Формула правільнага выбару

Нядаўна на бацькоўскім сходзе ў сына-старшакласніка пачула ад школьнага педагога-псіхолага: “Не раўнуйце дзяцей па сабе, дапамагайце, але давайце магчымасць самастойна выбраць прафесію”. Не пагадзіцца з гэтым цяжка, але і выбар перад старшакласнікамі адзін з самых складаных у жыцці, без дапамогі не многія, думаю, абыходзяцца. Добра, калі гэта прафесійная дапамога, якая дае адначасова і шырокае поле выбару, і канкрэтнае ўяўленне аб уласных магчымасцях, схільнасцях, патэнцыяле. У Каладзішчанскай сярэдняй школе, што ў прысталіччы, мясцовым навучэнцам дапамагае рэсурсны цэнтр па прафарыентацыі.

В.М.Стру­неўская з навучэнкамі.

Слухай, думай, глядзі

— Шчыльная работа па прафарыентацыі пачалася ў 2012 годзе з праграмы “Шлях да поспеху”, — расказвае намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Вікторыя Мікалаеўна Струнеўская. — Праз год мы ўжо рэалізоўвалі яе ў рамках Рэспубліканскага інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі “Школа сацыяльнага аптымізму ў калектыўным суправа­джэнні індывідуальнага развіцця навучэнцаў”. Навуковым кансультантам, дарэчы, была кандыдат педагагічных навук Раіса Станіславаўна  Сідарэнка, цяпер намеснік міністра адукацыі.

Пазней работа па прафарыентацыі праходзіла ў школе ў рамках раённага педагагічнага праекта “Удасканаленне адукацыйнай прасторы школы сацыяльнага аптымізму на аснове прынцыпу “Ад поспеху ў школе — да поспеху ў жыцці”. Прынамсі, два гады назад 45% выпускнікоў школы паступілі ў прафесійна-тэхнічныя і сярэднія спецыяльныя ўстановы Мінска і Мінскай вобласці (у наступным годзе — 39%). Гэта, у прыватнасці, і стала адным з момантаў, якія ў верасні 2017 года прывялі да стварэння рэсурснага цэнтра, бо навучальных прафесійных устаноў у рэгіёне вельмі многа і, канечне, жыццё падштурхоўвае да самага цеснага супрацоўніцтва з імі, як і з УВА.

Прафарыентацыйная работа ў цэлым накіравана на вучняў любога ўзросту, у тым ліку тая, што вядзецца ў шосты школьны дзень. У мінулым навучальным годзе тут распрацавалі праект  “Марачы аб прафесіі” для таго, каб павысіць матывацыю школьнікаў да прафесійнага самавызначэння, сарыентаваць на рэалізацыю ўласных задум у рэальных сацыяльных умовах, пашырыць магчымасці дзіцяці для творчага развіцця яго асобы, рэалізацыі захапленняў і г.д.

Некаторыя парады бацькам ад рэсурснага цэнтра “Марачы аб прафесіі”:

— інфармацыю аб прафесійных планах дзіцяці можна атрымаць толькі ў ходзе шчырай гутаркі з ім, ні ў якім разе не на бягу;

— калі старшакласнік не можа дакладна сфармуляваць свае планы, абавязкова трэба зразумець, з чым гэта звязана;

— карысна прапанаваць дзіцяці папрацаваць на канікулах, выбраўшы нейкі канкрэтны занятак;

— калі вас засмучае выбар дзіцяці, не адгаворвайце яго і не забараняйце нешта катэгарычна, пастарайцеся высветліць, на чым заснаваны яго выбар;

— дапамажыце свайму дзіцяці падрыхтаваць запасны варыянт на выпадак няўдачы на выбраным шляху.

Так, у школе склалася пастаянная практыка ўдзелу навучэнцаў у днях адкрытых дзвярэй, майстар-класах, экскурсіях на прадпрыемствы. Прычым у экскурсіях, напрыклад, удзельнічаюць нават самыя юныя школьнікі, бо зрабіць гэта проста. Малодшакласнікі наведваюць, скажам, прадпрыемства “Бел­тэлекам”, адзін з цэнтраў якога размяшчаецца тут жа, у Кало­дзішчах.

