй сваю будучыню”. Сёння праект ужо адаптаваны да беларускіх рэалій і ўключае ў сябе метадалагічныя і вучэбныя матэрыялы як для інструктараў, так і для слухачоў.
Пра асаблівасці рэалізацыі міжнароднага курса “Плануй сваю будучыню” ў Віцебскай вобласці расказала яго трэнер, галоўны спецыяліст Шаркаўшчынскага райвыканкама па пытаннях спорту і турызму, міжнароднай і праектнай дзейнасці, заснавальнік сацыяльна-інфармацыйнай установы “Развіццё Шаркаўшчынскага рэгіёна” Наталля Арэшкава.
Развіццё праекта “Паляпшэнне доступу да фінансавых рэсурсаў сельскага насельніцтва Беларусі” было заяўлена на тэрыторыі нашай краіны ў 2014 годзе. Першапачаткова праект закранаў толькі Мінскую і Брэсцкую вобласці. Перш чым далучыць да ініцыятывы ўсіх жадаючых, неабходна было падрыхтаваць трэнераў. Наталля Арэшкава расказвае, што, перад тым як пачаць працаваць з аўдыторыяй, яна таксама праходзіла навучанне, дзякуючы якому атрымала кампетэнцыю трэнера.
“Упершыню аб праекце я даведалася ў 2014 годзе. Прачытаўшы дакумент, зразумела, што хачу далучыцца да яго і развіваць кампетэнцыі, тым больш што на той час працавала ў аддзеле па адукацыі і займалася праектнай дзейнасцю, — узгадвае Наталля Арэшкава. — Я напісала заяўку з матывацыяй і прайшла ў другі паток падрыхтоўкі трэнераў. Перш чым пачаць працаваць з людзьмі, трэнеры павінны самі стаць кампетэнтнымі ва ўсіх без выключэння пытаннях, якія тычацца праекта. На працягу тыдня мы праходзілі навучанне, пасля чаго ехалі ў свае рэгіёны і самастойна праводзілі трэнінгі. Дарэчы, да ўдзелу ў праекце выбіралі выключна сельскія населеныя пункты з колькасцю насельніцтва да 20 тысяч чалавек”.
Што такое фінансавая дасведчанасць, якія рызыкі могуць узнікнуць падчас работы з грашыма, што такое зберагальныя паслугі, як складаць фінансавы план для сям’і — гэта толькі частка таго, чаму трэнеры павінны былі навучыць сваіх слухачоў.
“Усё, што тычыцца ўзаемаадносін з грашыма: як эканоміць, як зберагчы ці расходаваць сродкі, як не пападацца на хітрыкі падчас выбару ці афармлення крэдыту — гэта і іншае вывучалі трэнеры падчас праходжання курса “Плануй сваю будучыню”, — паведаміла каардынатар праекта па Віцебскай вобласці. — Інфармацыя, якая агучвалася падчас праходжання курса, для мяне не была новай. І для кожнага, хто цікавіцца фінансамі, хто зацікаўлены ў сваім агульным развіцці, яна таксама не будзе ў навінку. Але веды, якія нам далі, былі прыведзены ў сістэму, і гэта вялікі плюс. Ужо потым, калі самастойна праводзіла трэнінгі, таксама чула ад слухачоў, што інфармацыя для іх не новая, але яна правільна скампанавана і пададзена, і гэта важна. Безумоўна, былі сярод наведвальнікаў курса тыя, хто не ведаў, што такое фінансавая падушка бяспекі ці непрадбачаныя расходы. Карацей кажучы, ва ўсіх нас ёсць паверхневыя веды, а калі задаваць пытанні больш дэталёва, з адказамі на іх могуць узнікнуць цяжкасці”.
