Абараніць дзяцей ад грумінгу і выцесніць гвалт з сям’і

Праблема падлеткавай злачыннасці заўсёды была актуальнай. Для эфектыўных метадаў барацьбы з непаўналетнімі правапарушальнікамі Міністэрства ўнутраных спраў штогод удасканальвае нарматыўна-прававую базу, што дазваляе зрабіць прафілактыку больш дзейснай. А гэта ў сваю чаргу прыводзіць да колькаснага зніжэння правапарушэнняў.

Тым не менш статыстыка злачыннасці за мінулы год паказала, што дзеці і падлеткі ўсё часцей пакутуюць ад фізічнага насілля, а таксама становяцца ахвярамі сексуальнага гвалту, у прыватнасці грумінгу (віртуальнага сексуальнага насілля над дзецьмі і падлеткамі).

Больш падрабязна пра тое, якія яшчэ праблемы, акрамя гвалту ў сям’і, у мінулым даводзілася вырашаць інспекцыям па справах непаўналетніх і якія новыя законапраекты распрацоўваюцца для таго, каб абараніць дзяцей, расказвае начальнік аддзела арганізацыі работы інспекцый па справах непаўналетніх МУС Рэспублікі Беларусь палкоўнік міліцыі Віталь Алегавіч ЯНЧЫН.

— Віталь Алегавіч, пра якую тэндэнцыю — росту ці зніжэння колькасці злачынстваў, здзейсненых непаўналетнімі, мы можам гаварыць сёння, калі падведзены канчатковыя вынікі за мінулы год і ўжо ёсць пэўныя прагнозы на найбліжэйшы перыяд?

— За год непаўналетнімі і пры іх удзеле здзейснены 2043 правапарушэнні. Гэта на 13,3% менш, чым у мінулым годзе. Калі браць у абсалютных лічбах, то гэта найменшая колькасць злачынстваў, якія былі ўчынены падлеткамі з моманту стварэння дзяржавы.

Ад агульнай колькасці злачынстваў аб’ём правапарушэнняў з удзелам непаўналетніх складае 3,3%. Увогуле, згодна з еўрапейскімі стандартамі, падлеткавая злачыннасць у краіне не павінна перавышаць 5%. А ў нас у краіне гэты паказчык яшчэ меншы.

Калі гаварыць пра тыпы злачынстваў, то найбольш папулярнымі застаюцца дробныя крадзяжы. Іх колькасць складае 50% ад агульнай колькасці. Яшчэ адным традыцыйным метадам прапаварушэнняў з’яўляецца хуліганства. Тым не менш у выніку рэалізацыі запланаваных і дадатковых мер па прафілактыцы правапарушэнняў колькасць дзіцячай злачыннасці знізілася. Такая станоўчая тэндэнцыя назіраецца на працягу апошніх двух гадоў. Зразумела, што комплекс прафілактычных мерапрыемстваў аказвае своечасовае ўздзеянне на прычыны і ўмовы, якія здольны фарміраваць негатыўныя тэндэнцыі ў падлеткавым асяроддзі, а таксама садзейнічае зніжэнню росту злачыннасці непаўналетніх. Мы ўпэўнены, што дзякуючы далейшай рэалізацыі заканадаўчых ініцыятыў і прафілактычных мерапрыемстваў крымінагенная сітуацыя будзе стабілізавацца.

— Год назад органы ўнутраных спраў разам з установамі адукацыі сутыкнуліся са страшнай праблемай — усплёскам суіцыдальных гульняў, калі падлеткі далучаліся да груп смерці. Ці ўдалося перамагчы хваробу сініх кітоў?

— Так, у мінулым годзе аб гэтай праблеме гаварылі многа і ўсюды. Ва ўстановах адукацыі разам з прадстаўнікамі ІСН праводзіліся прафілактычныя мерапрыемствы, накіраваныя на папярэджанне і недапушчэнне выпадкаў далучэння падлеткаў да такіх страшных груп. З мэтай павышэння ўзроўню міжведамаснага ўзаемадзеяння міністэрствамі ўнутраных спраў і адукацыі распрацаваны і з лістапада 2017 года рэалізуецца комплекс прафілактычных мерапрыемстваў па падтрымцы дысцыпліны і правапарадку ва ўстановах адукацыі. Гэты дакумент накіраваны на недапушчэнне п’янства і наркаманіі сярод падлеткаў, а таксама на папярэджанне ў іх суіцыдальных паводзін. Нягледзячы на тое, што аб праблеме цяпер мала гавораць, прафілактыка ўсё роўна павінна прысутнічаць.

