Сям’я цаны не мае

Няма лепшага жыцця для дзіцяці, чым жыццё ў роднай, поўнай, здаровай сям’і з братамі і сёстрамі.  Сям’я — гэта дом, сям’я — гэта абарона, сям’я — гэта найвялікшая каштоўнасць. Хаця, канечне, бывае па-рознаму, і калі дзіця жыве не ў поўнай, не ў роднай, не ў самай добранадзейнай сям’і, дзяржава, грамадства могуць і павінны (не пабаюся гэтага слова) даць кожнаму малому магчымасць убачыць мадэль добрых сямейных адносін, на якія падросшыя хлопчыкі і дзяўчынкі маглі б арыентавацца, ствараючы ўласныя сем’і, клапоцячыся пра сваіх дзяцей.

У гэтым зменлівым свеце

— Адным з індыкатараў сацыяльнага развіцця любой дзяржавы з’яўляецца стан інстытута сям’і і ступень яго ўстойлівасці, — гаворыць намеснік Старшыні Пастаяннай камісіі па працы і сацыяльных пытаннях Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Людміла Мікалаеўна Канановіч. — Сёння меры падтрымкі сям’і з дзецьмі ў Беларусі рэалізоўваюцца праз Дзяржаўную праграму “Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека на 2016—2020 гг. ” і інш. А пражываюць у нашай краіне больш за 2,7 млн сем’яў, 1,2 млн якіх выхоўваюць непаўналетніх дзяцей. Дзяржава прадастаўляе гарантыі сем’ям нават яшчэ да нараджэння дзіцяці, Беларусь адна з нямногіх краін, якія захавалі водпуск па догля­дзе дзіцяці да таго, як яму споўніцца 3 гады, з выплатай дапамог на ўвесь гэты перыяд. Прычым адпачынак можа прадастаўляцца не толькі маці або бацьку, але і блізкім родным дзіцяці ў выпадку выхаду маці на работу. 

Такім чынам, у адказных бацькоў дзіця ніколі не застанецца без нагляду, дапамог дзяржава выплачвае 11 відаў.

— Хачу заўважыць, што сістэма дапамог пастаянна ўдасканальваецца, — падкрэслівае дэпутат на сустрэчы з журналістамі ў сталічным Доме прэсы. — Так, з 1 ліпеня 2017 года бацькі дзяцей-інвалідаў атрымалі магчымасц­ь працаваць на ўмовах няпоўнай занятасці і адначасова атрымліваць дапамогу па доглядзе дзіцяці. Сем’ям, дзе выхоўваюцца дзеці-інваліды з найбольш цяжкімі формамі інваліднасці, павялічаны аб’ём падтрымкі са 100 да 120% бюджэту пражытачнага мінімуму. Дадатковыя выплаты таксама ажыццяўляюцца пры нараджэнні 2 або больш дзяцей.

З улікам патрэб сем’яў з дзецьмі развіваецца сістэма іх сацыяльнага абслугоўвання: апошнім часам найбольш запатрабаваны паслугі няні. Сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, на базе дамоў-інтэрнатаў прадастаўляецца паслуга сацыяльнай перадышкі; для малазабяспечаных сем’яў, сем’яў, якія знаходзяцца ў складанай жыццёвай сітуацыі, устаноўлена сістэма адраснай сацыяльнай дапамогі, у тым ліку забеспячэнне бясплатнымі прадуктамі харчавання для дзяцей рознага ў­зросту, дапамога на набыццё падгузнікаў.

— У праект закона па ўнясенні змен у Працоўны кодэкс (а ён ужо разгледжаны ў першым чытанні) унесены шэраг норм, у прыватнасці, прадугледжана ўвядзенне водпуску для мужчын пры нараджэнні дзіцяці і развіццё гнуткіх форм занятасці для маці, у тым ліку дыстанцыйная работа, — дадае Л.М.Канановіч. 

