Хто з работай дапаможа?

або Пра часовае працаўладкаванне моладзі

Канікулы (і не толькі летнія) — час, калі многія хлопцы і дзяўчаты ад 14 гадоў і больш імкнуцца ўладкавацца на работу: зарабіць грошай, атрымаць практычны вопыт, стаць больш самастойнымі. Некаторыя паспяваюць падпрацоўваць і на працягу навучальнага года. Многія шукаюць работу самастойна, але, здаецца, тых, хто ахвотна карыстаецца дапамогай дзяржструктур, як мінімум, не менш. Чым жа дапамагалі летам і дапамагаюць увогуле такія структуры маладым беларусам?

Паспець усё

Самыя актыўныя юнакі і дзяўчаты паспяваюць за час канікул і адпачыць, і зарабіць. Асабліва, калі гаворка ідзе пра доўгія летнія канікулы. Вынікі арганізацыі часовай занятасці моладзі за год будуць падведзены ў свой час, а папярэднія ўжо агучаны. Вось, напрыклад, пра што расказала кансультант упраўлення палітыкі занятасці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь Наталля Міхайлаўна Лабачова:

— Часовая занятасць моладзі арганізоўваецца круглы год ва ўсіх рэгіёнах краіны, але асноўнае працаўладкаванне прыходзіцца на летнія канікулы. Служба занятасці для яе арганізацыі заключыла 1900 дагавораў з наймальнікамі. На часовыя рабочыя месцы з фінансавай падтрымкай дзяржавы было ўладкавана больш за 23 тысячы навучэнцаў. Юнакам прапаноўвалі прыняць удзел у рабоце па азеляненні і добраўпарадкаванні навучальных устаноў і ўстаноў сацыяльнай сферы, рамонце вучэбнай мэблі, рэстаўрацыі кніжнага фонду бібліятэк.

Да летняга перыяду служба занятасці сфарміравала пералік арганізацый, якія былі гатовы прымаць на работу маладых людзей. У асноўным гэта былі вакансіі прадаўцоў, укладчыкаў-упакоўшчыкаў, рабочых зялёнага будаўніцтва. Пералік наймальнікаў штотыдзень актуалізаваўся і размяшчаўся на партале дзяржаўнай службы занятасці, таксама такія пералікі мясцовыя органы ўлады размяшчалі на сваіх сайтах, даводзіліся яны і да ўстаноў адукацыі.

Без фінансавай падтрымкі дзяржавы падчас летніх канікул на часовыя рабочыя месцы былі працаўладкаваны каля 4-х тысяч школьнікаў і студэнтаў. Сярод работадаўцаў было, напрыклад, сельскагаспадарчае прадпрыемства “Верхнядзвінскі”, дзе жадаючыя працавалі аператарамі зернесушыльнага комплексу, а сярэдняя зарплата склала 757 рублёў. Аршанскі льнокамбінат запрасіў студэнтаў папрацаваць выхавальнікамі ў сваёй установе, зарплата склала каля 500 рублёў за месяц. У Брэсцкай вобласці хлопцы і дзяўчаты працавалі ўкладчыкамі-ўпакоўшчыкамі на прадпрыемстве “Інкафуд”, у Бабруйскім раёне Магілёўскай вобласці — на пошце. З маладымі людзьмі, якія прыйшлі на часовую работу, наймальнікі заключаюць тэрміновыя працоўныя дагаворы. Такім чынам на гэтых работнікаў распаўсюджваюцца нормы Працоўнага кодэкса і заканадаўства аб ахове працы.

— Хочацца яшчэ раз нагадаць, што працаваць падлеткі могуць з 14 гадоў, але з абавязковага дазволу аднаго з бацькоў, — падкрэслівае спецыяліст. — З 16 гадоў такое рашэнне маладыя людзі прымаюць самастойна. Для хлопцаў і дзяўчат ва ўзросце ад 14 да 16 гадоў рабочы дзень не можа перавышаць 4 гадзіны 36 мінут, у моладзі ад 16 да 18 гадоў ён не можа быць большым за 7 гадзін. Пры гэтым заканчэнне канікул зусім не азначае, што жадаючыя не могуць працаваць у вольны ад вучобы час. Каб знайсці работу, якая ім падыходзіць, маладыя людзі могуць звярнуцца ў службу занятасці па месцы жыхарства або ў сваю навучальную ўстанову.

