У кожнай праблемы сваё ІМЯ

Вострыя сацыяльныя праблемы ў адзіночку рэдка калі вырашаюцца. Для таго каб справіцца з рэальна існуючым недахопам, неабходна, каб працавала каманда. Прыемна, што ў нас такія людзі ёсць, і важна, што яны насамрэч вырашаюць праблемы, а не ствараюць бачнасць.

Сацыяльная платформа “Імёны” ўзнікла крыху больш чым 2 гады назад і дапамагае фондам і грамадскім арганізацыям развіваць тыя ініцыятывы, якія здольны не толькі змяніць, але і палепшыць жыццё розных сацыяльных груп.

Пра ўзнікненне платформы, развіццё праектаў і дапамогу дзецям расказвае заснавальнік “Імён” Кацярына СІНЮК.


— Кацярына, чым была выклікана неабходнасць стварэння “Імён”? На вырашэнне якіх сацыяльных праблем працуе ваша платформа?

— Ідэя стварэння сацыяльнай платформы “Імёны” была заканамернай. Я доўгі час працавала ў журналістыцы, і калі тэмы, на якія пішу, пачалі паўтарацца, а праблемы, якія закранала, так і заставаліся нявырашанымі, зразумела, што так больш працягвацца не можа. Любая праблема павінна мець сваё вырашэнне.

Часта чытала адзін з расійскіх інтэрнэт-парталаў і заўважыла адну цікавую асаблівасць. Незалежна ад таго, пра што пісалі журналісты — экалогію, дзяцей-сірот ці асуджаных, у канцы тэксту заўсёды быў зварот да чытачоў. Пазначалася, што любы чалавек можа дапамагчы ў вырашэнні праблемы. І гэта робіцца вельмі проста. Для таго каб падтрымаць пэўных людзей, неабходна было перавесці любую суму на рахунак таго некамерцыйнага праекта, фонду, які можа дапамагчы ў вырашэнні гэтай праблемы. Ідэя мне вельмі спадабалася. Умець вырашаць сацыяльныя праблемы разам, пры дапамозе фондаў вельмі важна. Такім чынам, сутнасць такой з’явы ў тым, што фонд збірае грошы на пэўны праект і падтрымлівае яго, дае шанс тым людзям, якія маюць патрэбу ў дапамозе, адчуць сябе абароненымі. У Англіі, напрыклад, першы фонд з’явіўся ў ХVII стагоддзі, для гэтай краіны такая з’ява ўжо звыклая.

Я пачала вывучаць, якія праекты пры дапамозе фондаў падтрымліваюць у Расіі. Некалькі ідэй мяне вельмі зачапілі. Першы праект, які крануў і на які збіралі грошы, — гэта падтрымка дзяцей-сірот у бальніцах. Калі з дзеткамі з поўных, добранадзейных сем’яў у бальніцах знаходзяцца мамы, то з тымі малышамі, бацькі якіх пазбаўлены правоў на выхаванне, не знаходзіцца ніхто. Зразумела, што пакінутым дзецям удзяляецца роўна столькі ўвагі, колькі могуць дазволіць медыцынскія работнікі. Пасля публікацыі матэрыялу на партале чытачам прапаноўвалася дапамагчы сабраць грошы, каб у бальніцах арганізаваць работу сацыяльных нянек. Я ўбачыла такі алгарытм работы, калі фонд фінансуе дзейнасць іншых фондаў. І зразумела, што такую сістэму неабходна пабудаваць і ў нашай краіне. За два з паловай года, пакуль дзейнічаюць “Імёны”, у нас атрымалася далучыць нераўнадушных людзей да многіх праектаў, мы сабралі больш за 1,3 млн рублёў.

— Адным з самых першых і вядомых праектаў, які вы падтрымліваеце, стала “Нянька замест мамы”. Колькі бальніц былі забяспечаны адпаведным персаналам і ці можна сёння лічыць праблему догляду пакінутых малышоў вырашанай?

— Так, самым першым сацыяльным праектам, які і дагэтуль падтрымліваюць, на рахунак якога пераводзяцца грошы і на ўдзел у якім адгукнулася вялікая колькасць людзей, з’яўляецца “Нянька замест мамы” (мы збіраем грошы на аплату працы нянек Чырвонага Крыжа). Для таго каб падтрымаць развіццё праекта ў нашай краіне, званіла ў бальніцы, даведвалася, як вядзецца догляд дзетак-сірот. Як аказалася, сітуацыя была аналагічнай з расійскай. Малышы ў палатах знаходзіліся адны, таму што медыцынскія работнікі не з’яўляюцца ні выхавальнікамі, ні мамамі і такі догляд у іх абавязкі не ўваходзіць.

