“Кацярынкі”, “луска”, “зайчыкі”

Усё, што пералічана ў загалоўку, і многае іншае можна ўбачыць у Музеі грошай Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь. Канечне, і “бабкі”, і “луска”, і “яфімкі”, і розныя жывёліны — грошы, убачыць якія на свае вочы можна будзе крыху пазней, калі музей зноў пачне прымаць экскурсіі. Нам жа пашанцавала: журналісты “Настаўніцкай газеты” не толькі паспелі пабываць у гэтым найцікавейшым месцы, але і пачулі аповед пра гісторыю грошай, многае ўбачылі і штосьці нават памацалі. Не, не грошы — савецкі арыфмометр, які, між іншым, аказаўся не такой ужо і прымітыўнай прыладай для вылічэнняў. Запрашаем і вас на завочную экскурсію!

Надзейныя банкі, адказныя кліенты

— Адкрыццё музея адбылося 19 кастрычніка мінулага года, — расказвае А.А.Вараб’ёва, начальнік групы “Музей грошай” Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь, — бо якраз у гэты дзень 25 гадоў назад на заканадаўчым узроўні за беларускім рублём быў замацаваны статус нацыянальнай валюты. Экспазіцыя складаецца з дзвюх залаў і збіралася з сярэдзіны 90-х гадоў мінулага стагоддзя. Першая зала прысвечана гісторыі грошай і банкаўскіх устаноў на тэрыторыі Беларусі. Другая раскрывае гісторыю грашовага абарачэння ў нашай краіне, тут прадстаўлены нумізматычныя матэрыялы. Гэтая частка экспазіцыі размя­шчаецца ў пакоі-сейфе, дзе не так даўно знаходзілася кладоўка каштоўнасцей Цэнтральнага сховішча Нацыянальнага банка, а дагэтуль — сховішча Беларускай рэспубліканскай канторы Дзяржбанка СССР.

Што ж, пачынаем нашу маленькую экскурсію, якую су­працоўнікі музея звычайна праводзяць для груп студэнтаў эканамічных і сумежных спецыяльнасцей, а таксама для школьнікаў. І першае, што мы чуем, — гэта сцвярджэнне: “Грошы з’яўляюцца для чалавецтва найвялікшай вынаходкай, якое паўплывала на ход развіцця цывілізацыі, а таксама адным з прадметаў, якія найбольш часта тыражуюцца і носяць інфармацыю пра краіну”. Спрачацца з гэтым, канечне, немагчыма, ды мы і не збіраемся, а пакуль слухаем пра гісторыю грошай на фоне гісторыі банкаўскіх і фінансавых уста­ноў Беларусі.

Пачынаем з аповеду пра крэдытныя білеты Расійскай імперыі. А затым уражанні змяняюць адно другое, і кожнае новае выклікае буру эмоцый і цікавасці.

Вось, напрыклад, скураны кашалёк пачатку ХХ стагоддзя з аддзяленнямі для золата і серабра ў вельмі добрым стане. Вось крэдытны дагавор таго ж перыяду — ён зусім кароткі ў параўнанні з цяперашнімі (сама маю такі і ведаю, пра што кажу), уся інфармацыя — на адным аркушы, ніякага дробнага шрыфту, кліенту ўсё даступна і зразумела. Побач — плацежнае пасведчанне на паперы чырвонага колеру, якое гаворыць пра тое, што чалавек набыў зямлю, якая належала банку. Калі кліент заключаў здзелку арэнды, то пасведчанне друкавалася на белай паперы і г.д.

