Апошнім часам вырашаць сацыяльныя праблемы рознага фармату стала зручна з дапамогай грамадскіх ініцыятыў і дабрачынных праектаў. Але эфектыўнасць і вынік стартапа часта залежаць ад таго, хто і якія ідэі ў яго закладвае. Праграма сацыяльных інавацый для падлеткаў і моладзі UPSHIFT дазваляе маладым людзям, у тым ліку прадстаўнікам уразлівых груп, самастойна выяўляць і распрацоўваць рашэнні ўласных праблем. Ведаючы, з якімі абмежаваннямі і перашкодамі даводзіцца сутыкацца ў штодзённасці, маладыя людзі працуюць над праектам даволі педантычна: ад сённяшняга рашэння можа залежаць іх заўтра.
Дзякуючы падыходу, на якім пабудавана міжнародная праграма UPSHIFT, падлеткі і моладзь набываюць і развіваюць навыкі, якія ім спатрэбяцца, напрыклад, падчас пошуку працы ці планавання ўласнага бізнесу.
Падрабязней пра UPSHIFT і тое, як ён працуе, расказала кансультант па пытаннях удзелу падлеткаў у праектах ЮНІСЕФ у Беларусі Марыя ВІДЗЕВІЧ.
На вырашэнне якіх сацыяльных праблем накіраваны UPSHIFT? Калі ён упершыню быў рэалізаваны ў нашай краіне і чаму яго аўдыторыя — гэта пераважна падлеткі і моладзь з уразлівых груп?
UPSHIFT — гэта праграма сацыяльнага праектавання для падлеткаў і моладзі, якая дазваляе маладым людзям, у тым ліку прадстаўнікам уразлівых груп, выяўляць і распрацоўваць рашэнні праблем для сваіх супольнасцей. Дзякуючы гэтаму, маладыя людзі пачынаюць крытычна мысліць, вучацца фінансавай дасведчанасці, атрымліваюць камунікатыўныя навыкі і інш.
Важна, што падлеткі і моладзь самі выяўляюць праблемы, якія для іх з’яўляюцца важнымі, а значыць, гэтыя праблемы не навязаныя кімсьці, а вызначаны непасрэдна маладымі людзьмі.
Метадалогія праекта, якую распрацаваў Дзіцячы фонд ААН (ЮНІСЕФ), упершыню была рэалізавана ў Косаве ў 2014 годзе. У нашай краіне UPSHIFT стартаваў у жніўні мінулага года і пачаўся з трэнінгу для трэнераў, падчас якога былі падрыхтаваны 38 спецыялістаў па UPSHIFT.
Сёння ЮНІСЕФ рэалізоўвае метадалогію UPSHIFT па двух асноўных напрамках: у якасці курса на выбар ва ўстановах дадатковай адукацыі ў 7 рэсурсных цэнтрах маладзёжных ініцыятыў у Мінску, Барысаве, Гродне, Брэсце, Гомелі, Магілёве і Наваполацку, а таксама ў якасці 3-дзённага інтэнсіву па распрацоўцы праектаў на зададзеную тэму.
Акцэнт робіцца на ўразлівыя групы, таму што ў такіх маладых людзей не заўсёды ёсць доступ да праграм па развіцці навыкаў XXІ стагоддзя. Акрамя таго, паколькі праблемнае поле фармулюецца самімі падлеткамі, гэта дапамагае звярнуць увагу на праблемы ўразлівых груп і знайсці іх рашэнні. Важна, што каманды падлеткаў інклюзіўныя, а значыць, уключаюць прадстаўнікоў розных груп.
Увогуле, метадалогія, на якой заснаваны UPSHIFT, даволі гнуткая, чым і забяспечваецца яе эфектыўная адаптацыя да лакальных асаблівасцей. UPSHIFT таксама дазваляе ствараць новыя віды партнёрскіх адносін з прадстаўнікамі бізнесу і грамадзянскай супольнасцю на мясцовым узроўні.
Як праходзіў адбор удзельнікаў? І ці лёгка было матываваць маладых людзей з уразлівых груп?
Адбор удзельнікаў для UPSHIFT, які рэалізуецца ва ўстановах дадатковай адукацыі, праходзіў праз падачу заявак ад зацікаўленых маладых людзей з апісаннем праблемнага поля, якое яны лічаць актуальным і важным.
Заяўкі адбіраліся на ўзроўні вобласці: да ўдзелу запрашаліся ўсе раёны, пасля чаго былі адабраны 4—5 каманд з кожнай вобласці, якія на працягу некалькіх месяцаў праходзілі навучанне і распрацоўвалі свой праект.