За першае паўгоддзе бягучага навучальнага года мясцовыя навучэнцы паспелі наведаць ЗАТ “Геас-Ідэал”, ГУМ, дзе не так даўно адкрыўся музей гэтай гандлёвай арганізацыі, навукова-практычны цэнтр Мінскага абласнога ўпраўлення МНС, кіналагічны цэнтр Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, мясцовую паліклініку, акадэмію МУС і Ваенную акадэмію, Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка, Мінскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж гандлю, Смалявіцкі дзяржаўны аграрна-тэхнічны ліцэй, Мінскі дзяржаўны машынабудаўнічы каледж і іншыя навучальныя ўстановы і арганізацыі.

Пералічваць усе адрасы нават не бяруся — іх, надзвычай многа, а значыць, мясцовым школьнікам прадастаўлены шырокія магчымасці не толькі паслухаць аб асаблівасцях розных прафесій, але і на свае вочы ўбачыць умовы навучання і жыцця, работы, задаць любыя пытанні. Пытанні, дарэчы, можна задаць і выпускнікам пэўных навучальных устаноў, якія самі прыязджаюць у школу — са сталічнага каледжа электронікі, напрыклад. Навучальныя ўстановы вельмі зацікаўлены ў такіх сустрэчах у школах, і толькі ў бягучым навучальным годзе школу ў Калодзішчах наведалі прадстаўнікі 11 устаноў.

Падчас экскурсіі на адно з прамысловых прадпрыемстваў.

Рэсурсны цэнтр, акрамя таго, прапаноўвае навучэнцам удзел у раённых выставах-кірмашах прафесій, фестывалях, выставах тэхнічнай творчасці навучэнцаў і работнікаў сістэмы прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, рэспубліканскай універсітэцкай субоце. На віртуальнай старонцы сайта ўстановы адукацыі створаны інфарм-дайджэст па прафарыентацыі.

А ў рамках праекта “Марачы аб прафесіі” прайшлі і праходзяць інтэрактыўная прафкансультацыя “Даведнік па свеце прафесійнай адукацыі”, анлайн-экскурсія “Куды пайсці вучыцца”, тэматычная кансультацыя — гадзіна з псіхолагам “Памылкі ў выбары прафесіі”, прафдыягностыка “А хто ты?”, круглы стол “Твой шлях — твой выбар”, тэматычная кансультацыя “Шляхі атрымання прафесійнай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь”, прафтрэнінг “Шлях да поспеху”. Вельмі актыўна ў такой рабоце задзейнічана педагог-псіхолаг Наталля Мікалаеўна Аўдзеева. Так, яна вядзе факультатыў “Мая прафесійная будучыня”, арыентаваны на падлеткаў з праблемамі ў паводзінах, тых, хто знаходзіцца на ўліку па катэгорыі СНС.

Праводзіцца ў школе і адзіны дзень прафарыентацыі. Кожны клас, пачынаючы з 8-х, рэалізоўвае свой міні-праект, нярэдка прафарыентацыйны. Адзін клас, напрыклад, стварыў альманах прафесій, другі — зрабіў падборку рэбусаў на тэму прафесій і спецыяльнасцей.

Крокі ў бізнес… і ў педагогіку

Безумоўна, выбіраючы прафесію, можна арыентавацца і на стварэнне ў будучыні ўласнага бізнесу, і ў любым выпадку веданне яго асноў, як тэарэтычнае, так і практычнае, — вялікі плюс для сучаснага маладога чалавека. У Каладзішчанскай сярэдняй школе ўжо шмат гадоў дзейнічае свая бізнес-кампанія, і з моманту стварэння рэсурснага цэнтра па прафарыентацыі яна стала яго часткай. Для развіцця кампаніі педагогі і навучэнцы распрацавалі новы праект “Арт-клас”, які рэалізавалі на працягу 2017/2018 навучальнага года. Рэалізавалі настолькі паспяхова, што на абласным фестывалі вучнёўскіх бізнес-кампаній атрымалі дыплом за лепшую яго прэзентацыю.

Сёлета праект у школе перапрацавалі, а яшчэ пачалі цесна супрацоўнічаць з інкубатарам малога прадпрымальніцтва ЗАТ “МАП ЗАО”  і сталі ўдзельнікамі Абласнога конкурсу праектаў у сферы рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі, дзе занялі 1-е месца. Ва ўсіх конкурсах навучэнцы Каладзішчанскай сярэдняй школы паказалі высокі ўзровень ведаў, адказвалі на самыя складаныя пытанні. Яшчэ летась В.М.Струнеўская распрацавала праект, рэалізацыяй якога займалася настаўніца геаграфіі Вольга Наільеўна Суран, — гэта факультатыў “Асновы эканамічных ведаў”.

