Калі прафесія — космас 

Два гады назад у адкрытай групе адной з сацыяльных сетак праводзілася галасаванне, якое спрабавала вызначыць, колькі сярод карыстальнікаў патэнцыяльных касманаўтаў. Жадаючых было больш чым дастаткова. Але трапіць на арбіту Зямлі і паглядзець на другі бок планеты могуць адзінкі. Тыя, хто марыць пра космас, могуць паспрабаваць рэалізаваць свае мары. Самы просты метад — паступленне на спецыяльнасць “Космааэракартаграфія”, якую школьнікам прапаноўвае факультэт геаграфіі і геаінфарматыкі БДУ. 

Пра асаблівасці падрыхтоўкі кадраў па гэтым кірунку расказвае загадчык кафедры геадэзіі і картаграфіі геаграфічнага факультэта БДУ Аляксандр Пятровіч Раманкевіч.

“Першапачаткова на геаграфічным факультэце была толькі адна спецыяль­насць — “Геаграфія”, — тлумачыць Аляксандр Пятровіч. — Затым з’явіліся кірункі спецыяльнасці, адным з якіх была космааэракартаграфія. У 2013 годзе космааэракартаграфія была вынесена ў пералік асобных спецыяльнасцей. Маладыя людзі, якія вучацца па гэтым кірунку, атрымліваюць кваліфікацыю географа, спецыяліста па картографа-геадэзічнай дзейнасці. Гэта шырэй, чым проста картаграфія, таму што тут дабаўлена яшчэ і геадэзія. Актуальнасць увядзення картаграфіі як спецыяльнасці выклікана неабходнасцю. Так, падрыхтоўку спецыялістаў-геадэзістаў ажыццяўляе Полацкі ўніверсітэт. На базе 9 класаў технікаў-геадэзістаў рыхтуюць у Барысаўскім політэхнічным каледжы. У сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках вучацца будучыя спецыялісты ў галіне землеўпарадкавання і кадастравай ацэнкі земляў. А вось “чыстых” картографаў нідзе не рыхтуюць. Да ўвядзення аднайменнай спецыяльнасці ў нас была адпаведная спецыялізацыя, якая не дазваляла даваць асобную кваліфікацыю. У дыпломе запісвалася такая ж кваліфікацыя, як для ўсіх выпускнікоў геаграфічнага факультэта — “географ, выкладчык”. Калі нашы выпускнікі ішлі праца­ваць у адпаведныя арганізацыі, яны сутыкаліся з праблемамі. У выніку нашых спецыялістаў прымалі на работу, выкарыстоўваючы дадаткі з дыпломаў. Там пазначаліся спецыялізаваныя дысцыпліны па картаграфіі, а таксама тэматыка курсавых работ, дыпломнай работы. Выпускнікам трэба было даказваць, што яны праходзілі падрыхтоўку па спецыялізацыі “картаграфія”, вывучалі спецыялізаваныя дысцыпліны, па якіх здавалі экзамены. Гэта дапамагала ўладкавацца на работу”.

Кафедра геадэзіі і картаграфіі падтрымлівае актыўнае супрацоўніцтва з тымі арганізацыямі, якія ў перспектыве прадастаў­ляюць выпускнікам факультэта рабочыя месцы.

“Партнёрамі кафедры з’яўляюцца 4 буйныя дзяржаўныя прадпрыемствы, 3 з якіх уваходзяць у склад Дзяржаўнага камітэта па маёмасці, — тлумачыць Аляксандр Раманкевіч. — Гэта дзяржаўнае прадпрыемства “Белгеадэзія”, РУП “Белкартаграфія” і дзяржаўнае прадпрыемства “БелПСХАГІ”.  Яшчэ адным важным заказчыкам кадраў з’яўляецца 31-ы навігацыйна-тапаграфічны цэнтр Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, які ажыццяўляе работу як картаграфічнага, так і геадэзічнага кірунку. З усімі гэтымі арганізацыямі ў нас падпісаны дагаворы па падрыхтоўцы спецыялістаў”.

Работа картографаў і геадэзістаў з’яўляецца неабходнай не толькі для кадастравай ацэнкі земляў і на будаўніцтве. Спецыялісты па рабоце з картамі і дакладнымі вымярэннямі неабходны ў Міністэрстве архітэктуры і будаўніцтва, у метрапалітэне, у сельскай гаспадарцы.

“У мінулым годзе адзін з нашых студэнтаў праходзіў практыку ў метрабудаванні, куды пасля і размеркаваўся маркшэйдарам, — працягвае загадчык кафедры. — У будаўнічай сферы нашых выпускнікоў мала”.

Што тычыцца размеркавання, то сёлета першыя рабочыя месцы атрымаюць 9 космааэракартографаў, якіх студэнты з іншых спецыяльнасцей называюць паміж сабой касманаўтамі.

“У гэтым і ёсць наша асаблівасць, мы рыхтуем штучных спецыялістаў, — працягвае Аляксандр Пятровіч. — Прычым вучацца яны ўсё яшчэ на працягу 5 гадоў. Але з верасня 2018 года студэнты цяперашняга 1 курса займаюцца па чатырохгадовым вучэбным плане”.