— Пасля ўступлення ў сілу Дэкрэта № 6 “Аб неадкладных мерах па процідзеянні незаконнаму абароту наркатычных сродкаў” прайшло тры гады. Ці стала ў параўнанні з мінулымі гадамі менш выпадкаў ужывання і распаўсюджання наркатычных сродкаў непаўналетнімі?

— Безумоўна, Дэкрэт № 6 “Аб неадкладных мерах па процідзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў” аказаўся дзейсным і своечасовым. Акрамя гэтага, спад злачынстваў у гэтым кірунку звязаны і з тым, што ва ўстановах адукацыі праводзіўся шэраг прафілактычных мерапрыемстваў. Калі гаварыць пра незаконны абарот наркатычных сродкаў, то за 2017 год такіх злачынстваў было 157.

Што тычыцца сярэдняга ўзросту падлеткаў, якія звязваюцца з наркотыкамі, то гэта тыя, каму ўжо ёсць 16 гадоў. Дарэчы, згодна з дэкрэтам № 6, крымінальная адказнасць за ўжыванне і распаўсюджанне наркатычных сродкаў наступае з 14 гадоў.

Сёлета быў адзін сур’ёзны выпадак, звязаны з распаўсюджаннем забароненых рэчываў. Двое наркадылераў арганізавалі па інтэрнэце сістэму продажу наркотыкаў. Чацвёра падлеткаў з Мінскай вобласці купіліся на прапанову перазахоўваць закладкі ў сваім горадзе. А такія дзеянні падпадаюць пад распаўсюджанне наркатычных сродкаў з мэтай збыту, і злачынства кваліфікуецца як цяжкае. Гэты выпадак паўплываў на тое, што злачынстваў, звязаных з распаўсюджаннем наркатычных сродкаў, у нас, як я ўжо адзначыў, 157. Аднак нават нягледзячы на гэта агульная колькасць злачынстваў, звязаных з ужываннем і распаўсюджаннем наркатычных сродкаў, у 2017 годзе на 40% меншая, чым за папярэдні год. У 2016 годзе такіх правапарушэнняў было 260.

Калі гаварыць пра разнавіднасць наркотыкаў, то маркі і спайсы ўжо адышлі на другі план. Зараз вярнулася мода на традыцыйныя наркотыкі, асаблівае месца сярод якіх займае марыхуана. Нядаўна праходзіў семінар, у якім прымалі ўдзел прадстаўнікі Вялікабрытаніі. Яны расказалі, што для іх краіны і Еўропы ўвогуле гэты тып наркотыкаў з’яўляецца самым даступным і папулярным. Цяпер ён, на жаль, папулярны і ў нас.

Планы па процідзеянні распаўсюджання наркаманіі даюць свае вынікі. Мы працягваем праводзіць адукацыйныя трэнінгі з педагогамі. У нас па даручэнні прэзідэнта быў распрацаваны і зацверджаны сумесны комплекс прафілактычных мерапрыемстваў па падтрыманні дысцыпліны і правапарадку ва ўстановах адукацыі. Акрамя гэтага, адным з дзейсных метадаў барацьбы з ужываннем і распаўсюджаннем наркатычных сродкаў з’яўляецца практыка запрашэння непаўналетніх, якія былі заўважаны ва ўжыванні псіхаактыўных рэчываў, у суды на пасяджэнні па справах, звязаных з незаконным абаротам наркотыкаў. Акрамя гэтага, такіх падлеткаў запрашалі да ўдзелу ў выязных судовых пасяджэннях, якія арганізоўваліся ва ўстановах адукацыі. За мінулы год праведзены 63 выязныя і адкрытыя мерапрыемствы, на якіх прысутнічалі 1300 непаўналетніх.

