На працягу двух гадоў у нашай краіне пры падтрымцы дабрачыннага фонду дапамогі “Белы Бусел” дзейнічае ўнікальны праект “Рэдкія мары”, які дапамагае асаблівым дзецям і падлеткам здзяйсняць іх самыя патаемныя жаданні. Безумоўна, усё адбываецца без удзелу фей і ўзмаху чароўных палачак.
Пра тое, як дапамагчы дзецям паверыць у казку, расказвае ідэйны натхняльнік праекта па ажыццяўленні мар Ганна ПЯТКЕВІЧ.
Любіць і глядзець у адным кірунку
“Рэдкім марам” ужо амаль два з паловай гады, а пачыналася ўсё вельмі цікава, — успамінае Ганна Пяткевіч. — Некалькі сезонаў назад у рамках “Belarus Fashion Week. Кid’s fashion days” быў рэалізаваны першы ў Беларусі інклюзіўны паказ мод. Яго арганізатарам і ідэйным натхняльнікам стала каманда BFW і Беларускай асацыяцыі дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам (БАДДІіМІ). Мне пашчасціла быць у камандзе арганізатараў”.
Аня ўспамінае, што ў той дзень модны паказ ладзіўся паводле твора Антуана дэ Сент-Экзюперы “Маленькі прынц”. Усе ролі былі размеркаваны, і толькі роля Ружы доўгі час заставалася вакантнай.
“За некалькі месяцаў да пачатку рэалізацыі праекта я ўбачыла ў сацыяльных сетках танец маленькай асаблівай дзяўчынкі і прапанавала яе кандыдатуру на ролю Ружы, — працягвае Аня. — Усе пагадзіліся. Менавіта так я пазнаёмілася з “крыштальнай” дзяўчынкай Кірай Ламейка. (Кіра пакутуе на недасканалы астэагенез — генетычную хваробу, якая характарызуецца ломкасцю касцей.) У канцы моднага паказу Кіра са сцэны сказала важныя словы: “Любіць — гэта не значыць глядзець адно на аднаго, гэта значыць глядзець у адным кірунку”. А пасля за кулісамі дзяўчынка падышла да мяне, абняла і сказала: “Аня, дзякуй, што дапамагла здзейсніць маю мару, я вельмі хацела прайсціся па сапраўдным подыуме і пабыць мадэллю”. Ці можаце ўявіць, што ў той момант адбылося са мной? Вельмі цяжка апісаць эмоцыі, якія адчувала. Менавіта тады светаўспрыманне перавярнулася. Безумоўна, гэта і ёсць пункт адліку праекта “Рэдкія мары”. Пасля гэтага мы з сям’ёй Кіры пасябравалі, пачалі ездзіць адна да адной у госці, а таксама набылі звычку разам наведваць шматлікія мерапрыемствы, накіраваныя на дапамогу дзеткам”.
Больш як год назад на адной з канцэртных пляцовак ансамбль індыйскага танца “Сапна”, удзельніцай якога з’яўляецца Аня, даваў свой юбілейны канцэрт. У зале сярод гледачоў прысутнічала і Кіра. Дзяўчынка настолькі натхнілася прафесіяналізмам артыстаў, што ў яе з’явілася яшчэ адна мара — навучыцца танцаваць індыйскі танец.
“Мара дзяўчынкі, безумоўна, мела права на тое, каб спраўдзіцца, — працягвае расказваць пра асаблівасці праекта яго куратар. — Але ў галаве адразу ўзніклі абмежаванні. Самым спрэчным было пытанне, як зрабіць нумар эстэтычна прыгожым і пры гэтым не выклікаць у людзей шкадаванне і спачуванне. Не сакрэт, што менавіта такія пачуцці ў большасці з нас выклікаюць тыя, хто мае абмежаваныя магчымасці. Пасля таго, як быў атрыманы дазвол кіраўніка ансамбля, у якім выступаю, я пачала вучыць Кіру танцам”.
Аня расказвае, што рэпетыцыі праходзілі дома ў Кіры. У ад зін з дзён дзяўчынка зламала руку. На той момант Кiры споўнілася 6 гадоў, i гэта быў яе 22-гі пералом, але адкладваць рэпетыцыі дзяўчынка не захацела. “Кіра ведала, што нас чакае важнае выступленне, таму, нягледзячы на ўсе перашкоды, рэпеціравала штодня, — канстатуе Ганна Пяткевіч. — Танец для дзяўчынкі максімальна спрасцілі, але першая рэпетыцыя паказала, што Кiра здольна вывучыць усё. У выніку ёй удалося за 3 тыдні зрабіць тое, над чым мы, артысткі ансамбля, маглі працаваць на працягу 3 месяцаў. Унікальная мара Кіры збылася летам 2017 года на сцэне каля ратушы падчас святкавання Дня Індыі ў Беларусі. Пасля гэтага я яшчэ больш упэўнілася, што хачу ажыццяўляць рэдкія дзіцячыя мары. Безумоўна, самастойна рэалізоўваць такія ідэі вельмі складана, таму я спрабавала заявіць пра сябе ў конкурсе сацыяльных праектаў. Шкада, але мой праект не палічылі важным. Замест яго ў топ-10 увайшлі іншыя ініцыятывы. Для таго каб развіваць свой праект, пачала шукаць герояў і звяртацца да тых, хто мог дапамагчы таму ці іншаму дзіцяці ў выкананні яго маленькай мары. Людзі адгукаліся, але калі справа даходзіла да рэалізацыі, многія знікалі. Праз некаторы час маімі ідэямі зацікавіўся фонд “Белы Бусел”. Мы пасябравалi з кiраўнiкамi. Менавiта так мой праект стаў адной з праграм гэтага фонду”.