Традыцыйна Тыдзень фінансавай дасведчанасці адкрываецца на Беларускай валютна-фондавай біржы. Сёлета гэтае мерапрыемства адмянілі дзеля захавання неабходнага санітарна-гігіенічнага рэжыму, але тыдзень праходзіць з 23 да 29 сакавіка ў фармаце анлайн (анлайн-урокі, вэбінары, анлайн-тэсты і г.д.). У 2020 годзе тэматычны акцэнт зроблены на пытаннях лічбавай дасведчанасці ў фінансавай галіне. На адзіным інтэрнэт-партале фінансавай дасведчанасці насельніцтва размешчана прэзентацыя “Лічбавая бяспека асабістых фінансаў”, якая спецыяльна распрацавана для правядзення заняткаў па фінансавай дасведчанасці са школьнікамі і моладдзю падчас Міжнароднага тыдня фінансавай дасведчанасці. Арганізатары тыдня ў Беларусі вітаюць і любыя іншыя тэмы, якія дазволяць моладзі лепш арыентавацца ў свеце фінансаў. Інфармацыю аб праведзеных мерапрыемствах можна дасылаць да 10 красавіка на е-mail [email protected] (кароткае апісанне, фота) для наступнага абагульнення і накіравання яе ў Арганізацыю эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця, а таксама для размяшчэння на адзіным інтэрнэт-партале фінансавай дасведчанасці насельніцтва www.fingramota.by.

Паралельна з банкаўскай ра­звівалася страхавая справа, і ў музеі прадстаўлены арыгінал дакумента, згодна з якім страхуецца драўляны вадзяны млын у Барысаўскім павеце Мінскай губерні. Справа ў тым, што тады страхавыя таварыствы былі ча­сткай структуры банкаў.

А вось найцікавейшыя, на мой погляд, гістарычныя дакументы. Першы — укладная кніга, на развароце якой мы бачым запіс аб правядзенні аперацыі 28 лютага 1917 года. Чалавек прыйшоў у банк, каб зняць грошы са свайго рахунку, і спакойна зрабіў гэта, нягледзячы на тое, што за 5 дзён да таго адбылася буржуазная рэвалюцыя.

— Банкі выконвалі свае абавязацельствы перад грамадзянамі, — гаворыць наш экскурсавод, — а грамадзяне плацілі ім узаемнасцю: вы бачыце другі дакумент, па якім чалавек разлічваўся за пазыку. Гэты грамадзянін узяў пазыку на набыццё зямлі і 2 разы ў год павінен быў уносіць пэўныя сумы, разлічвацца з банкам па крэдыце, плюс працэнты. І мы бачым дату правядзення такой аперацыі — 2 лістапада 1917 года па старым стылі. Гэта значыць, што Вялікая Кастрычніцкая рэвалюцыя ўжо адбылася, а новая ўлада аб’явіла: грама­дзяне не нясуць ніякай адказнасці перад Часовым урадам і царскім самадзяржаўем, але кліент усё ж выконвае свае абавязацельствы.

У музеі ёсць і даволі рэдкая калекцыя лакальных разменных білетаў: 3 рублі Слуцкага павятовага земства, 3 рублі харчовага камітэта Палескіх чыгунак і іншыя білеты перыядаў грама­дзянскай вайны, польскай акупацыі, савецкай улады. Апошняму перыяду прысвечана асобная экспазіцыя, хаця пэўны час пры саветах у абарачэнні заставаліся і грошы царскай улады, Часовага ўрада, іншыя. З’явіліся і новыя грошы з савецкай сімволікай — у 1919 годзе. Па тых грошах можна меркаваць, якая была складаная эканамічная сітуацыя: банкноты паступалі ў абарачэнне цэлымі купоннымі аркушамі, якія трэба было разразаць (ці нават не трэба, калі пакупка была адносна дарагой). Аднак сваю ідэалагічную задачу новыя грошы выканалі адмыслова, бо сімволіка пралетарыяту на купюрах гаварыла сама за сябе. Так, на чырвонцах (на купюрах так і напісана “чырвонец”) і купюрах іншых наміналаў з’явіўся партрэт Леніна, які праіснаваў на грошах да развалу Савецкага Саюза.