Намеснік Старшыні Пастаяннай парламенцкай камісіі лічыць, што добра паказала сябе праграма сямейнага капіталу, якая дзейнічае з 2015 года, — на сёння адкрыта больш за 58,7 тысячы дэпазітных рахункай па гэтай праграме. Тэрмін дзеяння праекта заканч­ваецца ў 2019 годзе, але, магчыма, ён будзе працягнуты яшчэ на 5 гадоў. Прынамсі, больш за 9 тысяч беларусак узнагароджаны ордэнам Маці, што ўручаецца жанчынам, якія дастойна выхоўваюць 5 і больш дзяцей. Ёсць прапанова па пенсіях за асаблівыя заслугі перад краінай. Зараз яе маюць права атрымліваць маці, якія нара­дзілі 9 дзяцей і больш, а прапаноўваецца знізіць гэтую планку да 7, магчыма, нават да 5 дзяцей.

Але нельга сёння не гаварыць пра дэмаграфічныя выклікі, з якімі Беларусь сутыкаецца, як і многія іншыя дзяржавы: скарачэнне колькасці жанчын дзетароднага ўзросту, скарачэнне нараджальнасці, познія шлюбы, частыя разводы. На дзяржаўным узроўні гэтыя праблемы і меры па стабілізацыі сітуацыі абмяркоўваюцца пастаянна. Сярод прапаноў — будаўніцтва жылля, размарожванне сямейнага капіталу, дыферэнцыяцыя сямейных дапамог і адраснай дапамогі ў залежнасці ад колькасці дзяцей і інш. Рэзервы для паляпшэння ёсць. Так, да 2021 года плануецца выйсці на паказчык забеспячэння мнагадзетных сем’яў, якія сталі на ўлік, магчымасцю будаўніцтва жылля на працягу года. Сёння, нагадаем, дзяржава пакрывае 75% кошту жылля сем’ям, якія маюць 3 дзяцей, і 100% — сем’ям, дзе дзяцей больш. Магчыма таксама, што мнагадзетным маці, якія выхоўваюць 4 дзяцей, дэкрэтны водпуск будзе ўключацца ў агульны працоўны стаж (для тых, у каго 3 або 5 дзяцей, ёсць свае прэферэнцыі).

— Хацелася б як педагогу ска­заць, што для скарачэння колькасці разводаў мы павінны яшчэ ў школе і нават ва ўстанове дашкольнай адукацыі як мага больш гаварыць пра каштоўнасц­ь сям’і, — заўважае Людміла Мікалаеўна. — Гэта вялікае шчасце, калі ёсць сям’я, ёсць узаемаразуменне, падтрымка. А ідэальная сям’я — гэта, напэўна, сям’я мнагадзетная. І гэта павінна стаць сацыяльнай нормай у нашай краіне. У 2017 годзе праводзілася сацыялагічнае даследаванне “Фарміраванне сям’і, стабільнасць сямейных адносін і нараджальнасць у зменлівых сацыяльна-эканамічных умовах жыцця беларусаў”, якое паказала, што самы высокі ўзровень шчасця ў сем’ях, дзе ёсць тата, мама, дзеці, асабліва дзеці маленькія, да 3-х гадоў.

Важнае месца ва ўмацаванні сямейных каштоўнасцей адыгрывае дзяржаўна-грамадскае партнёрства, лічыць Лілія Станіславаўна Ананіч, намеснік старшыні Беларускага саюза жанчын, былы міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь, ганаровы прафесар факультэта журналістыкі БДУ. Так, Беларускі саюз жанчын стаяў ля вытокаў многіх значных ініцыятыў, якія падтрымала дзяржава, як, напрыклад, правядзення Дня маці.

— Наш саюз аб’ядноўвае больш за 160 тысяч чалавек — жанчын-маці, бабуль, будучых маці, якія праз грамадскую дзейнасць нясуць пасылы, што павінны ўмацоўваць наша грамадства і дзяржаву. Мы, напрыклад, удзельнічалі ў стварэнні партала ДаДому.by, які дапамагае прыёмным бацькам адшукаць сваё жаданае дзіця. Мы актыўна ўдзельнічаем у абмеркаванні ўсіх ініцыятыў, звязаных з мацярынствам і дзяцінствам, супрацоўнічаем з усім блокам структур, якія вызначаюць сямейную палітыку. А сямейная палітыка вызначае, як мы маем магчымасць гадаваць дзяцей, планаваць іх будучыню, фарміраваць духоўна-маральную асобу чалавека.

