Камфортныя ўмовы і разнастайнае меню

Як арганізаваць пражыванне, харчаванне і распарадак дня ў лагерах?

У чэрвені Федэрацыя прафсаюзаў пачала праводзіць рэйды: у сувязі з гарачым надвор’ем, якое панавала ў першы летні месяц у краіне, тэхнічныя інспектары правяралі, наколькі камфортна працаваць не толькі на вуліцы, але і ў офісе, калі на тэрмометры +30°С і вышэй. Такія праверкі працягнуцца да верасня. А якія абмежаванні ў сувязі з высокай тэмпературай паветра могуць быць накладзены на рэжым дзейнасці аздараўленчых лагераў? Ці могуць навучэнцам, якія адпачываюць у прышкольных лагерах, адмяніць зацверджаныя праграмай паходы ў кіно і экскурсіі, калі слупок тэрмометра перавышае тэмпературныя нормы, дазволеныя для знаходжання на вуліцы?

Адказы на гэтыя і іншыя пытанні дапамагла знайсці загадчык аддзела гігіены дзяцей і падлеткаў Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Кацярына Уладзіміраўна СУХАВЕР.

— Кацярына Уладзіміраўна, які дакумент рэгламентуе тэмпературныя рэжымы ва ўстановах адукацыі, а таксама ў аздараўленчых лагерах рознага тыпу? Як і на аснове чаго вызначаліся нормы, прапісаныя ў дакуменце?

— Санітарныя нормы і правілы былі распрацаваны ў залежнасці ад віду адукацыйнай установы і на падставе гігіенічных нарматываў.

Гігіенічны нарматыў вызначае група спецыялістаў Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра гігіены ў адпаведнасці з методыкамі. Так, Санітарныя нормы і правілы “Патрабаванні для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі” былі зацверджаны пастановай Міністэрства аховы здароўя № 206 ад 27 снежня 2012 года, а Санітарныя нормы і правілы “Патрабаванні для ўстаноў дашкольнай адукацыі” — пастановай № 8 ад 25 студзеня 2013 года.

— Летам падчас наведвання школьных лагераў дзецям арганізоўваюць шматлікія мерапрыемствы, а гэта прымушае школьнікаў часта быць на вуліцы, у тым ліку і ў абедзенны час, калі знаходжанне на сонцы ўрачы рэкамендуюць абмяжоўваць. Ці існуюць пэўныя  летнія тэмпературныя межы, калі дзяцей непажадана вадзіць на вуліцу? Да якіх наступстваў прыводзіць празмернае знаходжанне на сонцы?

— Санітарныя нормы і правілы “Патрабаванні да аздараўленчых арганізацый для дзяцей”, зацверджаныя пастановай Міністэрства аховы здароўя № 205, рэгламентуюць тэмпературныя параметры.

У кожным аздараўленчым лагеры ёсць распарадак дня, які прадугледжвае максімальнае знаходжанне дзяцей на адкрытым паветры,  правядзенне фізкультурна-аздараўленчых, спартыўных, культурна-масавых мерапрыемстваў; арганізацыю экскурсій, паходаў, гульняў; арганізацыю харчавання і пасляабедзенны (дзённы) сон працягласцю 1,5 гадзіны; дастатковую працягласць начнога сну і г.д.

Распарадак дня распрацоўваецца з улікам узросту дзяцей, рэжыму работы аздараўленчай арганізацыі (з кругласутачным або дзённым знаходжаннем дзяцей), сезона года. У адносінах да дзяцей існуе мноства важных рэкамендацый.

Паветраныя ванны праводзяцца падчас фізкультурна-аздараўленчых мерапрыемстваў на вуліцы, падчас грамадска карыснай работы. Пры гэтым у летні перыяд на прагулках дзеці павінны быць абавязкова забяспечаны пітной вадой і, вядома, насіць галаўныя ўборы.

Сонечныя ванны паказаны дзецям пасля заканчэння перыяду адаптацыі і прыёму паветраных ваннаў і праводзяцца раніцай або пасля абеду на пляжы ці на спецыяльных пляцоўках (салярыях), абароненых ад ветру.

