Як школа вучыць кіраваць фінансамі
Засваенню фінансавых ведаў у школах адводзіцца не вельмі шмат часу. У асноўным эканамічная інфармацыя выкладаецца ў межах факультатываў. Тым не менш сумесная ініцыятыва Міністэрства адукацыі і Нацыянальнага банка па правядзенні алімпіяды па фінансавай дасведчанасці накіравана менавіта на павышэнне ўзроўню фінансавых ведаў школьнікаў і моладзі.
Так, у IV Рэспубліканскай алімпіядзе, якая адбылася напрыканцы мінулага года, перамог навучэнец 10 класа сярэдняй школы № 38 Гомеля Кірыл Чыгвінцаў. Пра тое, як у гэтай навучальнай установе рыхтуюць фінансава адукаваных вучняў і ці дапамагае эканоміка сучасным дзецям у сацыялізацыі, мы пагаварылі з Кірылам і яго класным кіраўніком настаўніцай інфарматыкі Аленай Вадзімаўнай МОХАРАВАЙ.
Пра ўдзел у алімпіядзе і падрыхтоўку да яе
— У алімпіядзе па фінансавай дасведчанасці навучэнцы нашай школы прымаюць удзел ужо на працягу 3 гадоў, — расказвае А.В.Мохарава. — Падрыхтоўка да алімпіяды ўключала ў сябе не толькі вывучэнне тэарэтычных матэрыялаў. Значную частку падрыхтоўкі да фінансавага спаборніцтва займала выкананне тэставых заданняў, разбор і аналіз фінансавых сітуацый, а таксама рашэнне задач, накіраваных на тое, каб навучыць дзяцей правільна разлічваць, напрыклад, даходы па дэпазітах ці выплаты па крэдытах.
Безумоўна, каб на высокім узроўні падрыхтаваць навучэнца да ўдзелу ў алімпіядзе, неабходна, каб ён сам быў зацікаўлены ў дасягненні поспеху.
Я выкладаю факультатыўны курс “Асновы эканамічных ведаў”. І калі абмяркоўвала са сваімі вучнямі пытанні наконт удзелу ў алімпіядзе, жаданне выказалі 10 чалавек. Спачатку быў арганізаваны школьны тур алімпіяды, па выніках якога Кірыл Чыгвінцаў, Дарына Барысюк і Ганна Бандарэнка паехалі прадстаўляць нашу ўстанову на гарадскім этапе. Пасля гэтага на абласны тур алімпіяды былі запрошаны Кірыл і Дарына. Там дзесяцікласнікі занялі 3-е і 4-е месцы адпаведна. У выніку Кірылу было прапанавана стаць адным з прадстаўнікоў Гомеля на Рэспубліканскай алімпіядзе па фінансавай дасведчанасці.
Падчас падрыхтоўкі да спаборніцтва Кірыл вывучаў Банкаўскі, Грамадзянскі і Падатковы кодэксы Рэспублікі Беларусь, прынцыпы функцыянавання плацежнай сістэмы, віды банкаўскіх плацежных картак, прынцыпы страхавання і многія іншыя пытанні, звязаныя з кіраваннем уласнымі фінансамі.
Фінансавыя казкі і інавацыі
— Заняткі па фінансавай дасведчанасці накіраваны не столькі на вывучэнне тэорыі, колькі на рашэнне практычных заданняў, — працягвае Алена Вадзімаўна. — Заданні звязаны з тымі сітуацыямі, якія вельмі часта сустракаюцца пакуль што не ў жыцці навучэнцаў, а штодзённа ў іх бацькоў.
Дарэчы, пасля таго, як з дзецьмі пачалі праводзіцца заняткі па фінансавай дасведчанасці, а таксама па асновах эканамічных ведаў, бацькі навучэнцаў былі вельмі задаволены. Многія, прыходзячы ў школу, пачалі расказваць, што дзеці сталі больш дэталёва разбірацца ў тэме фінансаў, а таксама актыўна ўдзельнічаць у размеркаванні сямейнага бюджэту. Самае цікавае, што былі нават такія выпадкі, калі веды дзяцей, атрыманыя ў школе падчас вывучэння тэматычных дысцыплін, дапамагалі бацькам лепш распараджацца грашыма.
