Школьны бізнес, які корміць вёску
Крыху больш чым тры гады назад Міністэрствам эканомікі быў зарэгістраваны міжнародны праект тэхнічнай дапамогі “Пашырэнне эканамічных магчымасцей у сельскай Беларусі”, які рэалізоўваецца інфармацыйна-асветніцкім фондам “Новая Еўразія”.
З’яўленне гэтай ініцыятывы паспрыяла таму, каб калектыў і дырэктар Здзітаўскай сярэдняй школы Бярозаўскага раёна яшчэ больш пераканаліся, што эканамічнае развіццё вёскі можа будавацца на маладзёжным бізнесе.
Каб развіць маладзёжнае прадпрымальніцтва дырэктар Здзітаўскай сярэдняй школы Віталь Паўлавіч Жуковіч сумесна з настаўнікамі, навучэнцамі і кіраўніцтвам Спораўскага сельскага савета распрацаваў план па ажыццяўленні эканамічнай ініцыятывы. “Да ўстойлівага развіцця Спораўскага сельскага савета — праз павышэнне эканамічнай актыўнасці моладзі” — такую назву атрымала ідэя, асноўнай мэтай якой стала стварэнне маладзёжнага бізнес-інкубатара ў вёсцы Здзітава.
“Наша школа пазіцыянуе сябе як навучальная ўстанова, якая зацікаўлена ў актывізацыі жыцця ў вёсцы, — расказвае дырэктар. — Мая задача як настаўніка і дырэктара заключаецца ў тым, каб ствараць умовы і садзейнічаць павышэнню якасці адукацыйнага працэсу. Для гэтага патрэбна знаходзіць новыя метады работы, прыцягваць навучэнцаў да пазашкольнай дзейнасці. Увогуле, школа ў вёсцы — гэта цэнтр жыцця. І каб паказаць, якую ролю іграе сучасная школа ў сённяшняй вёсцы, мы далучыліся да рэалізацыі праекта па пашырэнні эканамічных магчымасцей у сельскай Беларусі. Менавіта ён стаў пачаткам ініцыятывы “Да ўстойлівага развіцця Спораўскага сельскага савета — праз павышэнне эканамічнай актыўнасці моладзі”. У чым у межах школы заключаецца рэалізацыя ініцыятывы? Справа ў тым, што сітуацыя на тэрыторыі Спораўскага сельскага савета характарызавалася нізкім узроўнем актыўнасці насельніцтва. У моладзі адсутнічаў наглядны прыклад поспеху ў тым відзе прадпрымальніцтва, якое можна было б развіваць у вёсцы, а асобныя выпадкі работы індывідуальных прадпрымальнікаў у фармаце функцыянавання прыватных магазінаў такімі не з’яўляюцца. На жаль, для вёсак характэрна, што большасць выпускнікоў школ пасля атрымання вышэйшай адукацыі назад дадому не вяртаецца. Зразумела, тлумачаць маладыя людзі гэта тым, што ў вёсцы няма працы па атрыманай спецыяльнасці, нізкія зарплаты. Але вёска мае права на развіццё”.
Першым крокам да эканамічнага развіцця Здзітава стаў удзел настаўнікаў у шматлікіх семінарах, а таксама замежных стажыроўках, правядзенне якіх было накіравана на дапамогу ў арганізацыі школьных ініцыятыў. А ўжо паглыбленае вывучэнне асноў вядзення бізнесу і сумесная распрацоўка магчымых варыянтаў прадпрымальніцтва са-дзейнічалі стварэнню ў школе маладзёжнага бізнес-інкубатара.