Сёння героямі Ані з’яўляюцца асаблівыя дзеці і падлеткі. Праўда, здараецца так, што знайсці дзіця няпроста. Многія саромеюцца і не хочуць не тое што дзяліцца сваімі марамі, але нават лішні раз нагадваць пра сябе. На жаль, зламаць стэрэатыпы, быццам людзі з абмежаванымі магчымасцямі ў многім недасканалыя, вельмі цяжка.
“Героі знаходзяцца пры дапамозе сарафаннага радыё, — кажа Аня. — Дзякуючы калегам-журналістам пра “Рэдкія мары” даведваецца ўсё больш людзей. Упэўнена, сярод іх ёсць і тыя, хто можа дапамагчы здзейсніць запаветнае жаданне таго ці іншага дзіцяці”.
Навучыцца “паказваць моду”
Нядаўна Ганне Пяткевіч выпала магчымасць здзейсніць мару 3-гадовай Кіры з Пінска. У яе цяжкі дыягназ — спінальная мышачная атрафія, і дзяўчынка ўвесь час знаходзіцца ў падтрымліваючым гарсэце.
“І ведаеце, якая мара была ў дзяўчынкі? Яна хацела ўбачыць экзатычных жывёл і паплаваць з дэльфінам, — расказвае Аня. — Кіраўніцтва Мінскага заапарка і дэльфінарыя “Нэма” пайшлі нам насустрач і на дабрачыннай аснове выканалі мару Кіры. Безумоўна, калі закранаць фінансавыя аспекты рэалізацыі праекта, нам неабходна такая падтрымка. І ёсць тыя, хто можа і гатовы яе аказаць. Працуючы над новай ідэяй, заўсёды кажам арганізацыям, якія далучаюцца да здзяйснення дзіцячага жадання, што ў нас ёсць спонсары і яны гатовы заплаціць, але да гэтага часу ніхто і ні разу не папрасіў грошай. Усё, што ў сілах канкрэтнай арганізацыі, як у выпадку з заапаркам і дэльфінарыем, выконваецца бясплатна. І гэта насамрэч вельмі прыемна. Ведаеце, калі людзі з радасцю адгукаюцца і прымаюць уд зел у рэалізацыі мары, гэта дарагога вартае”.
Камандай “Рэдкіх мар”, якая ведае пра ўсе дзіцячыя жаданні, з’яўляюцца валанцёры. Са слоў Ані, сярод іх ёсць тыя, хто даўно займаецца дабрачыннасцю, а ёсць і такія, хто з прычыны розных абставін не можа на пастаяннай аснове аказваць праекту падтрымку. Тым не менш любыя ініцыятывы, накіраваныя на пашырэнне меж чароўнай ідэі, ахвотна прымаюцца і падтрымліваюцца.
“Перш чым ажыццявіць новую мару, абдумваем, як лепш гэта зрабіць, шукаем неабходных людзей. Фатографаў, відэографаў, дызайнераў, візажыстаў і многіх іншых удзельнікаў нашай каманды знайшлі і знаходзім у сацыяльных сетках, а таксама дзякуючы зноў жа сарафаннаму радыё. Цудоўна, калі абсалютна незнаёмыя людзі аб’ядноўваюцца дзеля выканання дзіцячай мары. Многія валанцёры знаходзяцца побач з намі падчас выканання кожнай новай мары. Я бязмерна ўдзячна гэтым людзям, таму што цудоўна разумею, чаго ім каштуе ўдзел у праекце. Многія адкладваюць уласныя справы, працу, ахвяруюць тымі хвілінамі, якія маглі прысвяціць сям’і, і ўсё гэта дзеля таго, каб здзейсніць мару асаблівага незнаёмага дзіцяці”, — падсумоўвае Ганна.
За час рэалізацыі праекта Ганне выпала магчымасць пазнаёміцца з многімі дзецьмі, даведацца пра іх самыя патаемныя жаданні. І ўсе яны не звычайныя, у кожнай мары хаваецца не толькі вера, але і боязь. Прынамсі, асаблівыя дзеткі і іх бацькі ўвесь час павінны вучыцца пераадольваць страх перад сабой, перад дыягназам, які ставяць урачы, і перад будучыняй, якая, на жаль, не заўсёды прыносіць радасць.