Калі гаварыць пра тое, што садзейнічае больш якаснаму ўспрыманню інфармацыі па асновах эканамічных ведаў, то, безумоўна, тут усё залежыць ад формы падачы прадмета. Відавочна, што сухая тэорыя не прынясе бліскучых вынікаў. Каб данесці да дзяцей тую інфармацыю, якая часам нават для многіх дарослых падаецца цяжкай, заўсёды шукаю новыя метады работы з класам. Так, на занятках гуляем у анлайн-гульню “Фінансавы футбол”, а таксама глядзім вучэбныя, навукова-папулярныя фільмы, мультфільмы і прэзентацыі, звязаныя непасрэдна з эканомікай і фінансамі. Дарэчы, стараемся як мага часцей праводзіць трэнінгі і дзелавыя гульні, якія даюць магчымасць акунуцца ў займальны свет фінансаў.
Эканамічныя веды неабходны не толькі тым, хто хоча стаць бізнесменам. Элементарная эканамічная дасведчанасць карысна кожнаму чалавеку. Без яе немагчыма наладзіць жыццё, побыт і г.д. Сёння эканамічнае выхаванне стала адным з інструментаў, які дапамагае ў пытаннях сацыялізацыі і прафарыентацыі навучэнцаў.
Сваю дзейнасць у напрамку эканамічнай адукацыі школьнікаў я пачала яшчэ ў 2000 годзе, калі ў нашай школе пачаў выкладацца курс “Уводзіны ў эканоміку”. Зразумеўшы, што дзеці не ў дастатковай меры валодаюць фінансавымі пытаннямі, распрацавала і рэалізавала аўтарскую інавацыйную праграму “Укараненне і рэалізацыя бесперапыннай эканамічнай адукацыі”. Увогуле, я хацела задзейнічаць у праекце навучэнцаў з 1 па 11 клас. Якраз у той час, калі задумалася аб рэалізацыі ініцыятывы, у школе было створана навуковае таварыства “Арыенцір”. Яно аб’яднала творчых юнакоў і дзяўчат, якія імкнуцца атрымаць новыя веды ва ўсіх сферах і якім цікава займацца навукова-даследчай дзейнасцю, прымаць удзел у алімпіядах, канферэнцыях і конкурсах. Безумоўна, гэтыя дзеці з вялікім жаданнем далучыліся да рэалізацыі праекта. Сэнс быў у тым, што з 1 па 4 клас дзецям падавалася лёгкая інфармацыя пра фінансы, сямейны капітал. Яна часцей за ўсё выкладалася ў форме казак. З 8 класа навучэнцы ўжо паглыбляліся ў “дарослыя” веды, якія тычыліся эканамічных канцэпцый.
Сёння пад маім кіраўніцтвам у дзейнасці навуковага таварыства рэалізоўваюцца такія кірункі работы, як “Экалогія”, “Асновы спажывецкіх ведаў” і “Асновы эканамічных ведаў і фінансавай дасведчанасці”. Навучэнцы, якія задзейнічаны ў праектах, з’яўляюцца пастаяннымі ўдзельнікамі тэматычных канферэнцый і конкурсаў рознага ўзроўню, неаднаразова станавіліся прызёрамі і пераможцамі на абласных, а таксама рэспубліканскіх этапах. Напрыклад, мы перамаглі ў абласным конкурсе “Экаідэя” і І Рэспубліканскім конкурсе “100 ідэй для Беларусі”, на які прадставілі канцэпцыю рэалізацыі адукацыйнага праекта “Устойлівае спажыванне — устойлівая будучыня”. Гэты праект і сёння паспяхова ажыццяўляецца ў нашай школе. Дарэчы, ён вельмі цікавы, будуецца на прынцыпе “роўны навучае роўнага”. Асноўнай аўдыторыяй, на якую разлічана ініцыятыва, з’яўляюцца навучэнцы з 3 па 9 клас. А выкладаюць у іх дзесяці- і адзінаццацікласнікі, якія рыхтуюць эканамічныя трэнінгі, бізнес-праекты і такім чынам дапамагаюць школьнікам пазнаць свет фінансаў.
Такім чынам, наколькі сучасным школьнікам важна быць фінансава дасведчанымі? Думкамі пра гэта падзяліўся пераможца алімпіяды па фінансавай дасведчанасці дзесяцікласнік Кірыл ЧЫГВІНЦАЎ.