Праект, у якім прымала ўдзел Н.Арэшкава, закліканы, з яе слоў, распрацаваць і апрабаваць у краіне праграму мікрафінансавання з выкарыстаннем мадыфікаванай метадалогіі сельскага нябанкаўскага абслугоўвання, што дазволіць пашырыць доступ да пазык у невялікіх населеных пунктах. Мерапрыемствы па мікрафінансаванні рэалізоўваюцца трыма некамерцыйнымі мікрафінансавымі арганізацыямі — членамі РМЦ.
Навучыцца кіраваць расходамі
Трэнінгі, якія пасля заканчэння курса пачалі праводзіць трэнеры, накіраваны на павышэнне фінансавай дасведчанасці актыўнага насельніцтва сельскіх рэгіёнаў і малых гарадоў краіны. Заняткі праводзіліся ў тым ліку для ўладальнікаў асабістых падсобных гаспадарак, рамеснікаў, суб’ектаў аграэкатурызму, фермераў, індывідуальных прадпрымальнікаў. Безумоўна, кожны, хто хоча навучыцца правільна планаваць сваю будучыню і ў перспектыве жадае заняцца прадпрымальніцтвам, таксама можа вынесці з адукацыйнага курса шмат неабходнай і карыснай інфармацыі.
“Падчас правядзення трэнінгаў я разбівала ўдзельнікаў на ўяўныя сем’і і мы вучыліся ўнутры кожнай сям’і вырашаць іх фінансавыя праблемы, — агучыла метад работы са слухачамі Н.Арэшкава. — Умець правільна размяркоўваць сямейны бюджэт, планаваць свае выдаткі, эканоміць, адкладваць, вучыцца зарабляць, а таксама валодаць інфармацыяй аб фінансавых інструментах павінен кожны. Любая сям’я ў сваім жыцці праходзіць праз шэраг падзей, напрыклад, нараджаюцца дзеці, яны падрастаюць, а потым з’яўляецца неабходнасць плаціць за іх адукацыю. Акрамя гэтага, могуць здарыцца важныя і непазбежныя падзеі, звязаныя са значнымі расходамі, напрыклад вяселле. Многія з гэтых падзей лёгка прагназуюцца, а значыць, да іх можна падрыхтавацца загадзя. Каб усе падзеі маглі прайсці для бюджэту сям’і бязбольна, гэтымі расходамі трэба ўмець кіраваць. Ведаючы, колькі часу засталося да той ці іншай падзеі, якая будзе патрабаваць значных капіталаўкладанняў, і разумеючы, якая сума спатрэбіцца, трэба загадзя запланаваць гэтыя траты ў сваім сямейным бюджэце. Пасля вызначэння спіса падзей можна пераходзіць да планавання найбольш буйных і значных расходаў, якія з’яўляюцца фінансавымі мэтамі сям’і”.
Трэнінг дапамагае вылучыць галоўнае для вызначэння фінансавай мэты сям’і і зразумець, што з’яўляецца першачарговым для яе ажыццяўлення. Але ці лёгка прымяніць веды, атрыманыя падчас гульні ў сям’ю на практыцы, са сваёй рэальнай сям’ёй?
“Усе заданні і пытанні, з якіх складаўся трэнінг, патрабавалі таго, каб мы на месцы шукалі выйсце з той ці іншай сітуацыі, выказвалі свае меркаванні, — працягвае тлумачыць сутнасць фінансавых урокаў трэнер. — Слухаючы мяне і працуючы над прапанаванай сітуацыяй, людзі праецыравалі кожны выпадак на сваю сям’ю. Безумоўна, былі сярод слухачоў тыя, хто яшчэ не мае сям’і, дзяцей. У асноўным гэта маладыя людзі, і яны працуюць рамеснікамі. Ім мы дапамагалі знайсці рашэнне наконт таго, як пабудаваць сезонны прыбытак. Падчас правядзення трэнінгаў я зразумела, што часам людзі не ведаюць, як можна дапамагчы адно аднаму ці падзарабіць. Многія нават не ўмеюць эканоміць. Хаця схема тут даволі простая. Заўсёды трэба хадзіць за пакупкамі толькі са спісам неабходнага. Гэта насамрэч дапамагае зберагчы грошы”.