Сённяшнія праекты Беларускага саюза жанчын — гэта Рэспубліканскі конкурс “Жанчына года”, які ўшаноўвае лепшых з іх, праект для прадпрымальніц “Жаночая справа”, “Жаночае аблічча Перамогі”, звязаны з захаваннем сямейных традыцый і маральных каштоўнасцей, іншыя.

— Сёння, на мой погляд, інстытут сям’і патрабуе пэўнай падтрымкі і не толькі заканадаўчай, эканамічнай, — лічыць Лілія Станіславаўна, — але і падтрымкі грамадскай думкі. Наш шматгадовы конкурс пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі “Моцная сям’я — моцная дзяржава” сёлета дадае новую намінацыю — “Лепшы інтэрнэт-праект, прысвечаны сямейнай праблематыцы”. Тэма сям’і, яе прапаганда — наша агульная вялікая задача, у тым ліку задача Беларускага саюза жанчын.

Для кожнага дзіцяці

Канечне, калі мы гаворым пра сям’ю, то маем на ўвазе і замяшчальныя сем’і, якія ствараюць для дзяцей, што засталіся без апекі бацькоў, найлепшыя ўмовы для жыцця. Зараз у Беларусі іх больш за 10 тысяч, уключаючы дзіцячыя дамы сямейнага тыпу, а выхоўваюцца ў такіх сем’ях амаль 15 тысяч хлопчыкаў і дзяўчынак. Важна, што менш становіцца бацькоў, якія пазбаўлены бацькоўскіх правоў: у 2018 годзе дзяцей, чые бацькі страцілі такія правы, было 1377, што на 92 дзіцяці менш, чым у папярэдні год. І тэндэнцыя прасочваецца ўжо даволі даўно — з 2010 года. Пры гэтым змяншаецца колькасць школ-інтэрнатаў і дзіцячых дамоў: на сярэдзіну мая ў краіне было 3 інтэрнаты і 15 дзіцячых дамоў, але іх колькасць скарачаецца, бо дзеці пераходзяць на сямейныя формы выхавання. Вядзецца работа па перадачы дзяцей з псіхафізічнымі асаблівасцямі на выхаванне ў сем’і са спецыяльных школ-інтэрнатаў, хоць справа гэтая і няпростая.

— Мы пастаянна гаворым пра тое, што дзіця павінна выхоўвацца ў сям’і, лепш за ўсё — у роднай. Але, на жаль, не ўсе малыя могуць выхоўвацца ў родных сем’ях. Нас радуе, што колькасць такіх дзяцей зніжаецца, мы рухаемся ў правільным напрамку, — гаворыць Алена Фёдараўна Сімакова, галоўны спецыяліст упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. — Шкада, што расце колькасць разводаў, бо больш за ўсё ў такіх сітуацыях пакуту­юць дзеці. З гэтым неабходна працаваць, як і з тымі бацькамі, якія дрэнна выконваюць свае бацькоўскія абавязкі. Лепш за ўсё заўважаць сямейную нядобранадзейнасць на ранніх этапах, і тут неацэнна супрацоўніцтва дзяржавы, грамадскіх арганізацый, канфесій, проста грамадзян.

Таксама спецыяліст Міністэрства адукацыі бачыць вялікую ролю адукацыйных устаноў у падрыхтоўцы непаўналетніх да будучага сямейнага жыцця праз факультатыўныя курсы, выкладанне прадметаў з уключэннем у іх адпаведнай тэматыкі, спецыяльныя мерапрыемствы.

На думку прадстаўніцы беларускай моладзі сакратара ЦК БРСМ Юліі Ула­дзіславаўны Зінкевіч, сям’я застаецца для маладых беларусаў адной з найвялікшых каштоўнасцей, што пацвярджаюць сацыялагічныя апытанні. Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі рэалізоўвае праекты, накіраваныя на захаванне сямейных каштоўнасцей, напрыклад, маладзёжны сямейны праект “ТатаЗала”, які ажыццяўляецца пры падтрымцы Міністэрства адукацыі. Мэта праекта — далучыць мужчын да выхавання дзяцей, умацаваць іх адносіны праз сумесныя заняткі спортам і даць маці магчымасць адпачыць. Летам, дарэчы, праект працягнецца ў выглядзе арганізацыі дваровых гульняў.