У шматлікіх установах агульнай сярэдняй, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі ствараліся антынаркатычныя маладзёжныя атрады. Маладыя людзі не толькі праводзілі антынаркатычную прапаганду, але і выяўлялі падазроныя сайты, якія могуць быць звязаны з распаўсюджваннем забароненых рэчываў. Вельмі важна, што моладзь зацікаўлена, каб у яе акружэнні не было наркаманаў, таму што кожны з-за ўласнага глупства можа стаць ахвярай наркотыкаў. Медыцынскія работнікі выявілі, што адзін нарказалежны за год можа ўцягнуць у наркатычную “пастку” 15 чалавек. Гэта многа. Таму прафілактыка тут на першым месцы. Увогуле, калі равеснікі размаўляюць адно з адным, гэта прыносіць больш станоўчых вынікаў, чым калі выхоўваць пачынаюць дарослыя. Безумоўна, некаторыя не разумеюць, наколькі сур’ёзнымі могуць быць наступствы ўжывання наркатычных рэчываў.

— З 1 ліпеня 2017 года ўступіла ў сілу новая рэдакцыя Закона Рэспублікі Беларусь № 200 “Аб асновах сістэмы прафілактыкі безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх”. На што накіраваны новаўвядзенні?

— Новай рэдакцыяй закона канкрэтызаваны катэгорыі падлеткаў, з якімі органы ўнутраных спраў павінны праводзіць індывідуальную прафілактычную работу. Цяпер супрацоўнікі ІСН будуць больш пільна сачыць за тымі непаўналетнімі, проціпраўныя паводзіны якіх наносяць значны ўрон грамадству. Што тычыцца безнагляднасці, каб распрацаваць новыя метады для работы з дзецьмі, якія падпадаюць пад гэтую катэгорыю, напрыканцы года быў праведзены рэспубліканскі вучэбна-метадычны збор з кіруючым складам ІСН краіны. Увогуле, сістэма ўзаемадзеяння, работы з такімі дзецьмі і метады прафілактыкі ў гэтым кірунку будуць удасканальвацца і далей. Для таго каб дзеянні супрацоўнікаў ІСН па пытаннях безнагляднасці і правапарушэнняў сярод падлеткаў былі больш эфектыўнымі, у нас павінна быць наладжана супрацоўніцтва з сістэмай адукацыі, са школамі. Дарэчы, праблемныя пытанні міжведамаснага ўзаемадзеяння былі разгледжаны на пасяджэннях камісіі па справах непаўналетніх пры Савеце Міністраў і падчас правядзення Нацыянальнай камісіі па справах дзіцяці.

— На пачатку студзеня стала вядома, што МУС рыхтуе новы законапраект, адным з важных кірункаў якога з’яўляецца абарона дзяцей ад гвалту не толькі сексуальнага, але і фізічнага характару. Якія фактары сталі перадумовай для прыняцця такіх жорсткіх мер?

— Так, сёння распрацоўваецца алгарытм узаемадзеяння педагогаў, законных прадстаўнікоў дзіцяці і супрацоўнікаў органаў унутраных спраў пры выяўленні фактаў насілля над дзецьмі. У тым ліку нават калі гэта не гвалт, а толькі яго прыкметы. Варта ўпэўніцца, якое гэта насілле — псіхалагічнае ці фізічнае. Дарэчы, фізічнае насілле, як і сексуальнае, мае латэнтны характар. Трэба разумець, што фізічнае насілле больш праяўляецца ў знешніх прыкметах.

У 2012 годзе было праведзена даследаванне, якое паказала, што 50% дзяцей ва ўзросце ад 5 да 9 гадоў падвяргаюцца псіхалагічнаму ціску, а кожнае другое дзіця па меры сталення пакутуе ад фізічнага насілля. Калі закранаць статыстыку, за мінулы год у сем’ях у адносінах да дзяцей былі выяўлены 82 выпадкі фактаў гвалту, сярод якіх нанясенне лёгкіх цялесных пашкоджанняў, здзекі і інш.

Апошнім часам усё часцей пачалі выяўляцца выпадкі сексуальнага гвалту. У такіх сітуацыях трэба дзейнічаць хутка і жорстка. Зараз мы распрацоўваем пэўны механізм, сістэму дзеянняў, якія павінны дапамагчы абараніць дзяцей. Акрамя гэтага, прадуманы алгарытм таго, як нацэліць на правільную работу настаўнікаў. Ім трэба растлумачваць некаторыя рэчы, якія дагэтуль не былі вядомы. Важна, каб педагогі звярталі ўвагу на пэўныя спецыфічныя моманты.

