Дружны “Вулей”

Крыху больш за два гады назад пры Мінскім гарадскім інстытуце развіцця адукацыі пачаў работу клуб замяшчальных бацькоў “Вулей”. Два гады, на маю думку, гэта якраз той тэрмін, за які дакладна высвятляецца, ці жыццяздольным аказаўся наватвор, ці не быў ён штучным, зробленым толькі для птушачкі. Што ж, “Вулей” сваю невыпадковасць і карысць даказаў, больш за тое, яго ўдзельнікі і стваральнікі актыўна працуюць на развіццё аб’яднання, плануючы выйсці на прасторы ўсёй краіны.

Мы — вялікая сям’я

За сталом у адным з пакояў МГІРА сабралася некалькі жанчын — прыёмных маці — і супрацоўнікаў упраўлення каардынацыі павышэння кваліфікацыі спецыялістаў выхаваўчай, сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службаў: начальнік Ніна Мікалаеўна Захожая, яе намеснікі Наталля Міхайлаўна Карпушава і метадыст Святлана Рыгораўна Кажарская, кіраўнік клуба “Вулей”.


— Ідэя клубнай дзейнасці даўно, што называецца, лунала ў паветры, я і сама калісьці мела гасцявую сям’ю, таму была гатова да работы з прыёмнымі бацькамі, — гаворыць Святлана Рыгораўна. — А ініцыятарам яе ўвасаблення ў жыццё стала начальнік нашага ўпраўлення Ніна Мікалаеўна Захожая. Пачыналі мы з гарадскога метадычнага аб’яднання, з якога стварылі клуб. Ён збірае прыёмных бацькоў з усяго горада, дае магчымасць пагаварыць з людзьмі, у якіх узнікаюць тыя ж праблемы, што і ў іх, ды і нямала іншых пераваг дае наш клуб.

Шчыра кажучы, кожная з прысутных за нашым імправізаваным круглым сталом жанчын — педагог, бо прыёмныя бацькі з’яўляюцца супрацоўнікамі аддзелаў адукацыі, праходзяць павышэнне кваліфікацыі, наведваюць семінары і г.д. Невыпадкова клуб “Вулей” ставіць сваёй мэтай арганізацыю прасторы для прафесійнага і асобаснага развіцця прыёмных бацькоў, бацькоў-выхавальнікаў. Усё так, жыццё гэтых людзей спалучае ў сабе педагагічную прафесію і ролю маці і бацькі, якія проста любяць сваіх дзяцей, робяць усё для таго, каб іх жыццё было лепшым.

Напрыклад, Наталля Уладзіміраўна Дарашкевіч расказвае, што якраз сёння, у дзень нашай сустрэчы, яе прыёмнай дачцэ Юлі спаўняецца 13 гадоў. І амаль столькі ж дзяўчынка жыве ў прыёмнай сям’і — жанчына ўзяла на выхаванне пяцімесячнае дзіцятка. Юля ляжала ў Дзяржынскай раённай бальніцы ў палаце для малых, ад якіх адмовіліся родныя бацькі.

— Увесь час, што я з’яўляюся прыёмнай маці, сустракаю на сваім шляху добрых людзей, — гаворыць Наталля Уладзіміраўна. — Сабраць дакументы было няцяжка, мне ўсюды ішлі насустрач. І калі дачка была маленькай, праблем не ўзнікала. Самы складаны перыяд у нас, напэўна, зараз, калі ў Юлі пачаўся пераходны ўзрост.

Пра клуб мая суразмоўніца даведалася, калі праходзіла вучобу ў МГІРА. Адразу выказала жаданне стаць яго членам. Запэўнівае, што ніколькі не пашкадавала, бо і ў асобах супрацоўнікаў упраўлення, і ў асобах іншых прыёмных бацькоў — членаў “Вулея” знаходзіць неабходную падтрымку і дапамогу, парады наконт таго, як паводзіць сябе з упартым падлеткам, як раскрыць яго талент (дзяўчынка добра малюе), як выбіраць сяброў і інш.

Дачцэ Святланы Паўлаўны Варган Насці зараз 15 гадоў — таксама ўзрост няпросты. У снежні 2013 года жанчына стала прыёмнай маці для сваёй пляменніцы, чыю маці пазбавілі бацькоўскіх правоў. Жанчына шчыра прызнаецца, што ніколі не рыхтавалася стаць прыёмнай маці, нават не ведала розніцы паміж апекунамі і прыёмнымі бацькамі. Проста так склалася жыццё, хаця цяпер і ўявіць нельга, што магло быць інакш. Была апекуном, потым скончыла курсы прыёмных бацькоў, стала прыёмнай маці.

