Хваробы школьнага буфета

У краіне на абарону інтарэсаў дзіцяці накіраваны не адзін заканадаўчы акт. Акрамя тых правоў, якія з’яўляюцца прыярытэтнымі і даюць магчымасць дзецям развівацца, важнае значэнне для паўнавартаснага жыцця дзіцяці мае правільна арганізаванае харчаванне. Менавіта ад яго ў многім залежыць здароўе малышоў. 

Пра тое, як у краіне ажыццяўляецца кантроль за харчаваннем непаўналетніх, якую прадукцыю дазволена прадаваць у школьных буфетах і ці могуць бацькі кантраляваць тое, як у сталовых гатуюць абеды для школьнікаў, расказала загадчык аддзела гігіены Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Кацярына Уладзіміраўна СУХАВЕР.

— Кацярына Уладзіміраўна, якімі заканадаўчымі актамі ў краіне рэгулюецца правільнасць харчавання дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту?

— Тое, наколькі правільна кормяць дзяцей, кантралюецца Палажэннем аб арганізацыі харчавання навучэнцаў, якія атрымліваюць агульную сярэднюю адукацыю, спецыяльную адукацыю на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі. Палажэнне зацверджана пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 21 лютага 2005 года № 177; пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 27 красавіка 2013 года № 317 “Аб нормах харчавання і грашовых нормах выдаткаў на харчаванне навучэнцаў, а таксама ўдзельнікаў адукацыйных мерапрыемстваў з ліку асоб, якія вучацца ва ўстановах адукацыі”, а таксама Санітарнымі нормамі і правіламі “Патрабаванні для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі”, зацверджанымі пастановай Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь 27 снежня 2012 года № 206, і г.д.

Зразумела, сярод мноства фактараў, якія маюць вялікае значэнне для фарміравання, захавання і ўмацавання здароўя дзяцей і падлеткаў, найважнейшая роля адводзіцца харчаванню. Якасць харчавання з’яўляецца вызначальнай у фарміраванні дзіцячага здароўя, дапамагае забяспечыць нармальны рост і развіццё, спрыяе прафілактыцы захворванняў і стварае ўмовы для своечасовай адаптацыі да навакольнага асяроддзя. Устаноўлена, што характар харчавання ў раннім дзяцінстве вызначае далейшы стан здароўя чалавека, бо менавіта ў гэтым узросце фарміруецца пэўны стэрэатып харчавання і закладваюцца тыпалагічныя асаблівасці метабалізму дарослага.

Рацыянальнае харчаванне — гэта паўнавартаснае харчаванне з улікам узросту, энергазатрат і іншых фактараў. Асноўнымі прыкметамі рацыянальнага харчавання з’яўляюцца адпаведнасць энергетычнай каштоўнасці рацыёну энергазатратам арганізма; задавальненне фізіялагічных патрэб арганізма ў асноўных харчовых рэчывах у пэўных колькасцях і суадносінах; захаванне аптымальнага рэжыму харчавання, які спрыяе найлепшаму засваенню ежы.

Прыкладныя двухтыднёвыя рацыёны харчавання распрацоўваюцца дыферэнцыравана па ўзросце вучняў (6—10 гадоў, 11—13 гадоў, 14—17 гадоў) на падставе норм спажывання харчовых рэчываў і энергіі для дзяцей згодна з Санітарнымі нормамі і правіламі.

У прыкладных двухтыднёвых рацыёнах харчавання навучэнцаў, якія атрымліваюць 2—5-разовае харчаванне, харчовыя прадукты, такія як малако і кісламалочныя напіткі, алей і сметанковае масла, цукар, мяса (птушка), хлеб, крупы, агародніна, свежая садавіна ці сокі (нектары), павінны ўваходзіць у рацыён штодня з дапушчальным адхіленнем ± 10% ад норм харчавання, іншыя харчовыя прадукты (рыба, яйкі, сыр, тварог, смятана) — 2—3 разы на тыдзень. Пры гэтым нормы харчавання па выніках месяца павінны быць выкананы з дапушчальным адхіленнем ± 10% пры ўмове выканання фізіялагічнай нормы спажывання харчовых рэчываў і энергіі.