Вучоба і спадарожнікі

Гучная назва спецыяльнасці — “Космаэракартаграфія” — прыцягвае многіх абітурыентаў, таму і конкурс на яе заўсёды высокі. Не прападае ў маладых людзей цікавасць да будучай прафесіі і ў перыяд навучання. Дзякуючы сучаснаму абсталяванню і добрай матэрыяльна-тэхнічнай базе, студэнты разам з выкладчыкамі праводзяць высокадакладныя геадэзічныя вымярэнні, а таксама атрымліваюць здымкі, якія даюць магчымасць паглыбіцца ў прафесію. Для таго каб навучанне адбывалася на высокім узроўні, кафедра геадэзіі і картаграфіі праводзіць тэндары па закупцы сучаснага спадарожнікавага і геадэзічнага абсталявання, якое дае магчы­масць атрымліваць наземную інфармацыю, і сучаснага праграмнага забеспячэння, якое з вялікай дакладнасцю дазваляе апрацоўваць і вывучаць атрыманыя здымкі.

“Падчас вучобы па спецыяльнасці студэнты займаюцца вывучэннем здымкаў, атрыманых з космасу, — кажа Аляксандр Раманкевіч. — Інфармацыю, якую атрымліваем дзякуючы здымкам, апрацоўваем. У нас заключана дамоўленасць з унітарным прадпрыемствам “Геаінфармацыйныя сістэмы”, якое першым атрымлівае інфармацыю з беларускага касмічнага апарата. Тыя даныя, якія нас цікавяць, УП ГІС дасылае па спецыяльным канале. Акрамя гэтага, атрымліваем і аэракасмічныя здымкі. Дарэчы, інфармацыю наконт месцазнаходжання, якую вы атрымліваеце дзякуючы тэлефонам, мы атрымліваем напрамую са спадарожнікаў. Кожны, хто карыстаецца мабільнай сувяззю, уключае функцыю, якая вызначае пункты месцазнаходжання. Дарэчы, інфармацыю, якую бачыце на экранах тэлефонаў, атрымліваеце дзякуючы расійскай спадарожнікавай сістэме навігацыі ГЛАНАС і амерыканскай GPS, спадарожнікі якіх выведзены на арбіты планеты. Акрамя гэтага, сёння пачынае дзейнічаць Galileo — сумесны праект спадарожнікавай сістэмы навігацыі ЕС і Еўрапейскага касмічнага агенцтва, які з’яўляецца часткай транспартнага праекта “Трансеўрапейскія сеткі”. Зразумела, сістэма прызначана для вырашэння геадэзічных і навігацыйных праграм. Спадарожнікі GPS і ГЛАНАС выведзены на арбіты на адлегласці больш як 20 000 кіламетраў, у той час як у беларускага касмічнага апарата вышыня арбіты складае каля 500 кіламетраў. Кожны са спадарожнікаў, пра якія я ўзгадаў, па спецыяльным канале падаюць пэўны сігнал. Тэлефоны, якімі мы карыстаемся, улоўліваюць гэтую інфармацыю. А мы, дзякуючы набытай сучаснай апаратуры, атрымліваем інфармацыю па месцазнаходжанні на Зямлі з дакладнасцю да міліметра. Касмічную інфармацыю атрымліваем па здымках ад тых арганізацый, якія займаюцца аэраздымкай на дзяржаўным узроўні”.

Дарэчы, яшчэ адным важным прыстасаваннем, якое дазваляе студэнтам на больш высокім узроўні займацца картаграфіяй, з’яўляецца гексакоптар. Яго кафедра набыла год назад. У гексакоптары ёсць не проста звычайная камера, якая фатаграфуе, але і мультыспектральная камера, якая дапамагае атрымліваць інфармацыю ў 4 зонах спектра.

“Напрыклад, можам атрымліваць інфармацыю па распазнаванні здымкаў у зоне спектра на розных стадыях вегетацыі сельскагаспадарчых пасеваў, — тлумачыць механізм работы гексакоптара Аляксандр Пятровіч. — Тыя культуры, якія ўсходзяць на палях, на здымку будуць вызначацца адным колерам, а культуры, якія ўжо выраслі, будуць адлюстраваны ў мультыспектральным рэжыме па-іншаму. Безумоўна, нам яшчэ многаму трэба вучыцца, але работа, якая вядзецца ў гэтым кірунку, заслугоўвае ўвагі. Здымка, якую вядзём, афіцыйна дазволена. Генеральны штаб Міністэрства абароны дае дазвол на палёты і вызначае зоны, дзе можам лятаць. Для таго каб работа па апрацоўцы фота была яшчэ больш якаснай, кафедры не хапае моцнай камп’ютарнай базы. Сёння нам дапамагаюць партнёры, дзякуючы якім узровень інфармацыі, здымкаў, якія маем, трэба лічыць здавальняючым. Дарэчы, 1 кастрычніка нашай кафедры споўніцца 50 гадоў. У сувязі з гэтым чакаем ад спонсараў у падарунак моцны камп’ютар для высакаякаснай апрацоўкі здымкаў. Увогуле, на геаграфічным факультэце добрыя камп’ютарныя класы. Але трэба разумець, што свет, навука развіваецца. І для таго каб адпавядаць сучасным патрабаванням і паспяваць за тэхналогіямі, матэрыяльна-тэхнічная база час ад часу таксама павінна абнаўляцца. З улікам таго, што нашы студэнты і супрацоўнікі апрацоўваюць вялікі аб’ём інфармацыі, проста неабходна, каб тэхніка была моцнай.