Практычныя заняткі ў “МАП ЗАО”.

Акрамя таго, “МАП ЗАО” плануе на сваёй базе право­дзіць для мясцовых школьнікаў урокі працы, вучыць дзяўчат шыццю, напрыклад. Пакуль арганізацыя вырашае пытанне з фінансаваннем гэтага праекта.

 У мінулым навучальным годзе “Арт-клас” зарабіў каля 400 рублёў, на якія школа заказала касцюмы для каманды па чырлідынгу і пампоны для выступленняў гэтай каманды ў 10 чалавек. Пры гэтым школьнікі — удзельнікі бізнес-кампаніі 10% ад выручкі атрымліваюць у якасці зарплаты. Прынамсі, асноўны склад кампаніі — 6 чалавек, да якіх далучаюцца падлеткі, што займаюцца ў школьных аб’яднаннях па інтарэсах. Таму і настаўнікі, якія актыўна заняты ў кампаніі, гэта педагогі, што кіруюць такімі аб’яднаннямі: Таццяна Іванаўна Шыман, настаўніца хіміі і біялогіі, якая вя­дзе гурток па інтарэсах, Марына Валянцінаўна Шабуневіч — выкладчык працы і выяўленчага мастацтва. А сваю сувенірную прадукцыю юныя бізнесмены выстаўляюць і рэалізоўваюць на выставах-кірмашах, кірмашы-прэзентацыі, якія штогод праводзяцца ў школе ў канцы ІІІ чвэрці, на святах, канферэнцыях, бацькоўскіх сходах.

Формула выбару прафесіі для навучэнцаў ад рэсурснага цэнтра “Марачы аб прафесіі”: зрабіць правільны выбар — значыць, знайсці цікавую і прывабную прафесію, якая мае попыт на рынку працы, даступную і пасільную.

З бацькамі тут право­дзяць сустрэчы па прафарыентацыі іх дзяцей. Вось і на канец сакавіка запланавана бацькоў­ская канферэнцыя, на якую таксама запросяць як мага больш прадстаўнікоў навучальных уста­ноў — прафесійна-тэхнічных, сярэдніх спецыяльных, УВА. Такі апошні шанс пры­няць рашэнне для мам і татаў тых дзяцей, хто яшчэ не вызнаўчыся з тым, куды пайсці вучыцца. У гэтым пытанні, лічу, ніякая дапамога не бывае лішняй, бо выбар надзвычай сур’ёзны, вызначальны, які наўрад ці варта рабіць па прынцыпе “куды балаў хопіць, туды і пайду”.

Ёсць і яшчэ адзін вызначальны і вельмі актуальны для Каладзішчан­скай сярэдняй школы кірунак прафарыента­цый­­най работы — арыентацыя вучняў на выбар педагагічных спецыяльнасцей, бо настаўнікаў, што хаваць, у школе не хапае. Тут дзейнічае педклас у рамках факультатыву. Хутка ў школе з’явяцца спецыялісты, якія скончылі гэтую школу. Сёлета дзве дзяўчыны ўжо дакладна вызначыліся з тым, што бу­дуць паступаць у педуніверсітэт па мэтавых накіраваннях. Ды і кожны год, як правіла, 2—3 чалавекі паступаюць менавіта ў гэтую УВА. Частка з іх вяртаецца ў родную школу, як, скажам, Марыя Эдуардаўна Канапля, настаўніца пачатковых класаў, і некалькі іншых педагогаў. Адна студэнтка, Хрысціна Качур, прыходзіць зараз на практыку, з новага навучальнага года бу­дзе выкладаць тут англійскую мову.

— Калі педагог любіць дзяцей і прафесію, то любая работа ў школе, у тым ліку прафарыентацыйная, не будзе для яго цяжкай, — гаворыць Вікторыя Мікалаеўна Струнеўская. — У нас сабраліся менавіта такія настаўнікі, добры калектыў, што пацвярджае, у прыватнасці, жаданне нашых выпускнікоў вярнуцца на работу ў сваю школу. Дапамагае гэтаму, канечне, і работа педагагічнага факультатыву.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з архіва Каладзішчанскай сярэдняй школы.