Сям’я — для дзяцей ці супраць іх?

Напрыканцы студзеня ў Слуцку памерла 2-гадовая дзяўчынка. Падазронымі па гэтай справе праходзяць мама і айчым дзіцяці. Безумоўна, пакуль рана гаварыць, хто насамрэч вінаваты ў трагедыі, але тое, што дзеці становяцца ахвярамі насілля ў сям’і, з’яўляецца сумным фактам.

Ці на дастатковым узроўні ў краіне абараняюцца правы дзіцяці? Як пазбегнуць страшных сямейных трагедый? Хто можа абараніць дзяцей ад празмернай агрэсіі ўласных бацькоў? Ці зможа прафілактыка дапамагчы ў вырашэнні гэтых праблем або лячыць схільнасць да агрэсіі і насілля трэба інакш?

Гэтыя і многія іншыя пытанні мы абмеркавалі са старшым каардынатарам праграмнай дзейнасці па абароне правоў дзяцей прадстаўніцтва Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) у Беларусі Аляксандрам КАРАНКЕВІЧАМ.


Як не дапусціць такой трагедыі, што адбылася ў Слуцку? Ці можна было яе папярэдзіць?

— Любое насілле ў адносінах да дзіцяці — гэта надзвычайная сітуацыя. А калі дзіця гіне па віне бацькоў, гэта жудасная трагедыя. Аднак нават у такіх выпадках нельга рабіць акцэнт толькі на вызначэнні тых, хто вінаваты. Хаця, як паказвае практыка, часцей за ўсё так і адбываецца. Вельмі важна прааналізаваць сітуацыю і выявіць прычыны, якія прывялі да трагічнага фіналу. У большасці выпадкаў заўсёды ёсць магчымасць папярэдзіць трагедыю, своечасова ўмяшацца і абараніць дзіця. Тут маем на ўвазе ранняе выяўленне сямейнага недабрабыту, а таксама выпадкі жорсткага абыходжання з дзіцем. Сям’я, пра якую зараз гаворым, павінна была знаходзіцца ў фокусе ўвагі сацыяльных службаў як мнагадзетная, якая мае права на дадатковую падтрымку з боку дзяржавы. Пры наяўнасці малалетніх дзяцей (а яны ўсе маленькія, старэйшаму толькі 6 гадоў) сям’ю павінны былі наведваць і медыкі, і педагогі. Яны павінны валодаць ведамі і навыкамі, якія дазваляюць бачыць прыметы, што ўказваюць на праблемы ў сям’і. Калі гэтага не адбываецца, то трэба нешта мяняць як у прафесійнай падрыхтоўцы спецыялістаў, так і ў метадах іх работы, у тым ліку ў асабістых устаноўках.

Горад, дзе адбылося здарэнне, невялікі, многія ведаюць адно аднаго. Відавочна, што пра становічша ў згаданай сям’і хадзіла шмат чутак. Дык чаму б не звярнуць увагу на гэта? Зараз мы таксама павінны гаварыць і пра цярпімыя адносіны суседзяў, іншых людзей, якія маглі стаць сведкамі жорсткіх адносін да дзяцей, але не паднялі трывогу, не паведамілі ў пэўныя дзяржаўныя службы наконт праблем у сям’і. Пытанняў многа, аднак вывад адзін: неабходна стварыць эфектыўную сістэму па маніторынгу становішча дзіцяці ў сям’і, павысіць якасць прафесійнай падрыхтоўкі спецыялістаў, якія працуюць з сям’ёй і дзецьмі.

Трагедыя, адбылася ў мнагадзетнай сям’і. Але гэта не азначае, што менавіта ў такіх сем’ях малалетніяі часцей за ўсё становяцца ахвярамі насілля. Колькасць дзяцей ні ў якім разе не павышае працэнт верагоднасці жорсткіх адносін да іх. Насілле можа здзяйсняцца і ў тым доме, дзе выхоўваецца адно дзіця. Усё залежыць ад дарослых, а таксама ад умоў, якія бацькі ствараюць для жыцця і развіцця непаўналетніх. Менавіта гэта і павінна знаходзіцца ў цэнтры ўвагі сацыяльных службаў і праваахоўных органаў.