У школе, каледжы, УВА

Яшчэ адна форма часовай занятасці моладзі — студэнцкія атрады. Безумоўна, лета — залаты для іх час, але не трэба забываць, што ў Беларусі студатрады могуць працаваць круглы год, калі гэта не перашкаджае адукацыйнаму і (або) працоўнаму працэсу на асноўным месцы работы маладога чалавека, у галіне адукацыі, аховы здароўя, аховы навакольнага асяроддзя, будаўніцтва, сельскай гаспадаркі, у сферы вытворчасці тавараў і аказання паслуг. Варта ўзгадаць і пра тое, што работа ў атрадзе можа быць залічана студэнту або навучэнцу ў якасці вучэбнай, вытворчай практыкі, калі від работы адпавядае спецыяльнасці, па якой удзельнік студэнцкага атрада атрымлівае адукацыю.

Прывабліваюць і падатковыя льготы, бо даходы, атрыманыя за работу ў складзе студэнцкіх атрадаў, якія сфарміраваны ў парадку, што ўстаноўлены заканадаўствам, і ажыццяўляюць сваю дзейнасць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і дзяржаў — удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў, вызваляюцца ад падаходнага падатку. Канечне, усё гэта прыцягвае да работы ў студэнцкіх атрадах многіх маладых людзей, у тым ліку непаўналетніх, бо яны таксама могуць працаваць у такіх атрадах.

— Студэнцкі атрад — гэта гарантыя працаўладкавання і добры вопыт работы ў калектыве, — лічыць галоўны спецыяліст упраўлення па справах моладзі Галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Таццяна Міхайлаўна Рубанік. — Маладыя людзі ўзаемадзейнічаюць паміж сабой, у атрадзе ёсць камандзір, камісар — гэта добрая школа.

Да пачатку канікул былі зацверджаны пералікі арганізацый, якія гатовы прыняць студэнцкія атрады. Сёлета ў пералік былі ўнесены 1174 аб’екты на 31 027 рабочых месцаў. У рамках прома-праекта БРСМ “Выбіраем будатрад!” на 1 жніўня заяўкі на работу ў студэнцкіх атрадах падалі 30 446 чалавек, а значыць, у жадаючых нават быў выбар таго, чым заняцца. На той жа час у складзе 1909 атрадаў было працаўладкавана 24 970 чалавек.

Сярод аб’ектаў, дзе спатрэбіліся рабочыя рукі, — медыцынскі комплекс Брэста, гарадская клінічная бальніца № 3 Гродна, сярэдняя школа ў Гомелі, корпус кадэцкага вучылішча ў Полацку, кардыя-тэрапеўтычны корпус Магілёўскай абласной клінічнай бальніцы і інш. Акрамя традыцыйных праектаў у холдынгу “Атлант” і на Усебеларускай маладзёжнай будоўлі “Горад маладосці” ў Астраўцы, у бягучым годзе стартаваў Рэспубліканскі працоўны праект “Талачын”, дзякуючы якому было працаўладкавана больш за 60 чалавек. Студэнты працавалі і ў верасні, калі працягвалася ўборка ўраджаю, будуць працаваць і далей. Памер заработнай платы ў студатрадах склаў у сярэднім (па даных на пачатак верасня) 316 рублёў 45 капеек.

Сёлета аднавілася работа беларускіх студэнцкіх атрадаў за межамі краіны: выехалі 213 чалавек у складзе 14 атрадаў. Гэта былі традыцыйныя педагагічныя атрады ва Усерасійскім дзіцячым цэнтры “Арляня” і аздараўленчым лагеры “Жамчужына”, сэрвісныя атрады, будаўнічы атрад  — удзельнік міжнароднай студэнцкай будоўлі “Кузбас-300”. Таксама беларускія студэнты ўдзельнічалі ў працоўных праектах “Маладзёжны кадравы рэзерв”, “Мабільныя кадры Расіі” Расійскай Федэрацыі.

