У дарослае жыццё — з дапамогай і падтрымкай

Дзеці, якія растуць у замяшчальных сем’ях, заўсёды павінны адчуваць, што пра іх клапоцяцца, — ім важна ведаць, што яны патрэбныя. Нават калі яны становяцца дарослымі.

Сацыяльны праект “Першакурснік-2021”, які рэалізавалі Беларускі дзіцячы фонд і Міністэрства адукацыі, накіраваны якраз на гэта. У рамках ініцыятывы кампаніі-партнёры дапамаглі выпускнікам дзіцячых дамоў сямейнага тыпу падрыхтавацца да вучобы ва ўстановах вышэйшай адукацыі, студэнтамі якіх яны сёлета сталі.

А.Сімакова з удзельнікамі праекта.

Дабрабыту дзяцей, незалежна ад таго, у якой сям’і яны выхоўваюцца — біялагічнай, замяшчальнай ці прыёмнай, заўсёды ўдзяляецца вялікая ўвага. На працягу 10 гадоў у краіне рэалізуецца Нацыянальны план дзеянняў па паляпшэнні становішча дзяцей і абароне іх правоў, развіваюцца сістэма аховы дзяцінства і сістэма сямейнага ўладкавання непаўналетніх…

З 8 па 10 верасня для 23 выпускнікоў дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, якія сёлета скончылі школу, Беларускі дзіцячы фонд і Міністэрства адукацыі рэалізавалі сацыяльны праект, асноўная мэта якога — падтрымаць маладых лю­дзей у пачатку іх дарослага жыцця.

Безумоўна, важнай часткай ініцыя­тывы сталі культурныя і пазнавальныя сустрэчы. Першакурснікі наведалі прэм’ерны паказ оперы “Дзікае паляванне караля Стаха” ў Вялікім тэатры, прынялі ўдзел у экскурсіі па Мінску, убачылі асноўную экспазіцыю Нацыянальнага мастацкага музея, пабывалі ў Нацыянальнай бібліятэцы і на яе агляднай пляцоўцы, паглядзелі кіно. Але самым знакавым стала правядзенне дыялогавай пляцоўкі з прадстаўнікамі Міністэрства адукацыі, Беларускага дзіцячага фонду і кампаніі Mastercard.

Падчас сустрэчы дырэктар Бела­рус­кага дзіцячага фонду Аляксандр Васільевіч Трухан расказаў, што ўсяго ў 17 УВА краіны паступілі 23 чалавекі названай катэгорыі, прычым многія — на прэстыжныя спецыяльнасці.

“Нашы дзеці паступілі на такія спецыяльнасці, як “Тэхналогія машынабудавання”, “Псіхалогія”, “Біятэхналогія”, “Электронный маркетынг”, “Сацыяльна-педагагічная дзейнасць” і іншыя, — пералічыў дырэктар дзіцячага фонду. — Я ўжо казаў, што нашы дзеці — самыя матываваныя і мэтанакіраваныя. Мы вельмі спадзяёмся, што ўсе яны будуць добра вучыцца і змогуць многага дасягнуць у жыцці. Калі раптам ім бу­дзе неабходна нейкая дапамога, то нашы дзверы заўсёды адчынены”.

Дзецьмі, якія прысутнічалі на сустрэчы, трэба ганарыцца. І гэта, як адзначыў Аляксандр Васільевіч, без перабольшання. Сярод тых, хто знаходзіўся ў зале, былі студэнты першага курса Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі, Універсітэта грамадзянскай абароны МНС, Ваеннай акадэміі і яшчэ 12 устаноў вышэйшай адукацыі.

Павіншаваць маладых людзей з паступленнем у прэстыжныя УВА і пачаткам новага, дарослага этапу ў жыцці прыйшоў начальнік Галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Эдуард Валянцінавіч Тамільчык. Ён упэўнены, што рэалізацыя ініцыятыў Беларускага дзіцячага фонду па падтрымцы выхаванцаў дзіцячых дамоў сямейнага тыпу — гэта прыклад станоўчага супрацоўніцтва дзяржавы і грамадскіх партнёраў у інта­рэсах дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў.

“Асабліва важным такое супрацоўніцтва становіцца тады, калі дзеці выходзяць з сямейнага акружэння і становяцца самастойнымі, — акцэнтаваў увагу прадстаўнік Міністэрства адукацыі. — Дзяржаўныя гарантыі для дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, і для дзяцей-сірот сёння вельмі значныя. Дзяржаўнае забеспячэнне прадастаўляецца ўсім дзецям незалежна ад грамадзянства і краіны паходжання. Выпускнікі дамоў сямейнага тыпу, якія сёння тут прысутнічаюць, пачынаюць новы этап сталення.

Міністэрства адукацыі і ўстановы вышэйшай адукацыі, дзе дзеці будуць вучыцца, гарантуюць ім суправаджэнне падчас адукацыйнага працэсу”.

У тым, што праект “Першакурснік-2021” неабходная і дае ўнікальныя веды, пераканана і прадстаўнік Mastercard Надзея Барэйка.

“Я вельмі рада, што мы разам з Беларускім дзіцячым фондам пры падтрымцы Міністэрства адукацыі атрымалі магчымасць арганізаваць праект “Першакурснік-2021”, — прызналася Н.Барэйка. — Спадзяюся, што веды і вопыт, якія будуць перададзены дзецям усімі арганізатарамі, дапамогуць ім у далейшым жыцці. Студэнцкія гады — гэта той час, які мы ўсе ўспамінаем з усмешкай. Вельмі хочацца, каб і ў вас было гэтак жа”.

