Школьныя бізнес-кампаніі — з’ява для Беларусі не новая. Але сказаць, што ўсё ў развіцці гэтых кампаній гладка і проста, нельга. Адна з праблем — недахоп настаўнікаў з эканамічнай адукацыяй, кіраўнікоў з неабходнымі ведамі і практыкай. Адпаведна, і факультатывы па асновах прадпрымальніцтва не заўсёды выкладаюць настаўнікі з дастатковымі ведамі ў галіне эканомікі і фінансаў. Таму школы шукаюць кансультантаў-эканамістаў, звяртаючыся, напрыклад, да ўстаноў вышэйшай адукацыі, а УВА ў сваю чаргу прапаноўваюць варыянты супрацоўніцтва. Так, свой цікавы варыянт прапанаваў Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт.
Падтрымка праз кансультацыі
Толькі ў Мінскай вобласці (першапраходца ў гэтым напрамку дзейнасці) па выніках мінулага навучальнага года налічвалася 137 школьных бізнес-кампаній, а іх удзельнікамі былі 1157 вучняў. У 2011 годзе, дарэчы, такіх кампаній на Міншчыне было ўсяго 4. А цяпер школьны бізнес развіваецца ва ўсіх раёнах Беларусі, паспяховыя кампаніі даюць магчымасць школьнікам набыць пэўныя прадпрымальніцкія навыкі і прыносяць у скарбонку школы пазабюджэтныя сродкі. Яшчэ гэтыя кампаніі хочуць развівацца і ўдасканальвацца, даваць дзецям як мага больш ведаў і практычных навыкаў, каб рыхтаваць будучых прадпрымальнікаў — адукаваных, ініцыятыўных, упэўненых ва ўласных сілах.
Дапамагчы ім у гэтым узяліся навучэнцы БДЭУ, якія стварылі валанцёрскі клуб студэнтаў-настаўнікаў “Бізнес-цьютар”. Ініцыятар і каардынатар клуба — дацэнт кафедры эканамічнай сацыялогіі Галіна Фёдараўна Бядуліна. Спецыяліст сама даўно супрацоўнічае з інавацыйнымі школьнымі пляцоўкамі па прадпрымальніцтве ў Гродзенскай вобласці ў якасці кансультанта. Да нядаўняга часу гэтае супрацоўніцтва распаўсюджвалася на 11 сельскіх школ, цяпер — на 13 (і не толькі на Гродзеншчыне) па тэме “Фарміраванне прадпрымальніцкіх кампетэнцый старшакласнікаў праз сеткавыя бізнес-суполкі”. Летась дапаможнік “Дзелавая актыўнасць і фарміраванне прадпрымальніцкіх кампетэнцый школьнікаў”, створаны на вопыце такой работы, нават атрымаў дыплом І ступені на рэспубліканскай выставе метадычнай літаратуры.
Да супрацоўніцтва са школамі дацэнт Г.Ф.Бядуліна далучала і сваіх студэнтаў, бо каму, як не будучым спецыялістам па эканамічнай сацыялогіі, дапамагаць развіццю падобных ініцыятыў? Тым больш што выпускнікі Інстытута сацыяльна-гуманітарнай адукацыі БДЭУ атрымліваюць дадатковую спецыяльнасць — “Выкладчык”. Ва ўніверсітэце ўжо нават абаронены дзве дыпломныя работы на тэму бізнес-кампаній: “Фарміраванне эканамічнай культуры старшакласнікаў у рамках школьных бізнес-кампаній Мінскай вобласці” і “Роля школьных бізнес-кампаній у фарміраванні прадпрымальніцкіх каштоўнасцей старшакласнікаў”.
Так з усёй гэтай работы ў мінулым годзе і нарадзілася ідэя стварэння валанцёрскага клуба, які пакуль дзейнічае ў рамках пілотнага праекта.
Ініцыятыву падтрымала праграма малых грантаў Пасольства ЗША ў Рэспубліцы Беларусь, а таксама кансалтынгавая ўстанова “Сацыяльныя тэхналогіі бізнесу” з Мінскага раёна. Такое супрацоўніцтва дапамагае валанцёрам ажыццяўляць паездкі ў раёны і арганізоўваць пэўныя мерапрыемствы, бо без фінансавай падтрымкі справіцца з пастаўленымі задачамі было б немагчыма.