Тое, што падобныя трэнінгі накіраваны на жыхароў сельскіх населеных пунктаў, не выпадковасць. У вёсках і раённых гарадах заробак не вельмі вялікі. Часам грошай ледзьве хапае, каб дажыць да наступнай зарплаты. Менавіта таму праект накіраваны на павышэнне ўзроўню фінансавых кампетэнцый сярод жыхароў малых вёсак і раённых цэнтраў.
“Слухачы курса працавалі ў групах і мадэлявалі сітуацыі, якія могуць непрадбачана ўзнікнуць, — працягвае апісваць канцэпцыю заняткаў Н.Арэшкава. — Кожны дзень (увесь курс доўжыўся 4 дні) мы вывучалі новыя тэмы. Вельмі цікавым быў цыкл заняткаў, прысвечаны падушцы бяспекі і таму, як яе можна выкарыстоўваць, калі ўзнікае неабходнасць непрадбачаных трат у сям’і. Кожная сям’я валодае пэўнымі фінансавымі рэсурсамі. Сямейны бюджэт можна прадставіць у выглядзе бочкі. Калі бочка добра напаўняецца і ў ёй практычна няма цечы, яна будзе амаль заўсёды поўнай. І наадварот, калі ў дзіравую бочку паступае мала вады, то яна амаль заўсёды будзе заставацца пустой. Так могуць ісці справы і з фінансамі сям’і. Як правіла, у сям’і добра ведаюць, адкуль і колькі паступае грошай у агульную касу. Але вось куды і як расцякаюцца сродкі, многія часта зразумець не могуць. Каб ведаць, што адбываецца з узроўнем сродкаў у сямейнай фінансавай бочцы, трэба дакладна ўлічваць усе даходы і расходы. Вельмі важна ведаць, як можна ліквідаваць неразумныя расходы — выкрадальнікі грошай — і, адпаведна, мінімізаваць гэтыя рызыкі”.
З назіранняў Наталлі Арэшкавай, моладзь больш падкаваная ў плане эканомікі і фінансаў, чым старэйшыя людзі. Трэнер звязвае гэта з тым, што хлопцы і дзяўчаты шмат часу праводзяць у інтэрнэце, чытаюць навіны, цікавяцца ўсім новым. Прадстаўнікі старэйшага пакалення карыстаюцца тымі ведамі, якія можна пачуць ад знаёмых, ці проста задаюць важныя для іх пытанні работнікам фінансавых устаноў, не паглыбляючыся пры гэтым у тэму.
“На адным з трэнінгаў, калі абмяркоўвалі падушку бяспекі, задала пытанне наконт таго, чаму яна павінна быць. Маладыя людзі не саромеліся гаварыць пра гэта, выказвалі свае думкі, у той час, калі старэйшыя былі больш замкнутымі. Але нават яны павінны ведаць, што фінансавая падушка бяспекі дае адчуванне абароненасці і ўпэўненасці ў тым, што, калі пры ажыццяўленні плана нешта пойдзе не так, заўсёды ёсць у запасе пэўныя сродкі, на якія можна разлічваць”.
Здаецца, курс па фінансавай дасведчанасці не нясе нічога новага і незвычайнага. Але, па водгуках слухачоў, інфармацыя, атрыманая падчас трэнінгаў, матывуе і падштурхоўвае да таго, каб паспрабаваць прымяніць набытыя веды ў рэальнасці.