Трэнінг па сацыяльным праектаванні UPSHIFT для падлеткаў з Баранавіч і Магілёва праходзіў 21—23 студзеня ў комплексе “Форум” у Мінскім раёне. Ён быў прысвечаны тэме булінгу ў школе. Знайсці дзейсныя метады для прадухілення гвалту ў адносінах да дзяцей — галоўная мэта трэнінгаў, на якіх падлеткі вучыліся ствараць свой прадукт, прадстаўляць яго, улічваючы неабходныя рэсурсы і бюджэт.
Акрамя таго, былі праведзены два UPSHIFT-інтэнсівы, у якіх удзельнічалі маладыя людзі з Баранавіч і Магілёва. Для інтэнсіўнага курса адбор ажыццяўляўся аддзелам адукацыі горада, прычым акцэнт быў зроблены менавіта на ўразлівыя групы.
Што тычыцца ўзросту ўдзельнікаў, то ў праекце прымаюць удзел тыя, каму ад 14 да 19 гадоў. Атрымліваецца, што ў кожнай камандзе ад 4 да 6 чалавек. Асноўныя ўразлівыя групы — падлеткі і моладзь з інваліднасцю, а таксама дзеці, якія знаходзяцца ў канфлікце з законам, у цяжкай сямейнай сітуацыі. Для іх асноўнай матывацыяй было тое, што праект, які яны змогуць распрацаваць, не застанецца на паперы, а можа быць рэалізаваны на ўзроўні горада.
Што часцей за ўсё хвалюе падлеткаў і маладых людзей з уразлівых груп? З якімі праблемамі яны сутыкаюцца?
Часцей за ўсё маладыя людзі скардзяцца на праяўленні булінгу ў школе, непаразуменні ці адсутнасць падтрымкі ў сям’і. Таксама іх хвалююць больш глабальныя праблемы. Напрыклад, падлеткі цікавяцца перапрацоўкай ці раздзельным зборам смецця, ім важна ведаць, як можна паўплываць на экалагічную сітуацыю не толькі ў краіне, але і ў свеце.
Балючай праблемай з’яўляецца неінклюзіўнасць гарадскога асяроддзя, адсутнасць магчымасці для правядзення вольнага часу. Важна, што маладыя людзі пра гэта гавораць і спрабуюць прыцягнуць увагу да адпаведных праблем. Хочацца, каб з цягам часу гэтыя складанасці вырашыліся.
У канцы студзеня да ўдзелу ў праекце былі запрошаны падлеткі з Баранавіч, якія распрацоўвалі праекты, накіраваныя на недапушчэнне гвалту ў адносінах да дзяцей. Як гэта адбывалася і хто дапамагаў дзецям у распрацоўцы ідэі? Што ў выніку ў іх атрымалася?
На працягу 3 дзён з падлеткамі працавалі трэнеры, навучаныя метадалогіі UPSHIFT, якія з дапамогай розных тэхнік і практыкаванняў накіроўваюць дзяцей у працэсе распрацоўкі праекта. Ідэі, прапанаваныя маладымі людзьмі з Баранавіч, былі рознымі, але ўсе так ці інакш накіраваны на вырашэнне сацыяльных праблем. Напрыклад, былі агучаны ідэі па стварэнні бяспечнага пакоя для правядзення вольнага часу, атрымання кансультацый спецыялістаў і падтрымкі з боку аднагодкаў у крызісных сітуацыях. Нехта выказаў ідэю па стварэнні гарадскога графіці і сацыяльных ролікаў па праблеме гвалту. Таксама цікавай была ідэя па стварэнні квеста, у рамках якога падлеткі маглі б вучыцца супрацьстаяць булінгу.
На першым этапе навучання дзеці аналізавалі праблемы гвалту з дапамогай розных метадаў. Раскажыце, калі ласка, пра іх больш падрабязна. Што ляжыць у аснове “Дрэва праблем”, метаду выяўлення глыбінных праблем з канцэпцыі “Пяць чаму” і тэхнікі пад назвай “Персона”?
Усе гэтыя практыкаванні і тэхнікі дазваляюць больш дэталёва паглядзець на праблемы і іх глыбінныя прычыны. Напрыклад, “Дрэва праблем” дазваляе прапісаць прычыны і наступствы праблемы. “Пяць чаму” дапамагае высветліць не толькі павярхоўныя прычыны кожнай праблемы, але і зазірнуць на некалькі ўзроўняў глыбей (да кожнай прычыны ставіцца пытанне “Чаму?”, а пасля гэтае ж пытанне задаецца прычыне прычыны і г.д.).
“Персона” дае магчымасць падрабязна распісаць інфармацыю аб прадстаўніку ці прадстаўніцы мэтавай групы, каб яны падчас распрацоўкі праекта як мага лепш адпавядалі яе патрэбам і матывацыі.
