Стаўка — на аднаўленчую медыяцыю

У барацьбе з правапарушэннямі падлеткаў прафілактыка, я ўпэўнена, самы дзейсны і самы правільны сродак.

А калі правапарушэнне ці нават злачынства адбылося? Адказнасць, адпаведнае пакаранне за крымінальны ўчынак? Так, але што далей? Галоўнае ж, каб не было рэцыдываў, каб падлетак або ўжо дарослы малады чалавек вярнуўся да нармальнага жыцця і не стаў злосным злачынцам.

У вучэбна-практычнай установе “Цэнтр “Медыяцыя і права” прапаноўваюць адзін з магчымых шляхоў вырашэння праблемы і з пачатку верасня для яго рэалізацыі пачалі новы праект.

Вучоба і практыка

Цэнтр быў створаны на платформе Беларускага рэспубліканскага саюза юрыстаў у 2010 годзе спачатку пад назвай “Цэнтр вырашэння канфліктаў”. Вучэбна-практычная ўстанова аб’ядноўвае прадстаўнікоў дзяржаўных органаў, судоў, адвакатуры, дзяржаўных універсі­тэтаў і недзяржаўных арганізацый. А што такое медыяцыя, лёгка даведацца, адкрыўшы сайт цэнтра, дзе ў “шапцы” адразу ж паведамляецца: “Вырашэнне канфліктаў без суда”. Яшчэ можна сказаць, што гэта арганізацыя перагавораў паміж двума бакамі, якія спрачаюцца з дапамогай нейтральнага пасрэдніка (медыятара).  

— Дзесяць гадоў назад мы працавалі з Вышэйшым гаспадарчым судом Беларусі, і нашай мэтай было ў нейкай ступені разгрузіць суды, — прыгадвае Ірына Уладзіміраўна Арлоўская, кіраўнік цэнтра “Медыяцыя і права”. — Працавалі, вучылі і да 2014 года прыйшлі да таго, што ў Рэспубліцы Беларусь уступіў у сілу закон “Аб медыяцыі”, тады ж быў зарэгістраваны цэнтр “Медыяцыя і права”.

Мая суразмоўніца дадае, што ўсе канфлікты, якія ўзнікаюць у школах, могуць быць урэгуляваны з дапамогай медыяцыі. Першае, з чым некалькі гадоў назад спецыялісты цэнтра прыйшлі ў школы, было жаданне дапамагаць дзецям вырашаць канфлікты паміж сабой, і асноўную стаўку рабілі на тое, што самі ж дзеці будуць іх вырашаць, стануць медыятарамі. Але ў школах ёсць канфлікты паміж настаўнікамі, настаўнікамі і дзецьмі, бацькамі і адміністрацыяй і інш. Таму сёння службы медыяцыі ў тых школах, дзе яны ёсць, складаюцца з навучаных медыятараў-школьнікаў і медыятараў-педагогаў. У далейшых планах цэнтра — уключыць у склад такіх службаў і бацькоў вучняў, тым больш што цікавасць да магчымасці вырашаць канфлікты з дапамогай медыятараў у мам і татаў вучняў ёсць.

Праект па школьнай медыяцыі супрацоўнікі цэнтра пачалі ў 2015 годзе, і ўсе медыятары, якія дзейнічаюць у школах сёння, вучыліся менавіта ў вучэбна-прак­тычным цэнтры — іх некалькі соцень. Зараз пра магчымасці такіх службаў даведаліся ў многіх установах адукацыі, з’явіўся запыт на іх стварэнне, таму цэнтр “Медыяцыя і права” сумесна з камітэтам па адукацыі Мінскага гарвыканкама і Мінскім гарадскім інстытутам развіцця адукацыі (з гэтымі арганізацыямі цэнтр супрацоўнічае з самага пачатку, а цяпер — і з Міністэрствам адукацыі) разглядае магчымасці развіцця ініцыятывы. Неабходна як навучанне новых медыятараў, так і пашырэнне сеткі службаў медыяцыі ў школах. Існуе праект інавацыйнай дзейнасці, зацверджаны загадам Міністэрства адукацыі, дзе прадугледжаны ўдзел каля 40 устаноў адукацыі Гомельскай, Гро­дзенскай, Віцебскай абласцей і Мінска.

Навучанне новых медыятараў партнёры плануюць ажыццяў­ляць на пляцоўках інстытутаў развіцця адукацыі падчас курсаў павышэння кваліфікацыі для педагогаў. А ў Мазыры вясной, калі ў разгары была эпідэмія каранавіруса, навучанне было арганізавана анлайн. У Мінску зараз свае службы медыяцыі маюць 11 устаноў адукацыі, у Гродне, дзе актыўна дзейнічае філіял цэнтра, іх крыху менш. Праводзіцца работа па адкрыцці філіялаў у Беларускім дзяржаўным універсітэце, у абласных цэнтрах Беларусі.

