Па схільнасцях, па сілах, па інтарэсах

Не так шмат часу засталося да апошніх званкоў і выпускных вечароў у школах. Няма сумненняў, што адным з самых частых і самых важных пажаданняў выпускнікам будзе пажаданне атрымаць цікавую, запатрабаваную прафесію, якая будзе адпавядаць схільнасцям і магчымасцям кожнага юнака і дзяўчыны. Каб адбылося менавіта так, пра выбар прафесіі трэба думаць загадзя. Ва Уздзенскай раённай гімназіі, што на Міншчыне, гэтую задачу выконваюць у тым ліку праз рэалізацыю педагагічнага праекта “Развіццё сацыяльных кампетэнцый навучэнцаў у сістэме работы сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы”. Хаця, строга кажучы, мэта праекта больш шырокая, чым уласна прафарыентацыя.

Кіраўнік праекта В.В.Пілікевіч з вучнямі на адным з трэнінгаў.

Індывідуальна

Увасабляць праект у жыццё тут пачалі ў жніўні 2019 года, узяўшы за мэту развіццё сацыяльных кампетэнцый старшакласнікаў з дапамогай укаранення міжнароднай адукацыйнай праграмы “Жыццёвыя навыкі і працаўладкаванне” ў рамках ініцыятывы “Еўрапейскі саюз для моладзі: ад працаўладкавання да ўстойлівасці ў Арменіі, Беларусі і Украіне”.

— Рэалізоўваць праграму мы вырашылі ў спалучэнні з інтэграванымі ўрокамі па грамадазнаўстве і псіхалогіі, каб забяспе­чыць узмацненне міжпрадметных сувязей і спрыяць паспяховай асобаснай і прафесійнай самарэалізацыі гімназістаў, — расказвае кіраўнік праекта, сертыфікаваны трэнер праграмы “Жыццёвыя навыкі і працаўладкаванне”, педагог-псіхолаг гімназіі Вераніка Валер’еўна Пілікевіч. — Праект прадугледжвае такія формы рэалізацыі, як прафесійнае пагружэнне, сустрэчы з матывацыйнымі спікерамі, дыягностыка індывідуальных асаблівасцей і прафесійнай накіраванасці асобы. Спа­дзяёмся навучыць нашых вучняў эфектыўным зносінам, крытычнаму мысленню, даць асновы фінансавай дасведчанасці, развіць іх самаасэнсаванне ў прафесійным кантэксце, даць іншыя навыкі. Нам важна ўзмацніць практычную жыццёвую накіраванасць адукацыі.

Лічыцца, што традыцыйнае прадметнае навучанне, падрыхтоўка да выбару прафесіі самі па сабе спрыяюць развіццю сацыяльных кампетэнцый, але, як мяркуе кіраўнік праекта, такія кампетэнцыі, як мэтапастаноўка, уменне разумець і ўлічваць пачуцці і па­трэбы іншых людзей, кіра­ваць сваімі эмоцыямі ў зносінах, здольнасць да эфектыўнай камунікацыі ў новых умовах могуць паспяхова фарміравацца толькі на практыцы.

З іншага боку, спецыялісты СППС, іншыя педагогі падчас прафарыентацыйнай работы са школьнікамі нярэдка сутыкаюцца з псіхалагічнай непадрыхтаванасцю падлеткаў да выбару жыццёвага шляху і прафесіі ў прыватнасці. У многіх не атрымліваецца спраектаваць сваю будучыню, камусьці не хапае ўяўленняў пра свае слабыя і моцныя бакі, што, безумоўна, перашкаджае эфектыўнай прафарыентацыі, якая адпавядае індывідуальным асаблівасцям кожнага, а таксама зацікаўленасці грамадства ў высокапрафесійных кадрах.

Карацей, поле дзейнасці для педагогаў і навучэнцаў Уздзенскай раённай гімназіі самае шырокае, а вынікі праекта мяркуецца сканцэнтраваць у выглядзе праектнага прадукту — праграмы трэнінгаў сацыяльных навыкаў  прафарыентацыйнай накіраванасці, адаптаваных да ўмоў адукацыйнага працэсу і патрабаванняў сучаснага рынку працы.

Падчас прафесійнага пагружэння.

