Фінал X Рэспубліканскага конкурсу сацыяльных праектаў Social Weekend прайшоў у Мінску незадоўга да калядных і навагодніх свят. Гран-пры атрымаў праект VR Health па аднаўленні функцый раўнавагі хворых пасля чэрапна-мазгавых траўм, інсультаў, у іншых выпадках. У фінал увайшло нямала праектаў, што тычацца адукацыі, работы з дзецьмі.
Усяго да фіналу дзясятага конкурсу дайшлі 16 праектаў з больш чым 200, якія адбіраліся на чвэрцьфінале. Амаль кожны з іх атрымаў па выніках заключнага этапу Social Weekend матэрыяльную падтрымку, а пэўныя прапановы — нематэрыяльную дапамогу: у распрацоўцы ўласнага стылю, кансультацыі спецыялістаў.
Так, неабходную падтрымку атрымае праект “Рэцэпты жыцця” , сэнс якога — дапамога дзецям са школы-інтэрната ў фарміраванні навыкаў самастойнага жыцця. Добраахвотнікі збіраюцца вучыць выхаванцаў дапаможнай школы-інтэрната гатаваць ежу, рацыянальна рабіць пакупкі, планаваць бюджэт і г.д. Аўтары ж сацыяльнага праекта “Інтэрнэт-бяспека дзяцей Беларусі” нацэліліся на стварэнне адзінай інфармацыйна-даведачнай сістэмы дапамогі бацькам, якія жадаюць навучыць сваіх дзяцей бяспечнаму і граматнаму выкарыстанню інтэрнэту. Магчыма і правядзенне заняткаў па тэме ў школах, выданне адпаведнага часопіса для дзяцей.
Ці яшчэ прыклад цікавай сацыяльнай ідэі: два настаўнікі фізкультуры з Калінкавіч, што ў Гомельскай вобласці, вырашылі прасоўваць ідэю баўлення вольнага часу ўсёй сям’ёй у спартыўным фармаце. Праект, праўда, не ўвайшоў у лік фіналістаў дзясятага конкурсу Social Weekend, але неабходную падтрымку атрымаў, ім зацікавіліся, напрыклад, стваральнікі вядомага ўжо сацыяльнага праекта “ТатаЗала” з Гомеля, колішняга пераможцы конкурсу.
Праект-фіналіст “Дзейнічай!” задуманы дзеля стварэння анлайн-платформы, што дазволіць школьнікам прымаць удзел у навуковых і іншых адукацыйных і сацыяльных праектах, створаных супрацоўнікамі навуковых арганізацый, студэнтамі, бізнесменамі, нават навукоўцамі з Нацыянальнай акадэміі навук. А праект Vedex VR Edutainment прадугледжвае правядзенне інтарактыўных доследаў у віртуальнай рэальнасці. Усё дзеля таго, каб дапоўніць школьныя ўрокі нагляднымі прыкладамі, якіх не заўсёды хапае.
У адборы лепшых праектаў удзельнічала не толькі журы, але і гледачы. Прыз глядацкіх сімпатый, дарэчы, атрымаў “Тэрапеўтычны парк”, накіраваны на арганізацыю вольнага часу пажылых людзей. Яго аўтары збіраюцца стварыць у адным з раёнаў Мінска з найвышэйшай канцэнтрацыяй людзей сталага ўзросту даступнае месца, дзе гэтыя людзі змогуць сустрэцца, пагаварыць, заняцца фізкультурай і г.д.
З восені 2013 года, калі рэспубліканскі конкурс прайшоў упершыню, да ўдзелу ў ім былі заяўлены больш чым 2 тысячы праектаў, мецэнаты аказалі ўдзельнікам фінансавую дапамогу больш як на 220 тысяч рублёў. А зараз ужо аб’яўлены прыём заявак на адзінаццаты конкурс. Удзельнічаць можа любы жадаючы, і, як паказвае практыка, адгукаюцца і студэнты, і прафесары, і школьнікі, і пенсіянеры. Пры гэтым няважна, што праект пакуль не даведзены да поўнай дасканаласці. Галоўнае, што ёсць сацыяльна значная, важная для грамадства або пэўнай яго часткі ідэя. А за ідэямі ўслед развіваюцца сацыяльнае прадпрымальніцтва і сацыяльная адказнасць.
Марына ХІДДЖАЗ.