У любой справе, заснаванай на чалавечым фактары, важнае значэнне займаюць адносіны, што складаюцца паміж яе ўдзельнікамі. Ну як, скажыце, працаваць з цяжкімі падлеткамі, калі яны табе не давяраюць, якога эфекту чакаць? Або як дапамагчы замяшчальнай сям’і, калі тая сумняваецца ў кампетэнтнасці і добразычлівасці памочнікаў? У прафесіяналаў такіх праблем не ўзнікае, бо яны не толькі ведаюць, але і ўсёй душой любяць справу, якой займаюцца. Як, напрыклад, супрацоўнікі сацыяльна-педагагічнага цэнтра Партызанскага раёна сталіцы.
Абнаўленне
…Я, канечне, чула, што ў буйных гарадах Савецкага Саюза дзіцячыя сады размяшчаліся ў жылых многакватэрных дамах, але на свае вочы такога не бачыла, пакуль не дамовілася аб сустрэчы ў СПЦ. Дзіцячага сада ў гэтым доме ля станцыі метро “Трактарны завод” ужо няма, а вось СПЦ размясціўся нядрэнна, нават хапіла месца, каб стварыць пакой для падлеткаў на 1-м паверсе. Ды і не толькі для падлеткаў — любы жадаючы можа зайсці сюды, пагутарыць, пайграць на фартэпіяна, гітары (гэта ўласнасць цэнтра), скарыстацца Wi-Fi, а хутка — і выпіць чаю, бо ў памяшканні будзе абсталявана міні-кухня.
— Ідэю стварэння такога пакоя падала начальнік упраўлення па адукацыі нашага раёна Людміла Анатольеўна Філіповіч, якая бачыла падобны вопыт у Еўропе, — расказвае дырэктар СПЦ Наталля Уладзіміраўна Станкевіч. — Ідэя ўдалая. Людзі заходзяць, у тым ліку падапечныя цэнтра, пра пакой даведваюцца з нашай сацыяльнай рэкламы.
Пад падапечнымі мая суразмоўніца мае на ўвазе ў тым ліку падлеткаў, якія трапілі пад дзеянне пастановы Савета Міністраў № 487 “Аб парадку комплекснай рэабілітацыі непаўналетніх, ужыванне якімі наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх аналагаў, таксічных або іншых адурманьваючых рэчываў, ужыванне алкагольных, слабаалкагольных напіткаў або піва ўстаноўлена ў адпаведнасці з законам”, што ўступіла ў дзеянне летам 2017 года.
Для работы з такімі непаўналетнімі ў чэрвені 2018 года ў цэнтры быў адкрыты аддзел прафілактыкі і комплекснай рэабілітацыі. Перад гэтым уступіла ў сілу пастанова Міністэрства адукацыі ад 14.04.2018 “Аб тыпавых штатах і нарматывах колькасці работнікаў СПЦ”. Тады, з павелічэннем штату, у цэнтры адкрылі яшчэ адзін аддзел — падтрымкі сем’яў, якія прынялі на выхаванне дзяцей-сірот і дзяцей, што засталіся без апекі бацькоў, але пра гэта пазней. І работа з падлеткамі, работа з сем’ямі і іншыя яе напрамкі, канечне, вяліся і да гэтага, але сіламі ўсяго 4-х педагагічных работнікаў і дырэктара. Цяпер тут ужо 10 (13 разам з дырэктарам, намеснікам дырэктара і юрысконсультам) такіх супрацоўнікаў, бо, па новых нормах, трэба, каб на кожных 50 непаўналетніх, што знаходзяцца на якім-небудзь уліку, у СПЦ працавалі адзін педагог-псіхолаг і адзін сацыяльны педагог.
Выратавальны круг для падлетка
Што да падлеткаў, якія рашэннем камісіі па справах непаўналетніх былі накіраваны ў цэнтр згодна з пастановай № 487, то пакуль у новым аддзеле працавалі з 6 такімі маладымі людзьмі.