— У клуб я таксама трапіла праз курсы павышэння кваліфікацыі, — расказвае Святлана Паўлаўна. — Мяне гэтая ідэя зачапіла, бо сабраліся аднадумцы, кожны са сваёй гісторыяй. Я паглядзела на іх, падумала і вырашыла: “Застаюся”. За мінулы час у нас столькі ўсяго адбылося, столькі мерапрыемстваў! Мяне яны трымаюць у добрым тонусе: з’ездзіш кудысьці з іншымі бацькамі, з дзецьмі — і атрымліваеш жыццёвы зарад. Можна, канечне, і аднаму з’ездзіць, але разам з іншымі членамі клуба мы вялікая сям’я.

Шчасце ў кожнага сваё

Зараз у клубе “Вулей” 11 прыёмных сем’яў. Іх гісторыі ў чымсьці, канечне, падобныя, але пры гэтым і розныя. Вось да гаворкі далучаецца Галіна Анатольеўна Люльковіч, і з яе аповеду хутка разумееш, што шчасце гэтай жанчыны ў актыўнай жыццёвай пазіцыі, у цікавасці да ўсяго і ўсіх, што яе акружае, і, канечне, у любові да сваёй работы, якая даўно стала яе лёсам.

У гэтай жанчыны дзве родныя дарослыя дачкі і двое прыёмных дзяцей.

— Прыёмныя сын і дачка жывуць у нашай сям’і ўжо дзесяць гадоў, — расказвае Галіна Анатольеўна. — А пачалося ўсё з таго, што, слухаючы радыё, я пачула са-цыяльную рэкламу, у якой людзей запрашалі браць да сябе ў госці выхаванцаў інтэрнатных устаноў. Пазней я ўбачыла сацыяльную рэкламу аб магчымасці стаць замяшчальнай маці і вырашыла, што гэта нам больш падыходзіць. Калі браць дзіця, то ўжо назаўсёды, а не толькі ў госці. Так і прыйшла ў апеку. Мне растлумачылі, што ёсць розныя формы замяшчальных сем’яў (а я на той момант ведала толькі пра ўсынаўленне). Хацела, праўда, узяць маленькую дзяўчынку, а здарылася так, што ўзяла хлопчыка, Сашу, наш “навагодні падарунак”, бо ў яго дзень нараджэння 1 студзеня. А імя па бацьку ў нашага Аляксандра — Сяргеевіч, і гэта таксама прыемна, бо ў мяне муж Сяргей.

Крыху пазней у сям’і з’явілася Ганна. Яна, як і Саша, — дзіця былой выхаванкі школы-інтэрната. Галіна Анатольеўна спадзяецца, што калі яе дзеці вырастуць, то змогуць стварыць моцныя ўласныя сем’і і не паўтораць лёс сваіх родных бацькоў. Фундамент для гэтага закладзены дзякуючы прыёмнай сям’і.

Падчас размовы з Г.А.Люльковіч высвятляецца яшчэ адзін цікавы момант з яе насычанага жыцця: Галіна Анатольеўна, бухгалтар па першай адукацыі, летась атрымала дыплом педагога дадатковай адукацыі ў АПА.

— А я, як толькі стала прыёмнай маці, сказала, што буду вучыцца, ні адных курсаў не прапусціла, — смяецца мая суразмоўніца. — Заўсёды была актыўнай. Як толькі даведалася пра клуб “Вулей”, адразу вырашыла, што мне і гэта патрэбна, і ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі вучыцца неабходна. Думаю, я яшчэ што-небудзь скончу.

У Зінаіды Яўгенаўны Філіпчык свая гісторыя стварэння прыёмнай сям’і. Жанчына ўзяла на выхаванне шасцімесячнага Кірыла, сына сваёй хросніцы, бо маці хлопчыка памерла. Цяпер Кірыл — 15-гадовы школьнік.

— Праблемы былі, — прызнаецца Зінаіда Яўгенаўна, але цяпер Кірыл — цудоўны хлопец. А ў клуб я прыйшла адразу, нават не задавалася пытаннем, ці трэба мне гэта. Канечне, трэба, бо тут вельмі цікава, і Кірыл у некаторых нашых мерапрыемствах удзельнічае.

Ёсць у клубе і маці — выхавальніца дзіцячага дома сямейнага тыпу, у якой 10 дзяцей. Прычым жанчына — Таццяна Іванаўна Буглак — адукацыю мае педагагічную, дэфекталагічную і медыцынскую, таму і ўзяла ў сваю сям’ю малых з асаблівасцямі развіцця. Ёсць у гэтым доме і свае выпускнікі, але былыя выхаванцы не пакідаюць бацькоў-выхавальнікаў, а наведваюць іх, бо гэты дом лічаць родным.

Чым больш, тым лепш

Вось такія цікавыя, нераўнадушныя, актыўныя жанчыны збіраюцца ў клубе “Вулей”. Ездзяць на экскурсіі разам з дзецьмі, далучаюць да сумеснага павышэння педагагічнага майстэрства бацькаў, арганізоўваюць выставы сваіх і дзіцячых работ (зараз, напрыклад, усе захоплены стварэннем клубнага сцяга), абменьваюцца вопытам выхавання дзяцей, запрашаюць да сябе юрыстаў, псіхолагаў і іншых спецыялістаў для кансультацый, супрацоўнічаюць з музеямі, грамадскімі арганізацыямі, прадстаўнікамі праваслаўнай царквы, сярод святароў якой нямала мнагадзетных бацькоў.

