Без антыбіётыкаў і гармонаў

Як у акадэміі навук ствараюць прадукты для дзяцей

Якасць і бяспека — гэта галоўныя характарыстыкі, якім павінна адпавядаць дзіцячае харчаванне. Сярод асартыменту, а ён пастаянна пашыраецца, бацькі заўсёды будуць шукаць тыя прадукты, што маюць не толькі больш натуральны склад, але і дабратворна ўплываюць на здароўе, умацоўваюць імунітэт. Распрацоўкай такіх прадуктаў займаюцца ў Нацыянальнай акадэміі навук. Сёння доследна-тэхналагічныя ўчасткі Навукова-практычнага цэнтра па харчаванні НАН займаюцца як выпускам гатовых прадуктаў і паўфабрыкатаў, так і вытворчасцю спецыялізаванай прадукцыі.

Больш падрабязней аб тым, якім прадуктам варта аддаваць перавагу, калі дома ёсць дзеці, расказала намеснік генеральнага дырэктара Навукова-практычнага цэнтра Нацыянальнай акадэміі навук па харчаванні Алена Міхайлаўна МАРГУНОВА.

— Алена Міхайлаўна, распрацоўкай якіх функцыянальных прадуктаў харчавання, прызначаных для дзяцей, сёння займаецца Навукова-практычны цэнтр па харчаванні?

— Безумоўна, у першую чаргу мы робім акцэнт на распрацоўку новых функцыянальных прадуктаў харчавання для дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту. Таксама займаемся распрацоўкай спецыялізаваных прадуктаў для тых, хто пакутуе на шматлікія захворванні, у тым ліку на фенілкетанурыю, цэліякію, цукровы дыябет. У дадатак да гэтага, спрабуем пры дапамозе сваіх распрацовак дапамагчы дзецям вырашыць праблемы з атлусценнем. 

За апошнія тры гады наш цэнтр для сістэмы дашкольнага і школьнага харчавання распрацаваў больш чым 50 найменняў функцыянальных прадуктаў харчавання. Увогуле, функцыянальныя прадукты — гэта тыя прадукты, якія ўздзейнічаюць на пэўныя органы чалавека і тым самым павышаюць яго жыццёвыя сілы, абаронныя функцыі арганізма. Безумоўна, гэта дапамагае абараняцца ад неінфекцыйных захворванняў. Напрыклад, такімі прадуктамі з’яўляюцца жавальны мармелад з дабаўленнем вітамінаў для харчавання дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту, чайныя напіткі, сухія снеданні з дабаўленнем клятчаткі, кісель, кукурузныя палачкі, какава, сокі і нектары, багатыя на інулін, і інш. Усе гэтыя прадукты могуць знайсці і заняць сваё месца ў школьных буфетах і ў рацыёне дашкольнікаў.

Акрамя гэтага, наш цэнтр з’яўляецца ініцыятырам шэрага мерапрыемстваў, якія накіраваны на папулярызацыю здаровага дзіцячага харчавання. Апошняе, што праходзіла на базе Цэнтра па харчаванні, гэта круглы стол па тэме “Школьнае харчаванне: стан і перспектывы”. Па выніках мерапрыемства з мэтай умацавання здароўя школьнікаў, зніжэння колькасці неінфекцыйных захворванняў, звязаных з харчаваннем, было прапанавана аб’яднасць намаганні і распрацаваць ком­плекс мер па ўкараненні ва ўстановах адукацыі праекта адкарэкціраваных норм харчавання навучэнцаў. У яго будуць закладзены нормы харчавання па зніжэнні закладкі цукру на 20—25% і солі на 30—35%. Сёння праект знаходзіцца на ўзгадненні ў Міністэрстве аховы здароўя.

— Наколькі важна ўключаць у рацыён школьнікаў і дашкольнікаў спецыялізаваныя прадукты? Якія катэгорыі дзяцей у першую чаргу маюць у гэтым патрэбу?

— У рацыёны харчавання і грашовыя нормы расходаў на харчаванне навучэнцаў неабходна ўключыць спецыялізаваныя прадукты харчавання. Для гэтага трэба ўнесці змены ў пастанову № 317 “Аб нормах удзельнікаў адукацыйных мерапрыемстваў з ліку асоб, якія вучацца ва ўстановах адукацыі”. Сёння, дзякуючы выкананню шматлікіх праграм, якія тычацца дзіцячага харчавання, на доследна-тэхналагічным участку Цэнтра па харчаванні ў Мар’інай  Горцы наладжана вытворчасць прадуктаў для хворых на фенілкетанурыю. Вытворчасць вядзецца з выкананнем усіх санітарных і гігіенічных норм. Так, для дзяцей вырабляюцца кашы хуткага гатавання, сумесі для выпечкі кексаў і пячэння, макарона, кукурузныя і грэцкія крупы, сумесі для бульбянога пюрэ і клёцак і сухога малочнага прадукту з паніжаным утрыманнем бялку. Вытворчасць гэтых прадуткаў адкрыта месяц назад. І мы ўжо атрымалі згоду Міністэрства аховы здароўя на тое, што згаданая прадукцыя можа прымяняцца ў дзіцячым харчаванні, а значыць, яе можна выкарыстоўваць па назначэнні для той катэгорыі асоб, якая мае ў гэтым па­трэбу.