У асобны блок вылучана тэма банкаўскай сістэмы і грашовага абарачэння ў Заходняй Беларусі. Таксама асобна прадстаўлены перыяд Другой сусветнай вайны, дзе прыцягвае ўвагу калекцыя дзяржаўных аблігацый гэтага перыяду — у музеі яна поўная, хаця выстаўлена толькі яе частка. Цікава, што паперы фактычна расказвалі пра стан спраў на франтах. У першай зале мы бачым і дыяраму, якая расказвае, як у Гродне была знойдзена калекцыя банкнотаў і манет Трэцяга рэйха. Дата выпуску самай малодшай манеткі — 1944 год. У музеі, дарэчы, створана яшчэ не адна дыярама з розных гістарычных перыядаў.

Далей мы даведваемся пра аднаўленне банкаўскай сістэмы ў Беларусі. Аднаўляць, між іншым, было што. У даваенны час у банкаўскай сістэме працавалі 4087 чалавек, а калі ў 1943 годзе пасля вызвалення Гомеля туды пераехала Беларуская рэспубліканская кантора, якую ўзначальваў Іван Стэфанавіч Палякоў, яму ўдалося сабраць толькі 150 чалавек, і толькі ў 53 з іх была вышэйшая адукацыя. Таму кіраўніцтва прыклала шмат намаганняў для адукацыі калектыву. У Музеі грошай можна ўбачыць і кадры кінахронікі, якія расказваюць пра ўзвядзенне будынка Нацыянальнага банка. Прадстаўлены грашовыя знакі 1947, 1961 гадоў (іх, напэўна, памятаюць многія, праўда, не студэнты і школьнікі, хутчэй — іх бацькі і педагогі). Моладзі, магчыма, акрамя як у музеі, гэтых грошай нідзе і не ўбачыць.

— У Андрэя Вазнясенскага ёсць радкі на гэты конт, напісаныя яшчэ ў 1967 годзе, якія пазней гучалі на мітынгах у 90-я гады, — расказвае А.А.Вараб’ёва:

“Я не знаю, как это сделать,

Но, товарищи из ЦК,

Уберите Ленина с денег,

Так цена его высока”.

Што самае цікавае, пазней паэт гаварыў, што і цяпер напісаў бы гэтыя радкі, але зараз “ленін” пішацца з маленькай літары, а “Грошы” — з вялікай: настолькі змяніліся каштоўнасці.

Важнае месца ў экспазіцыі адведзена гісторыі наяўных грашовых знакаў незалежнай Беларусі, а таксама ролі Нацыянальнага банка як эмісійнага цэнтра. У экспазіцыі можна ўбачыць працэс нараджэння грошай (ад эскіза да гатовага праекта), азнаёміцца з унутранай кухняй іх стварэння.

У ноч на Івана Купалу

У другой зале аснову экспазіцыі складаюць нумізматычныя комплексы і калекцыі, якія адлюстроўваюць гісторыю грашовага абарачэння на беларускіх землях, а раней у гэтым памяшканні захоўвалася грашовая наяўнасць на ўсю Беларусь. У аснову экспазіцыі пакладзена легенда пра Купальскую ноч. Памятаеце: таму, хто адшукае папараць-кветку, адкрыюцца ўсе скарбы, схаваныя ў зямлі. А беларуская зямля на скарбы багатая, і ў гэтым можна пераканацца, калі паглядзець на карту знойдзеных у нашай краіне скарбаў.

Мы ж пакуль пачнём агляд з першых манет, што з’явіліся на беларускіх землях у І—ІІІ стагоддзях нашай эры. Гэта ў асноўным рымскія дынарыі, якія, дзякуючы гандлю, распаўсюджваліся даволі далёка. У музеі ёсць і комплекс манет, які сведчыць, што на тэрыторыі Беларусі былі пасяленні готаў і менавіта з імі рымскія манеты прыйшлі да нашых продкаў. Ідзём далей: арабскія куфічныя дзірхамы Х—ХІ стагоддзяў, а таксама ўпрыгажэнні і іншыя рэчы, напрыклад, упрыгажэнні з манетамі, якія ўваходзяць у адзін нумізматычны комплекс. Нашы продкі, праўда, гэтыя грошы так складана не называлі: гаварылі “куна” пра цэлую манету, “разана” — пра яе палавіну і “вевярыца” — пра яе чвэрць, якая адпавядала кошту вавёрчынай шкуркі.