Такім чынам, мы запусцілі збор сродкаў і спачатку сабралі грошы на зарплату 2 нянек у Гродне (у 2016 годзе такіх нянек наогул у краіне больш не было). На сёння ў 16 бальніцах па краіне працуюць ужо 18 нянек. Для таго каб жанчынам, якія глядзяць за дзеткамі, пастаянна выплачваліся грошы, наша платформа запусціла збор сродкаў трэці раз. Дарэчы, у мінулым годзе мы ўстанавілі сэрвіс падпіскі. Сутнасць у тым, што людзі могуць аформіць праз наш сайт штомесячныя спісанні з карты ў падтрымку таго праекта, які самі могуць выбраць у нас. Кожны праект дасканала правяраем: і справаздачы, і легальнасць работы, і эфектыўнасць. Гэта значыць, што мы глядзім, ці насамрэч работа праекта дапамагае не аднаму, а многім людзям. Такім чынам, “Нянька замест мамы” — гэта праект, які дагэтуль падтрымліваецца найбольшай колькасцю людзей. Відавочна, што праблема догляду дзетак, іх адаптацыі і правільнага развіцця хвалюе многіх. Дарэчы, кожны, хто падпісаны на праект, фінансуе яго ў рэжыме рэальнага часу, можа бачыць, колькі грошай ёсць для зарплаты тых, хто працуе замест мам.

Яшчэ адным маштабным праектам, да фінансавай падтрымкі якога далучыліся тысячы нераўнадушных, з’яўляецца збор сродкаў на энтэральнае харчаванне дзецям, якія знаходзяцца ў псіханеўралагічным інтэрнаце Мінска. Згодна з нашымі данымі, на рахунак праекта было залічана больш чым 67 тысяч рублёў. Дарэчы, праект па закупцы жыццёва неабходнага віду харчавання найбольш яскрава паказвае, як важна фондам, якія займаюцца падтрымкай праектаў, супрацоўнічаць з адпаведнымі дзяржаўнымі структурамі. Поўнасцю аддаць такі праект на апеку фонду немагчыма: харчаванне павінна паступаць дзецям без перабояў і закупляцца рэгулярна, для гэтага неабходны вялікія сумы.

— Сярод праектаў, якія падтрымлівалі “Імёны”, ёсць і праект па настаўніцтве для сірот. Наколькі ахвотна наша грамадства адгукаецца на падтрымку ініцыятыў, накіраваных на паляпшэнне жыцця тых дзяцей, якія маюць у гэтым патрэбу?

— За час дзейнасці нашай платформы ўбачыла, што ёсць і пакуль не вырашальныя праблемы. Напрыклад, праблема адаптацыі дзяцей-сірот пасля таго, як яны выходзяць з інтэрната.

Арцём Галавій знаходзіў настаўнікаў для дзяцей-сірот, якія жывуць у інтэрнаце. Сэнс праекта ў тым, што дарослыя становяцца настаўнікамі для непаўналетніх і суправаджаюць іх да таго моманту, пакуль падапечным не спаўняецца 18 гадоў, а таксама пасля выпуску з інтэрната. У праекта за час яго існавання найшлося многа настаўнікаў. І вельмі важна, што падтрымку дарослых атрымлівалі не толькі дзяўчынкі, але і хлопчыкі. Для іх Арцём нават стварыў унутры праекта яшчэ адзін праект — “Каманда мары”. Сутнасць такой ініцыятывы ў тым, што разам з падлеткамі гулялі ў футбол прадстаўнікі шматлікіх дзяржаўных ведамстваў. Безумоўна, дарослыя дзелавыя людзі станавіліся для хлопчыкаў сябрамі, разам праводзілі час. Як толькі праект па адаптацыі дзяцей-сірот узнік, яго ўсе хвалілі, пра яго многа гаварылі.

Але з цягам часу выявілася, што настаўніцтва не прапісана ў законе. Такая форма работы з дзецьмі афіцыйна не зацверджана, а значыць, існаваць не павінна. Арцём і настаўнікі пакуль з дзецьмі не працуюць. Мы сабралі на работу праекта ўжо больш за 17 тысяч рублёў. І цяпер проста ў разгубленасці, што рабіць… Калі праект не зможа працягнуць работу, то, хутчэй за ўсё, давядзецца вярнуць грошы ўсім ахвярадаўцам. Гэта можа вельмі негатыўна адбіцца на іміджы тых структур, якія адказваюць за дзяцей. У людзей складзецца ўяўленне, што ўсе праблемы сірот ужо вырашаны. Але гэта не так. На наш погляд, нельга забараняць работу з праектам, дзе індывідуальна кожнаму дзіцяці падбіраецца настаўнік.

Калі з праектам настаўніцтва для непаўналетніх яшчэ штосьці зразумела і яго спрабуюць падтрымліваць, то знайсці тых, хто можа і гатовы дапамагчы ў адаптацыі маладым людзям, якія выраслі і пакінулі інтэрнат, вельмі складана. Ёсць многа выпадкаў, калі сіротам пасля інтэрната выдзяляецца кватэра, даецца грашовая дапамога, але выжыць у соцыуме ім усё роўна цяжка. Так адбываецца таму, што ў інтэрнаце ўсё робіцца за дзяцей, яны хутка прывыкаюць да гэтага. У выніку дзіця вырастае сацыяльна неадаптаваным. Згодна са статыстыкай СНД, толькі 1% маладых людзей, якія выйшлі з інтэрнатаў, уладкоўвае сваё жыццё, атрымлівае адукацыю.