“Паспяховы чалавек — гэта не той, хто абагнаў іншых. Паспяховы чалавек добра робіць сваю справу. У яго няма часу на барацьбу з канкурэнтамі. Ён стварае, а не змагаецца, супрацоўнічае з калегамі, а не ваюе”.
(З дапаможніка “Асновы прадпрымальніцкай дзейнасці для моладзі”, падрыхтаванага інкубатарам малога прадпрымальніцтва ЗАТ “МАП ЗАТ”.)
А задачы ў студэнтаў і іх выкладчыкаў даволі амбіцыйныя — укараненне механізмаў студэнцкага настаўніцтва і цьютарскага суправаджэння вучнёўскіх бізнес-кампаній для садзейнічання дзелавой самарэалізацыі і сацыяльнай інклюзіі навучэнскай моладзі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі і дзіцячых школ-інтэрнатаў сельскіх рэгіёнаў Беларусі, прыцягненне сельскіх школ і студэнтаў-цьютараў да сумеснай практыка-арыентаванай дзейнасці па развіцці прадпрымальніцкіх кампетэнцый моладзі і праектаванні сацыяльна-дзелавых стартапаў.
— Я выкладаю ў студэнтаў сацыялогію кіравання. Гэта практыка-арыентаваны напрамак, таму работа клуба важная як для бізнес-кампаній, так і для ўніверсітэта, — тлумачыць Г.Ф.Бядуліна. — Валанцёрам не менш важна атрымаць практычныя навыкі кіравання працэсамі, чым школам (нашу падтрымку ў выглядзе кансультацый і трэнінгаў). У Аўстрыі, напрыклад, ёсць Міністэрства эканомікі сям’і і моладзі. Цэлае міністэрства і шмат адпаведных праграм! Такую вялікую ўвагу там удзяляюць распаўсюджванню эканамічных ведаў, развіццю прадпрымальніцкай ініцыятывы. Такая работа неабходна і нам.
Пляцоўкамі для праекта сталі чатыры школы, на базе якіх створаны вучнёўскія бізнес-кампаніі: у Воранаўскім раёне Гродзенскай вобласці, Хойніцкім раёне на Гомельшчыне, Бярозаўскім раёне на Брэстчыне, а таксама Радашковіцкая школа-інтэрнат для дзяцей сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў (Мінская вобласць). А касцяк клуба складаюць трэцякурснікі Інстытута сацыяльна-гуманітарнай адукацыі БДЭУ. Старшыня клуба і яго мадэратар Аляксандр Мацкевіч таксама з іх ліку.
Прадпрымальнікамі становяцца за партай
Напрыканцы мінулага года члены валанцёрскага клуба сталі ўдзельнікамі (у якасці цьютараў) Рэспубліканскага конкурсу “Лідар года” сярод членаў Рэспубліканскага каардынацыйнага савета маладзёжных парламентаў. У Мінску сабраліся лідары з гарадоў, дружалюбных да дзяцей, і адным з мерапрыемстваў, у якіх яны ўдзельнічалі, стала дзелавая гульня “Праектны робат”, якую правялі валанцёры з эканамічнага ўніверсітэта. Удзельнікі гульні падзяліліся на групы, кожная з якіх распрацавала свой бізнес-праект і абараніла яго. Быў, напрыклад, праект па процідзеянні кібер-булінгу — цікава і актуальна. Магчыма, гэтая ці іншая дзелавая гульня можа падштурхнуць кагосьці да рэалізацыі ідэі ў рэальным жыцці.Так, падчас конкурсу “Лідар года” прайшла апрабацыя гульнявога тэсціравання, якое ў далейшым члены клуба “Бізнес-цьютар” будуць выкарыстоўваць у рабоце са школьнікамі.
Таксама маладыя цьютары разам з кансалтынгавай установай “Сацыяльныя тэхналогіі бізнесу” сталі ініцыятарамі і ўдзельнікамі круглага стала “Інавацыі і сучасныя тэхналогіі студэнцкага настаўніцтва і цьютарства для навучэнскай моладзі”, які прайшоў у БДЭУ на пачатку лютага. Канечне, да размовы запрасілі не толькі студэнтаў, але і прадстаўнікоў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, Нацыянальнага інстытута адукацыі, школьных бізнес-кампаній, дырэкцыі інкубатара малога прадпрымальніцтва ЗАТ “МАП ЗАТ” з Мінскага раёна і іншых зацікаўленых асоб. Абмеркавалі праблемы і перспектывы дзейнасці навучэнскіх бізнес-кампаній, іх ролю ў фарміраванні сацыяльных кампетэнцый выпускнікоў інтэрнатных устаноў.
