На здаровай хвалі

Захаванне жыцця і здароўя дзяцей — найвялікшая і найважнейшая задача дарослых. Напярэдадні самых вялікіх і самых працяглых школьных канікул вельмі дарэчы пагаварыць пра гэта, у тым ліку пра прафілактыку дзіцячага траўматызму. Яго паказчык зніжаецца, але, у параўнанні з краінамі Заходняй Еўропы, ЗША, застаецца ў Беларусі даволі высокім. Працаваць над паляпшэннем сітуацыі неабходна пастаянна, без канікул і выхадных дзён.

— Самае важнае напярэдадні аздараўленчай кампаніі — прадугледзець комплекс мерапрыемстваў, які, з аднаго боку, зробіць бяспечным знаходжанне дзяцей у месцах іх адпачынку, з іншага — узброіць ведамі, уменнямі і навыкамі ўсіх удзельнікаў і адукацыйнага, і аздараўленчага працэсу, якія спрыяюць выключэнню ўсялякіх рызык і выпадкаў трапляння дзяцей у небяспечныя сітуацыі, — гаворыць Ганна Віктараўна Рысявец, начальнік аддзела выхаваўчай і ідэалагічнай работы камітэта па адукацыі Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта.

Вучэбныя праграмы, пра якія згадвае спецыяліст, з’яўляюцца працягам той работы, што вядзецца падчас навучальнага года. Але перад аздараўленнем і падчас яго яны атрымліваюць лагічны працяг, і саюзнікамі ў гэтай рабоце, канечне, выступаюць бацькі, для якіх ва ўсіх установах адукацыі прайшлі бацькоўскія сходы, прысвечаныя як азнаямленню мам і татаў з магчымасцямі школ па аздараўленні дзяцей, так і прафілактыцы траўматызму. Удзел у такіх сходах прымаюць не толькі бацькі і педагогі — як правіла, на іх запрашаюць прадстаўнікоў ДАІ, МНС, медыцынскіх устаноў і інш. У сталіцы нават прайшоў бацькоўскі ўніверсітэт на гэтыя тэмы на базе сярэдняй школы № 204. Праводзяцца такія ўніверсітэты раз у квартал у розных навучальных установах горада, напярэдадні летніх канікул сустрэчы, зразумела, прысвячаюцца аздараўленчаму сезону.

Педагогі, якія ­суправаджаюць аздараўленчую кампанію, таксама праходзяць навучанне  — на базе Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі і іншых устаноў краіны: вучацца асноўным дзеянням пры ўзнікненні надзвычайнай сітуацыі і іншым карысным навыкам. А на ўзроўні ўсёй краіны напрыканцы мая прайшоў рэспубліканскі семінар па падрыхтоўцы да летняй аздараўленчай кампаніі на базе НДЦ “Зубраня”.

І, канечне, над стварэннем бяспечных умоў для адпачынку юных беларусаў працуюць усе зацікаўленыя структуры. Прыёмку лагераў да сезона таксама ­ажыццяўляюць міжведамасныя камісіі, і пытанні бяспекі спецыялісты адсочва­юць пільна.

Зрэшты, і саміх непаўналетніх адпачывальнікаў вучаць навыкам бяспечных паводзін — як у школах і садах, так і ў лагерах. У тым ліку школьнікам нагадваюць пра правілы ваджэння веласіпедаў і скутараў. Важна, каб у любой сітуацыі дзіця магло прыняць правільнае рашэнне, якое захавае яго бяспеку. Дзеля гэтага, напрыклад, ужо некалькі гадоў праводзіцца конкурс “На здаровай хвалі”, які дапамагае фарміраваць у дзяцей навыкі бяспечных паводзін, а таксама мноства іншых мерапрыемстваў. Заўтра ж, 31 мая, будуць падве­дзены вынікі Рэспубліканскага фестывалю “Бяспечнае дзяцінст­ва”, дзе вызначаць лепшы вопыт устаноў дашкольнай адукацыі.

— Дзяржаўтаінспекцыя працуе і будзе працаваць падчас летніх канікул па некалькіх асноўных напрамках: прафілактыка дзіцячага траўматызму, уключаючы работу з бацькамі па выхаванні адказнага стаўлення да выхавання, а таксама стварэнне бяспечных умоў у месцах адпачынку і правядзенне масавых мерапрыемстваў для дзяцей, — працягвае размову, якая адбылася ў сталічным Доме прэсы, старшы інспектар па асобых даручэннях упраўлення ДАІ мілі­цыі
грамадскай бяспекі МУС Бела­русі Ганна Эдвардаўна Банадык.