Сістэмна

У рэалізацыі праекта ў бягучым навучальным годзе ўдзель­нічаюць 40 вучняў 9 “А” і 10 “Б” класаў і некалькі педагогаў: акрамя Веранікі Валер’еўны Пілікевіч, гэта настаўніца грамадазнаўства і гісторыі класны кіраўнік 9 “А” класа Святлана Мікалаеўна Дземідовіч, сертыфікаваны трэнер праграмы “Жыццёвыя навыкі і працаўладкаванне” класны кіраўнік 10 “Б” класа Ірына Васільеўна Міхед, а таксама сацыяльны педагог Таццяна Аляксандраўна Літвіненка.

За час рэалізацыі праграмы гэтая дружная каманда паспела правесці больш за 30 мерапрыемстваў: інтэграваныя заняткі па грамадазнаўстве, майстар-клас, групавыя кансультацыі з навучэнцамі і педагогамі, стартавую дыягностыку навучэнцаў, фестываль “Асаблівасці псіхолага-педагагічнага суправа­джэння профільнага навучання”  і інш. А на сайце гімназіі спецыялісты стварылі ўкладку з інфармацыяй аб праекце, падрыхтавалі электронны рэсурс у лакальнай сетцы “У дапамогу педагогам, якія рэалізоўваюць педагагічны праект”, арганізавалі пастаянна дзеючыя семінары “Развіццё сацыяльных кампетэнцый навучэнцаў”.

— Адным з першых этапаў работы была, зразумела, стартавая дыягностыка, — тлума­чыць В.В.Пілікевіч. — Яна паказала, што навучэнцы некалькі заніжаюць ацэнку сваіх ключавых сацыяльных кампетэнцый. Для групы гімназістаў, якія ўдзель­нічаюць у праекце, характэрны цяжкасці самавыяўлення ў зносінах, выяўлення пачуццяў, у іх таксама крыху ніжэйшае за сярэдні ўзровень развіццё навыкаў камунікацыі. Пры гэтым самымі эфектыўнымі формамі работы па праекце сталі трэнінгі сацыяльных навыкаў па праграме “Жыццёвыя навыкі і працаўладкаванне” з улікам узросту і патрэб навучэнцаў, а таксама прафесійнае пагружэнне і ўзаемадзеянне з матывацыйнымі спікерамі — спецыялістамі-прафесіяналамі.

Так, для гімназістаў прайшлі заняткі па тэмах “Разуменне і пошук сябе”, “Работа, якая мне падыхо­дзіць”, “Мае навыкі, магчымасці і абмежаванні” і г.д.

Акрамя таго, стартавая дыягностыка самавызначэння выявіла, што большасць навучэнцаў мае цяжкасці ў вызначэнні прафесійнага шляху. Для гімназістаў, удзельнікаў праек­та,  характэрны ярка выяўлены крызіс выбару. Прычым у меншай ступені з ім сутыкаюцца дзевяцікласнікі, бо частка з іх збіраецца атрымлі­ваць сярэднюю спецыяльную адукацыю і з прафесіяй вызначылася. Іншыя ж даследуюць альтэрнатыўныя варыянты прафесійнага развіцця і актыўна імкнуцца выйсці з гэтага стану, пры­няць асэнсаванае рашэнне ў адносінах да сваёй будучыні. Юна­кі і дзяўчаты прымяраюць на сябе розныя прафесійныя ро­лі, імкнуцца як мага больш даведацца пра розныя спецыяльнасці і шляхі іх атрымання.

Практычна

— Я ўжо ўзгадала, што адна з эфектыўных форм рэалізацыі педагагічнага праекта — гэта прафесійнае пагружэнне, — расказвае Вераніка Валер’еўна, — якое стварае ўмовы для актыўнага самапазнання падлеткаў, даследавання ўласных пазнавальных рэсурсаў і магчымасцей. Метад дае магчымасць акунуцца ў свет прафесій той сферы, якая выклікае найбольшую цікавасць. У нашай гімназіі прафесійнае пагружэнне праводзілася ў асноўным падчас канікул як для ўдзельнікаў праекта, так і для ўсіх зацікаўленых навучэнцаў, і працягвалася 3—4 гадзіны. Пагружэнне ўключала ў сябе аглядныя экскурсіі на прадпрыемства, знаёмства з асаблівасцямі прафесійнай дзейнасці, рэжымам і ўмовамі працы, патрабаваннямі да спецыялістаў, гутаркі з супрацоўнікамі, знаёмства з прафесійным абсталяваннем, нават апрабацыю пэўных працоўных дзеянняў, а таксама знаёмства з магчымасцямі паступлення ў каледжы і ўніверсітэты па выбранай спецыяльнасці.