“Такія курсы патрэбны для таго, каб дапамагчы людзям стаць больш упэўненымі ў абыходжанні са сваімі даходамі, — падсумоўвае Наталля Арэшкава. — Каб сэканоміць, не трэба мець вялікую сілу волі. Варта кожны месяц загадзя прадумваць, а, магчыма, нават распісваць, колькі грошай і на што плануеце патраціць. Праводзячы трэнінгі, мне хочацца дапамагчы жыхарам свайго рэгіёна. На гэта якраз і накіраваны міжнародны праект “Паляпшэнне доступу да фінансавых рэсурсаў сельскага насельніцтва Беларусі”. Людзі павінны зразумець адну важную рэч: важна ўмець правільна суадносіць свае жаданні і магчымасці. У нас жыве меркаванне, што расходамі і даходамі павінны і могуць займацца толькі людзі з вялікім дастаткам. Маўляў, навошта гэта рабіць, калі грошай не вельмі многа і ледзьве хапае толькі на асноўныя патрэбы. Але я ўпэўнена: трэба паспрабаваць папрацаваць і з невялікім бюджэтам. Таму што часам нават немагчымае магчыма”.
Унікальная ідэя — цікавае рашэнне
Прадпрымальніцтву і фінансавай дасведчанасці Наталля Арэшкава вучыць таксама школьнікаў Шаркаўшчыны і раёна. Праект “Прасоўванне маладзёжнага прадпрымальніцтва з мэтай садзейнічання ўстойліваму развіццю сельскіх рэгіёнаў”, які рэалізоўвае сацыяльна-інфармацыйная ўстанова “Развіццё Шаркаўшчынскага рэгіёна”, дапамагае навучэнцам у стварэнні эколага-арыентаванага бізнесу, пошуку бізнес-ідэй, у распрацоўцы бізнес-планаў і структуры маркетынгу. Напрыклад, Станіславаўская базавая школа вырошчвае на сваёй тэрыторыі буякі вузкалістыя. Фінансавую дапамогу навучальнай установе ў прасоўванні бізнесу аказала таксама Пасольства ЗША.
“Праект быў разлічаны на год, і за гэты час мы паспелі шмат зрабіць, — гаворыць каардынатар праекта Наталля Арэшкава. — Сума гранта, якую выйгралі для рэалізацыі праекта, склала больш за 19,8 тысячы долараў. Таксама было прадугледжана суфінансаванне ў памеры звыш 5 тысяч”.
Задача праекта заключалася ў тым, каб адабраць і навучыць матываваную моладзь з устаноў адукацыі для стварэння школьнага эколага-арыентаванага бізнесу, пошуку бізнес-ідэй і распрацоўкі бізнес-планаў.
“Дзякуючы ўдзелу ў праекце, станіславаўскай школе была аказана фінансавая падтрымка па стварэнні бізнес-інкубатара на прышкольным вучэбна-доследным участку, — працягвае каардынатар праекта. — Мы закупілі абсталяванне, інвентар, міні-трактар, прычэп, а таксама навясное абсталяванне да яго. У адкрыты грунт школьнікі пад кіраўніцтвам рабочай групы пасадзілі 600 саджанцаў, а 2 тысячы сеянцаў высадзілі ў прасторную цяпліцу. Акрамя гэтага, мы падрыхтавалі буклеты, у якіх сабрана асноўная інфармацыя аб праекце. Падчас праекта былі праведзены пазнавальныя трэнінгі, удзел у якіх прымалі школьнікі і педагогі з 11 устаноў адукацыі трох раёнаў. Мінулай вясной адбыўся конкурс бізнес-ідэй “Ад А да Я”. А праз некаторы час на злёт школьных каманд запрасілі маладых людзей, якія прадставілі найбольш цікавыя работы. Прызёры атрымалі ў падарунак ноўтбук і планшэты. Усе ідэі, з якімі выступалі навучэнцы, былі ўнікальнымі. Напрыклад, вучні сярэдняй школы № 2 Шаркаўшчыны арганізавалі экалагічнае аб’яднанне па інтарэсах “ЭКАсумка”. Яны хацелі б займацца пашывам, роспісам і продажам экасумак, а таксама рэалізацыяй экапакетаў для штодзённых тавараў. Я ўпэўнена, у іх усё атрымаецца”.
Наталля САХНО.