— З адным хлопцам, які неаднаразова затрымліваўся за распіццё алкаголю, удалося папрацаваць толькі 3 месяцы, бо яму споўнілася 18, — расказвае загадчыца аддзела Ганна Сяргееўна Гірэнь. — Нядоўга, але вынікам работы ганарымся. Дапамаглі маладому чалавеку паступіць на курсы, каб атрымаць прафесію кухара, бо вучоба ў будаўнічым каледжы яму не падабалася. Наладзілі адносіны ў сям’і, на пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх нават прыйшоў тата, што, на жаль, бывае не часта.
Такога станоўчага выніку, праўда, дасягнуць за кароткі тэрмін удаецца не заўсёды — два хлопцы зараз знаходзяцца ў лячэбна-выхаваўчай установе закрытага тыпу ў Крывічах. Гэта тыя выпадкі, калі сям’я не прымала ўдзел у рэабілітацыі падлетка, таму і вынік такі. Зараз спецыялісты цэнтра падтрымліваюць сувязь з хлопцамі. Калі хтосьці з такіх хлопцаў або дзяўчат вяртаецца дадому да дасягнення 18 гадоў, працягваюць работу з імі. А пакуль супрацоўнікі СПЦ не пакідаюць без увагі бацькоў падлеткаў— прапаноўваюць кансультацыі псіхолагаў, пдагогаў, удзел у мерапрыемствах СПЦ. І адна маці стала пастаянна наведваць педагога-псіхолага, што дае надзею: з сынам, які вучыцца ў Крывічах, кантакт паступова наладзіцца.
— Пастанова № 487 з’явілася вельмі своечасова, — тлумачыць сваю пазіцыю Н.У.Станкевіч. — Прафілактычная работа вялася, канечне, але цяпер у нас ёсць адзіная праграма, комплекс мер, якія сумесна рэалізоўваюць дзяржаўныя і грамадскія ўстановы.
— Мы супрацоўнічаем з мясцовым фондам “Цэнтр здаровай моладзі”, што дапамагае нарказалежным. Яго ўдзельнікі з нашымі падапечнымі размаўляюць на іх жа мове, чым выклікаюць давер. Таксама заключылі дагаворы і працуем з крэатыўна-інавацыйным цэнтрам “Біржа сацыяльных праектаў” Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі, цэнтрам цвярозага жыцця “Наш каўчэг” і іншымі, — дадае Г.С.Гірэнь. — Я праходзіла курсы ў МГІРА па рабоце з падлеткамі, і гэта таксама вельмі дапамагло — нам расказалі пра канкрэтныя крокі ў такой рабоце, у прыватнасці, як працаваць з бацькамі, што не ідуць на кантакт; мы з калегамі змаглі абмяняцца вопытам, няхай пакуль і невялікім, але надзвычай каштоўным.
Многія падлеткі з названай катэгорыі становяцца валанцёрамі — дапамагаюць старым, дзецям-інвалідам. І гэта, лічу, адзін са станоўчых вынікаў сумеснай работы аддзела СПЦ і іншых зацікаўленых арганізацый. Пад Новы год, напрыклад, хлопцы дапамаглі ў падрыхтоўцы дэкарацый да навагодняга паказу для аддзела, што працуе з замяшчальнымі сем’ямі. Зацікавіліся, атрымалі задавальненне, дапамаглі іншым, адчулі сябе патрэбнымі, а для многіх гэта вельмі важна.