“Каб бізнес развіваўся, у яго трэба ўкладваць ідэі, — тлумачыць Віталь Паўлавіч. — Курс “Асновы прадпрымальніцкай дзейнасці”, які выкладаецца ў школе, накіраваны якраз на тое, каб навучыць дзяцей прымаць абдуманыя, якасныя рашэнні, здольныя станоўча ўплываць на развіццё мясцовай эканомікі. Безумоўна, зразумець, як дзейнічаць у той ці іншай сітуацыі, дапамогуць практычныя веды. Бізнес-інкубатар для вучняў — гэта школа будучых прадпрымальнікаў, а для жыхароў вёскі — гэта месца, дзе можна атрымаць кансультацыю, пазнаёміцца з перадавым прадпрымальніцкім вопытам”.
У школе доўга шукалі і абмяркоўвалі варыянты, з якіх можна пачаць будаваць новы бізнес. Ідэй узнікла многа, але трэба было спыніцца на бяспройгрышным варыянце. І такі знайшоўся.
Прымаючы ўдзел у адным з адукацыйных семінараў, які праходзіў у Германіі, настаўніца пачатковых класаў Ірына Васілеўская звярнула ўвагу на цікавую ідэю. Адна з нямецкіх школ, якая прэзентавала сваю дзейнасць на навуковым мерапрыемстве, падзялілася вопытам вядзення школьнага бізнесу. А займаюцца яны пчалярствам. Менавіта гэты напрамак дзейнасці быў узяты за аснову падчас стварэння аднаго з практычных накірункаў работы здзітаўскага бізнес-інкубатара.
“Мы пастаянна думалі пра тое, на чым можам пабудаваць сваю работу, — працягвае Віталь Паўлавіч. — Хацелася, каб праектная дзейнасць зацікавіла перш за ўсё навучэнцаў, а ўжо пасля і іх бацькоў, а таксама жыхароў Здзітава. Калі вучням вынеслі на абмеркаванне ідэю зрабіць на тэрыторыі школы пасеку, большасць дзяцей яе падтрымалі. Нас многія адгаворвалі, таму што пчалярства — карпатлівая праца, вуллі трэба ўмець даглядаць. Казалі, што бізнес-задумка згарыць. Але мы не пабаяліся, рызыкнулі. І ўсё пакуль што атрымліваецца. Дарэчы, пчалярствам займаюцца 11 дзяцей”.
Сёння пасека Здзітаўскай сярэдняй школы — гэта 3 пчаліныя сям’і, якія з’явіліся на пачатку мінулага лета. А восенню школа збірала першы мядовы ўраджай. Дапамагаў школьнікам у доглядзе тэматычны каардынатар мясцовы жыхар Віктар Іосіфавіч Дземідовіч, у якога ёсць свая пасека, дзе ён даглядае 30 пчоласем’яў.
“Калі пацяплее, будзем засяляць і астатнія 7 вулляў, — дзеліцца планамі дырэктар. — Нядаўна наш каардынатар прыходзіў, каб праверыць, як перазімавалі пчолы. Дарэчы, у нас наладжана супрацоўніцтва і з ААГ “Спорава”. Калгаснае поле, засеянае рапсавымі культурамі, знаходзіцца побач з нашай пасекай. Важным аспектам з’яўляецца і тое, што недалёка ад школы знаходзіцца балота — тэрыторыя заказніка “Спораўскі”, на якім расце шмат відаў раслін, у тым ліку лячэбныя травы, кветкі. А гэта значыць, што наш мёд багаты на ўтрыманне вітамінаў і мікраэлементаў. Калі ўраджайнасць павысіцца, зможам наладзіць продаж мёду, а ў школы з’явіцца заробак, які можна будзе траціць, напрыклад, на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы”.
Італьянскія ідэі для вясковай эканомікі
Пчалярства — важны, але не адзіны кірунак дзейнасці бізнес-інкубатара. Так, у школе існуе яшчэ два цікавыя напрамкі, якія могуць прыносіць даход. Як расказаў Віталь Жуковіч, навучальнай установе хацелася па максімуме задзейнічаць школьную тэрыторыю ў праекце па эканамічным развіцці, тым больш што магчымасць ёсць. Школа мае вучэбна-доследны ўчастак, плошча якога 0,5 гектара. І было б нерацыянальна пакінуць гэта без увагі. Заканамерна, што яшчэ адным відам дзейнасці інкубатара стала раслінаводства. Дарэчы, і тут не абышлося без каардынатара.