Тут і калекцыя візантыйскіх манет VII—XI стагоддзяў з прыроднага сплаву золата і серабра, які называецца “электрум”. Ёсць і грыўні, у тым ліку вельмі рэдкая для нашай краіны татарская грыўня ХІV стагоддзя. Шчыра скажу: каб адшукала такую, не прыняла б яе за грошы — нейкая непрывабная жалязяка ды і ўсё. Але не адшукаю, бо такі экзэмп­ляр у Беларусі можна ўбачыць толькі ў Музеі грошай. Беларусь практычна пазбегла татара-мангольскага нашэсця, але крымскія татары ўсё ж рабілі набегі, праўда, відаць, няшмат, таму і татарскія манеты ў нас знаходзяць вельмі рэдка.

Ёсць тут і экспанаты, якія далі назву манетам і банкнотам, — пражскія грошы, прычым гэты нумізматычны комплекс самы буйны ва Усходняй Еўропе. Пасольства Чэхіі ацаніла такую знаходку і яе захаванне, і пасол гэтай краіны падарыў музею дзве сучасныя манеты-рэплікі, якія дазваляюць уявіць, як выглядаў толькі што адчаканены праж­скі грош у часы праўлення караля Вацлава ІІ.

Зразумела, што калі ў дзяржавы з’явіліся грошы, то даволі хутка з’явіліся і фальшываманетчыкі. Каралі іх жорстка. У Расіі, напрыклад, спачатку секлі, а потым залівалі ў горла гарачае волава. У адпаведнасці з нямецкім правам, такіх злачынцаў зажыва варылі ў катле. А па ІІІ Статуце Вялікага Княства Літоўскага фальшываманетчыкаў палілі на кастры. Дзякуй богу, цяпер законы іншыя, хаця падробка грошай застаецца сур’ёзным злачынствам. Прынамсі, фальшывыя манеты (паўгрошы літоўскія ХVІ стагоддзя) у музеі таксама прадстаўлены.

Ёсць у калекцыі музея і заходнееўрапейскія талеры, манеты Іспаніі і яе калоній — рэалы, а таксама вельмі цікавая (і вельмі маленькая) манета — двайны шатландскі пені, або цёрнер, які чаканіўся ў Шатландыі ў 1632—1633 гадах. Справа ў тым, што ў Беларусі была ў свой час шатландская дыяспара, якая складалася з людзей, што беглі ад праследаванняў англіканскай царквы.

Што яшчэ? Калекцыя манет сярэдневякоўя: венгерскі дукат, дукат Свяшчэннай Рымскай імперыі, двайны галандскі дукат, англійскія ноблі і разаноблі, якія нашы продкі называлі “карабельнікі”, бо на манетах адлюстраваны выявы караблёў. Звычайна такія манеты з’яўляліся не плацежным сродкам, а дыпламатычнымі і прадстаўнічымі падарункамі.

Побач з гэтымі рэдкасцямі — рускія капейкі пачатку ХVІІІ стагоддзя, якія нашы продкі называлі “луска”, бо яны вельмі падобныя на рыбную луску. Нягледзячы на такі непрэзентабельны выгляд, манеты высакаякасныя, іх рабілі з заходнееўрапейскіх талераў, што ў Расіі называліся “яфімкі”. Талеры пераплаўлялі, выцягвалі ў дрот, дрот секлі і расплюшчвалі кавалачкі, наносілі выяву конніка з кап’ём, адкуль і пайшло слова “капейка”. На нашых кірмашах калісьці за адну капейку можна было купіць курыцу або паўтара дзясятка яек, за 13—14 — авечку, прычым насілі лю­дзі манеткі за шчакой. А 2 лімоны ў той жа час каштавалі 3 капейкі.