— У мінулым годзе “Імёны” падтрымлівалі адукацыйны праект “ІТ-курсы ў прытулках”. Якую ролю ён адыграў у адаптацыі дзяцей?

— Праект завяршыўся ў мінулым годзе, але мы плануем зноў узяцца за яго развіццё. Курсы былі створаны спецыяльна для падтрымкі і развіцця дзяцей, якія знаходзяцца ў прытулках СПЦ. Зразумела, што той перыяд, на працягу якога там знаходзяцца дзеткі, вельмі нервовы і непрадказальны. Дзеці не ведаюць, што іх чакае пасля — мама ці дзіцячы дом. Аналагічныя курсы працуюць у Расіі. Прычым там яны для дзяцей рознага ўзросту выкладаюцца на розным узроўні, навучэнцы старшых класаў, якія знаходзяцца ў прытулку, могуць пасля заканчэння курсаў атрымаць нават спецыяльнае пасведчанне. У нас я доўга шукала падобную ініцыятыву, але не знайшла. А пасля выпадкова даведалася, што адна ІТ-кампанія, якая займаецца распрацоўкай гульняў, знаходзіцца ў пошуках праекта, у які можна было б укласці спонсарскія грошы. У выніку прадстаўнікі кампаніі прыйшлі ў некалькі прытулкаў, прапанавалі, што да дзяцей будуць прыходзіць спецыяльна навучаныя настаўнікі і вучыць аспектам праграмавання.

Мы збіралі грошы для таго, каб рэалізаваць праекты яшчэ ў двух прытулках Мінска. І гэта ўдалося зрабіць вельмі хутка. Увогуле, прыемна, што на праекты, накіраваныя на дапамогу дзецям і падтрымку, адгукаецца многа людзей. Гэта пацвярджае, што ўсё робім правільна і своечасова, менавіта такой і павінна быць дапамога.

— Чаго, на ваш погляд, не хапае ў заканадаўстве і ці існуюць падводныя камяні, якія не дазваляюць платформе развіваць дзейнасць больш шырока і глабальна?

— Многія, калі даведваюцца, чым займаемся, здзіўляюцца і пытаюць адно і тое ж: ці не сапернічаем у вырашэнні адпаведных пытанняў з некаторымі дзяржаўнымі структурамі? Не, ніякага спаборніцтва няма. Прыкметна, што ў многіх развітых краінах свету некамерцыйныя арганізацыі выступаюць для дзяржаўных ведамстваў партнёрамі, яны разам вырашаюць вострыя сацыяльныя пытанні.

Наша дзейнасць заключаецца ў тым, што збіраем грошы, каб плаціць зарплаты тым людзям, якія аказваюць дапамогу розным сацыяльным групам насельніцтва. За сродкі, якія сабралі за ўвесь час, больш чым 7,5 тысячы чалавек на пастаяннай аснове атрымліваюць дапамогу спецыялістаў. Больш за тое, у Еўропе такім арганізацыям, як мы, дзяржава дае падатковыя льготы, заахвочвае фізічных асоб, бізнес-кампаніі да супрацоўніцтва з падобнымі да нашай арганізацыямі. Упэўнена, мы маглі б збіраць намнога больш сродкаў на вырашэнне праблем, якія зараз фінансуюцца толькі з дзяржаўнага бюджэту. Для таго каб наладзіць такую работу, гатовы размаўляць з кампетэнтнымі органамі. Мы вывучаем многа міжнароднага вопыту.

Такім чынам, нашай краіне патрэбен закон, які будзе рэгуляваць і заахвочваць работу такіх арганізацый, як наша. Зараз наша дзейнасць рэгулюецца агульным указам № 300, але, на мой погляд, нас трэба выдзяляць асобна. Акрамя гэтага, неабходна знізіць колькасць папер, якія рыхтуюць прадстаўнікі бізнесу для таго, каб нас фінансава падтрымаць. Сёння мы добраахвотна вывешваем фінансавыя справаздачы на сайце, свет глабалізуецца. Таму няма неабходнасці дубліраваць такія справаздачы. Увогуле, было б добра, калі б і ў нашай краіне для бізнесу і для фізічных асоб, якія гатовы дапамагаць у рэалізацыі сацыяльных праектаў, існавалі льготы.

Існуе яшчэ адна праблема, якую мы вырашаем. Два месяцы назад падтрымліваць некамерцыйныя праекты ў нас на платформе маглі толькі людзі з Беларусі. Цяпер жа мы запусцілі сэрвіс, які дазваляе падтрымліваць беларускія праекты людзям з усяго свету. Але кожнае замежнае ахвяраванне трэба рэгістраваць у Дэпартаменце па гуманітарнай дзейнасці. У перспектыве гэта можа стаць і для нас, і для дэпартамента нерэальным аб’ёмам працы. Мы ўжо звярнуліся ў Дэпартамент па гуманітарнай дзейнасці са сваімі прапановамі аб тым, як спрасціць працэдуры ў межах дзеючага заканадаўства. Наступае новы год, і мы спадзяёмся, што дыялог з зацікаўленымі структурамі адбудзецца і прынясе поспех.

Гутарыла Наталля САХНО.