“Раслінавод да нас прыязджае з вёскі Быцень Івацэвіцкага раёна, — тлумачыць Віталь Паўлавіч. — Сярод мясцовых жыхароў не маглі знайсці спецыяліста, які меў бы адпаведную адукацыю і на прафесійным узроўні расказаў, як даглядаць за садам, якія ягадныя культуры лепш за ўсё вырошчваць на нашай зямлі. Важна, каб рэкамендацыі даваліся з улікам складу і ўласцівасцей глебы, каб было зразумела, дзе і якія культуры вырошчваць”.
Акрамя каардынатараў-прафесіяналаў, Віталь Паўлавіч далучыў да шэфства над праектамі і настаўнікаў — лідараў груп. Але задача педагогаў заключалася не ў тым, каб ацэньваць дзейнасць вучняў. Выкладчыкі павінны былі сачыць, каб паміж навучэнцамі і дарослымі, задзейнічанымі ў прасоўванні ідэй бізнес-кампаніі, не ўзнікала непаразуменняў і было наладжана эфектыўнае супрацоўніцтва.
“Дзеці павінны быць сацыяльна адаптаванымі, — упэўнены Віталь Паўлавіч. — А гэта значыць, што іх трэба вучыць кантактаваць з рознымі людзьмі. Нашым навучэнцам у гэтым плане пашанцавала. Дзякуючы праектнай дзейнасці школы, дзецям выпадае магчымасць размаўляць і з прадстаўнікамі іншых краін. Так, у нас ёсць парт-нёры з Італіі, з якімі пазнаёміліся на канферэнцыі ў Грузіі. Дзейнасць італьянцаў заключаецца не толькі ў развіцці прадпрымальніцтва ў галіне сельскай гаспадаркі. Вялікую ўвагу яны ўдзяляюць яшчэ і правільнаму фарміраванню экалагічнай культуры насельніцтва. Зразумеўшы, што ў нас ёсць многа агульнага, мы вырашылі, што было б цудоўна арганізаваць сумесны міжнародна-эканамічны школьны форум. І год назад, дзякуючы праекту па пашырэнні эканамічных магчымасцей, атрымалася запрасіць італьянцаў у школу для арганізацыі сумеснага тэматычнага мерапрыемства. На працягу трох дзён абмену вопытам замежныя госці паказалі нашым жыхарам, наколькі карысна і выгадна развіваць бізнес у вёсцы. Дарэчы, у італьянцаў у праектах задзейнічана шмат навучальных устаноў. А займаюцца нашы замежныя сябры вырошчваннем рэдкіх відаў таматаў. Мы ж пачалі весці “малінавы” бізнес, а таксама пасадзілі клубніцы, дурніцы і бружмель. Многія здзітаўцы ўслед за школай высадзілі на сваіх участках малінавыя кусты. Ужо пасля таго, як быў сабраны першы ўраджай, жыхары вёскі зразумелі, што продаж маліны — неблагі прыбытак. А вы ўявіце, як можна развіць гэты напрамак дзейнасці, калі ў некалькі разоў павялічыць колькасць згаданай ягады на ўчастках жыхароў вёскі”.
Далучыць дарослае насельніцтва да эканамічнай актыўнасці — адна з задач, якую ставіць перад сабой здзітаўская школа. Віталь Жуковіч упэўнены, што менавіта развіццё бізнесу магло б дапамагчы ажывіць вёску.