Калі размова зайшла пра ўнікальныя веды, Н.Барэйка правяла для падлеткаў майстар-клас па фінансавай дасведчанасці, а таксама расказала асноўныя правілы планавання асабістага бюджэту. Аказваецца, гэта вельмі важна — умець прадум­ваць свае расходы і распара­джацца грашыма. Маладым людзям, якія прысутнічалі на сустрэчы, падобная інфармацыя больш чым неабходна: у канцы месяца яны атрымаюць свае першыя стыпендыі, а значыць, цяпер давядзецца вучыцца самастойнаму кіраванню фінансамі.

Пасля таго як госці павіншавалі першакурснікаў з пачаткам новага навучальнага года, усім без выключэння дзецям былі ўручаны чамаданы першакурсніка. У іх — усё самае неабходнае для пражывання ў інтэрнаце: набор пасцельнай бялізны, ручнікі, планшэт, паўэрбэнк, флэшка і карта памяці, пісьмовыя прылады інш.

А потым, пасля сумеснай фотасесіі, пачалося самае цікавае. Выпускнікі дзіцячых дамоў сямейнага тыпу абмеркавалі свае планы на будучыню з ды­рэктарам фонду Аляксандрам Труханам і галоўным спецыялістам Міністэрства адукацыі Аленай Сімаковай.

“Адчуваю сябе побач з дзецьмі, як настаўнік”, — з усмешкай сказала Алена Сімакова, калі села побач з дзяўчынкамі, каб паслухаць, куды яны паступілі, і абмеркаваць уражанні ад сустрэчы.

Пакуль адны дзеці размаўлялі з прадстаўнікамі Міністэрства адукацыі і Беларускага дзіцячага фонду, іншыя знаёміліся, дзяліліся ўражаннямі ад праекта. Сярод іх была і Мілена Таргонская. Яна — студэнтка першага курса Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І.П.Шамякіна.

“Я паступіла на спецыяльнасць “Сацыяльная работа (сацыяльна-педагагічная дзейнасць)”, — расказала пасля знаёмства дзяўчына. — Калі шчыра, то я спантанна выбрала прафесію, але задаволена гэтым выбарам. Я была вельмі зацікаўлена ў вучобе, і цяпер мне падабаецца вучыцца. Універсітэт і школа, безумоўна, вельмі адрозніваюцца адно ад аднаго, але мне гэта падабаецца. Ва ўніверсітэце вучыцца больш цікава, і працуеш ты толькі на сябе. Цябе не асу­дзяць за няправільны адказ, а падкажуць і дадуць параду. Што тычыцца мерапрыемства ў Мінску, на якім мы прысутнічалі, то гэта было вельмі цікава, і падарункі нам уручылі шыкоўныя. Для сябе я знайшла шмат карыснай інфармацыі, пазнаёмілася з цікавымі людзьмі. Хацелася б яшчэ раз сустрэцца з усімі за кубачкам гарбаты ці кавы, пагаварыць як з арганізатарамі праекта, так і са сваімі равеснікамі, гасцямі “Першакурсніка-2021”.

Мілена, дарэчы, выхоўвалася ў дзіцячым доме сямейнага тыпу ў Калінкавічах у сям’і Ніны Міхайлаўны і Васіля Валянцінавіча Верабей.

Дзяўчына прызналася, што спачатку яе турбавала тое, што яна знаходзіцца не ў роднай сям’і. Але час усё расставіў па сваіх месцах.

“Так, калісьці мяне турбавала, што я не родная, але, пасталеўшы, зразумела: дзякуючы маёй гісторыі, у мяне ёсць вялікі вопыт у жыцці, а яшчэ ёсць шмат дапамогі ад тых, хто мяне любіць, і шмат магчымасцей, якіх можа не быць у родных дзяцей, — падзялілася меркаваннем Мілена. — Я рада, што гадавалася менавіта ў гэтым доме і выхоўвалі мяне цудоўныя людзі. Вельмі ўдзячна ім за тое, што вырасцілі мяне добрым чалавекам. Менавіта яны падтрымлівалі мяне ва ўсіх пачынаннях і давалі парады, што рабіць у той ці іншай сітуацыі. Але самае галоўнае — яны далі тое многае, чаго я не змагла атрымаць ад родных бацькоў”.


Такіх гісторый, як у Мілены, у гэты дзень я пачула многа — ажно 23. Усе дзеці, якія сталі ўдзельнікамі сацыяльнага праекта, расказвалі, як ім пашанцавала з замяшчальнымі бацькамі. А ім і праўда пашанцавала. Дзякуючы тым, хто не пабаяўся адказнасці і ўзяў на выхаванне чужых дзяцей, перад намі стаялі 23 разумныя, таленавітыя студэнты. Праўда, гэтых хлопцаў і дзяўчат, што былі апрануты ў дзелавыя касцюмы і ваенную форму, ужо цяжка наз­ваць дзецьмі. Сёння яны дарослыя людзі, студэнты. Але, як сказаў дырэктар Беларускага дзіцячага фонду, яны заўсёды бу­дуць заставацца маленькімі дзецьмі, а мы заўсёды будзем несці за іх адказнасць, таму што яны — частка нашай будучыні.

Наталля САХНО.
Фота аўтара.