Гурток па інтарэсах

Для забеспячэння вучэбнага працэсу на геаграфічным факультэце БДУ абсталяваны кабінет аэракасмічных метадаў даследаванняў, у якім праводзяцца лабараторныя і практычныя заняткі па дыстанцыйным зан­дзіраванні прыроднага асяроддзя, тэматычнага дэшыфравання, дыстанцыйнага маніторынгу геасістэм, касмічнага землязнаўства і інш. Дзейсным інструментам, які дапамагае адкласці веды ў галаве, з’яўляецца вучэбная практыка. На 1 курсе студэнты прахо­дзяць тапаграфічную, глебавую, геалагічную, а таксама метэаралагічную практыку. На 2-м пералік пашыраецца, навучэнцы займаюцца геабатанікай, геадэзіяй, геамарфалагічнымі, гідралагічнымі кірункамі. Дарэчы, практыка на 1 і 2 курсах праводзіцца на вучэбных палігонах геаграфічнай станцыі “Заходняя Бярэзіна” ў Валожынскім раёне, дзе створаны неабходныя ўмовы для выканання палявых даследаванняў.

“На 3 і 4 курсах студэнты праходзяць вытворчую практыку ў профільных (базавых) прадпрыемствах і арганізацыях — картаграфічную і дыстанцыйнага маніторынгу адпаведна, — расказвае аб працэсе навучання студэнтаў загадчык кафедры. — На 5 курсе, безумоўна, праводзіцца пераддыпломная практыка. Дарэчы, у мэтах ажыццяўлення эфектыўнага супрацоўніцтва па напрамках, звязаных з навуковай, вытворчай, інавацыйнай дзейнасцю, а таксама для павышэння ўзроўню падрыхтоўкі студэнтаў картографа-геадэзічнага профілю і іх адаптацыі ў працэсе навучання да пэўных вытворчых умоў, у 2015 годзе быў адкрыты філіял кафедраў БДУ і Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта на базе РУП “Белгеадэзія”.

Падчас праходжання вытворчай і пераддыпломнай практыкі студэнты прымаюць удзел у выкананні вытворчых работ базавых прадпрыемстваў картографа-геадэзічнага кі­рунку, такіх як стварэнне ці абнаўленне тапаграфічных карт і дзяржаўных навігацыйных карт, выкананне фотаграмметрычнай і картаскладальнай работы з выкарыстаннем касмічнай інфармацыі, атрыманай з Беларускага касмічнага спадарожніка.

Вялікае значэнне на кафедры надаецца навукова-даследчай рабоце, і студэнты-картографы актыўна ёй займаюцца. Асноўнымі напрамкамі дзейнасці студэнцкага навуковага гуртка кафедры геадэзіі і картаграфіі з’яўляюцца арганізацыя навукова-даследчай работы і актыўнае прыцягненне студэнтаў малодшых курсаў да правядзення даследаванняў, а таксама актывізацыя ўдзелу студэнтаў у праграмах міжнародных акадэмічных абменаў.

“Студэнтамі і магістрантамі спецыяльнасці “Космааэракартаграфія” атрымана 11 грантаў на выкананне навуковых даследаванняў, у тым ліку 6 замежных грантаў ва ўніверсітэтах Германіі, Францыі, Іспаніі, Славакіі, Польшчы і Расіі, — пералічвае дасягненні сваіх студэнтаў Аляксандр Раманкевіч. — У 2014 годзе група студэнтаў у скла­дзе 11 чалавек пад кіраўніцтвам выкладчыка кафедры ў рамках гранта Нямецкай службы акадэмічных абменаў (DAAD) азнаёміліся з дзейнасцю і вывучылі вопыт правядзення навуковых даследаванняў вядучых арганізацый і ўніверсітэтаў картографа-геадэзічнага профілю Германіі. Нашы студэнты пастаянна прымаюць удзел у рэспубліканскіх конкурсах навуковых работ, форумах, семінарах, выставах, дзе часта займаюць прызавыя месцы і адзначаюцца дыпломамі”.

Калі задумацца, спецыяльнасці, якія прапаноўвае геаграфічны факультэт, не толькі вельмі цікавыя, але і сацыяльна неабходныя. Сістэма дакладных вымярэнняў і вызначэння каардынат дапамагае не толькі ў архітэктуры і будаўніцтве, яна часта выкарыстоўваецца падчас пошуку людзей. Часам толькі дакладнае вызначэнне месцазнаходжання дэзарыентаванага ў прасторы чалавека з’яўляецца адным з нямногіх метадаў, здольных выратаваць жыццё.

Наталля САХНО.