Наколькі дасканалай з’яўляецца сістэма абароны правоў дзіцяці ў нашай краіне? Ці на дастатковым узроўні сацыяльныя службы выконваюць свае абавязкі па выяўленні фактаў насілля ў сям’і?

— Падпісаўшы Канвенцыю аб правах дзіцяці, Беларусь узяла на сябе абавязкі аб тым, што не проста ўскладае на бацькоў адказнасць за выхаванне дзяцей, але і дапамагае бацькам рэалізоўваць іх правы і абавязкі ў адносінах да непаўналетніх. Прынамсі, такое садзейнічанне — гэта не кантроль над тым, як вядзецца выхаванне. Сэнс узаемадзеяння заключаецца ў тым, што дзяржавай павінен быць распрацаваны механізм аказання рознабаковай дапамогі і падтрымкі дарослым, у тым ліку навучанне іх бацькоўскім навыкам, кансультаванне па пытаннях выхавання і догляду дзяцей. Акрамя гэтага, неабходна праводзіць маніторынг становішча непаўналетніх у розных асяроддзях, у тым ліку ў сям’і.

Вельмі важна наладзіць механізм сістэмы назірання і адразу пасля першых сігналаў, якія ўказваюць на недабрабыт, прымаць пэўныя меры. Сёння ў свеце існуе вялікая колькасць магчымых прымет, пры дапамозе якіх можна ўбачыць, ці ўчыняецца над дзіцем насілле. Увогуле, калі я кажу пра падтрымку і маніторынг з боку дзяржавы, то маю на ўвазе яшчэ і наступнае. Спецыялісты, якія працуюць з дзецьмі і сям’ёй, павінны валодаць дастатковымі ведамі і навыкамі, каб умець своечасова выяўляць небяспечныя моманты. Як паказвае практыка, не ўсе і не заўсёды валодаюць неабходным аб’ёмам ведаў пра насілле ў адносінах да непаўналетніх. Таму ў найбліжэйшы час будзем абмяркоўваць актуальныя пытанні і праблемы падчас круглага стала. Акрамя гэтага, будзем размаўляць пра меры, якія, згодна з меркаваннямі экспертаў, неабходна прыняць нашай краіне, каб удасканаліць сістэму рэагавання на магчымыя выпадкі насілля, яго недапушчэння ў адносінах да дзяцей. Важна, што мы гаворым пра розныя тыпы гвалту. Своечасовай рэакцыі патрабуюць не толькі фізічнае і псіхалагічнае насілле. Актуальнай праблемай з’яўляецца сексуальны гвалт, для барацьбы з якім неабходна выкарыстоўваць дзейсныя існтрументы. Тым не менш статыстыка паказвае, што павялічваецца колькасць выпадкаў выкрыцця сексуальных злачынстваў. Акрамя гэтага, застаецца актуальным такі від насілля, як ігнараванне асноўных жыццёва неабходных патрэб дзіцяці. Бацькі не заўсёды ў поўным аб’ёме выконваюць абавязкі па выхаванні, стварэнні бяспечнай абстаноўкі для жыцця і развіцця малых, рэалізацыі іх патэнцыялу.

Акрамя дома, дзеці часта становяцца ахвярамі насілля ў школе, дзе распаўсюджаны булінг. У аснове гэтай з’явы ляжаць здзекі групы дзяцей з кагосьці аднаго, з ахвяры. Небяспечным і, на жаль, распаўсюджаным з’яўляецца і булінг у інтэрнэце, калі фотаздымак ці інфармацыя наконт пэўнага дзіцяці падаецца не ў зусім правільнай, карэктнай форме. Такія выпадкі ёсць, і з імі неабходна змагацца. Для таго каб звярнуць увагу на гэтую праблему, ЮНІСЕФ сумесна з МУС нашай краіны стварылі спецыяльныя відэаролікі, накіраваныя на недапушчэнне і папярэджанне любых выпадкаў насілля над непаўналетнімі.

Здараюцца выпадкі, калі дзяцей забіраюць з сям’і ў сацыяльны прытулак па некалькі разоў. Ці правільна гэта? Можа, калі ўжо быў адзін трывожны сігнал, нічога добрага ад бацькоў не варта чакаць?