У Рэчы Паспалітай падчас трынаццацігадовай вайны манетны двор з Вільні быў эвакуіраваны ў Брэст-Літоўск — і ў музеі ёсць экспанаты, прадукцыя гэтага манетнага двара. Убачылі мы і расійскія рублі, хаця самай папулярнай сярод сялян была манета наміналам 5 капеек — буйная, важкая манета з выразнымі надпісамі. Кажуць, што ў 1748 годзе вялікі рускі вучоны Міхаіл Васільевіч Ламаносаў атрымаў дзяржаўную прэмію ў памеры 2 тысяч рублёў менавіта такімі манетамі. Спатрэбілася 7 фурманак, каб перавезці больш за 3 тоны прэміі. Гэты факт пазней прымусіў расійскі сенат заахвочваць насельніцтва да выкарыстання асігнацый — папяровых грошай.

Асігнацыі таксама прадстаўлены ў музеі, напрыклад, знакамітыя “кацярынкі” з выявай імператрыцы Кацярыны ІІ. Дарэчы, менавіта дзякуючы такім асігнацыям з жаночымі выявамі, грошы і пачалі называць “бабкі”. Так што гэта не толькі жарганізм 90-х гадоў ХХ стагоддзя.

Прэзентацыя “Лічбавая бяспека асабістых фінансаў” на адзіным партале фінансавай дасведчанасці насельніцтва ўтрымлівае інфармацыю пра тое, якім павінен быць надзейны пароль у інтэрнэце. Патрабаванні да пароляў наступныя: для розных акаўнтаў павінны быць розныя паролі; паролі трэба перыядычна мяняць; пароль павінен быць складаным; неабходна трымаць пароль у галаве. А наконт характэрных прымет вішынгу (аднаго з відаў тэлефоннага махлярства, які дазваляе выкрадаць у кліентаў банкаў канфідэнцыяльную інфармацыю) прэзентацыя папярэджвае: гэта званкі ў нязручны час з разлікам на няўважлівасць; тыя, хто тэлефануе, уводзяць чалавека ў стан эмацыянальнага шоку; спрабуюць высветліць рэквізіты карткі або асабістыя даныя; прыспешваюць з прыняццем рашэння. Глядзіце прэзентацыю і даведаецеся яшчэ шмат пра што.

Самай папулярнай манетай пэўны час быў залаты галандскі дукат — у Расійскай імперыі на манетным двары ў Санкт-Пецярбургу на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў нават тайна яго чаканілі, прычым падробка была на­дзвычай якаснай: і вага, і проба, і іншыя параметры выконваліся дасканала. Яе нават і фальшыўкай цяжка назваць.

У прадстаўленым у музеі нумізматычным комплексе, што захоўваўся ў бутэльцы з-пад шампанскага, ёсць манеты і Расіі, і Прусіі, і Царства Польскага канца ХVIIІ — пачатку ХІХ стагоддзя. Магчыма, гэта картачны выйгрыш, які хтосьці схаваў, а потым не змог за ім вярнуцца. Магчыма, гісторыя іншая, але, без усялякіх сумненняў, вельмі цікавая.

Асобная ўвага — частцы экспазіцыі, якая прысвечана рэформам Сяргея Юльевіча Вітэ, калі Расія перайшла на залаты монаметалізм. У абарачэнне паступілі каштоўныя паперы, забяспечаныя золатам, якія вельмі высока каціраваліся ў Еўропе. Гэта і ня­дзіўна: у любым аддзяленні банка крэдытныя білеты Расійскай імперыі можна было абмяняць на залатыя і сярэбраныя манеты, рубель атрымаў залатое забеспячэнне і стаў адной з самых магутных валют свету. Такі стан захоўваўся да Першай сусветнай вайны, якая, зразумела, нанесла вялікі ўрон эканоміцы. У музеі выстаўлены грашова-рэчавы комплекс якраз часоў гэтай вайны — тут і банкноты, і крыху серабра, і асабістыя рэчы, у тым ліку атэстат аб заканчэнні навучальнай установы. Вельмі прыстойны, трэба сказаць, атэстат, з добрымі адзнакамі, выстаўленымі па пяцібальнай сістэме. Таксама тут ёсць часопіс “Ніва” са зводкамі з фронту, які і дазволіў дакладна датаваць знаходку.