— 5 гадоў назад умовы дзейнасці школьных сталовых і буфетаў былі зменены. Якая прадукцыя за апошнія гады была абмежавана або цалкам знікла са школьных буфетаў?

— Змены тычыліся найперш асартыменту. Патрабаванні да асартыментнага пераліку прадукцыі буфетаў і сталовых заўсёды былі адзі­ныя. А некалькі гадоў назад зрабілі акцэнт на гэтым раздзеле, але ўсё было зроблена ў рамках рэкамендуемага асартыменту ў адпаведнасці з патрабаваннямі Санітарных норм і правіл “Патрабаванні для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі”, зацверджаных пастановай Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь 27 снежня 2012 года № 206 “Прыкладны пералік прадукцыі, якая рэалізуецца ў буфеце ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі”. Прыкладны пералік буфетнай прадукцыі можа быць скарочаны або пашыраны з улікам наяўных умоў для захоўвання і рэалізацыі прадукцыі ў кожнай канкрэтнай установе адукацыі.

— Якому віду прадукцыі ў школьных буфетах сёння аддаецца перавага?

— Перавага, зразумела, аддаецца карысным відам ежы. Гэта сокі, нектары пладовыя (з садавіны) і агароднінныя з утрыманнем сокавых рэчываў не менш за 50% у прамысловай (парцыённай) упакоўцы дробнай фасоўкі (150—200 мл). Сюды ж адносяцца свежыя садавіна і салаты з агародніны, малочныя і кісламалочныя напіткі (кефір, ражанка, сыроватка, біяёгурты), у тым ліку ўзбагачаныя макра- і мікранутрыентамі ў прамысловай (парцыённай) упакоўцы і г.д.

— Вельмі важная роля ў працэсе арганізацыі харчавання ўскла­дзена на харчаблокі, іх работнікаў. Ці можа баць­коўскі камітэт прыхо­дзіць і цікавіцца, як і з чаго гатуюць абеды для дзяцей?

— Безумоўна, кожны з бацькоў мае права азнаёміцца з рацыёнам харчавання свайго дзіцяці. Гэтая інфармацыя заўсёды знаходзіцца ў сталовай з указаннем наймення стравы, вагі порцыі. Таксама Санітарнымі нормамі і правіламі “Патрабаванні для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі”, зацверджанымі пастановай Міністэрст­ва аховы здароўя № 206, прадугледжана ўзгадненне з баць­коўскім камітэтам, калі з рацыёну абедаў, за выключэннем санаторных школ-інтэрнатаў і інтэрнатаў устаноў адукацыі, могуць выключацца супы (поўнасцю або ў асобныя дні).

— Два гады назад пасля публікацыі даклада Сусветнай арганізацыі аховы здароўя пра шкоду мяса для чалавека ў Мінску маладая мама склала петыцыю, якая абмежавала б нормы спажывання дзецьмі мясной і каўбаснай прадукцыі, у прыватнасці, сасісак і каўбасы. Як часта можна дзецям даваць гэтыя прадукты? Хто і як кантралюе якасць сасісак і каўбасы, якія паступаюць у сады, школы?

— Адразу заўважу, што каўбасныя вырабы — гэта прадукты, вырабленыя з мяснога фаршу, субпрадуктаў, тлушчу, спецый, падвергнутыя цеплавой апрацоўцы і даведзеныя да поўнай гатоўнасці ўжывання. У адпаведнасці з патрабаваннямі Санітарных норм і правіл “Патрабаванні для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі”, ва ўстановах адукацыі каўбаса і сасіскі вараныя выкарыстоўваюцца вышэйшага і першага гатункаў не больш за 2 разы ў тыдзень, пры аднаразовым прыёме ежы — не больш за 1 раз на тыдзень.

— Як арганізаваны наглядныя мерапрыемствы за арганізацыяй і якасцю харчавання ва ўстановах адукацыі?