— Перш за ўсё трэба адзначыць, што наша краіна на заканадаўчым узроўні замацавала важнасць выхавання дзіцяці ў біялагічнай сям’і. Відавочна, што сям’я — гэта галоўная каштоўнасць. І нават тыя дзеці, чые мама ці тата пакутуюць, напрыклад, ад алкагольнай залежнасці, скажуць, што іх бацькі самыя лепшыя.

Дзяржава павінна дзейнічаць выключна ў інтарэсах дзіцяці. Кожны выпадак адбірання з сям’і ўнікальны. І ў кожнай сітуацыі патрэбна дасканала разбірацца, не ўпускаючы ніводнага моманту. Калі мы гаворым, што галоўным прыярытэтам у дзейнасці кампетэнтных органаў з’яўляецца захаванне дзіцяці ў сям’і, то маем на ўвазе і тое, што прафілактычная работа з бацькамі павінна праводзіцца такім чынам, каб малых можна было пакінуць з мамай і татам. Упэўнены, што практыка па нармалізацыі бацькоўска-дзіцячых адносін павінна быць накіравана на змяншэнне колькасці выпадкаў траўматызацыі непаўналетняга.

Даведка: Згодна з інфармацыяй, якую прадастаўляе Дзіцячы фонд ААН (ЮНІСЕФ), кожныя 7 хвілін у свеце па прычыне насілля памірае дзіця. Толькі ў 2015 годзе каля 119 тысяч дзяцей і падлеткаў загінулі ад насілля.

На жаль, сістэма адбірання ўжо стала звычайнай практыкай. Каштоўнасць захавання дзіцяці ў сям’і губляе сваю прыярытэтную значнасць і паказвае, што выключна такім метадам можна вырашыць праблему. Іншыя спосабы нармалізацыі адносін у сям’і пакуль што не сталі асноўнымі і абавязковымі для спецыялістаў. Чаму? Таму што ніхто не шукае іншых варыянтаў.

Калі паглядзець на штогадовую колькасць выпадкаў адбірання дзяцей, то прыкладна 70% іх пасля знаходжання ў сацыяльных прытулках вяртаюцца ў сям’ю. І вось што цікава. Магчыма, было б правільна, калі б з гэтымі сем’ямі працавалі, не адбіраючы дзяцей. Калі малых вяртаюць маме з татам, значыць, сітуацыя змянілася ў лепшы бок. Верагодна, у дачыненні да такіх бацькоў не заўсёды правільна была ацэнена сітуацыя, умовы жыцця дзіцяці, калі непаўналетняга праз непрацяглы час аддалі назад. Мы лічым, што неабходна перагледзець крытэрыі ацэнкі становішча дзіцяці ў сям’і і ўзважыць працэнт рызыкі, якая можа ўзнікнуць у тым выпадку, калі малога пакінуць разам з бацькамі.

У мінулым годзе мы падтрымалі работу экспертаў па распрацоўцы новага механізма ацэнкі становішча непаўналетніх, алгарытмы работы спецыялістаў па сацыяльным расследаванні і рэабілітацыйнай рабоце з сям’ёй у рамках плана па абароне правоў дзіцяці. Згодна з заканадаўствам, гэты план павінен рэалізоўвацца некалькімі ведамствамі, таму што захаванне малалетніх у сям’і, а таксама клопат пра іх здаровую будучыню — гэта задача не аднаго чалавека.

Якіх інструментаў не хапае сістэме адукацыі, каб наладзіць эфектыўную работу з сям’ёй?

— Магчыма, спецыялістам не хапае ведаў, тэхналогіі ў дзеяннях. Сур’ёзнай праблемай з’яўляецца цякучасць кадраў у сістэме адукацыі, тых структурах, якія ўзаемадзейнічаюць з сям’ёй. Спецыялісты, што працуюць з бацькамі, часта мяняюцца, таму наяўнасць пратаколаў, інструкцый дапаможа новым сацыяльным кадрам авалодаць неабходнымі навыкамі. Важна, каб спецыяліст з мінімумам ведаў не апынаўся сам-насам з праблемай, бо, не маючы важных навыкаў, прасцей вырашыць праблему, якая ўзнікла ў небяспечнай сям’і, адным метадам — адабраць дзіця. Навошта напружвацца, калі ўсё проста? А менавіта ў гэтым і заключаецца сэнс: у сям’ю патрэбна ўкладваць шмат рэсурсаў.