Зацікаўленасць у развіцці цьютарскай работы эканамічнай накіраванасці ёсць, што пацвярджае і круглы стол, і апытанне сярод студэнтаў эканамічнага ўніверсітэта, якое правялі валанцёры клуба “Бізнес-цьютар”. Яно паказала, што больш за палову апытаных хацелі б займацца цьютарскай работай. Другое апытанне — сярод настаўнікаў і вучняў школ, дзе ёсць інавацыйныя пляцоўкі па прадпрымальніцкіх кампетэнцыях, выявіла самыя цікавыя для іх тэмы. Школьнікі, арыентаваныя на рэалізацыю сябе ў прадпрымальніцтве, хочуць ведаць прафесійны адказ на пытанне “Як скласці бізнес-план?”, мець уяўленне пра стратэгію паводзін бізнесмена ў канфліктнай сітуацыі, ведаць, з чаго складаюцца прававыя ўмовы развіцця прадпрымальніцтва.
Пакуль члены клуба запланавалі чатыры выязныя мерапрыемствы ў падшэфных школах. Першую з іх — Радашковіцкую школу-інтэрнат — ужо наведалі. Правялі з членамі бізнес-кампаніі (выхаванцы інтэрната праводзяць экскурсіі па школьных музеях) чатыры трэнінгі па тэмах “Прадпрымальніцтва як сфера дзейнасці”, “Што такое прадпрымальнасць?”, “Прадпрымальніцкія здольнасці і іх сутнасць”, “Партрэт прадпрымальніка. Асобасныя характарыстыкі”. І гэта былі не лекцыі, а мерапрыемствы ў фармаце ўзаемадзеяння членаў школьных бізнес-кампаній і цьютараў. Пасля ж усіх трэнінгаў студэнты і выкладчыкі плануюць выдаць зборнік у дапамогу цьютарам па апрабаваных занятках і выкласці яго ў свабодны доступ на сайце ўніверсітэта і інтэрнэт-пляцоўцы http://sbt-consult.by для ўсіх зацікаўленых.
Восенню маладыя цьютары з БДЭУ плануюць правесці злёт маладых сацыяльных наватараў “Праектны марафон”. Удзельнікамі злёту стануць навучэнцы чатырох школ, якія супрацоўнічаюць з клубам. Хлопцы і дзяўчаты прадставяць праекты сваіх стартапаў, а цьютары ацэняць іх, дадуць практычныя парады, пракансультуюць. На злёт плануецца запрасіць і дзеючых прадпрымальнікаў, якія дапамогуць школьнікам рэалізаваць іх праекты.
— Нашы выпускнікі па спецыялізацыі “эканамічная сацыялогія”, я спадзяюся, у будучыні змогуць быць бізнес-кансультантамі школьных кампаній, — гаворыць Г.Ф.Бядуліна. — Цяперашнія члены нашага клуба — гэта піянеры, першапраходцы, якія імкнуцца прыцягнуць у гэтую сферу іншых. Фінансавая дасведчанасць зараз вельмі актуальная тэма, але важна не забываць і пра навучанне асновам прадпрымальніцтва. Многія нават не ведаюць, што школьнае прадпрымальніцтва не толькі магчыма, але і можа быць вельмі паспяховым. Мы імкнёмся расказваць пра гэта, падняць, так бы мовіць, прадпрымальніцкі дух моладзі. Валанцёры, напрыклад, праводзілі тэсціраванне наконт прадпрымальніцкіх ініцыятыў у тых установах, дзе бізнес-кампаній не існуе, ёсць толькі інавацыйныя пляцоўкі.
У клубе ж “Бізнес-цьютар” змена пакаленняў адбудзецца ўжо ў наступным навучальным годзе, калі сённяшнія трэцякурснікі Аляксандр Мацкевіч, Вераніка Баглова, Марына Шпак, іншыя хлопцы і дзяўчаты пяройдуць на чацвёрты, выпускны, курс. Яны абяцаюць, што будуць дапамагаць тым, хто прыйдзе ім на змену, і справа эканамічнага валанцёрства працягнецца.
Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з архіва Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта.