Кішэнныя грошы: інструмент матывацыі ці дэматывацыі?

Фінансавая дасведчанасць з’яўляецца неад’емнай часткай агульнай адукаванасці чалавека. Толькі валодаючы дастатковымі ведамі ў галіне фінансаў, можна адчуваць сябе абароненым. Таму вельмі важна своечасова вучыць дзяцей правільна распараджацца сваімі грашыма.

Пра тое, як павінна весціся адпаведнае навучанне, расказала выкладчык фінансавай дасведчанасці Наталля КАВАЛЬСКАЯ.

— Наталля, вы па адукацыі настаўніца беларускай мовы і літаратуры. Што паспрыяла кардынальнай змене кірунку дзейнасці? Чаму пасля працяглага часу памянялі філалогію на фінансавую дасведчанасць?

— Так, па адукацыі я настаўніца беларускай мовы і літаратуры. Але эканоміка і фінансы мяне таксама цікавілі вельмі даўно. Улічваючы той факт, што настаўніцкую дзейнасць не хацела пакідаць і дакладна ведала, што хачу дзяліцца з дзецьмі карыснымі і неабходнымі ведамі, пачала думаць, як спалучыць у практыцы педагогіку і фінансы. Я пачала ездзіць на выставы па адукацыі, а таксама разглядала варыянты куплі франшызы дзіцячага адукацыйнага цэнтра. Увогуле, цэлы год была ў пошуках. За гэты час паспела скончыць шмат курсаў, і падчас супрацоўніцтва з нямецкай кампаніяй прайшла навучанне па маркетынгу, стварэнні асабістага брэнда. Праз некаторы час набыла методыку па ўкараненні фінансавай дасведчанасці ва ўстановы адукацыі, якая распрацавана расійскім Міністэрствам адукацыі сумесна з Цэнтральным банкам, перапрацавала яе пад нормы заканадаўства нашай краіны і пачала выкладаць фінансавую дасведчанасць нашым дзецям.

— На якіх прынцыпах павінна будавацца эфектыўнае навучанне дзяцей фінансавай дасведчанасці?

— Сёння з грашыма звязана вялікая колькасць важных рашэнняў у нашым жыцці — пачынаючы ад купляння веласіпеда і заканчваючы набыццём жылля, ад першага стартапа па продажы слаймаў і заканчваючы адкрыццём уласнага бізнесу. Немагчыма ўявіць жыццё сучаснага чалавека без грошай. Разбірацца ў фінансах важна, таму што гэта прыносіць выгаду кожнаму з нас. Калі чалавек фінансава дасведчаны, умее распараджацца грашыма, ён можа абараніцца ад рызык, назбіраць на кватэру, машыну, пенсію, адукацыю дзяцей, а таксама інвесціраваць свае грошы. Увогуле, такія пытанні нельга цалкам пераадрасоўваць спецыялістам — банкірам, фінансавым кансультантам і пасрэднікам. Па-першае, веданне фінансаў неабходна для таго, каб вызначыць свае мэты і паставіць перад сабой канкрэтную задачу. Па-другое, каб выбраць фінансавых пасрэднікаў і вызначыць якасць іх паслуг, трэба разумець, чым яны займаюцца і якая ў іх мэта. Уменне распараджацца сваімі грашыма — гэта вельмі важны жыццёвы навык. Тым, хто не клапоціцца пра свае грошы, іх будзе заўсёды не хапаць. І гэта не залежыць ад даходаў. Калі гаварыць пра дзяцей, зразумела, што боль­шасць навыкаў яны пераймаюць у дарослых, робяць памылкі, новыя спробы і з часам пакідаюць сабе карысныя звычкі.

— З якімі праблемамі сутыкаюцца дзеці, якія прыходзяць да вас на заняткі?

— Праблемы ўзнікаюць у тых дзяцей, якіх бацькі аберагаюць ад эканамічных цяжкасцей  і якім прыносяць усё самае лепшае “на талерачцы”. У такіх хлопчыкаў-дзяўчынак няма магчымасці падрыхтавацца да самастойнага дарослага жыцця. Такія дзеці не змогуць пазбегнуць няправільных фінансавых рашэнняў у сучасным свеце спажывання, асабліва пад уздзеяннем агрэсіўнай крэдытнай палітыкі банкаў, маркетынгу ў рэкламе, малюнкаў прыгожага жыцця ў сацыяльных сетках і СМІ. Сёння быць недасведчаным не тое што нявыгадна, а нават небяспечна.