“Часта нашы героі і іх бацькі робяць штосьці насуперак урачам ці вучацца таму, што не сумяшчальна з існуючым дыягназам. Але гэта робіцца для таго, каб паспрабаваць выкарыстаць усе магчымасці, шансы. А можа, адзін з іх акажацца дзейсным, шчаслівым, і здзейсніцца цуд? — працягвае Ганна. — У лістападзе мы ажыццявілі мару 14-гадовага падлетка-аўтыста Арсенія. Хлопчык расказваў, што хоча “паказваць моду”. Шчыра кажучы, спачатку, улічваючы дыягназ падлетка, перажывалі, як у нас усё атрымаецца. Тым не менш некалькі рэпетыцый — і Арсеній разам з іншымі юнымі мадэлямі выйшаў на подыум і “паказаў моду”, як і марыў. Важна, што хлопчык змог пераадолець сарамлівасць і ўнутраны страх”.
Асноўным стрымліваючым фактарам, які перашкаджае здзяйсненню мар, з’яўляецца хвароба ці індывідуальныя асаблівасці развіцця дзіцяці. Але калі ёсць падтрымка бацькоў і жаданне зрабіць дзяцей шчаслівымі, дапамагчы хаця б на дзень забыць, што яны адрозніваюцца ад астатніх, усе перашкоды адыходзяць на другі план. І нішто не параўнаецца з эмоцыямі дзіцяці, на твары якога з’явілася яшчэ адна ўсмешка, такая рэдкая, але доўгачаканая, шчаслівая і шчырая.
“У любой дзейнасці, у нашай рабоце ёсць нюансы. Да выканання кожнай мары каманда праекта падыходзіць індывідуальна. Я размаўляю з бацькамі наконт таго, што падабаецца іх дзіцяці, чым яно захапляецца і чаго хоча. Важна ведаць, чаго баіцца малыш, каб не напужаць яго. Увогуле, усе нашы героі вельмі адкрытыя. Што тычыцца даверу, то немагчыма спрагназаваць, як будзе адбывацца сустрэча, як нас успрыме новы герой. Вы дзiцяцi або падабаецеся, або не. Напэўна, усё залежыць ад энергетыкі. І цудоўна, што ва ўсёй нашай каманды яна станоўчая. На пытанне, чаго не хапае нашым героям, магу адказаць адназначна і ўпэўнена: здароўя. Любоў мамы, таты і родных у іх ёсць. У гэтых дзяцей заўсёды добры настрой, яны маюць шмат сяброў. Яны шчаслівыя роўна настолькі, наколькі ім дазваляе іх асаблівасць”.
Дапамога на шчасце
Як і ў любой дзейнасці, падчас рэалізацыі праекта Аня сутыкалася і з непрыемнымі момантамі, якія звязаны з рэакцыяй людзей на дабрачыннасць.
“Ніколі не думала, што на добрую справу можна дрэнна рэагаваць, — кажа дзяўчына. — Для таго каб аб праекце ведалі, я рэгулярна раблю пасты ў сацыяльных сетках. Часам гэта даволі зручны інструмент, які дапамагае знайсці герояў. Пасля ажыццяўлення чарговай мары, як заўсёды, запусціла фота і відэа, расказала, чыю мару выканала наша каманда, а таксама падзякавала ўсім, хто меў да гэтага дачыненне. І тут жа прачытала некалькі рэзкіх і непрыемных каментарыяў. Маўляў, для чаго такое выкладваць у інтэрнэт — каб пахваліцца? Яшчэ адзін “добразычлівец” выказаў меркаванне, што мы робім дабро выключна для такіх пастоў. Ці было мне непрыемна? Было крыўдна і незразумела, як такое можна напісаць. Паспрабавала растлумачыць людзям, што праект сапраўды добры і рэалізоўваецца выключна дзеля таго, каб зрабіць асаблівых дзетак больш шчаслівымі. Але зноў прачытала шэраг негатыўных выказванняў ад тых жа каментатараў. Я нават на хвіліну задумалася: а можа, сапраўды гэты праект патрэбен больш мне, чым нашым героям? А потым успомніла ўсе добрыя словы нашых дзетак, іх шчырую ўдзячнасць, слёзы радасці на вачах бацькоў і зразумела, што ўсё раблю правільна. Буду і далей гэтым займацца, ажыццяўляць рэдкія мары. Калі абдымае дзіця, асаблівае ці не, і кажа “дзякуй”, унутры да дрыжыкаў усё пераварочваецца. Гэта тое, што нельга апісаць словамі, гэта цяпло і радасць, святло і духоўнае абагачэнне, і гэта тое, дзеля чаго трэба і хочацца жыць. Напярэдадні навагодніх свят ад душы жадаю ўсім светлых і цёплых сустрэч з сябрамі, роднымі і блізкімі. Будзьце адкрытымі да дабра, і яно абавязкова прыйдзе ў ваш дом! Моцнага здароўя і чараўніцтва вам!”
P.S. Зараз у праекце зноў узнікла паўза. Аня шукае героя і новыя рэдкія мары. Зрабіць асаблівых дзетак шчаслівымі вельмі проста — вы толькі паспрабуйце! Даведацца кантактную інфармацыю, а таксама падрабязна прачытаць аб праекце можна на сайце aistbel.by/services-view/redkie-mechty/.
Наталля САХНО.
Фота Аксаны МАНЧУК і Кацярыны МІЦІНАЙ.