Рэспубліканскі цэнтр для дзяцей дашкольнага ўзросту з парушэннем слыху сустракаў гасцей — удзельнікаў навагодняй дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці” надзвычай сардэчна. Тут былі і прыгожая ёлка, і песні, і танцы, і святочны карагод, і самаробныя паштоўкі ў падарунак чаканым візіцёрам. Госці і самі, зразумела, прыехалі з падарункамі. А гасцей у той перадсвяточны дзень у цэнтры сабралася нямала.
Да выхаванцаў цэнтра прыехалі намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Сяргей Валянцінавіч Руды, начальнік упраўлення дашкольнай адукацыі галіновага міністэрства Альбіна Леанідаўна Давідовіч, прадстаўнікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, аб’яднання “Белпалівагаз”.
Спачатку, канечне, былі казачны паказ для гасцей і бацькоў, кліканне Дзеда Мароза, агульнае скандзіраванне “Ёлачка, запаліся!”. Тутэйшыя выхаванцы і крычаць гучна, і спяваюць меладычна, і скачуць асабліва, і вершы чытаюць выразна. І гэта нягледзячы на тое, што 56 хлопчыкаў і дзяўчынак, якія наведваюць асноўныя групы цэнтра, маюць статус дзіцяці-інваліда.
Зараз у Рэспубліканскім цэнтры, які ўзначальвае Ала Вячаславаўна Вераценнікава, 6 асноўных груп для малых ад 3 да 7 гадоў і адна група кароткачасовага знаходжання для малышоў ад 1 да 3 гадоў, якіх раз ці два ў тыдзень бацькі прыводзяць у цэнтр на заняткі. А паколькі цэнтр рэспубліканскі, у ім ёсць магчымасць кругласутачнага знаходжання для іншагародніх хлопчыкаў і дзяўчынак, якіх на сёння тут 14.
Намеснік міністра адукацыі падзякаваў юным артыстам за таленавітае выступленне, пажадаў ім, іх бацькам, супрацоўнікам установы сілы, дабрыні і здароўя ў надыходзячым годзе. І, канечне, уручыў падарунак — музычны цэнтр. На ўра прайшоў і наступны падарунак ад прафарганізацыі акадэміі навук — сінтэзатар, а таксама салодкія падарункі ад прэзідыума НАН Беларусі, кнігі ды прысмакі ад вытворчага аб’яднання “Белпалівагаз”.
Намеснік старшыні прэзідыума НАН Беларусі Аляксандр Васільевіч Сукала, не толькі навуковец, але яшчэ і ўрач-педыятр з 45-гадовым стажам, звярнуўся да бацькоў хлопчыкаў і дзяўчынак, якія наведваюць цэнтр.
— Самая вялікая ваша заслуга — гэта тое, што вы робіце для сваіх дзяцей, мы толькі вам дапамагаем, — заўважыў ён. — Я схіляю галаву перад вашай мужнасцю і ад усёй душы ўдзячны калектыву Рэспубліканскага цэнтра за тое, што ён робіць для нашых дзяцей. Гэта не толькі вашы, гэта нашы дзеці, гэта будучыня нашай краіны.
У цэнтр, прынамсі, супрацоўнікі акадэміі навук, яе прафсаюзнай арганізацыі прыязджаюць не ўпершыню. Яны ўжо шмат гадоў віншуюць яго выхаванцаў з Калядамі і Новым годам, прывозяць падарункі, падтрымліваюць установу не толькі ў святы.
— Гэтае супрацоўніцтва мы абавязкова прадоўжым, — паабяцаў старшыня прафсаюзнага камітэта прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі намеснік акадэміка-сакратара аддзялення хіміі і навук аб зямлі Уладзімір Георгіевіч Левашкевіч. — Для мяне найвялікшае шчасце ўбачыць усіх вас. А дзеці, спадзяюся, калі вырастуць, прыйдуць да нас у акадэмію.
Памочнік генеральнага дырэктара ДВА “Белпалівагаз” Аляксей Мікалаевіч Паляўчанка нагадаў усім, што якраз у дзень сустрэчы ў цэнтры для дашкольнікаў святкуецца Дзень энергетыкаў, а таму яго пажаданні цеплыні і святла прагучалі асабліва сімвалічна. А самым галоўным мэтавым паказчыкам, па яго словах, трэба лічыць дасягненні нашых дзяцей у пазнанні навакольнага свету, умацаванні здароўя. І немагчыма з гэтым не пагадзіцца: нашы дзеці — галоўнае багацце.
Марына ХІДДЖАЗ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.