Заўсёды пытаюся ў бацькоў, ці часта яны расказваюць сваім дзецям пра грошы. Нягледзячы на тое, што большасць дарослых лічыць, што фінансавая дасведчанасць з’яўляецца важнай для будучага дабрабыту іх дзяцей, толькі некаторыя з бацькоў абмяркоўвалі гэтую тэму дома або адчувалі сябе дастаткова кампетэнтнымі, каб гэта рабіць. У Савецкім Саюзе зар­платы і пенсіі вызначаліся дзяржавай, фінансавых рынкаў не існавала. А значыць, не было неабходнасці ў вывучэнні гэтага пытання. А потым краіна развалілася, застаўся страх перад выкарыстаннем любых фінансавых інструментаў. У кожнага з нас у сям’і ёсць сваякі, якія страцілі грошы ў гэты перыяд.

Я пачала выкладаць фінансавую дасведчанасць з простай і адначасова вельмі важнай мэтай — навучаць школьнікаў яе асновам і даць практычныя веды, якія патрэбны сучаснаму чалавеку кожны дзень. У школе мы фарміруем асноўныя навыкі абыходжання з грашыма: уменне весці лік грошай, магчымасць жыць па сродках, уменне траціць грошы з розумам, дабівацца добрай аплаты сваёй працы, выяўляць прадпрымальнасць, умець ставіць і дасягаць фінансавых мэт, знаёмімся з фінансавымі інструментамі, прадпрымальніцтвам, інвесціраваннем і магчымасцямі мяняць свет да лепшага пры дапамозе фінансаў.

Рэспубліканская алімпіяда па фінансавай дасведчанасці сярод навучэнцаў 10—11 класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі праводзіцца Нацыянальным банкам і Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь з 2014 года. Алімпіяда з’яўляецца адным з найбольш маштабных нацыянальных мерапрыемстваў па павышэнні фінансавай дасведчанасці. Асноўная мэта алімпіяды — папулярызацыя ведаў у галіне фінансаў, фарміраванне ў вучняў практычных навыкаў выкарыстання фінансавых інструментаў, развіццё фінансавай культуры моладзі.

— Для заняткаў вы распрацавалі некалькі аўтарскіх методык. Якія з іх часцей за ўсё прымяняеце падчас правядзення ўрокаў?

— Маёй галоўнай аўтарскай методыкай выкладання з’яўляецца методыка правільных пытанняў. У пачатку кожнай тэмы я задаю дзецям пытанні, звязаныя з яе вывучэннем. І кожны вучань можа выказаць свой пункт гледжання, які можа нават цалкам не супадаць з маім. Праўда, аргументаваць свой падыход дзіцяці ўсё ж давядзецца. У працэсе абмеркавання навучэнцы адчуваюць важнасць свайго пункту гледжання, дзеляцца рэальнымі гісторыямі з жыцця і разумеюць, як яны змогуць выкарыстоўваць атрыманыя веды. Толькі пасля такіх дыскусій мы вывучаем тэорыю, а потым адточ­ваем атрыманыя веды падчас правядзення гульняў і трэнінгаў. Дарэчы, нікому з маіх дзяцей не падабаецца доўга сядзець, таму мы пастаянна перамяшчаемся па класе: ад вялікага канферэнц-стала, за якім праводзім мазгавыя штурмы і робім запісы, ідзём у зону кіназалы, садзімся перад экранам, дзе выву­чаем тэорыю па прэзентацыях з малюнкамі і відэа. Пасля пераходзім у зону мяккіх канап для абмеркавання, каб пагуляць у камандныя гульні. Мяняць месца знахо­джання важна па той прычыне, каб дзеці змаглі адвесці ўвагу ад ужо надакучлівага асяроддзя, каб заўсёды былі настроены на работу.

Маёй галоўнай аўтарскай методыкай выкладання з’яўляецца методыка правільных пытанняў. У пачатку кожнай тэмы я задаю дзецям пытанні, звязаныя з яе вывучэннем. І кожны вучань можа выказаць свой пункт гледжання, які можа нават цалкам не супадаць з маім. Праўда, аргументаваць свой падыход дзіцяці ўсё ж давядзецца. У працэсе абмеркавання навучэнцы адчуваюць важнасць свайго пункту гледжання, дзеляцца рэальнымі гісторыямі з жыцця і разумеюць, як яны змогуць выкарыстоўваць атрыманыя веды. Толькі пасля такіх дыскусій мы вывучаем тэорыю, а потым адточ­ваем атрыманыя веды падчас правядзення гульняў і трэнінгаў. Дарэчы, нікому з маіх дзяцей не падабаецца доўга сядзець, таму мы пастаянна перамяшчаемся па класе: ад вялікага канферэнц-стала, за якім праводзім мазгавыя штурмы і робім запісы, ідзём у зону кіназалы, садзімся перад экранам, дзе выву­чаем тэорыю па прэзентацыях з малюнкамі і відэа. Пасля пераходзім у зону мяккіх канап для абмеркавання, каб пагуляць у камандныя гульні. Мяняць месца знахо­джання важна па той прычыне, каб дзеці змаглі адвесці ўвагу ад ужо надакучлівага асяроддзя, каб заўсёды былі настроены на работу.