— Наглядная дзейнасць будуецца ў адпаведнасці з патрабаваннямі Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 16 кастрычніка 2009 года № 510 “Аб удасканаленні кантрольнай (нагляднай) дзейнасці” ў выглядзе выбарачных праверак, пазапланавых праверак, мерапрыемстваў тэхнічнага (тэхналагічнага, праверачнага) характару, а таксама мер прафілактычнага і папераджальнага характару (маніторынгу). Акрамя гэтага, у мэтах выканання распараджэння Мінскага абласнога выканаўчага камітэта ад 24.11.2017 № 288р у Мінскай вобласці арганізавана работа міжведамасных груп па кантролі за арганізацыяй харчавання, у якія ўключаны не толькі спецыялісты санітарна-эпідэміялагічнай службы, а таксама спецыялісты ўпраўленняў (аддзелаў) адукацыі, фінансавых службаў, лячэбнай сеткі і г.д. Таксама ў кожнай установе адукацыі распрацаваны праграмы вытворчага лабараторнага кантролю, на падставе якіх 1 раз у 6 месяцаў праводзіцца ацэнка на паказчыкі гатовых страў.

— У апошні час многія бацькі скардзяцца на распаўсюджанасць захворванняў органаў стрававання ў дзяцей. І вінавацяць у гэтым перш за ўсё школьныя буфеты, сістэму арганізацыі харчавання ў сталовых. Ці заўсёды, на ваш погляд, такія абвінавачанні апраўданыя? Як павінна быць пабудавана культура харчавання, каб зберагчы дзяцей ад гастрыту і спадарожных захворванняў?

— Абвінаваціць кагосьці заўсёды прасцей, чым прааналізаваць, а што ты сам робіш не так. Харчаванне навучэнцаў ва ўстановах адукацыі зберагальнае па хімічным складзе і спосабах гатавання: выкарыстоўваюцца дыетычныя яйкі, нятлустае мяса; кандытарскія вырабы, багатыя пекцінам (зефір, мармелад, джэм); для гатавання страў прымяняецца ёдаваная соль; у рацыёны харчавання не ўключаюцца аднайменныя стравы на працягу двух дзён запар, а таксама прадукты з вострым смакам (гарчыца, хрэн, перац чырвоны і чорны, воцат). У рэцэптурах страў воцат замяняецца лімонам. Замест вострых прыправаў выкарыстоўваюцца смакавыя прыправы: пятрушка, сельдэрэй, кроп, цыбуля, часнок, карыца, ванілін. З тлушчаў выкарыстоўваюцца сметанковае масла і раслінныя алеі. Для гатавання страў выкарыстоўваюцца пераважна такія спосабы кулінарнай апрацоўкі, як варэнне, тушэнне, запяканне, гатаванне на пары.

На мой погляд, гэтымі правіламі павінны карыстацца бацькі і дома. Часта мы бачым, што дзеці не ўмеюць есці салаты, гуляш, кашы, стравы з сечанага мяса (шніцаль, біточкі, тэфтэлі і г.д.), таму што дома яны прывыклі есці сасіскі і каўбасу. Бацькі павінны разумець, што асаблівае месца ў харчаванні дзіцяці займаюць харчовыя рэчывы. Напрыклад, бялкі з’яўляюцца асноўнымі структурнымі элементамі клетак і тканак арганізма, прымаюць актыўны ўдзел у выпрацоўцы імунітэту, эрытрацытаў і гемаглабіну, удзельнічаюць у стварэнні ферментаў і гармонаў. Крыніцай бялкоў з’яўляюцца прадукты жывёльнага і расліннага паходжання. Пры падборы прадуктаў для дзіцячага харчавання неабходна, каб дзеці атрымлівалі паўнавартасныя жывёльныя бялкі (мяса, рыба, яйкі, малочныя прадукты). З раслінных прадуктаў біялагічна каштоўныя бялкі ўтрымліваюцца ў арэхах, бульбе, аўсяных і грэцкіх крупах. Багатыя бялком прадукты павінны давацца дзецям пераважна ў першай палове дня.

Тлушчы служаць дзіцяці не толькі крыніцай энергіі, але і адыгрываюць важную ролю ў працэсах фарміравання імунітэту, а таксама з’яўляюцца носьбітам тлушчарастваральных вітамінаў А, Е, Д, К. Вялікае значэнне ў харчаванні дзяцей мае якасць тлушчаў. Асаблівую ўвагу неабходна ўдзяляць тлушчам, якія змяшчаюць поліненасычаныя тлустыя кіслоты — лінолевую,  арахідонавую і інш. Гэтыя тлустыя кіслоты валодаюць выключнай біялагічнай каштоўнасцю, але ў арганізме дзіцяці не сінтэзуюцца (за выключэннем арахідонавай), таму абавязкова павінны паступаць з ежай. Найбольшая колькасць поліненасычаных тлустых кіслот змяшчаецца ў раслінных тлушчах (алеях). Тлушчы жывёльнага паходжання ў рацыёне дзіцяці павінны скла­даць прыкладна 70—80% ад усёй сутачнай колькасці тлушчаў, астатняе варта папаўняць за кошт раслінных алеяў.