“Мы бачым, што метадам далучэння моладзі да вядзення бізнесу можам паўплываць на дэмаграфічную сітуацыю ў рэгіёне, — канстатуе дырэктар здзітаўскай школы. — Зараз у нас вучацца 65 чалавек, а 15 гадоў назад, калі я прыйшоў працаваць у школу, навучэнцаў было ў два разы больш. Тэндэнцыя сумная. І, як ужо адзначаў, адбываецца гэта з-за таго, што моладзі трэба пляцоўка для развіцця, месца працы і добры заробак. А гэта пакуль можа даць толькі горад. Тым не менш мы будзем развіваць свае прадпрымальніцкія ідэі, таму што сёння нашай школе і вёсцы такі вопыт неабходны”.
Вялікія планы маленькай школы
Яшчэ адным напрамкам дзейнасці здзітаўскага бізнес-інкубатара з’яўляецца сэрвіс па рамонце веласіпедаў. Сёння, калі ўсё большую папулярнасць набываюць здаровы лад жыцця і веласіпедныя экскурсіі, тэма развіцця велатурызму і спорту з’яўляецца своечасовай. Практычныя заняткі па веларамонце праводзіць з навучэнцамі школы мясцовы жыхар, які мае тэхнічную адукацыю. Дарэчы, большасць вучняў прыязlжаюць у школу на веласіпедах, паркуюць якія на ўласна створанай стаянцы.
“Велаэкскурсіі становяцца з кожным днём усё больш папулярнымі, — працягвае тэму развіцця бізнесу Віталь Жуковіч. — І абавязкова ў месцы арэнды веласіпедаў павінен быць пункт па рамонце гэтага транспарту. Навучанне такому віду бізнесу з’яўляецца папулярным, зразумела, менавіта сярод хлопчыкаў”.
У найбліжэйшых планах школы і сельсавета — стварыць на тэрыторыі навучальнай установы workout-пляцоўку. Такое рашэнне было прынята перш за ўсё з-за патрэб мясцовых жыхароў. Сем’ям, у якіх выхоўваюцца маленькія дзеці, няма дзе адпачываць. Якасная спартыўная пляцоўка для вучняў і іх бацькоў, гульнявыя комплексы для маленькіх дзяцей — усё гэта будзе пабудавана дзякуючы яшчэ аднаму праекту па развіцці сучаснай вёскі. “Рэалізоўваем стратэгію разам” — так называецца школьная ініцыятыва, якая будзе садзейнічаць рэалізацыі мясцовай стратэгіі ўстойлівага развіцця Спораўскага сельсавета.
“Усе нашы праекты накіраваны на тое, каб знайсці агульныя інтарэсы з насельніцтвам, а таксама павысіць узровень жыцця на мясцовым узроўні, — падагульняе дырэктар. — Ажыццяўленню гэтых планаў дапамагае супрацоўніцтва з адукацыйнымі ўстановамі краіны, сувязь з Акадэміяй паслядыпломнай адукацыі, БДПУ імя Максіма Танка, а таксама з экспертамі ў вобласці адукацыі, у прыватнасці, з начальнікам каардынацыйнага цэнтра “Адукацыя для ўстойлівага развіцця” БДПУ, магістрам педагогікі Соф’яй Барысаўнай Савелавай. Вялікую падтрымку ў рэалізацыі школьных планаў і задумак аказвае і асацыяцыя па ўстойлівым развіцці адукацыі, якая была створана 2 гады назад”.
Падчас размовы Віталь Паўлавіч раскрыў адзін сакрэт. Аказваецца, самае галоўнае, што дапамагае школе развіваць бізнес-ідэі, гэта правільная матывацыя. Ці атрымаецца ў Здзітава выканаць шматабяцальны план стратэгічнага развіцця? Так, адназначна. Таму што поспехам рухаюць жаданні, а таксама таленавіты кіраўнік. Здзітаўскай сярэдняй школе ў гэтым, безумоўна, пашанцавала.
Наталля САХНО.
Фота з архіва Здзітаўскай сярэдняй школы.