А што гаворыць статыстыка? У плане дарожна-транспартных здарэнняў яна нядрэнная, нягле­дзячы на тое, што з мінулага года ў статыстыку ДТЗ з удзелам дзяцей уключаюцца непаўналетнія да 18 гадоў (раней было да 16). Такім чынам, за 4 месяцы бягучага года ў цэлым па краіне знізілася коль­касць дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам дзяцей — з 90 да 78, параненых — з 97 да 81, а вось колькасць загінуўшых засталася на ўзроўні мінулага года — толькі ў красавіку загінулі 3 непаўналетнія. І зноў Дзяржаўтаінспекцыя нагадвае, што сёння нашы дзеці куды лепш ведаюць і выконваюць правілы дарожнага руху, чым дарослыя — свой плён дае якраз прафілактычная работа, у першую чаргу ва ўстановах адукацыі. Вось і атрымліваецца, што калі раней 80% дзяцей траплялі ў ДТЗ па сваёй віне, то цяпер усё адбываецца роўна наадварот — 78% непаўналетніх атрымліваюць траўмы па віне дарослых ва­дзіцеляў транспартных сродкаў.

І яшчэ пра адказнасць дарослых: ня­гледзячы на тое, што ўжо некалькі гадоў дзейнічае абавязковае патрабаванне аб прышпільванні і перавозцы дзяцей у аўтамабільных крэслах, кожнага другога непаўналетняга перавозяць, не прытрымліваючыся гэтых правіл. Аргументы, што не хапае грошай на такое крэсла, што дзіця адмаўляецца сядзець у ім, не дзейніча­юць — на ­аўтамабіль жа сродкаў хапіла, а прывучванне да крэсла з малога ўзросту дае цудоўны вынік. Маладыя бацькі, па вопыце ДАІ, да такіх патрабаванняў прыслухоўваюцца больш ахвотна, чым людзі ва ўзросце, але перавыхоўвацца трэба ўсім.

З надыходам цяп­ла асаблівую акту­альнасць набывае бяспечнае перамяшчэнне непаўналетніх на веласіпедах, ролікавых каньках, скутарах, якія маюць права ва­дзіць 16-гадовыя падлеткі, таму ДАІ яшчэ раз нагадвае пра правілы дарожнага руху, спадзеючыся на падтрымку бацькоў. А таксама засцерагае, што ні ў якім выпадку нельга дазваляць непаўналетнім садзіцца за руль аўтамабіля. Выпадкі такія ёсць, і не так даўно адзін з 17-гадовых бяспраўнікаў атрымаў пры ваджэнні аўтамабіля смяротныя траўмы, другі юнак, які таксама сеў за руль, выжыў.

 З 25 мая па 5 чэрвеня, як і кожны год, праводзіцца спецыяльнае комплекснае мерапрыемства “Увага: дзеці!”, падчас якога свае намаганні аб’ядноўваюць інспектары дарожнага руху, педагогі, бацькі, каб захаваць жыццё і здароўе дзяцей. ДАІ нагадвае, што абавязкова трэба ўключаць блізкае святло фар для таго, каб прыцягнуць увагу юных пешаходаў. Таксама 31 мая ў краіне пройдзе ­адзіны дзень бяспекі да­рожнага руху, калі асноўная ўвага будзе скіравана на навучанне бацькоў — супрацоўнікі ДАІ пойдуць у ­працоўныя калектывы з прафілактычнымі гутаркамі. А яшчэ адбудзецца мноства творчых мерапрыемстваў для дзяцей і падлеткаў як на ўзроўні краіны, так і мясцовага маштабу — у кожным рэгіёне, кожным лагеры. Напрыклад, будуць падведзены вынікі конкурсу, які Дзяржаўтаінспекцыя ўжо 14 гадоў праводзіць сумесна з рэдакцыяй газеты “Пераходны ўзрост”, — “Бяспечны пераход”, што ўключае 4 намінацыі: “Анімэ”, “Відэаролікі”, “Дызайн адзення са святлоадбі­вальнымі элементамі” і намінацыя ­па калекцыях такога гатовага ­адзення. А ў Бабруйску зараз праходзіць Рэспубліканскі злёт-конкурс юных інспектараў дарожнага руху, які ўключае этап у фармаце “роўны вучыць роўнага”.