Таксама кожны месяц у СПЦ запрашаюць падлеткаў свайго раёна (школьнікаў, навучэнцаў іншых устаноў, якія маюць схільнасць да супрацьпраўных паводзін) на прафілактычныя сустрэчы з удзелам хлопцаў, якія ўжо знаходзяцца на ўліку ў аддзеле прафілактыкі і комплекснай рэабілітацыі, прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый. Тут паказваюць відэаролікі з сацыяльнай рэкламай, якія рыхтуюць спецыялісты аддзела. Ролікі бываюць непрыемнымі, нават страшнымі, калі, скажам, тычацца наркаманіі, але прывычнымі сродкамі на сучасную моладзь уздзейнічаць немагчыма, упэўнены спецыялісты. І, канечне, працуюць з падлеткамі псіхолагі. Эфект ад усіх мер у сукупнасці (а разлічаны яны на год) з’яўляецца нават і за больш кароткі тэрмін — бяруцца за розум і падлеткі, і бацькі.
Новымі формамі прафілактычнай работы ў раёне зацікаўлены не толькі СПЦ. Так, у рамках месячніка па здаровым ладзе жыцця ў мэтах прафілактыкі распаўсюджвання і ўжывання наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў у лістападзе 2018 года стартаваў інфармацыйны марафон “Што будзе, калі сказаць “ТАК”?”. На працягу тыдня спецыялісты аддзела прафілактыкі і комплекснай рэабілітацыі праводзілі прафілактычныя мерапрыемствы ва ўстановах адукацыі. Навучэнцам 8—11 класаў быў прадстаўлены інфармацыйна-прафілактычны ролік “Наступствы наркаспажывання сярод падлеткаў”. З прававой інфармацыяй перад вучнямі выступалі супрацоўнікі міліцыі і мясцовага фонду “Цэнтр здаровай моладзі”, якія звярнулі ўвагу падлеткаў на хуткае і часам некантралюемае фарміраванне залежнасці.
Паралельна ў Партызанскім раёне пачаліся раённыя бацькоўскія сходы “Нельга калечыць дзіцячыя сэрцы” па прафілактыцы залежнасцей, падлеткавых суіцыдаў, педафіліі, парнаграфіі, распаўсюджвання і ўжывання наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў.
— Не бывае дрэнных падлеткаў, — сцвярджае дырэктар СПЦ, — бываюць тыя, каго згубілі ў сям’і. Не кожнаму, напэўна, мы паспеем дапамагчы, але зробім усё, што ў нашых сілах. Ёсць дзеці, якія мяняюцца кардынальна — і ў паводзінах, і ў вучобе, расказваюць пра свае поспехі нашым спецыялістам, бо з’явіліся, нарэшце, людзі, якім гэта цікава і важна. Галоўнае — не падманваць падлетка.
Справы сямейныя
Другі новы аддзел, пра які я ўжо згадвала (усяго іх у СПЦ 3), працуе з замяшчальнымі сем’ямі.
— Наш аддзел зараз працуе з 74 дзецьмі-сіротамі і дзецьмі, якія засталіся без апекі бацькоў і якія выхоўваюцца ў замяшчальных сем’ях, — расказвае загадчыца аддзела Іна Аляксандраўна Пручкоўская. — Пераважная большасць з іх жыве ў апякунскіх сем’ях, іншыя — у прыёмных. За 2018 год у нас толькі адна дзяўчынка пайшла ў інтэрнатную ўстанову, у яе мноства няпростых хвароб, і апекуноў не знайшлося.
Увогуле, як расказвае намеснік дырэктара цэнтра Юлія Леанідаўна Сідарава, адшукаць дзіцяці замяшчальную сям’ю — задача няпростая. У прыватнасці, гэта звязана з тым, што прыёмнае бацькоўства ў Беларусі старэе, а моладзь не спяшаецца браць на сябе бацькоўскую адказнасць. У Партызанскім раёне ёсць яшчэ свая, спецыфічная, праблема — шмат прадпрыемстваў, і многія сем’і жывуць у інтэрнатах, а значыць, іх жыллёвыя ўмовы не адпавядаюць патрабаванням. Замяшчальныя ж бацькі афармляюцца на работу ў раёне свайго пражывання, а вось дзеці могуць быць і з іншых раёнаў горада.