Таксама мы цесна супрацоўнічаем з таварыствамі па абароне правоў спажыўцоў і Беларускім рэспубліканскім грамадскім аб’яднаннем дапамогі дзецям, якія хварэ­юць на фенілкетанурыю, “Будучыня без меж”. Менавіта разам з імі праводзілі шэраг дэгустацыйных мерапрыемстваў. Прадукцыя, якую выпусцілі, атрымала шмат станоўчых водгукаў. Але самае важнае, што яна вельмі падабаецца дзецям. Што тычыцца кошту, нашы прадукты ў 2—2,5 разу таннейшыя, чым імпартныя аналагі.

— Год назад у Цэнтры па харчаванні пачала працаваць навукова-даследчая лабараторыя. Вывучэннем якіх праблем, звязаных са здароўем дзяцей, займаюцца яе спецыялісты?

— На працягу года, пакуль у Цэнтры па харчаванні фунцыянуе навукова-даследчая лабараторыя, яе спецыялісты працуюць па некалькіх кірунках. Так, асноўным кірункам дзейнасці з’яўляецца распрацоўка і стварэнне функцыянальнай і спецыялізаванай прадукцыі, а таксама правядзенне клінічных даследаванняў па ацэнцы эфектыўнасці гэтых прадуктаў харчавання. Што тычыцца матэрыяльнага аснашчэння лабараторыі, яно дазваляе праводзіць аналіз цела чалавека падчас даследаванняў. Таксама адпаведнае абсталяванне выкарыстоўваецца для ацэнкі рэалізацыі змянення рацыёну харчавання дзяцей. Акрамя гэтага, у нас можна праводзіць ацэнку функцыянальнага стану арганізма, якая дазваляе вызначыць рэзервовыя магчымасці арганізма і ў дынаміцы ажыццяўляць кантроль падчас падбору індывідуальнай дыеты, а таксама вызначаць біялагічны ўзрост чалавека.

Дарэчы, адным з кірункаў дзейнасці цэнтра з’яў­ляецца распрацоўка сістэмы харчавання для тых дзяцей, якія маюць лішнюю вагу. Сёння спецыялісты працуюць над арганізацыяй харчавання, якой можна будзе карыстацца ў дамашніх умовах дзецям з атлусценнем. Яшчэ адна мэта распрацовак, якія ствараем, — сабрац­ь для бацькоў метадычныя рэкамендацыі, што можна прымяняць у адносінах да дзяцей з дыябетам.

— Як адбываецца кантроль за якасцю сыравіны, якая прызначана для выпуску прадуктаў харчавання дзецям?

— Вытворчасць прадуктаў для дашкольнікаў і школьнікаў мае сваю спецыфіку. Гэта якраз тыя прадукты, да якіх прад’яўляюцца больш жорсткія санітарныя патрабаванні. Для іх вытворчасці патрабуецца старанны адбор і кантроль сыравіны, сабранай са спецыялізаваных зон. Такі кантроль дазваляе забяспечыць захаванне па­трабаванняў у адносінах непасрэдна да самой сыравіны. Таксама мы выкарыстоўваем тэхналогіі, якія дазваля­юць вырабляць прадукты згодна з адпаведнымі паказчыкамі якасці і бяспекі.

Увогуле, прымяненне якаснай і натуральнай сыравіны прыводзіць да таго, што прадукты маюць не вельмі нізкі сабекошт. Мы займаемся распрацоўкай прадуктаў, прызначаных для дашкольнага і школьнага харчавання. Перш чым пачаць іх выпуск, распрацоўваем адпаведныя стандарты на сыравіну. Напрыклад, нядаўна зрабілі стандарт на ялавічыну і цяляціну. Пасля таго як стандарт распрацаваны, згодна з ім адбываецца вытворчасць дзіцячых прадуктаў харчавання.

— Асартымент для дашкольнага і школьнага харчавання, што распрацаваны ў вашых лабараторыях, — які ён сёння?

— Асартымент для дашкольнага і школьнага харчавання сёння складаецца з гатовых вырабаў, да якіх можна аднесі вяндліну вараную і рубленую, каўбасу і сасіскі вараныя. Яны распрацаваны з мяса птушкі, а таксама з вяндліны і свініны.

