Галоўнае — пачуць чалавека

У развіцці вёскі галоўная роля адводзіцца мясцовай уладзе, у прыватнасці, сельскім Саветам. У сваю чаргу работа кіраўнікоў сельскіх Саветаў звязана не толькі з эканамічнымі пытаннямі,  што, безумоўна, з’яўляецца галоўным фактарам паспяховага развіцця рэгіёна.  Прадстаўнікі мясцовай улады імкнуцца да таго, каб вырашыць сацыяльныя праблемы, з якімі сутыкаецца насельніцтва: у вёсцы часам іх нават больш, чым у горадзе. Забеспячэнне свайго рэгіёна кадрамі, у тым ліку педагагічнымі, і стварэнне спрыяльных умоў для работы маладых спецыялістаў — адна з такіх праблем.

Пра тое, якое значэнне ў маленькіх вёсках і аграгарадках надаецца развіццю ўстаноў адукацыі, як адбываецца падвоз дзяцей у школы і што рабіць, каб выпускнікі ўніверсітэтаў пасля абавязковай адпрацоўкі не збягалі ў горад, згадзіўся расказаць старшыня Глівінскага сельскага Савета Барысаўскага раёна Дзмітрый Пятровіч ЛІПНІЦКІ.

— Дзмітрый Пятровіч, колькі педагогаў, у тым ліку тых, хто ў апошнія гады прыехаў па размеркаванні, працуе ў вашым сельсавеце?

— Сельсавет, які ўваходзіць у маё падначаленне, невялікі, у ім сёння толькі 2 школы. Так, у Навасёлкаўскай сярэдняй школе сёння працуюць 18 педагогаў і вучацца 96 дзяцей. У Забашавіцкай сярэдняй школе — 75 навучэнцаў і 18 педагогаў. У параўнанні з гарадскімі школамі — гэта вельмі мала, але прычыны зразумелыя: моладзь не застаецца ў вёсках, усе імкнуцца знайсці работу ў горадзе і застацца там жыць.

— Як думаеце, ці можна сёння неяк прыцягнуць, завабіць маладыя кадры ў сельскую мясцовасць? Як ствараюцца ўмовы для іх работы?

— Мне здаецца, што самы важны фактар, які мог бы матываваць маладых спецыялістаў працаваць у сельскай мясцовасці, — гэта наяўнасць жылля. Жыллёвае пытанне заўсёды было і будзе самым актуальным. Маладых спецыялістаў размяркоўваюць, а дзе ім жыць — пра гэта мала хто задумваецца. Тым не менш для моладзі гэта вельмі актуальны момант. Акрамя наяўнасці жылля, важна, каб яно было добраўпарадкаванае, каб былі створаны зручныя ўмовы для пражывання: падведзена ацяпленне, каналізацыя, газ. У Забашавічах, напрыклад, газу няма, а ў Глівіне ён падведзены. Тым не менш ёсць планы правесці электрыфікацыю населеных пунктаў. Пажадана гэта рабіць ад электракатла, каб можна было пакінуць дом і не баяцца, што нешта здарыцца.

У Забашавічах, акрамя школы, ёсць дзіцячы садок і амбулаторыя. Гэта неабходныя сацыяльна значныя аб’екты. Зразумела, вёска ніколі не будзе такой развітой, як горад, і ў ёй не будзе ўсяго таго, што ёсць у раённым цэнтры, але мы павінны забяспечыць жыхароў вёскі тым, чым мы можам. Забашавічы, дарэчы, лічацца аграгарадком.

— Як ажыццяўляецца падвоз дзяцей з маланаселеных вёсак? Ці не выклікае гэта праблем?

— Сістэма падвозу дзяцей арганізавана на добрым узроўні. Аддзелам па адукацыі выдзелены 2 аўтобусы, якія збіраюць навучэнцаў з аддаленых вёсак і развозяць па навучальных установах раёна — у Забашавіцкую і ў Навасёлкаўскую сярэднія школы. У Навасёлкаўскую школу збіраюць дзяцей з такіх вёсак, як Гара, Глівін, Сівіца, Рубленікі. У Глівін аўтобус робіць нават 2 рэйсы: вёска вялікая, тут жывуць у асноўным маладыя сем’і. Калі школьнікаў прывозяць назад, дадому, забіраюць з Глівіна малышоў, якія тут наведваюць дзіцячы садок.