— Ва ўніверсітэце за летні час былі сфарміраваны 42 студэнцкія атрады на 824 чалавекі, — расказвае пра сваю навучальную ўстанову начальнік штаба працоўных спраў Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта Віталь Андрэевіч Вірко. — З іх 21 будаўнічы атрад (396 чалавек). Сярэдняя заработная плата ў гэтых атрадах склала 800 рублёў за 8—9 працоўных дзён. Педагагічных атрадаў у нас было 8 (197 чалавек), сярэдняя заработная плата склала 400 рублёў. Было сфарміравана 12 вытворчых атрадаў, у якіх удзельнічаў 231 студэнт, сярэдняя зарплата склала 750 рублёў. Асноўнымі прымаючымі арганізацыямі сталі ЗАТ “Атлант”, завод “Гарызонт”, прадпрыемствы “Крыніца” і МТЗ, будтрэст № 1 Мінска, кампанія “СП Аэрадарбуд”, ААТ “Заслаўебудіндустрыя”.

Таксама ў БНТУ дадатковыя працоўныя месцы, напрыклад, у інтэрнатах установы, выдзяляе рэктарат, педагагічныя атрады працавалі на базе санаторыя-прафілакторыя ўніверсітэта “Палітэхнік”. Штаб займаецца і індывідуальным працаўладкаваннем студэнтаў, так удалося працаўладкаваць 77 чалавек. Хлопцы і дзяўчаты працавалі ў Астраўцы, 5 чалавек у Казані, хтосьці — у КУП “Зелянбуд”.

Добрыя справы, карысныя заняткі

Валанцёрства — яшчэ адзін від занятасці моладзі, які не аплачваецца, але прыносіць нямала карысці, дае вопыт, дазваляе рэалізоўвацца. Адзін з галоўных арганізатараў гэтай дзейнасці — Рэспубліканскі валанцёрскі цэнтр. Яго кіраўнік Яна Уладзіміраўна Шарамецьева расказвае, што валанцёры наведваюць сацыяльныя ўстановы (напрыклад, з нагоды Дня абароны дзяцей), збіраюць дабрачынную дапамогу. Сёлета адным з самых маштабных праектаў стаў “Цягнік Перамогі” — маштабны гісторыка-асветніцкі праект, створаны ў Расіі. Цягнік прайшоў і праз Беларусь, дзейнасць нашых валанцёраў арганізоўваў цэнтр. Усяго было задзейнічана 218 валанцёраў, якія забяспечвалі работу цягніка. Між іншым музей у цягніку на тэрыторыі Беларусі наведалі больш за 26 тысяч чалавек.

Валанцёры дапамагалі арганізатарам футбольнага свята, якое было прысвечана чэмпіянату Еўропы “Еўра-2020” і праходзіла на мінскім стадыёне “Дынама” на працягу цэлага месяца. Валанцёры з розных устаноў адукацыі дапамагалі ў арганізацыі інтэрактыўных зон, проціэпідэмічных мер, агульнай каардынацыі гледачоў.

У рамках Тыдня моладзі сёлета ў Беларусі прайшоў Дзень дабрыні — многія ўстановы адукацыі перадавалі ў дзіцячыя дамы, сацыяльныя прытулкі спартыўны інвентар, цацкі. Таксама ў гэты дзень прайшоў чэлендж “Падзяліся дабром”, і прадстаўнікі 89 валанцёрскіх атрадаў устаноў адукацыі размяшчалі фота, відэа, гісторыі добрых спраў у сацыяльных сетках, каб прыцягнуць увагу да добраахвотніцкай дзейнасці.

Летам цэнтр арганізаваў анлайн-лагер “Юны валанцёр”, для ўдзелу ў якім заяўкі падалі 100 дзяцей і падлеткаў ва ўзросце ад 10 да 16 гадоў з усёй краіны. У якасці важатых-валанцёраў у лагеры працавалі студэнты ўстаноў вышэйшай адукацыі, якія праводзілі інтэрактыўныя заняткі на тэму валанцёрства.

Актыўна ўдзельнічалі валанцёры ў падрыхтоўцы і правядзенні Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” — там працавалі 110 чалавек. А спецыялісты Рэспубліканскага валанцёрскага цэнтра па запрашэнні дырэкцыі фестывалю і яго валанцёрскага штаба правялі майстар-класы для валанцёраў. Паспелі валанцёры дапамагчы арганізатарам культурна-спартыўнага фестывалю “Вытокі. Крок да Алімпу”, зусім нядаўна, у верасні, арганізавалі рэспубліканскую акцыю “Валанцёрства — гэта мы”, у якой прымалі ўдзел каманды розных устаноў адукацыі, выконваючы штодзённыя заданні.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з адкрытых крыніц інтэрнэту.