— Ведаю, што, перш чым навучыць сваіх выхаванцаў гуляць у эканамічную гульню, вы апрабуеце яе дома, са сваімі дзецьмі. Як будуеце далейшы ход эканамічных заняткаў, калі квест выклікае цяжкасці?

— Так, усе гульні, якія выкарыстоўваюцца на ўроках у KOVALSKI, праходзяць тэсціраванне ў маёй сям’і. Дзеці, дарэчы, значна хутчэй і лягчэй чым дарослыя разумеюць механіку гульні і пралічваюць выйгрышныя стратэгіі. Складанасцей з гульнямі пакуль не ўзнікала. Але былі гульні, якія не прайшлі тэсціраванне ў кампаніі майго сына і яго сяброў. Гэта гульні, якія ім падаліся сумнымі і незаймальнымі. Я з задавальненнем рэкамендую бацькам “#птушачак_кавальскі”, “Флікса ферму”, “Манаполію”, “Вангаманію”, “Гульню ў жыццё” і CASHFLOW у дарослым варыянце, таму што дзіцячая версія была забракавана сынам, як і “Паравы асёл”, які мне падабаецца.

Адна з любімых гульняў маіх навучэнцаў — “Сямейка Адамс”. Гэта гульня, у якой дзеці дзеляцца на сем’і і самастойна размяркоўваюць сямейны бюджэт па прапанаваных ім артыкулах расходаў на 3 месяцы запар. Мэта — не проста выжыць усёй сям’ёй, а падтрымаць якасць жыцця сям’і. Але не ўсё так проста. У працэсе гульні вучні цягнуць карткі з рознымі падзеямі — камусьці пашанцуе атрымаць прэмію або працэнты па ўкладзе, якія, зразумела, трэба вылічыць, а ў кагосьці з сям’і зламаецца пральная машына або з’явіцца неабходнасць узяць крэдыт. Гэта аўтарская распрацоўка, якая да гэтага часу абрастае новымі магчымасцямі.

Дарэчы, лічу, што большасць эканамічных гульняў можна адаптаваць пад вучэбны працэс. Напрыклад, знакамітая гульня “Знайдзі пару”, падчас якой трэба шукаць карткі з аднолькавымі малюнкамі. У нашым выпадку парамі з’яўляюцца краіна і яе валюта. Вывучаючы замежную мову, можна  падбіраць слова з яго перакладам. Калі гуляць у гісторыю — дату і падзею, у табліцы множання — прыклад-рашэнне і г.д. А калі пераможцу дадуць прыз — азарт разгараецца на вачах.

— Наколькі мэтазгодна даваць дзецям кішэнныя грошы? Чаму можа навучыць фінансавая незалежнасць?

— Кішэнныя грошы з’яўляюцца самым лепшым інструментам у навучанні фінансавай дасведчанасці. Таму я настойваю на выдачы кішэнных грошай маім вучням на пастаяннай аснове. Але давайце разбяромся. Кішэнныя грошы — гэта сума грошай, якую бацькі выдаюць дзецям рэгулярна ў пэўныя часавыя прамежкі. Напрыклад, я выдаю сыну 5 рублёў кожны панядзелак. Правільнай сумы кішэнных грошай не існуе, усё залежыць ад вашых даходаў і мэты сям’і, а таксама ад тэмпераменту дзіцяці. Скажу толькі, што кішэнныя грошы не павінны служыць інструментам матывацыі ці дэматывацыі. А ў выпадку, калі бацькі даюць грошы на кафэ, кіно, праезд ці проста нейкую патрэбу, гэта называецца грошы па патрабаванні. Такім чынам, асноўная праблема, з якой сутыкаюцца навучэнцы, гэта адсутнасць магчымасці самастойна планаваць свой бюджэт і навучыцца распараджацца грашыма. Згадзіцеся, немагчыма навучыцца ездзіць на веласіпедзе, калі веласіпеда ў цябе няма.

