Паспрабаваць, каб не памыліцца

Скончыць школу, маючы на руках не толькі атэстат, але і пасведчанне аб прафесійнай падрыхтоўцы, разрад ці катэгорыю, калі гэта прадугледжвае спецыяльнасць, або проста карысныя навыкі, дарагога варта. Такую магчымасць вучням базавых класаў даюць аддзяленні дапрафесійнай і прафесійнай падрыхтоўкі. У любым выпадку — зразумець, што табе падыходзіць, а што — не, лепш да заканчэння школы. Канкрэтныя планы, асэнсаванне сваіх магчымасцей і схільнасцей значна спрашчаюць пачатак дарослага жыцця.

На базе ліцэя

Для многіх старшакласнікаў Першамайскага і Савецкага раёнаў Мінска такім прафесійным стартам становяцца заняткі ў аддзяленні дапрафесійнай і прафесійнай падрыхтоўкі школьнікаў на базе Мінскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя № 12 будаўніцтва. Аддзяленне было адкрыта 1 верасня 2017 года — тады для вучняў 9—11 класаў, цяпер тут займаюцца вучні 10—11класаў у рамках прадмета “Працоўнае навучанне”, які быў уведзены ў вучэбны план базавых класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі некалькі гадоў назад. Зараз тут вучацца больш за 800 старшакласнікаў Савецкага раёна з 2 устаноў, 398 адзінаццацікласнікаў і 439 дзесяцікласнікаў з Першамайскага раёна сталіцы.

— У 10—11 класах прафесійная падрыхтоўка накіравана на засваенне навучэнцамі прафесій рабочых і служачых для атрымання базавых уменняў і навыкаў па пэўнай прафесіі і фарміраванне далейшай станоўчай матывацыі для працягу прафесійнай адукацыі або самастойнай прафесійнай дзейнасці, — гаворыць загадчык аддзялення Вольга Канстанцінаўна Стома. — З гэтага мы і зыходзім у сваёй рабоце. Пасля заканчэння навучання выпускнікі здаюць кваліфікацыйны экзамен, ім прысвойваецца кваліфікацыйны разрад і выдаецца пасведчанне ўстаноўленага ўзору, якое дае магчымасць працаўладкоўвацца або дае прыярытэт пры паступленні для працягу адукацыі ў выбраным кірунку.

Зразумела, што пры такім падыходзе важна даць старшакласнікам магчымасць выбіраць з разнастайнага спіса прафесій. У бягучым навучальным годзе дзесяцікласнікі выбіралі з 8-м прафесій: аператар ПЭВМ, сакратар, кухар, афіцыянт, кветкавод — рабочы зялёнага будаўніцтва, медыцынскі рэгістратар, цырульнік, слесар па рамонце аўтамабіляў. І толькі ў 10-х класах сёлета сфарміраваны 24 групы.
— Складана ўлічыць інтарэсы кожнага навучэнца, аднак мы імкнёмся камплектаваць групы з улікам схільнасцей і патрэб хлопцаў і дзяўчат у пэўным прафесійным кірунку, — тлумачыць мая суразмоўніца. — Прычым многія прыходзяць да нас, калі ўжо вы­значыліся з далейшым прафесійным выбарам. А нашы прафесіі носяць універсальны характар: дзяўчаты могуць выбіраць і выбіраюць прафесію аўтаслесара, а хлопцы ідуць вывучаць цырульніцкую справу, вучацца на кветкавода або медыцынскага рэгістратара.
Нельга не заўважыць, што ў коле прафесій, якія прапаноўвае аддзяленне, няма тых, па якіх рыхтуе спецыялістаў ліцэй. А гэта многія будаўнічыя спецыяльнасці: “Тынкоўшчык”, “Муляр”, “Абліцоўшчык-плітачнік”, “Слесар-сантэхнік”, “Электразваршчык”, “Сталяр” і інш. Але кіраўніцтва ліцэя спадзяецца, што хутка, магчыма ўжо ў наступным навучальным годзе, сітуацыя зменіцца. Дырэктар установы прафесійна-тэхнічнай адукацыі Сцяпан Васільевіч Шэлег гаворыць, што плануецца ўвесці некаторыя будаўнічыя спецыяльнасці для навучання ў аддзяленні дапрафесійнай і прафесійнай падрыхтоўкі, калі будзе попыт.