— Праблема дзіцячага траўматызму актуальная на працягу ўсяго года, але зараз асабліва хочацца нагадаць і бацькам, і дзецям пра бяспечныя паводзіны, — дадае выконваючы абавязкі намесніка дырэктара РНПЦ траўматалогіі і артапедыі па арганізацыйна-ме­тадычнай рабоце Павел Аляксеевіч Валатоўскі. — Для дзяцей ад 5 да 18 гадоў траўмы з’яўляюцца галоўнай прычынай смерці, а таксама болю, пакут, інваліднасці. Штогод у Беларусі выяўляецца да 750 тысяч траўм, з якіх 140—150 тысяч (20%) у дзяцей да 18 гадоў, 5—6 тысяч чалавек становяцца ­інвалідамі з-за траўм, з іх 60—80 дзяцей. У 90-я гады і першай палове нулявых паказчыкі траўматызму дзяцей мелі ўстойлівую тэндэнцыю росту, а з 2012 да 2018 года першасная захваральнасць па класе траўм і атручванняў і некаторых іншых знешніх прычын знізілася на 6,4%. За гэты ж пе­рыяд смяротнасць дзяцей ад знешніх прычын знізілася на 4,3%. Аднак зрабіць трэба яшчэ многае ў плане зніжэння смяротнасці дзяцей у выніку ДТЗ, падзенняў, гібелі на вадзе і на пажарах. Асаблівай увагі заслугоўвае павышэнне адказнасці бацькоў, у тым ліку за пакіданне дзяцей ва ўзросце да 12 гадоў без нагляду, бо яшчэ нярэдкія выпадкі, калі дзеці гінуць, купаючыся ў небяспечных месцах, гуляючы на будоўлях, пры неасцярожным абыхо­джанні з электрычнасцю, хімічнымі рэчывамі і г.д.

У структуры дзіцячай смяротнасці ад знешніх прычын, як ­кажуць медыкі, галоўнымі з’яўляюцца патапленні, дарожна-транспартныя здарэнні, механічныя ўдушэнні, па­дзенні, уздзеянне электрычнага току, агню, дыму, забойствы і іншыя.

У 2012 годзе пад кіраўніцтвам Міністэрства аховы здароўя была распрацавана і зацверджана стратэгія прафілактыкі дзіцячага траўматызму, у адпаведнасці з якой падрыхтаваны праект міжнароднай тэхнічнай дапамогі па прафілактыцы дзіцячага траўматызму, адобраны Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь. Выкананне мерапрыем­стваў пачалося ў 2013 годзе пры падтрымцы ЮНІСЕФ. Пры гэтым заспакойвацца нельга, бо медыкі сцвярджаюць: у найбліжэйшы час праблема смяротнасці дзяцей ад знешніх прычын можа ўзмацніцца з-за ўрбанізацыі і глабалізацыі, экалагічных змен, росту колькасці аўтамабіляў. Але поспехі развітых дзяржаў у зніжэнні дзіцячай смяротнасці ад траўм сведчаць, што многія траўмы і смерці можна папярэдзіць.

— Не выклікае сумненняў, што сістэмная прафілактыка на пастаяннай аснове з’яўляецца больш эфектыўнай мерай, чым трактоўка траўматызму як выпадковых і непазбежных няшчасных выпадкаў, — перакананы спецыяліст Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра. — За апошнія гады ў Беларусі значна змянілася стаўленне да дзіцячага траўматызму і яго прафілактыкі, праблема прызнаецца надзвычай актуальнай, і прафілактыка разглядаецца як абавязак грамадства, створана развітая сетка спецыялізаванай артапеда-траўматалагічнай дапамогі дзецям, якая аказваецца як у паліклініках, так і ў стацыянарах.

Што да канікул, то медыкі гатовы: лагеры забяспечаны перавязачным матэрыялам, абязбольвальнымі і іншымі прэпаратамі, сродкамі імабілізацыі. Кожны лагер замацаваны за медыцынскім стацыянарам або траўматалагічным пунктам. Хаця, канечне, лепш не трапляць у бальніцу, захоўваючы адказнасць і асцярогу, тым больш што правілам бяспечных паводзін цяпер можна навучыцца нават у медыцынскіх установах, дзе створаны свае цэнтры бяспекі, як, напрыклад, цэнтры для маладых бацькоў, якіх вучаць бяспечнаму выхаванню дзяцей, бяспечнай ­арганізацыі прасторы ў кватэры (адзін з іх дзейнічае пры РНПЦ “Маці і дзіця” ў Мінску). Працу­юць і іншыя цэнтры бяспекі, створаныя як ва ўстановах адукацыі, так
і па ініцыятыве Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, іншых
ведамстваў. У любым выпадку ў
аснове ўсяго — прафілактыка. 

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з адкрытых крыніц інтэрнэту.