Загараць дзецям пад адкрытымі сонечнымі прамянямі можна пры тэмпературы паветра не вышэй +24°С. Час загарання павялічваецца штодня на 4—5 мінут пачынаючы з 7 і даводзячы да 20 мінут. Лепшы час для загарання — з 10.00 да 12.00.

Для захавання пітнога рэжыму і папаўнення страт вадкасці абавязковым з’яўляецца ўжыванне пітной кіпячонай асту­джанай або пітной вады прамысловай вытворчасці, расфасаванай у ёмістасці.

Купацца дзецям у адкрытых вадаёмах можна толькі ў спецыяльна адведзеных месцах. Купанне праводзіцца штодня 1 раз на дзень, у гарачыя дні дазваляецца паўторнае купанне. Пачынаць купанне ў адкрытым вадаёме можна ў сонечныя і зацішныя дні пры тэмпературы вады не ніжэй +20°С, тэмпературы паветра — не ніжэй +23°С; у далейшым пасля тыдня рэгулярнага купання — пры тэмпературы вады не ніжэй +16°С для дзяцей асноўнай групы па фізічным выхаванні і +18°С — падрыхтоўчай.

Час знаходжання ў вадзе ў першы дзень складае 7—10 мінут, штодня павялічваецца і можа дасягаць 25. Катэгарычна забараняецца ўваходзіць у ваду разгарачаным (пасля спартыўных і іншых мерапрыемстваў). У вадзе, каб не замерзнуць, неабходна рухацца. Купанне трэба спыняць пры з’яўленні першых прыкмет пераахаладжэння, да якіх адносяцца гусіная скура, дрыжыкі, пасіненне носа, вуснаў, вушэй.

— Як у прышкольных, загарадных лагерах трэба клапаціцца пра дзяцей, калі тэмпература паветра +30°С і вышэйшая? 

— Калі на вуліцы высокая тэмпература паветра, за дзецьмі павінен быць арганізаваны асаблівы нагляд. Так, для папярэджання цеплавых удараў (перагрэваў) падчас гарачага надвор’я, асабліва калі тэмпература паветра звыш +28°С, рэкамендавана арганізоўваць прагулкі раніцай з 8 да 12 гадзін, а таксама ў вячэрні час пасля 18 гадзін. Важна абмяжоўваюць правядзенне фізкультурна-аздараўленчых мерапрыемстваў, а таксама культурна-масавых. Як правіла, іх рэкамендуюць праводзіць пры тэмпературы ніжэй +24°С.

Перагрэў арганізма, асабліва дзіцячага — гэта вельмі небяспечны стан, ён можа прывесці да сур’ёзных наступстваў. Бацькі павінны ведаць, як праяўляюцца сімптомы перагрэву, і быць знаёмы з  метадамі прафілактыкі сонечных удараў. Акрамя гэтага, трэба ведаць, як аказваецца першая дапамога дзецям, якія пера­грэліся на сонцы ці атрымалі сонечны ўдар.

Цеплавы ўдар у дзяцей можа працякаць у розных формах: пачырваненне (пры цяжкіх формах скура бледная), а таксама гарачая навобмацак скура. Акрамя таго, сімптомы развіваюцца ў выглядзе ліхаманкі, тэмпература цела можа падымацца да 41°С; з’яўляецца моцная задышка, пачашчаюцца дыханне і пульс ці назіраюцца дыспепсічныя прыкметы (прыступы млоснасці і ванітаў, дыярэя); смага і сухасць у роце; слязістасць. Адна з відавочных праяўленняў перагрэву — страта прытомнасці.

Зберагчы сябе і сваё дзіця дапамогуць простыя метады прафілактыкі. Дзецям лепш знаходзіцца ў прасторных, халаднаватых памяшканнях (пакаёвая тэмпература не вышэй +21—24°С). Апранаць малых пажадана ў лёгкае адзенне з натуральных светлых тканін.