Вугляводы з’яўляюцца асноўнай і лёгказасваяльнай крыніцай энергіі. Яны ўваходзяць у склад клетачных мембран і злучальнай тканкі, дапамагаюць арганізму засвойваць бялкі і тлушчы. Пры складанні рацыёну варта прымаць да ўвагі, што за кошт вугляводаў павінна пакрывацца каля 55% сутачнай каларыйнай патрэбы дзіцяці. Засваяльнасць вугляводаў дасягае 96%.

Важным складнікам харчавання дзяцей з’яўляюцца вітаміны — група біялагічна актыўных арганічных рэчываў, якія, як правіла, не сінтэзуюцца ў арганізме ці сінтэзуюцца ў невялікіх колькасцях і павінны паступаць з ежай. Вітаміны з’яўляюцца рэгулятарамі абменных працэсаў у арганізме, уплываюць на рост і развіццё, удзельнічаюць у працэсах крывятварэння, акісляльных рэакцыях, спрыяюць павышэнню супраціўляльнасці дзіцяці да захворванняў.

Прадумваючы сутачны рацыён дзіцяці дома, неабходна пачынаць з абеду, у склад якога павінна ўваходзіць максімальная колькасць мяса, птушкі або рыбы, а таксама значная частка алею і агародніны. Пакінутыя прадукты размяркоўваюць паміж снеданнем, падвячоркам і вячэрай. Пры гэтым неабходна сачыць за разнастайнасцю харчавання, не дапускаць паўтарэння адной і той жа стравы на працягу не толькі аднаго, але і найбліжэйшых дзён. Для дзяцей любога ўзросту карыснымі з’яўляюцца кісламалочныя прадукты, якія аказваюць спрыяльнае дзеянне на працэсы стрававання і склад мікрафлоры кішэчніка, а таксама прадухіляюць развіццё захворванняў страўнікава-кішачнага тракту.

Таксама ва ўстановах адукацыі для асобных навучэнцаў у адпаведнасці з заключэннем урача-педыятра арганізуецца лячэбнае (дыетычнае) харчаванне. Для навучэнцаў, якія атрымліваюць такое харчаванне, дапускаецца адхіленне ад норм харчавання па асобных харчовых прадуктах з улікам іх замены ў адпаведнасці з рэкамендацыямі ўрача-педыятра. Звесткі аб навучэнцах, якія маюць патрэбу ў лячэбным (дыетычным) харчаванні, падаюцца медыцынскім работнікам у харчаблок установы адукацыі па меры паступлення ў гэтую ўстанову адукацыі навучэнцаў, якія маюць патрэбу ў лячэбным (дыетычным) харчаванні.

— Кацярына Уладзіміраўна, ці часта да вас звяртаюцца мамы, якія не задаволены якасцю харчавання ў школах, дзіцячых садах?

— Безумоўна, звароты, звязаныя з прэтэнзіямі на якас ць харчавання, ёсць, але іх не многа і, як правіла, яны не пацвярджаюцца. Незадаволенасць — гэта суб’ектыўны фактар. Санітарна-эпідэміялагічная служба праводзіць разгляд зваротаў з выхадам на месца і вывучае ўсю сітуацыю, пачынаючы з паступлення прадуктаў харчавання ў навучальную ўстанову і заканчваючы яе рэалізацыяй навучэнцам. Не застаецца без увагі тэхналогія гатавання страў і нават знешні выгляд работнікаў харчаблока.

Тым не менш, гаворачы пра сістэму арганізацыі харчавання дзяцей, варта разумець, што культура харчавання павінна прывівацца дома, у сям’і. Калі бацькі будуць з дзяцінства ву­чыць малышоў правільна харчавацца, у будучыні дзеці змогуць пазбегнуць шматлікіх праблем са здароўем.

Гутарыла Наталля САХНО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.