Спецыялісты СПЦ апошнім часам асабліва актыўна ходзяць у школы на бацькоўскія сходы, педсаветы, наведваюць прадпрыемствы, якіх у Партызанскім раёне нямала. Адзін трактарны завод чаго варты! На такіх сустрэчах педагогі расказваюць пра формы замяшчальных сем’яў, умовы іх дзейнасці. Толькі ў студзені бягучага года спецыялісты аддзела падтрымкі сем’яў, што прынялі на выхаванне дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, пабывалі ў сярэдняй школе № 133, дзіцячых садах №№ 155, 186, 231. Зараз у Партызанскім раёне 4 дзіцяці, якія часова знаходзяцца ў прытулку СПЦ Заводскага раёна і якім за некалькі месяцаў трэба адшукаць сям’ю.
Для адной дзяўчынкі, здаецца, маму ўжо адшукалі, але пакуль спецыялісты працуюць з ёй, рыхтуючы жанчыну да адказнай місіі. Ці атрымаецца — пакажа час, толькі збор дакументаў займае ў кандыдатаў у замяшчальныя бацькі не менш за месяц. Увогуле ж, для такіх людзей арганізоўваюцца падрыхтоўчыя курсы, якія могуць праводзіцца індывідуальна ці для групы бацькоў, калі яна збіраецца. У цэнтры такія курсы праходзяць не радзей чым 2 разы ў год, а кожны месяц ладзіцца гасцёўня для апекуноў і прыёмных бацькоў, дзе з імі гутараць не толькі спецыялісты цэнтра, але і запрошаныя медыкі, расказваючы, напрыклад, пра вакцынацыю, педагогі фізкультурна-спартыўнага цэнтра, педагогі з цэнтраў творчасці, якія ў верасні гэтага года паведамілі, у якія бясплатныя гурткі па інтарэсах можна запісаць дзяцей. Ну і, канечне, апекунам і прыёмным бацькам важна проста пагаварыць адно з адным, пачуць парады ад людзей, якія таксама апякаюць дзяцей, часцей за ўсё — сваіх унукаў.
У снежні ў СПЦ прайшоў семінар з удзелам спецыялістаў раённага ўпраўлення па адукацыі, аднаго з каледжаў, размешчанага ў Партызанскім раёне. Гаворка ішла пра постынтэрнатнае суправаджэнне маладых людзей, якім споўнілася 18, і якія знаходзіліся пад апекай. Падчас гэтай сустрэчы ў апекуноў і прыёмных бацькоў з’явілася заяўка на тэму наступнай сустрэчы — усіх вельмі непакоіць праблема з жыллём для выхаванцаў. У хуткім часе ў гасцёўні СПЦ адпаведнае мерапрыемства адбудзецца: бацькі сустрэнуцца са спецыялістамі аддзела жыллёвай палітыкі адміністрацыі Партызанскага раёна Мінска.
А яшчэ раз у квартал у СПЦ збіраецца метадычнае аб’яднанне прыёмных бацькоў. І, канечне, пастаянна праводзяцца сумесныя святы для дзяцей і бацькоў: “У школу з добрым сэрцам” — сумесна з валанцёрамі машынабудаўнічага каледжа, свята да Дня маці, штомесячныя віншаванні з днём нараджэння дзяцей з апякунскіх сем’яў — таксама з актывістамі з машынабудаўнічага каледжа, прычым да кожнага імянінніка валанцёры прыходзяць дадому. У гэтым годзе прайшло шыкоўнае свята з навагодняй ёлкай. Усё гэта робіцца дзеля таго, каб дапамагчы людзям, адсачыць сітуацыю ў іх сем’ях і каб не пакінуць іх сам-насам з праблемамі, якіх у кожнага, зразумела, нямала, ды і элементарна дапамагчы матэрыяльна, падарыўшы нешта патрэбнае ад дабрачынцаў.
Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з архіва сацыяльна-педагагічнага цэнтра Партызанскага раёна Мінска.