— Мы рыхтуем спецыялістаў, у будучыні якіх упэўнены, бо добра ведаем, што яны патрэбны нашаму будаўнічаму комплексу, — дадае дырэктар ліцэя. — Таму думаем, што і школьнікі, якія вырашаць атрымаць такія спецыяльнасці, не памыляцца, тым больш што ў нас ёсць добрая база і для навучання, і для практыкі. Наша базавае прадпрыемства, будаўнічы трэст № 35, прадпрыемства вельмі моцнае. Усё залежыць ад жадання школьнікаў, мы да работы з імі гатовы, напрыклад, маем моцныя традыцыі ў падрыхтоўцы абліцовачнікаў-плітачнікаў. Наш выпускнік Дзмітрый Пісараў быў капітанам каманды WorldSkills у Абу-Дабі. Другі наш навучэнец, які атрымлівае спецыяльнасць “Мантажнік каркасна-абшыўных канструкцый сухога будаўніцтва”, перамог у Беларусі на WorldSkills. Для навучэнцаў па іншых спецыяльнасцях таксама падрыхтавана матэрыяльна-тэхнічная база для навучання па поўнай праграме.

Набіць руку, засвоіць тэорыю

Праграмы прафесійнай падрыхтоўкі ў аддзяленні распрацоўваюць майстры. Тут, дарэчы, працуюць 8 майстроў вытворчага навучання, большасць з іх — з вялікім вопытам работы, якія і асабісты прафесійны прыклад прывесці могуць, і творчы падыход да навучання знайсці. Заняткі кожная група навучэнцаў наведвае раз на тыдзень у аб’ёме 2 урокаў тэарэтычнага навучання і 4 урокаў — вытворчага.

У асноўным гэтыя ўрокі праходзяць у адным памяшканні, але ёсць прафесіі, для навучання якім неабходны ўмовы, набліжаныя да рэальных. Таму для ўрокаў вы­творчага навучання па прафесіях “слесар па рамонце аўтамабіляў” абсталявана асобная майстэрня гаражнага тыпу. А для такіх урокаў па прафесіі кветкавод — рабочы зялёнага будаўніцтва выкарыстоўваецца доследны ўчастак у двары ліцэя, дзе школьнікі адпрацоўваюць свае ўменні па высадцы, доглядзе і падборы кветкавых кампазіцый. Вытворчую практыку навучэнцы аддзялення праходзяць на аб’ектах Мінска на падставе заключаных дагавораў: ва ўстановах аховы здароўя, дзіцячых садах, кавярнях, школьных сталовых і г.д., хаця, канечне, каранавірус часова ўнёс свае карэктывы.

Традыцыйна кожны год у аддзяленні падрыхтоўкі арганізоўваюць тыдзень прафесійнага майстэрства “Лепшы па прафесіі” сярод дзесяцікласнікаў. Мэта ўсё тая ж — прафарыентацыя школьнікаў. Вырашэнню гэтай задачы спрыяюць выставы-конкурсы, майстар-класы, прэзентацыі прафесій. Завяршаецца тыдзень канцэртам, на якім падводзяцца вынікі, лепшыя ўдзельнікі атрымліваюць дыпломы і падарункі.

Безумоўна, пэўнай частцы юнакоў і дзяўчат вучоба ў аддзяленні дапамагае, і яны працягваюць навучанне па спецыяльнасці, якую атрымалі, або па блізкай да яе. Напрыклад, кухары паступа­юць у каледж перапрацоўчай прамысловасці, а цырульнікі — у каледж бытавога абслугоўвання, яны зараз вучацца па праграме, узгодненай з каледжам. І хаця апошнія пасля заканчэння аддзялення атрымліваюць толькі даведку, а не пасведчанне, не маю ць разраду, у каледж яны могуць пасту­паць на скарочаны тэрмін навучання — 1 год у спецыяльнай групе для тых, хто вучыўся ў аддзяленнях дапрафесійнай і прафесійнай падрыхтоўкі, атрымліваюць яшчэ і спецыяльнасць майстра па манікюры. Магчыма, калі ў аддзяленні з’явяцца будаўнічыя спецыяльнасці, такую ж магчымасць ліцэй № 12 дасць і тым, хто будзе па іх вучыцца.