Яшчэ адна праблема, з якой сутыкаюся і я, і вучні, — гэта жаданне бацькоў вырашыць усе праблемы за дзяцей. Мы з навучэнцамі робім праект па дасягненні асабістых фінансавых мэт, пралічваем усе этапы, рухаемся па плане, набліжаемся да мары. А бацькі купляюць мару, на якую збірае дзіця, пры першым зручным выпадку, тым самым перашкаджа­юць свайму ж дзіцяці рэалізаваць мэту самастойна, адчуць гордасць за свае дасягненні, зразумець важнасць фінансавых перамог. Калі так адбываецца, навошта ўвогуле ставіць мэты?

Фінансавыя стэрэатыпы, дарэчы, таксама выклікаюць шмат праблем. На жаль, у многіх сем’ях прынята лічыць, што грошы прыносяць непрыемнасці, што багатыя вельмі сквапныя і г.д. Але насамрэч грошы — гэта інструмент, які дазваляе жыць і заставацца незалежным.

— Сёлета ваша вучаніца — Марыя-Магдалена Макарчык — перамагла ў Рэспубліканскай алімпіядзе па фінансавай дасведчанасці. Як лічыце, ці магчыма да такога сур’ёзнага спаборніцтва падрыхтаваць дзіця з нулявым багажом ведаў?

— Перамога Марыі-Магдалены ў рэспубліканскай алімпіядзе была лепшым калядным падарункам, які толькі можна сабе ўявіць. Скажу шчыра, я плакала ад шчасця ў той дзень. Марыя-Магдалена самастойна прайшла раённы этап, і яе мама звярнулася да мяне па дапамогу ў падрыхтоўцы да абласнога этапу. Марыя-Магдалена — мара любога педагога. Дзяўчынка ўжо была падрыхтаванай па многіх пытаннях, у яе ёсць жывая цікавасць да прадмета і жаданне займацца. Нам было весела. Мы ніколі не забудзем, як крэдытныя аддзелы банкаў пераключалі нас з лініі на лінію, супрацоўнікі кафедры фінансаў ламалі галаву над нашымі пытаннямі. Было няпроста, але яно таго варта. У наступным годзе мае старэйшыя “#птушачкі_кавальскі” будуць ­удзельнічаць у алімпіядзе. Іх я рыхтую з нуля. Нядаўна мы гулялі ў “Хто хоча стаць мільянерам?”. Я расказала дзецям, што задачы, якія былі выкарыстаны падчас гульні, — гэта заданні рэспубліканскага этапу алімпіяды. Безумоўна, навучэнцы ­здзівіліся і ўпэўніліся ў сваіх ведах.

Такім чынам, фінансавае выхаванне — гэта не проста навука пра грошы. Гэта выхаванне дзяцей самастойных, здольных прымаць абдуманыя рашэнні, прытрымлівацца сваіх мэт, ні ад кога не залежыць і ў той жа час уносіць свой уклад у жыццё сям’і і грамадства. Як я паспела пераканацца, дзеці якраз мараць стаць такімі. Відавочна, што мая галоўная задача як выкладчыка і задача маёй дзіцячай бізнес-школы — дапамагчы ім у гэтым праз навучанне фінансавай дасведчанасці.

Марыя-Магдалена МАКАРЧЫК, пераможца Рэспубліканскай алімпіяды па фінансавай дасведчанасці, навучэнка гімназіі № 1 Гродна імя Я.Карскага:

— Я вывучаю фінансавую дасведчанасць, таму што хачу быць упэўненай у сваіх дзеяннях, якія тычацца фінансаў: мне не хочацца быць падманутай ці ў нечым не разбірацца, не разумець. Валодаючы ведамі аб фінансавай дасведчанасці, абараняю сябе ад фінансавых памылак, страт. Я лічу, што кожны школьнік павінен валодаць гэтымі ведамі. Было б нядрэнна ўвесці такі карысны прадмет у школьную праграму, таму што сёння такія веды можна атрымаць толькі ў спецыялізаваных школах. Мой выкладчык і трэнер Наталля Кавальская — прафесіянал сваёй справы, і я магу ўпэўнена аб гэтым гаварыць, таму што дзякуючы менавіта ёй дасягнула найвышэйшага выніку ў Рэспубліканскай алімпіядзе па фінансавай дасведчанасці. Быць пераможцай такой алімпіяды ганарова і прэстыжна.

Гутарыла Наталля САХНО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.