А яшчэ збіраюцца ў хуткім часе стварыць сайт свайго клуба, каб з яго дапамогай выйсці на ўсю краіну, аб’яднаць усіх прыёмных бацькоў Беларусі. Члены клуба “Вулей” ужо нават наладзілі сувязі з прыёмнымі бацькамі ў Паставах, што на Віцебшчыне, з’ездзілі туды, цяпер чакаюць візіту ў адказ. Потым з дапамогай сайта клуб зацвердзіць сябе ў інфармацыйнай прасторы, а ў перспектыве яго ўдзельнікі мараць аб фестывалі клубаў замяшчальных бацькоў.

Арганізацыю гэтай работы бярэ на сябе Наталля Міхайлаўна Карпушава, намеснік начальніка ўпраўлення.

— Самы галоўны вынік работы нашага клуба, я лічу, — гэта павышэнне прафесійнай кампетэнтнасці замяшчальных бацькоў, — тлумачыць Наталля Міхайлаўна. — Я сама ў мінулым замяшчальная маці і ведаю, што пасля навучання на курсах кандыдатаў у прыёмныя бацькі вучоба не павінна заканчвацца. Тут мы вырашаем розныя пытанні, бо не кожная прыёмная маці можа з-за занятасці павышаць кваліфікацыю часцей, чым раз у тры гады, як трэба па заканадаўстве. Таму мы і сайт задумалі зрабіць — для ўзаемадзеяння, для павышэння прафесійнай кампетэнтнасці замяшчальных бацькоў.

— Нам як упраўленню каардынацыі павышэння кваліфікацыі выхаваўчай, сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службаў таксама важна мець такі клуб, — дапаўняе Ніна Мікалаеўна Захожая. — Калі мы працуем са спецыялістамі — класнымі кіраўнікамі, сацыяльнымі педагогамі, намеснікамі дырэктараў, то рэтрансліруем праблемы сем’яў, у тым ліку замяшчальных, тым, хто з імі працуе. Хаця гаварыць мала, важна ведаць, як падрыхтаваць прыёмных бацькоў, якія, нагадаю, з’яўляюцца педагагічнымі работнікамі. Яны павінны валодаць такімі якасцямі, ведамі і здольнасцямі, якія дадуць упэўненасць грамадству, што гэтыя таты і мамы справяцца са сваёй роляй. Як даць гэтыя якасці, як развіць здольнасці? Праз групавыя метады работы, канечне. Клуб “Вулей” мае такую магчымасць. Ён у тым ліку патрэбен педагагічнай грамадскасці, каб паглядзець на праблему знутры. І не толькі 15 мая — у Дзень сям’і.

І яшчэ пра адзін сур’ёзны аспект жыцця замяшчальных сем’яў пагаварылі ўдзельнікі клуба і яго сябры падчас нашай сустрэчы: неабходна змяніць грамадскую думку, якая часта прыпісвае замяшчальным сем’ям з няроднымі дзецьмі мноства грахоў. Першы з іх — падазрэнне ў меркантыльнасці прыёмных бацькоў, якім, маўляў, абы не працаваць, а на дзяцей грошы атрымліваць. Такое часам можна пачуць нават ад людзей, здавалася б, дасведчаных, сваіх жа калег-педагогаў.

— Каб хоць раз хто-небудзь з гэтых людзей прыйшоў да нас у клуб або на залік па павышэнні кваліфікацыі і пачуў, як бацькі гавораць пра сваіх прыёмных дзяцей, якія вершы пра іх лёс, жыццё ў новых сем’ях складаюць, колькі пытанняў па іх выхаванні задаюць на кансультацыях, ён адразу адкінуў бы свае сумненні, — пераканана Н.М.Карпушава. — Нашы маці вельмі непакояцца пра будучыню сваіх выхаванцаў, робяць усё, каб тым было добра. А грошы ніколі не вырашаць сямейных праблем, тут іншае. І, канечне, нам важна змяніць думку, якая апошнім часам пануе ў грамадстве, што ніхто нікому нічога не павінен. Мы з гэтым не згодны. Прафесійныя замяшчальныя бацькі якраз павінны сваім дзецям, гэта іх выбар — узяць на сябе адказнасць. А як ім рабіць сваю справу найлепшым чынам, як паказаць дзіцяці духоўнасць і маральнасць, якую яно не бачыла ў роднай сям’і? Гэтаму трэба вучыцца — калі не ва ўніверсітэце ці акадэміі, то праз самаадукацыю. Мы імкнёмся бацькам у гэтым дапамагчы.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з архіва клуба “Вулей”.