Першыя навыкі, першыя крокі

Міні-экскурсія па аддзяленні пачынаецца для нас у кабінеце, дзе займаюцца будучыя кветкаводы. Мы бачым іх за творчай работай, з алоўкамі ў руках. Майстар вытворчага навучання Таццяна Анатольеўна Хмяльніцкая расказвае, што зараз у яе вучняў прак­тычная работа па малых архітэктурных формах. Хлопцы і дзяўчаты плануюць прастору, робяць разбіўкі на функцыянальныя зоны, падбіраюць малыя архітэктурныя формы да пэўнага садова-паркавага стылю, вывучаюць колеравыя гармоніі.

— У прынцыпе, падлеткі ў нас вывучаюць усё тое, што адносіцца да дызайну, бо спецыяльнасць гэта дызайнерская, — тлумачыць выкладчыца. — Пасля заканчэння вучобы ў нас школьнікі атрымліваюць пасведчанні з прысваеннем 2-га разраду па спецыяльнасцях “Кветкавод” і “Рабочы зялёнага будаўніцтва”. У далейшым выпускнікі могуць вучыцца па такой спецыяльнасці, як “Ландшафтны дызайнер”, якая ёсць, напрыклад, у БНТУ, а таксама на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў архі­тэктурна-будаўнічым каледжы. Восенню і вясной падлеткі працуюць на нашым прысядзібным участку. Адзінаццацікласнікі і зараз знаходзяцца на вытворчай практыцы: сёлета праходзяць яе па месцах вучобы, некаторыя — у садовых цэнтрах, а наогул наша практыка праводзіцца ў Батанічным садзе.

Адна з тых, хто збіраецца працягнуць вучобу па дызайнерскай спецыяльнасці, — Яна Холадава, дзесяцікласніца з сярэдняй школы № 177. Дзяўчына 6 гадоў займалася ў мастацкай школе, летам спрабавала паступіць у каледж імя А.К.Глебава. Пакуль не атрымалася, але яна не збіраецца здавацца, рыхтуецца і пасля заканчэння школы будзе паступаць ва ўстанову вышэйшай адукацыі або ў каледж. “Гэта дакладна будзе дызайн, — гаворыць Яна, — хутчэй за ўсё, ландшафтны дызайн”. Дзяўчына прызнаецца, што ўжо зараз атрыманыя веды дапамагаюць ацаніць любы кветнік з пункту погляду вытрыманасці стылю, гармоніі ў падборы кветак, іншых складнікаў.

Хлопцы, якія выбралі спецыяльнасць “Аўтаслесар” (хаця ў некаторых групах тут ёсць і дзяўчаты), у той час, калі мы зазірнулі да іх, вывучалі будову рухавіка. Пасля заканчэння аддзялення яны атрыма­юць 1-шы разрад па выбранай спецыяльнасці і з такой кваліфікацыяй змо­гуць як працаваць, так і працягнуць адукацыю. Адзін з навучэнцаў, Ягор Ананіч з сярэдняй школы № 115, гаворыць, што аўтаслесарам наўрад ці стане, а вось набытыя веды і навыкі абавязкова спатрэбяцца ў жыцці, і, хутчэй за ўсё, ён працягне вучобу па спецыяльнасці тэхнічнай накіраванасці. З таго, чаму паспеў навучыцца, асабліва запомнілася навучанне па замене і рамонце падвескі аўтамабіля — безумоўна, карысны навык.

Будучыя афіцыянты ў гэты ж час вывучалі папярэднюю сервіроўку сталоў. Вучацца тут і дзяўчаты, і хлопцы, і ўсе дружна, у адзін голас, кажуць: “Буду вучыцца і адначасова працаваць афіцыянтам”. Так яно часта і адбываецца, расказвае выкладчыца Вікторыя Уладзіміраўна Пракоф’ева. Некаторыя вучні нават знаходзяць магчымасць праходзіць платную прак­тыку, зарабляць грошы, калі яшчэ вучацца ў школе.

Не менш занятыя і будучыя цырульнікі, і медыцынскія рэгістратары (іх, дарэчы, не рыхтуе ні адна навучальная ўстанова Беларусі або Расіі), на заняткі да якіх мы таксама зазірнулі. Падлеткі, якія выбралі цырульніцкую справу, накручваюць адно аднаму валасы, некаторыя ўжо сядзяць з прыгожымі прычоскамі — зручна: і вучышся, і прыгажосць на занятках наводзіш. Адна з дзяўчат, дзесяцікласніца са школы № 191 Кацярына Ермалаева, працягу навучання па спецыяльнасці “Цырульнік” не выключае. “Паглядзім, што атрымаецца”, — гаворыць яна.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.