Варта адзначыць, што менавіта дзякуючы настаўнікам выяўляецца даволі значная частка сексуальных злачынстваў. У асноўным гэта адбываецца падчас размовы педагогаў-псіхолагаў з дзецьмі. Увогуле, класны кіраўнік ці педагог-псіхолаг павінны ўважліва сачыць за паводзінамі дзяцей. Менавіта адхіленні ў паводзінах могуць стаць першым трывожным сігналам, бывае, калі ў адносінах да дзяцей здзяйсняюць сексуальны гвалт родныя, блізкія людзі. Ёсць выпадкі, і яны ўсім вядомы, калі дзяцей робяць ахвярамі гвалту айчым, дзядзька ці нехта з блізкага сямейнага акружэння. Прызнацца ў гэтым можа не кожная маці. А пра дзіця што гаварыць? Дзецям сорамна, што такое здараецца з імі, і, безумоўна, яны будуць маўчаць. І толькі пэўныя адхіленні паводзін ад нормы могуць дапамагчы раскрыць злачынства. Вялікую ролю ў вызначэнні з’яў сексуальнага гвалту адыгрываюць медыцынскія работнікі, якія абавязаны паведамляць у праваахоўныя органы пра выяўлены падчас медагляду выпадак.

Часта падлеткі становяцца ахвярамі сексуальнага гвалту, у прыватнасці грумінгу, у інтэрнэце. Апошнім часам такія з’явы не з’яўляюцца рэдкімі. Таму ў школах таксама праводзяць мерапрыемствы, якія накіраваны на тое, каб засцерагчы дзяцей ад грумінгу і ад педафілаў.

Перапіска паміж дзіцем і педафілам на заканадаўчым узроўні пакуль не можа стаць падставай для крымінальнай адказнасці, хаця сусветная практыка паказвае, што ў большасці краін адказнасць за перапіску прысутнічае і дадаецца да справы ў якасці доказаў. Напрыклад, дзейнічае такая адказнасць у 60 краінах, у тым ліку ў краінах Балтыі. І будзе правільна, калі і ў нас такая мера будзе замацавана на заканадаўчым узроўні.

Зараз МУС ініцыіруе, каб тое, што дарослы чалавек, які практыкуе грумінг, падштурхоўвае, рыхтуе непаўналетняга да дзеянняў сексуальнага характару, маніпуліруе падлеткам, было прызнана як парушэнне закону, а значыць, павінна быць замацавана ў Крымінальным кодэксе.

Гэты праект ужо распрацаваны і знаходзіцца на стадыі ўзгаднення.

Дарэчы, у адным з гарадоў Магілёўскай вобласці быў выпадак, калі паўналетні малады чалавек праз інтэрнэт падштурхоўваў 15-гадовую дзяўчыну да інтымных адносін. Дзяўчына папярэдзіла колькі ёй гадоў, але на сустрэчу з настойлівым незнаёмцам прыйшла. І прыйшла не адна, а з групай таварышаў, якія былі непадалёк і назіралі за тым, як развіваюцца дзеянні. Калі стала зразумела, што проста так размова не скончыцца, што юнак пачаў адводзіць дзяўчыну з люднага месца, падышлі таварышы і затрымалі навязлівага маладога мужчыну. Безумоўна, яго даставілі ў міліцыю, пачалі праводзіць расследаванне. І калі б у камп’ютары не знайшлі дзіцячую парнаграфію, якая распаўсюджвалася, педафіла б адпусцілі. Перапіска з дзяўчынай не была б доказам таго, што юнак схіляе непаўналетнюю да незаконных дзеянняў.

Увогуле, меры, якія прымаюцца для таго, каб абараніць дзяцей ад пакут, павінны быць дзейснымі, прыносіць вынікі. Спадзяёмся, што, дзякуючы ўзаемадзеянню з сістэмай адукацыі, зможам перамагчы насілле, якое сёння з’яўляецца страшнай праблемай не толькі ў нашай краіне, але і ва ўсім свеце. Важна не баяцца ўзаемадзейнічаць з органамі ўнутраных спраў, а рэзервы для барацьбы мы знойдзем.

Гутарыла Наталля САХНО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.