Забашавіцкі аўтобус ездзіць па сваім асобным маршруце, заязджае ў некалькі вёсак. Сярод іх Чарневічы, Осава і інш. На маршрутным аўтобусе таксама ездзяць дзеці ў садок, а настаўнікі, калі трэба, пад’язджаюць да месца работы, бо не ўсе жывуць у тым населеным пункце, дзе знаходзіцца школа.

— У якім стане сёння знаходзяцца навучальныя ўстановы і іншыя аб’екты, цэнтры культурнага жыцця вёскі? Ці патрабуюць яны дадатковых інвестыцый?

— Я ўпэўнены, што немагчыма ўсё і адразу зрабіць ідэальна. Любы аб’ект, нядаўна пабудаваны, ці той, што быў узведзены даўно, патрабуе дадатковай увагі, каб у ім падтрымліваўся парадак.

Нельга зрабіць у школе рамонт і забыць пра гэта на некалькі гадоў. У школу, дзіцячы сад ці ў іншыя аб’екты сацыяльнай інфраструктуры штогод трэба ўкладваць грашовыя сродкі. Напрыклад, калі нейкі аб’ект мае актавую залу, то яна бу­дзе працаваць для ўсяго населенага пункта. Гэта значыць, што карыстацца актавай залай будзе вялікая колькасць лю­дзей, бо менавіта ў ёй будуць праходзіць усе важныя для аграгарадка ці вёскі мерапрыемствы. Відавочна, што частае карыстанне любым аб’ектам прыводзіць да таго, што ён становіцца непрывабным. Так і з сацыяльнымі аб’ектамі агульнага карыстання: чым больш карыстаемся — тым большай увагі гэты аб’ект патрабуе. Тое самае можна ска­заць і наконт спартыўных пляцовак, якія ў аграгарадках будуюць для ўсіх, а не толькі для школьнікаў. Працуе спартыўная зала і ў пасляўрочны час, вечарам. Але гэтыя аб’екты сёння, дзякуючы праведзенай рэканструкцыі, не патрабуюць, каб у іх укладвалі значныя сродкі. Пакуль што можна абысціся невялікімі сумамі, каб нешта дарабіць, калі гэта неабходна. Увогуле, штогод трэба разумна размяркоўваць бюджэтныя фінансавыя сродкі па вёсках і аграгарадках, якія знаходзяцца ў падпарадкаванні сельсавета. Робіцца гэта для таго, каб усе школы, а таксама іншыя сацыяльныя аб’екты, знаходзіліся ў належным стане.

Безумоўна, падчас правядзення рамонтаў ва ўсё ўкладваліся грошы. Калі было неабходна, навучальныя ўстановы абнаўляліся комплексна. Такім чынам, ва ўстановах аграгарадкоў рамонт быў праведзены. Удзялялася ўвага правільнаму пакрыццю сцен, падлогі, рамантаваўся, дзе трэба, дах. Увогуле, стараемся сачыць за тым, каб у навучальных установах падтрымліваўся парадак. Мы заўсёды знаходзімся на сувязі са школамі і садкамі і стараемся аператыўна вырашаць тыя праблемы, якія ўзнікаюць. Калі можам выра­шыць усё на месцы, сваімі сіламі, то вырашаем. Калі бачым, што самі не справімся, звяртаемся да кіраўніцтва раёна.

— Хто ў сельсавеце займаецца пытаннямі кадравай палітыкі, у прыватнасці, недахопам спецыялістаў, у тым ліку педагогаў?

— У асноўным такія абавязкі ўскладзены на дырэктараў навучальных устаноў. Яны першыя, хто бачыць усю сітуацыю знутры, і ведаюць, каго з настаўнікаў-прадметнікаў не хапае. Калі трэба, мы разам вырашаем некаторыя пытанні. Безумоўна, калі не хапае кадраў ці патрэбен малады спецыяліст, дырэктары навучальных устаноў могуць адпраўляць запыты ў раённы аддзел па адукацыі. Там ім дапамагаюць падабраць кадры.

— Якія дадатковыя функцыі ўскладваюць на сябе школы ў вёсцы?