Сёлета БРСМ пачаў праект стварэння паркаў сямейных дрэў, які ўключае падрыхтоўку сямейных альбомаў у пярвічных арганізацыях БРСМ, стварэнне ландшафтных аб’ектаў. Другі (ужо вядомы) сямейны праект — “Уладар сяла”, ёсць праекты, накіраваныя на падтрымку мнагадзетных сем’яў.

Адна з міжнародных арганізацый, якая супрацоўнічае з дзяржавай у падтрымцы сям’і і абароне дзяцінства, — ЮНІСЕФ (Дзіцячы фонд ААН). Старшы каардынатар па пытаннях абароны дзяцінства прадстаўніцтва ЮНІСЕФ у Беларусі Дзмітрый Шылін, дарэчы, нагадвае, што сёлета спаўняецца 30 гадоў Канвенцыі аб правах дзіцяці. А ў Краінавай праграме, згодна з якой фонд дзейнічае ў Беларусі, адной з мэт абвешчана павышэнне ўстойлівасці сям’і і ўмацаванне механізмаў яе адаптацыі да рызык, якія ўзнікаюць у грамадстве. Для дасягнення гэтай і іншых мэт ЮНІСЕФ актыўна супрацоўнічае з дзяржавай, грамадскімі арганізацыямі, заключае планы супрацоўніцтва з міністэрствамі, у тым ліку з Міністэрствам адукацыі. Адна з самых важных мэт такога супрацоўніцтва — сацыялізацыя дзяцей з інваліднасцю, сацыяльны патранат сем’яў, дзе ёсць такія дзеці.

Вось, напрыклад, грамадская дабрачынная арганізацыя “Цэнтр падтрымкі сям’і і мацярынства “Матуля”. Цэнтр дапамагае жанчынам у крызісным мацярынстве. Фонд мае прытулак, склад дзіцячых рэчаў, дапамагае маладым маці, якія пакутавалі ад дамашняга насілля, мігранткам, бежанкам, іх дзецям, вядзе перадабортнае кансультаванне.

Умацаванне інстытута сям’і мае на ўвазе яшчэ шмат момантаў, патрабуе агульных намаганняў, якія, безумоўна, варты таго, бо вынік усяму — здаровыя і шчаслівыя дзеці, надзейная будучыня. Так, адзін з кірункаў, па якіх у Беларусі яшчэ працаваць і працаваць, агучвае каардынатар праграмнай дзейнасці ЮНФПА ў Рэспубліцы Беларусь (Фонда ААН у галіне народанасельніцтва) Вольга Лукашкова. Гаворка пра тое, што большасць беларусаў (76% згодна з вышэйназваным даследаваннем) лічыць, што жанчына лепш спраўляецца з выхаваннем дзіцяці, таты застаюцца ўбаку. А няроўнае размеркаванне абавязкаў вядзе да перагрузкі жанчын, недастатковага ўдзелу бацькаў у выхаванні дзяцей. Канечне, у нас ёсць ініцыятывы, якія імкнуцца выправіць сітуацыю, — узгадаем праект “ТатаЗала”, але гэтага мала. Ды і водпуск па доглядзе дзіцяці бяруць менш за 1% татаў. Застаецца спадзявацца, што гэта пакуль пачатак, які абяцае сур’ёзныя змены ў будучыні. А ўжо сёлета ЮНФПА пачынае праект па стварэнні рабочых месцаў, дружалюбных да б­ацькоў. Пэўныя дзяржаўныя і прыватныя прадпрыемствы бу­дуць у­дзельнічаць у праекце на працягу 2019—2020 гадоў, разглядаючы бацькоўскія абавязкі сваіх супрацоўнікаў не як перашкоду для работы, а як каштоўнасць, якая дае бацькам канкурэнтныя перавагі на рынку працы.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з адкрытых крыніц інтэрнэту.