— Адметнасць школьнай медыяцыі ў Беларусі, асабліва калі параўноўваць з нашай суседкай — Расійскай Федэрацыяй, у абавязковасці знешняга куратарства, — заўважае Ірына Уладзіміраўна. — Часцей за ўсё школьнікі, якіх мы вучылі, не маюць пасведчанняў медыятараў, і важна падключаць да вырашэння канфлікту прафесійных медыятараў з нашага цэнтра, асабліва калі канфлікт выходзіць за рамкі школьнага, калі высвятляецца, напрыклад, што праблема ў разводзе бацькоў.

Не замест, а разам

Новы праект цэнтр “Медыяцыя і права” сумесна з адукацыйнай галіной пачаў якраз у пачатку новага навучальнага года. Праект разлічаны на тры месяцы і праводзіцца ў двух раёнах — Мінскім і Салігорскім. Ён тычыцца аднаўленчай медыяцыі, сітуацый, калі дзіця знаходзіцца ў канфлікце з законам.

— Працуючы над развіццём школьнай медыяцыі, мы выйшлі на неабходнасць працаваць з канфліктамі ў пэўнай ступені крымінальнага характару, — тлумачыць І.У.Арлоўская. — Напрыклад, гаворка можа ісці пра тое, што адзін школьнік разбіў другому тэлефон. Дзеці пад крымінальнае заканадаўства не трапляюць, але канфлікт ёсць. Прычым у такім выпадку мы не можам гаварыць, як у звычайнай медыяцыі, што абодва бакі знаходзяцца на роўных, тут адзін бок пацярпеў, другі нанёс страту. Таму мы гаворым не пра класічную, а пра аднаўленчую медыяцыю.

Важна, каб у працэсе такой медыяцыі ўдзельнічалі і тыя дзяржаўныя органы, якія звязаны з рэалізацыяй крымінальных законаў. Гэта не толькі школы, сацыяльна-педагагічныя цэнтры, камісіі па справах непаўналетніх, але і пракуратура, следчы камітэт, органы МУС. Сёння сістэма носіць у большай ступені асуджальна-пакаральны характар, а медыятары прапануюць засяродзіцца на аднаўленчай медыяцыі, магчымасці ўкаранення ў работу дзяржорганаў аднаўленчых практык.

— Першы плюс такога ўкаранення — гэта прафілактыка правапарушэнняў, — упэўнена кіраўнік цэнтра “Медыяцыя і права”, — бо аднаўленчая медыяцыя ставіць перад сабой мэту ўзнавіць узаемаадносіны праз асэнсаванне падлеткам сваёй віны і прапанаванне аднавіць страту, якая была нанесена, маральную або матэрыяльную. Асэнсаванне віны і гатоўнасць яе загладзіць з’яўляюцца найлепшай прафілактыкай. Гэта не замяняе той адказнасці, якая прадугледжана. Мы ­ідзём побач, мы не замест, мы — разам. Галоўнае, каб усё гэта мела для падлетка станоўчы эфект.

У 2016 годзе спецыялісты цэнтра “Медыяцыя і права” распрацавалі праект закона — прапановы ў галіне сямейнай медыяцыі, якія прадугледжвалі ўнясенне неабходных карэкціровак у Грамадзянскі кодэкс Рэспублікі Беларусь, Грамадзянскі працэсуальны кодэкс, Кодэкс аб шлюбе і сям’і, і прапановы адобрыў парламент.

“Нашы перакананні складаюцца з таго, што шырокае прымяненне інстытута медыяцыі ў грамадстве будзе садзейнічаць забеспячэнню міру і згоды ў нашай дзяржаве, фарміраванню правасвядомасці, заснаванай на міралюбнасці і супрацоўніцтве, дазволіць пазбегнуць не толькі неабгрунтаваных выдаткаў, звязаных са спрэчкамі і канфліктамі, але і ў цэлым — дэструктыўных рознагалоссяў і супрацьстаяння ў грамадстве. Гэтаму мы прысвяцілі свае сілы і гады жыцця, дзейнічаючы на грамадскіх пачатках”. (З сайта цэнтра “Медыяцыя і права”.)

Яшчэ адзін плюс аднаўленчай медыяцыі ў тым, што нават калі да падлетка будуць прыменены пэўныя нормы пакарання па заканадаўстве, то потым яму неабходна вяртацца ў грамадства, і медыяцыя здольна дапамагчы ў гэтым. Часта, выходзячы з папраўча-выхаваўчых устаноў, чалавек трапляе ў старую кампанію, і ўсё паўтараецца. Аднаўленчая ж медыяцыя працуе з падлеткам і ў момант, калі нешта адбылося, і ў момант вынясення пакарання, калі такое адбылося, і пасля выканання пакарання.