Якім чынам праект будзе падтрымлівацца і рэалізоўвацца ў далейшым, улічваючы, што ён атрымаў фінансавую падтрымку ЮНІСЕФ ?
Пасля таго, як вызначаецца лепшы сацыяльны праект, на яго рэалізацыю выдзяляецца пэўная сума. Далей падлеткі сумесна з гарадскімі ўладамі і пры падтрымцы нашай арганізацыі пачынаюць рэалізоўваць ідэю.
Напрыклад, 4 сакавіка ў Баранавічах пачнецца нанясенне графіці на адным з гарадскіх аб’ектаў па праблеме булінгу. Спадзяёмся, што такім чынам падлеткі змогуць прыцягнуць увагу грамадства да гэтай важнай і небяспечнай сацыяльнай праблемы. Калі ёсць увага, значыць, павінен быць і водгук.
Метадалогія UPSHIFT змяшчае некаторыя асноўныя элементы, якія могуць быць ужыты ў розных краінах і культурных кантэкстах. У той жа час метадалогія дастаткова гнуткая, каб забяспечыць яе эфектыўную адаптацыю да лакальных асаблівасцей. UPSHIFT таксама дазваляе ствараць новыя віды партнёрскіх адносін з прадстаўнікамі бізнесу і грамадзянскай супольнасцю на мясцовым узроўні.
У рамках праграмы сацыяльных інавацый падлеткі і маладыя людзі ствараюць новыя тэхналогіі і рэалізуюць наватарскія і, што самае важнае, патрэбныя сацыяльныя праекты. Напрыклад, на UPSHIFT у Харкаве (Украіна) каманда маладых людзей стварыла тэхналогію, якая дапамагае дзецям навучыцца карыстацца дактыльнай (ручной) азбукай і такім чынам падтрымліваць зносіны з аднагодкамі, якія пазбаўлены слыху. А ў Косаве хлопцы і дзяўчаты рэалізавалі праект па перапрацоўцы адходаў, ператвараючы іх у арганічныя ўгнаенні для раслін.
Упершыню метадалогія UPSHIFT была прыменена ў Косаве, а цяпер рэалізуецца ў 16 краінах.
Як вырашаць надзённыя праблемы ў падлеткавым асяроддзі? Як дапамагчы тым, хто стаў ахвярай булінгу? Праект AirSpace, які распрацавалі навучэнцы з Баранавіч, накіраваны на вырашэнне менавіта гэтых пытанняў. Дарэчы, на рэалізацыю гэтага праекта каманда з Баранавіч атрымала 2 тысячы долараў.
Лізавета Валуева, навучэнка 10 “А” класа сярэдняй школы № 10 Баранавіч, прымала ўдзел у праекце і расказала, як будзе рэалізоўвацца іх стартап у горадзе.
“Пра існаванне міжнароднай сацыяльнай ініцыятывы UPSHIFT я даведалася не вельмі даўно, але адразу зацікавілася праектам, — кажа дзяўчына. — І калі знайшла інфармацыю, што можна прыняць удзел у форуме, дзе можна распрацаваць уласны праект, накіраваны на вырашэнне той ці іншай сацыяльнай праблемы, адразу згадзілася паўдзельнічаць.
У першы дзень нашай працы мы вывучалі булінг, якім ён бывае і як сябе паводзіць, калі твой сябар ці ты сутыкнуўся з ім.
У другі дзень мы заняліся стварэннем праектаў, працаваць над якімі дапамагалі нашы куратары. Пасля аналізу праблемы мы задалі сабе пытанні: “Як мы можам стварыць бяспечную прастору для падлеткаў? Якой яна павінна быць?”— і пачалі думаць над гэтым.
Свой праект мы назвалі AirSpace — паветраная прастора. Гэтая прастора, па задуме, павінна стаць свабоднай для падлеткаў, дзе кожны будзе адчуваць сябе камфортна і не баяцца, што яго будуць асуджаць. Мэта нашага праекта заключаецца ў стварэнні пакоя, дзе навучэнцы змогуць праводзіць вольны час, рабіць урокі, слухаць музыку, размаўляць адно з адным, а таксама абмяркоўваць хвалюючыя пытанні з псіхолагам. За тры дні ўдзелу ў праекце мы стварылі прыкладную планіроўку гэтага пакоя і як толькі вярнуліся дадому, пачалі рэалізоўваць ідэю, шукаць пакой і абдумваць план дзеянняў. У выніку мясцовая ўлада нам дапамагла знайсці падыходзячае месца, а таксама дазволіла на адным з будынкаў, на сцяне, размясціць графіці, прысвечанае тэме недапушчэння булінгу ў адносінах да дзяцей. Рэалізацыя праекта пачнецца 4 сакавіка”.
Наталля САХНО.