У спёку не варта перакормліваць дзяцей і ўвогуле лепш не даваць тлустую, каларыйную ежу. Карміць дзіця лепш невялікімі порцыямі, але часта.

Дзеці абавязкова павінны атрымліваць дастатковы аб’ём вадкасці. Можна піць чай, мінеральную ваду без газу, кампот, натуральны хлебны квас.

Варта абмяжоўваць фізічную актыўнасць, прагулкі або праводзіць іх раніцай (з 8 да 12 гадзін) і вечарам (пасля 18 гадзін).

Калі неабходна падчас спёкі выйсці на вуліцу, абавязкова апранайце галаўны ўбор і старайцеся перамяшчацца па ўчастках з ценем.

Калі ўсё ж здарылася непрыемная сітуацыя — цеплавы ўдар — трэба ўмець правільна аказаць першую дапамогу. Дзіця або дарослага чалавека неабходна перамясціць у халаднаватае памяшканне, якое добра праветрана, ці ў цень, цалкам распрануць і пакласці, крыху прыпадняўшы галаву, накрыць халаднаватай вільготнай прасцінай ці тонкім ручніком. Пад патылічную частку галавы і на лоб пакласці халодны кампрэс, абцерці цела мокрай тканінай. Пасля гэтага неабходна напаіць дарослага або дзіця халаднаватай вадой. Пажадана змяшаць яе з содай і соллю (0,5 вады і па палове чайнай лыжкі солі і соды). Даваць піць трэба часта, але маленькімі порцыямі, інакш можна выклікаць ваніты. Калі ёсць магчымасць, пацярпелага змяшчаюць у ванну, напоўненую вадой з тэмпературай +18—20°С. Пры страце прытомнасці да­юць панюхаць нашатырны спірт.

— Якім павінна быць харчаванне дзяцей у спякоту? Што і ў якой колькасці рэкамендуецца ўжываць, а што пажадана выключыць з рацыёну?

— Калі гаварыць пра аздараўленчыя лагеры, то харчаванне дзяцей арганізоўваецца ў адпаведнасці з патрабаваннямі СанПіН, нормамі фізіялагічных патрэб дзяцей у харчовых рэчывах і энергіі. Стравы, якія гатуюць у харчаблоках аздараўленчых лагераў, зберагальныя па хімічным складзе і спосабах гатавання. Выкарыстоўваецца пераважна варэнне, тушэнне, запяканне, гатаванне страў на пары. Для арганізацыі пітнога рэжыму ў аздараўленчых лагерах выкарыстоўваюць негазіраваную пітную ваду прамысловай вытворчасці, расфасаваную ў ёмістасці, або кіпячоную пітную ваду.

Памятайце, што абмен рэчываў у арганізме запавольваецца і перагружаць дзіцячы арганізм бялковай ежай не варта. Бялковая ежа ператраўліваецца даўжэй, чым тлушчы і вугляводы, і на гэта таксама патрабуецца дадатковая энергія. Такім чынам, у перыяд спёкі неабходна абмежаваць прыём мясных страў і зрабіць акцэнт на ўжыванні малочных прадуктаў, рыбы (нятлустай) ці птушкі. Акрамя гэтага, асноўныя прыёмы ежы можна арганізоўваць раніцай і вечарам.

На абед перавагу трэба аддаваць вугляводам (рыс, грэчка і г.д.), яны выводзяць з арганізма малую колькасць вадкасці, да мясных страў і каш дабаўляць свежыя агародніну, садавіну і ягады, якія дапамагаюць аднаўляць водна-салявы баланс. Але памятайце, што ўжыванне агародніны толькі ў свежым выгля­дзе можа негатыўна адбіцца на рабоце страўніка і кішэчніка.

І, безумоўна, галоўнае правіла — без вады мы нікуды. Урачы рэкамендуюць выпіваць дарослым і дзецям да 1,5 літра ў дзень. Але салодкая газіроўка і сокі — не лепшыя сябры, яны выклікаюць яшчэ большую смагу. Перавагу аддавайце пітной вадзе, травяному ці зялёнаму чаю. Усе напіткі павінны быць пакаёвай тэмпературы або цёплымі.