— Як я ўжо гаварыў, вясковыя навучальныя ўстановы — гэта цэнтр, вакол якога ўсё круціцца. Напрыклад, Навасёлкаўская сярэдняя школа дазволіла правесці на сваёй тэрыторыі Дзень вёскі. Такое мерапрыемства, між іншым, для любога невялікага населенага пункта з’яўляецца сапраўдным святам. Жыхары збіраюцца разам, праводзяць канцэрты, размаўляюць адно з адным. У штодзённым жыцці кожны заняты сваёй гаспадаркай, людзям не да размоў. Прыемна, што навучэнцы школ вялікую ўвагу ўдзяляюць добраўпарадкаванню не толькі сваіх тэрыторый, але і вёскі ў цэлым. Сёння, калі не за гарамі Дзень Перамогі, дзеці выязджаюць на прыбіранне помнікаў — яны ёсць у многіх вёсках. За Забашавіцкай школай, напрыклад, замацаваны помнік, што знаходзіцца недалёка ад яе. Дзеці яго даглядаюць не толькі напярэдадні свят. Калі ба­чаць, што трэба прапалоць ці нешта пафарбаваць, то робяць гэта. Увогуле, менавіта аграгарадок можна назваць цэнтрам вясковага жыцця. У Забашавічах школа і бібліятэка выконваюць асноўную культурную ролю.

— У краіне для маладых спецыялістаў, якія размяркоўваліся ў аграгарадкі для работы ў сферы сельскай гаспадаркі, раней будавалася жыллё. Ці закранула гэта ваш сельсавет?

— Не, у нашым сельсавеце спецыяльна для маладых спецыялістаў жыллё не будавалася. Звязана гэта з тым, што калі моладзь і размяркоўвалася, то ў асноўным ездзіла на работу з горада. Сёння таксама такога запыту не існуе.

— Не сакрэт, што самая складаная, карпатлівая праца для старшыні сельсавета — гэта работа з людзьмі.

— Гэта сапраўды так. Галоўнае ў гэтай справе не толькі выслухаць чалавека, але і пачуць яго, дапамагчы разабрацца ў сітуацыі, якая склалася. Асноўная праблема, з якой звяртаюцца грамадзяне, — гэта дарогі, іх рамонт, падсыпка, грэйдзіраванне.

Але і самі людзі ідуць насустрач: наводзяць парадак на асабістых падворках, зямельных участках, рамантуюць, фарбуюць або замяняюць старыя агаро­джы, прыводзяць у належны выгляд фасады дамоў, падкошваюць траву.

Увогуле, у галіне добраўпарадкавання пастаянна вядзецца работа. У вёсцы Гара будуюць дамы для маладых сем’яў. Праблемным пытаннем для вёскі з’яўляюцца дарогі. Зімой з-за асаблівых умоў надвор’я бывае цяжка выехаць з дому. Вясной, калі ідзе паводка, праблема такая ж. Мы ўжо распрацавалі план, згодна з якім у Гары будуць зроблены дарогі. Як толькі будзе выдзелена фінансаванне, гэтае пытанне бу­дзе закрыта.

Штогод на сесіі сельскага Савета мы распрацоўваем план мерапрыемстваў, у якім вызначаем канкрэтныя віды работ па кожным з населеных пунктаў.

— Дзмітрый Пятровіч, як лічыце, ці здольна мадэрнізацыя вёскі затрымаць у ёй маладых спецыялістаў? Ці можа ў перспектыве жыццё ў вёсцы стаць больш папулярным, чым у горадзе, улічваючы той факт, што апошнім часам многія сем’і пераязджаюць з гарадоў у сельскія рэгіёны?

— Гэта ў першую чаргу залежыць ад запытаў маладых людзей. Ёсць тыя, хто ні ў якім разе не прамяняе жыццё ў вёсцы на горад. А ёсць, наадварот, дзеці асфальту: яны выраслі ў горадзе і не могуць уявіць, што прыедуць жыць у вёску. Мадэрнізацыя вёскі ў такой справе таксама не дапаможа. Некаму будзе ўтульна жыць амаль без камфорту, у звычайных вясковых умовах. Іншыя на гэта не згодзяцца ні за якія грошы. Яшчэ адзін нюанс — работа. Напрыклад, вёска Гара знаходзіцца ад горада не вельмі далёка, амаль усе жыхары ездзяць на работу ў раённы цэнтр, а значыць, адвезці дзяцей у школу ці садок не выклікае праблем. Але ёсць і такія людзі, якія жывуць у горадзе побач са школай, магазінамі, якіх пакуль што ў Гары няма, бо вёска толькі будуецца. Навошта ім мяняць камфорт, утульнасць на нязведанае? Тут усё залежыць выключна ад чалавека, ад яго жаданняў.

Гутарыла Наталля САХНО.
Фота аўтара.