Працяг адбываецца

Сёння падлеткі нярэдка здзяйсняюць правапарушэнні ў інтэрнэце, калі, на­прыклад, ставяць лайкі пад порнаролікамі. Гэта ўжо злачынства, адказнасць за якое прадугледжана ў заканадаўстве, а бацькі такіх правапарушэнняў саромеюцца і адмяжоўваюцца ад дзіцяці, хаця іх падтрымка неабходна. Аднаўленчая медыяцыя ў такіх выпадках працуе і з бацькамі, збліжае іх з падлеткам, дзіця разумее, што, хоць меры пакарання будуць прыняты, блізкія побач.

Летась праект па аднаўленчай медыяцыі (як і сёлета, пры падтрымцы ЮНІСЕФ) быў рэалізаваны ў Баранавічах і ў Ленінскім раёне Мінска. Між тым, работу з некаторымі праблемамі, на якія медыятары цэнтра выйшлі ў гэтых рэгіёнах, яны працягваюць дагэтуль. Ёсць выпадкі, калі работа над праблемамі завяршылася яшчэ падчас праекта, але спецыялісты цікавяцца імі дагэтуль. Так, у Ленінскім раёне яны працавалі з падлеткам, чые паводзіны выходзілі за межы нармальных, накіроўваючыся нават у крымінальнае рэчышча. Праблема, як высветлілася, была ў цяжкім разво­дзе бацькоў. Пасля доўгай работы ўдалося пераканаць маці і бацьку пагаварыць, прыйсці да згоды, і былыя муж і жонка цяпер падтрымліваюць нядрэнныя зносіны дзеля сваіх дзяцей. Хлопец працягнуў вучобу пасля школы, выправіў свае паводзіны, усе члены сям’і маюць зносіны адно з адным.

Цяпер да праекта далучыліся яшчэ два рэгіёны, і за абмежаваны час трэба пас­пець многае: спецыялісты павінны расказаць пра аднаўленчую медыяцыю, навучыць спецыялістаў з раёнаў, абмеркаваць алгарытм узаемадзеяння ўсіх дзяржаўных органаў, якія працуюць з непаўналетнімі, і паралельна апрабаваць усе прапановы на практыцы, разабраць некалькі выпадкаў, якія адбыліся з дзецьмі ў гэтых рэгіёнах, — прыклад пакажуць вопытныя медыятары цэнтра. У адным і ў другім раёнах сустрэчы праходзяць на базе сацыяльна-педагагічных цэнтраў.

Адкрыццё праекта прайшло ў фармаце круглых сталоў з удзелам у тым ліку прадстаўнікоў органаў МУС, следчага камітэта, пракуратуры. Да работы ў праекце далучаюцца і розныя навучальныя ўстановы, не толькі школы. У Баранавічах гэта, напрыклад, універсітэт. Навучанне будучых медыятараў — педагогаў і іншых спецыялістаў — праводзіцца на працягу 13 дзён. У снежні арганізатары плануюць падвесці вынікі, прадставіць інструкцыю — алгарытм работы медыятараў з усімі зацікаўленымі органамі, абмерка­ваць, унесці праўкі, якія прапануюць ­удзельнікі праекта.

— Галоўнае, паўтару яшчэ раз, каб дзеці адчувалі наш клопат, — гаворыць Ірына Уладзіміраўна Арлоўская. — Каб на любой стадыі таго, што з імі адбываецца, яны адчувалі падтрымку ва ўсім і заўсёды. Мы ведаем, што работа медыятараў эфектыўная, гэта прызнаюць і падлеткі, з якімі нам удалося папрацаваць, і прадстаўнікі дзяржорганаў. Дзеці самі прапаноўваюць розныя варыянты вырашэння праблемы, калі да перагавораў далучаецца медыятар. І гэта не выглядае так, што медыятар надыктоўвае рашэнне, да яго дзіця прыходзіць само ў ходзе абмеркаванняў, сустрэч, гутарак. Нават прадстаўнікі міліцыі кажуць, што бачаць у падлетках жаданне выправіцца пасля такой работы. Мне хочацца верыць, што гэтая работа паступова прывядзе да зніжэння колькасці правапарушэнняў і злачынстваў сярод падлеткаў. Мы ўжо бачым, што дзяржаўныя органы, грамадства больш адкрыта сустракаюць такія ініцыятывы.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з архіва цэнтра “Медыяцыя і права”
.