Так, для дзесяцікласнікаў груп педагагічнай накіраванасці ў гімназіі былі арганізаваны педагагічныя пробы ў рамках дня самакіравання. Падчас зімовых канікул 4 удзельнікі праекта пабывалі ў пажарнай часці і раённай бальніцы. Яўген Салавей і Павел Ляўшук пазнаёміліся з асаблівасцямі прафесіі пажарнага, умовамі работы, зместам штодзённых трэніровак. Павел, у якога ўжо ёсць вопыт у альпінізме і спартыўным арыентаванні, нават выказаў жаданне наведваць трэніроўкі каманды МНС, хлопцы зацікавіліся і магчымасцю ўдзельнічаць у спаборніцтвах юных ратавальнікаў.

Навучэнец 10 “Б” класа Арцём Санковіч ужо даўно вызначыўся з прафесіяй — ён хоча стаць урачом, таму і выбраў хіміка-біялагічны профіль. На базе Уздзенскай раённай бальніцы прайшоў прафесійнае пагружэнне, пазнаёміўся з работай медустановы, абавязкамі ўрача, магчымасцямі паступлення ў медуніверсітэт. Акрамя таго, хлопец даведаўся пра магчымасці папрацаваць летам  у бальніцы ў якасці санітара або медыцынскага памочніка, што, канечне, дасць яму магчы­масць на практыцы вывучыць прафесію больш дэталёва.

У адзінаццацікласніцы Яны Шыдлоўскай з педагагічнай групы іншая мара — праца­ваць з дзецьмі. Дзяўчыне ўдалося паспрабаваць сябе ў ролі выхавальніка —  яна правяла практычныя заняткі па тэме “Свойскія жывёлы” з выхаванцамі сярэдняй групы ўздзен­скага ясляў-сада № 3. Намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада Аксана Валянцінаўна Чарнавус адзначыла высокі ўзровень падрыхтоўкі старшакласніцы да заняткаў: былі добра падрыхтаваны прэзентацыя, раздатачны матэрыял, метадычна правільна складзены план заняткаў, улічаны ўзроставыя асаблівасці дзяцей.

У цэлым жа, усе арганізацыі, куды звярталіся педагогі па дапамогу ў рэалізацыі праек­та, зацікаўлены ў будучых спецыялістах, для якіх прафесія — гэта асэнсаваны выбар, заснаваны на прыродных схільнасцях, устойлівым інтарэсе і жаданні развівацца.

— Мы бачым, што прафесійнае пагружэнне дазваляе гімназістам вучыцца аналізаваць свет прафесій, свае магчымасці, моцныя і слабыя бакі ў сітуацыі выбару прафесіі, дазваляе спраецыраваць яе на сябе, што спрыяе больш асэнсаванаму выбару, — падкрэслівае кіраўнік праекта “Развіццё сацыяльных кампетэнцый навучэнцаў у сістэме работы сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы”. — Акрамя таго, у ходзе групавога ўзаемадзеяння ў рэжыме трэнінгаў сацыяльных навыкаў прафарыентацыйнай накіраванасці ў юнакоў і дзяўчат развіваюцца лідарскія якасці, уменне будаваць камунікацыі з равеснікамі і дарослымі, развіваюцца сме­ласць і актыўнасць.


За час рэалізацыі праекта ў гімназіі прыйшлі і да іншых высноў: прафесійнае пагружэнне арганізоўваецца зараз толькі для вучняў 9—11 класаў, аднак пры ўмове ўліку ўзроставых асаблівасцей такая форма работы можа быць актуальнай і для сямі- і васьмікласнікаў; да ўдзелу ў праекце варта далучаць бацькоў у ролі матывацыйных спікераў-прафесіяналаў, педагогаў дадатковай адукацыі, навучэнцаў профільных класаў.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з архіва Уздзенскай раённай гімназіі.