Некалькі гадоў назад у СМІ абмяркоўваўся неадназначны выпадак. У адной з абласных музычных школ настаўнік абразіў і вывеў з установы навучэнку за тое, што яна, па меркаванні педагога, сядзела на калідоры ў непрыстойным выглядзе — выцягнуўшы ногі. Што ляжыць у аснове такіх канфліктаў?

— Такія выпадкі — яскравы паказчык адсутнасці прафесіяналізму ў педагога, а таксама наяўнасць у яго завышаных патрабаванняў да правіл паводзін. Важна, каб выкладчык паважаў навучэнцаў. Калі ж дзеці бачаць агрэсіўнасць і непавагу з яго боку, то такая ж рэакцыя будзе і ў вучняў. Назіраючы за тым, што канфлікты ў школьным асяроддзі ўзнікаюць усё часцей, мы прапаноўваем распачаць праект “Школа без насілля”. Сутнасць ініцыятывы будзе заключацца ў раннім выяўленні і своечасовым рэагаванні на з’явы насілля менавіта ў адукацыйнай сферы. Важна навучыць і настаўнікаў, і дзяцей мірна вырашаць канфлікты, якія паміж імі ўзнікаюць.

Напрыканцы 2017 года аднавіла сваю работу дзіцячая тэлефонная лінія — 8-801-100-1611. Зараз яна працуе. Плануем падтрымаць яе рэкламу, а таксама навучыць спецыялістаў, каб яны маглі правільна працаваць з дзецьмі, якія сталі ахвярамі насілля. У перспектыве і распрацоўка стандартаў, у якіх будуць замацаваны правілы работы спецыялістаў гарачай лініі. Увогуле, каб наладзіць падрыхтоўкіу спецыялістаў, псіхолагаў, якія будуць дапамагаць дзецям у цяжкай сітуацыі, трэба шмат працаваць. Хочацца ў будучыні сфарміраваць сістэму, пераняўшы вопыт Расійскай Федэрацыі. У Расіі ёсць федэральная сістэма гарачых ліній, сетка пад адзіным кароткім нумарам: званок на тэлефонную лінію паступае ў пункт дапамогі, найбольш блізкі да месца жыхарства дзіцяці. У такіх пунктах могуць экстранна аказаць псіхалагічную дапамогу ці падказаць, куды звярнуцца за падтрымкай.

Якія цікавыя факты былі выяўлены падчас даследавання, што праводзіла ЮНІСЕФ?

— Наша даследаванне было накіравана на тое, каб вызначыць, наколькі распаўсюджаным у адносінах да дзяцей з’яўляецца насілле. Удзел у апытанні прымалі бацькі. Згодна з даследаваннем, дзеці часцей за ўсё падвяргаюцца псіхалагічнаму насіллю. Не менш распаўсюджаным з’яўляецца і прымяненне фізічных метадаў пакарання ў дачыненні да непаўналетніх. Даныя даследавання ўказваюць, што тыя, хто ў дзяцінстве падвяргаўся насіллю, пасля выкарыстоўваюць такую мадэль паводзін і ў адносінах да сваёй сям’і, дзяцей. Праводзячы апытанне сярод бацькоў, мы вызначылі, што 56,8% дарослых, якія пацярпелі ў дзяцінстве ад розных тыпаў гвалту, прымяняюць фізічныя метады ўздзеяння ў адносінах і да сваіх дзяцей. І толькі 17,6% дарослых, да якіх ніякія віды пакаранняў не прымяняліся, карыстаюцца дысцыплінарнымі метадамі пакарання ў сваёй сям’і. Тым не менш дарослым не заўсёды ўдаецца спакойна рэагаваць на пэўныя ўчынкі дзяцей. Асабліва складана размаўляць з падлеткамі, якія часцей за ўсё самі правакуюць бацькоў на адпаведную рэакцыю.

Варта памятаць, што выхаванне — гэта вялікая работа. І сутнасць бацькоўскага выхавання заключаецца ў тым, каб умець стрымана рэагаваць на падлеткавую агрэсію. Толькі правільны падыход да дзіцяці і адэкватнае ўспрыманне інфармацыі дапамогуць пабудаваць гарманічныя адносіны ў сям’і.

Гутарыла Наталля САХНО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.