Наступным прадстаўлены перыяд нэпа, грашовая рэформа 1922—1924 гадоў, у выніку якой у абарачэнне паступаюць сярэбраныя манеты, адчаканеныя па манетнай стапе (колькасць манет, якія выпускаюцца з пэўнай вагі металу) царскай Расіі. Рубель атрымлівае сярэбраны склад, становіцца цвёрдай валютай. Пра гэта наўрад ці хто скажа лепш за Уладзіміра Маякоўскага:

“Теперь под хозяйством деревни и города

Фундамент-рубль установлен твёрдо.

Твёрдо на дырах поставми заплаты.

Твёрдые будут размеры зарплаты”.

Гэта верш “Твёрдая почва для смычки крестьянина и рабочего”. Надзейнасць савецкіх грошай падкрэсліваецца частым паўтарэннем цвёрдага гука “р”.

Ну і, каб канчаткова дака­заць, што паэты не так далёка знаходзяцца ад эканомікі, як гэта звычайна прынята лічыць, у музеі ўзгадваюць радкі Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна з рамана ў вершах “Яўгеній Анегін”:

“Бранил Гомера, Феокрита;

Зато читал Адама Смита

И был глубокий эконом,

То есть умел судить о том,

Как государство богатеет,

И чем живёт, и почему

Не нужно золота ему,

Когда простой продукт имеет.

Отец понять его не мог

И земли отдавал в залог”.

Шмат чаго яшчэ можна ўбачыць і пачуць у Музеі грошай, напрыклад, пра памятныя манеты да Алімпіяды-80 у Маскве. Адна з іх прысвечана Мінску, бо частка футбольных матчаў прахо­дзіла ў нашай сталіцы. А першая беларуская памятная манета
“ААН-50” была выпушчана 27 снежня 1996 года.

— Зараз у Беларусі выпускаюцца калекцыйныя манеты па некалькіх кірунках, — расказвае Аляксандра Анатольеўна. — “Беларусь і сусветная супольнасць” (адна з гэтых серый — “Казкі народаў свету”), “Гісторыя і культура Беларусі” (напрыклад, серыя “Беларускія народныя легенды”), “Ахова навакольнага асяроддзя” (скажам, калекцыя залатых манет з устаў­камі з брыльянтаў і калекцыя сярэбраных манет з устаўкамі з камянёў Свароўскі), “Фізкультура і спорт”. Пэўныя беларускія манеты ўзнагароджаны прэстыжнымі міжнароднымі прэміямі.

Для павышэння фінансавай дасведчанасці насельніцтва ў экспазіцыі вылучаны блок “Ведай свае грошы”. Наведвальнікі мо­гуць павысіць узровень сваіх ведаў у галіне абароненасці сучасных грошай, даведацца, як адрозніць сапраўдную купюру ад падробкі, азнаёміцца з новымі выпускамі эмісійнай прадукцыі Нацыянальнага банка, нават убачыць працэс вытворчасці беларускіх банкнотаў.

— Мы плануем у далейшым пастаянна актуалізаваць экспазіцыі, звяртаючы ўвагу на самыя цікавыя, у тым ліку на матэрыялы па грашовым абарачэнні, банкаўскай справе. Мэта нашага музея — не толькі абудзіць цікавасць наведвальнікаў да гісторыі сваёй краіны, але і павысіць узровень ведаў у галіне фінансавай адукацыі, — гаворыць начальнік групы “Музей грошай” А.А.Вараб’ёва.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА і з архіва музея.