— Ці часта СанПіН выяўляе парушэнні ў арганізацыі харчавання і ўмовах знаходжання дзяцей у лагерах рознага тыпу?

— Падчас правядзення першай змены ў аздараўленчых лагерах Мінскай вобласці створаны камфортны рэжым дня і разнастайнае меню, установы ўкамплектаваны кваліфікаванымі кадрамі. Тым не менш у асобных аздараўленчых лагерах выяўлены парушэнні ў частцы паўтарэння страў на працягу двух дзён запар, выяўлена прадукцыя са скончаным тэрмінам прыдатнасці, а таксама не выконваліся правілы асабістай гігіены работнікамі харчаблокаў. За гэтыя парушэнні да адміністратыўнай адказнасці прыцягнуты чатыры чалавекі.

Па выніках наглядных мерапрыемстваў выдадзена 471 рэкамендацыя аб ліквідацыі парушэнняў і 104 інфармацыі ў райвыканкамы і ўласнікам лагераў. На сёння аздараўленчая кампанія ў Мінскай вобласці праходзіць на дастаткова высокім арганізацыйным узроўні, што дазволіла не дапусціць ускладнення эпідсітуацыі і ўзнікнення ўспышак вострых кішэчных захворванняў сярод дзяцей.

— Сёння сярод дзяцей вельмі папулярнымі становяцца палатачныя лагеры. Як, згодна з санітарнымі нормамі, павінна быць абсталявана спальнае месца ў палатках?

— Самае важнае, каб палаткі былі трывалымі, непрамакальнымі (знешняя палатка-тэнт і дно ўнутранай палаткі павінны быць воданепранікальнымі), ветраўстойлівымі, мець цеплаізаляцыйныя ўласцівасці (мець не менш за два слаі тканіны) і каб іх можна было праветрываць (у палатцы павінны быць вокны з ахоўнай сеткай ад пранікнення насякомых, а ўваход — з зашпількай тыпу маланкі). Умяшчальнасць турыстычных палатак павінна строга адпавядаць інструкцыі па эксплуатацыі. Пры неабходнасці для адтоку дажджавых вод палаткі па перыметры абкопваюць канаўкамі з ухілам. Адлегласць паміж палаткамі павінна быць 2,0—2,5 м, паміж вялікай колькасцю палатак — не меншай за 3,5 м.

У нерухомых профільных палатачных лагерах могуць выкарыстоўвацца ваенныя палаткі (модулі), кемпінгавыя палаткі, умяшчальныя здольнасці якіх вызначаюцца з разліку не менш за 3 квадратныя метры на аднаго чалавека.

У выпадку ўстаноўкі кемпінгавых і ваенных палатак (модуляў) на драўляныя насцілы на вышыні не меншай за 20 см ад паверхні зямлі палаткі абсталёўваюцца ложкамі ці раскладушкамі з цвёрдым месцам для сну.

Падчас выкарыстання спальных мяшкоў для арганізацыі сну ў профільных палатачных лагерах на дно палаткі ўкладваюцца цеплаізаляцыйныя турыстычныя дыванкі. У спальных мяшках павінны быць індывідуальныя каўнерыкі з баваўнянай тканіны.

— Кацярына Уладзіміраўна, ці існуюць мінімальныя тэмпературныя парогі, пры якіх дзецям дазваляецца на працягу змены жыць у палатцы?

— Да лагераў, якія знаходзяцца ў лясной зоне і дзе спальныя памяшканні не ацяпляюцца, існуюць свае патрабаванні. Калі тэмпература ніжэй +15°С на працягу 5 дзён, функцыянаванне лагера лепш спыніць.

Нягледзячы на шматлікія нюансы і сюрпрызы надвор’я, жадаю ўсім дзецям, настаўнікам і бацькам вясёлых і бяспечных канікул!

Гутарыла Наталля САХНО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.