Перавага гэтых прадуктаў у тым, што яны ўтрымліваюць каля 80% мясной сыравіны. Прычым сыравіна мае высокую якасць і вырашчана па прагрэсіўных тэхналогіях без прымянення стымулятараў, антыбіётыкаў і гарманальных прэпаратаў. Усе прадукты збалансаваны па ўтрыманні бялкоў і тлушчу, а таксама адпавяда­юць сутачным патрэбам дзяцей. Адрозненне нашых прадуктаў ад звычайных у тым, што яны маюць паніжаныя значэнні ўтры­мання солі і нітрыту натрыю, а таксама не ўтрымліваюць кансервантаў, стабілізатараў і ўзмацняльнікаў смаку. У іх няма фасфатаў, перцаў, цукру.

Акрамя гатовых вырабаў, інстытут распрацаваў паўфабрыкаты рубленыя. Да іх адносяцца шніцэлі, біточкі, фрыкадэлькі прамысловай вытворчасці. Яны выпускаюцца з маркіроўкамі, на якіх пазначана, што гэты від прадукцыі прызначаны для харчавання дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту.

Таксама выпрацоўваем паўфабрыкаты ў цесце: хінкалі, пельмені, якія таксама прымяняюцца для харчавання дзяцей.

Што тычыцца другога сегмента, малакаперапрацоўчай прамысловасці, у гэтым кірунку мы ўжо шмат чаго зрабілі, але спыняцца не плануем. Так, спецыялістамі цэнтра былі распрацаваны базавыя стандарты на малако, кефір, тварожныя пасты для харчавання школьнікаў і дашкольнікаў. Акрамя гэтага, існуе шмат функцыянальных прадуктаў, гэта значыць кісламалочных прадуктаў з прабіятычнымі культурамі. Іх ужыванне дазваляе нармалізаваць харчаванне дзяцей. Таксама іх можна выкарыстоўваць на фоне антыбіётыкатэрапіі ці калі ёсць праблемы са страўнікава-кішачным трактам.

Увогуле, наш цэнтр гатовы распрацаваць практычна любы прадукт для харчавання малышоў дашкольнага і школьнага ўзросту, у якім будуць мець патрэбу дзіцячыя калектывы.

— Выбіраючы той ці іншы прадукт, мамы перажываюць не толькі за яго якасць, але і асцерагаюцца алергічнага фактару. Хто і як правярае, ці не выкліча пэўны прадукт алергію ў дзяцей?

— Падчас распрацоўкі прадуктаў для дзіцячага харчавання выкарыстоўваюцца тыя сыравіна і харчовыя дабаўкі, якія дазволены да ўжывання ў дзіцячым калектыве Міністэрствам аховы здароўя. Пры распрацоўцы спецыялізаваных прадуктаў дзіцячага харчавання, у тым ліку гіпаалергенных, неабходна правядзенне фізіялагічных (на лабараторных жывёлах) выпрабаванняў у спецыялізаваных лабараторыях (напрыклад, у Інстытуце фізіялогіі НАН, Інстытуце фармакалогіі, РНПЦ гігіены і інш.). І, пры неабходнасці, клінічных выпрабаванняў ва ўстановах аховы здароўя.

— Як распрацоўваюцца стандарты на прадукты для дзіцячага харчавання і праводзіцца тэсціраванне ўжо гатовай прадукцыі?

— Патрабаванні да прадуктаў дзіцячага харчавання ўстанаўліваюцца дзеючымі тэхнічнымі рэгламентамі Мытнага саюза, санітарнымі нормамі, правіламі і гігіенічнымі нарматывамі, якія ўстанаўліваюць патрабаванні як да арганізацыі вытворчасці харчовых прадуктаў, так і да паказчыкаў якасці і бяспекі харчовай сыравіны і харчовых прадуктаў з улікам патрабаванняў да спажывання харчовых рэчываў і энергіі для дзяцей розных узроставых груп.

Што тычыцца новай прадукцыі для дзіцячага харчавання, то пры пастаноўцы на вытворчасць тэсціруюцца па паказчыках якасці і бяспекі ў адпаведнасці з патрабаваннямі дзеючага заканадаўства і тэхнічнага нарматыўна-прававога акта на вытворчасць гэтага віду прадукту (СТБ, ТУ, ДАСТ), на падставе вынікаў даследаванняў устанаўліваюцца тэрміны прыдатнасці і распрацоўваецца схема лабараторнага кантролю серыйнай прадукцыі.

— Алена Міхайлаўна, распрацоўку якіх новых прадуктаў для дзяцей плануецца наладзіць у перспектыве?

— Сёння нашы спецыялісты працуюць над распрацоўкай для харчавання дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту лінейкі мясных прадуктаў паніжанай каларыйнасці (вырабы каўбасныя вараныя, паўфабрыкаты) з выкарыстаннем перспектыўных відаў мясной сыравіны (мяса труса, мяса індычкі і інш.). Таксама плануем пашырыць асартымент за лік вытворчасці напіткаў малочных, узбагачаных натуральнымі пладова-агародніннымі і фруктовымі кампанентамі. Спадзяёмся, што наша прадукцыя прыйдзецца даспадобы дзеткам і іх бацькам і дапаможа малышам і школьнікам умацаваць і захаваць здароўе.

Гутарыла Наталля САХНО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.