— Сучасныя школьнікі не ў дастатковай меры валодаюць эканамічнымі ведамі. Прадмета, які вучыў бы фінансавым асновам, няма, — расказвае Кірыл. — Тым не менш на факультатыў ходзіць больш за 20 навучэнцаў 10—11 класаў. І гэта многа, асабліва калі ўлічыць той факт, што ўсяго ў старшых класах у нас вучыцца крыху больш за 80 дзяцей. Не магу сказаць, ці модна сёння быць фінансава адукаваным, але перакананы: валодаць эканамічнымі ведамі вельмі важна. Мы абавязаны ўмець разбірацца ў тых фінансавых паслугах, якія нам прадастаўляюцца.
Прыняць удзел у алімпіядзе мне прапанавала Алена Вадзімаўна Мохарава. Рыхтуючыся да алімпіяды, вывучаў шматлікія кодэксы, якія тычацца эканомікі і фінансаў. І менавіта блок пытанняў, звязаных з заканадаўствам, быў самым складаным. Цяжкасці выклікалі таксама пытанні адносна сістэмы страхавання і падаткаабкладання.
Акрамя ведаў, вельмі важна быць упэўненым у сабе, таму што падчас алімпіяды трэба ўмець канцэнтравацца і старацца быць уважлівым, нічога не ўпускаць.
Бізнес-праекты нашых навучэнцаў на працягу чатырох гадоў станавіліся пераможцамі гарадскога конкурсу “Роднаму гораду — на росквіт”. Акрамя гэтага, сёлета Дарына Барысюк і Кірыл Чыгвінцаў з работай “Каворкінг. Новая форма арганізацыі працы” перагамаглі ў рэспубліканскім конкурсе “Чалавек і сучаснае грамадства”.
Удзел у алімпіядзе па фінансавай дасведчанасці стаў яшчэ адной магчымасцю для высокаматываваных навучэнцаў праверыць атрыманыя веды і навыкі. На працягу трох гадоў мае выхаванцы станавіліся пераможцамі гарадскога этапу алімпіяды, удзельнікамі, прызёрамі і пераможцамі абласнога этапу. І менавіта высокія дасягненні навучэнцаў стымулююць на пошук новых метадаў работы і працяг работы ў абраным кірунку.
Эканоміка не можа быць штучнай
— Неабходнасць увядзення курса фінансавай дасведчанасці ў школах абумоўлена сучаснымі эканамічнымі ўмовамі, — заўважае Алена Вадзімаўна. — Раней эканамічныя праблемы штучна адсоўваліся ад школьніка, і ён увогуле да выпуску заставаўся далёкім ад іх. Сёння жыццё настойліва патрабуе, каб навучэнец ведаў, што такое базавыя патрэбы, як іх задаволіць і чаму ў некаторых магчымасцях мы абмежаваны. Важна, каб школьнік умеў рабіць правільны выбар, уяўляў прызначэнне грошай, а таксама разумеў, з чаго складаецца бюджэт сям’і і школы, што такое кошт тавару, ад чаго ён залежыць, і шмат іншага.
Не сакрэт: сучасныя дзеці самастойна купляюць тое, што ім патрэбна, карыстаюцца пластыкавымі карткамі і мабільнымі дадаткамі. Гэта значыць, што яны з ранняга ўзросту аперыруюць грашовымі знакамі і з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі гандлёва-фінансавых узаемаадносін, што патрабуе ад іх пэўнага ўзроўню фінансавай дасведчанасці. У падобнай сітуацыі недахоп ведаў і практычных навыкаў можа прывесці да неабдуманых учынкаў.
Фінансавая дасведчанасць дапамагае дзецям змяніць сваё стаўленне да грошай, навучыцца кіраваць імі, прымушае думаць пра будучыню, планаваць свае патрэбы.
У Беларусі навучанне дзяцей і моладзі асновам фінансавых ведаў пачалося ў 2012 годзе. Менавіта тады ўпершыню быў праведзены Тыдзень фінансавай дасведчанасці. А ўжо праз год была арганізавана першая алімпіяда па фінансавай дасведчанасці навучэнцаў.
Мне як класнаму кіраўніку даводзіцца часта размаўляць з бацькамі. І, шчыра кажучы, закранаючы пытанні эканомікі, бачу, што ў многіх момантах, звязаных з кіраваннем фінансамі, нават яны, дарослыя людзі, не вельмі кампетэнтныя. Быць фінансава дасведчаным важна і неабходна кожнаму, а для школьнікаў такія веды з’яўляюцца вельмі каштоўнымі, таму што яны — гарантыя шчаслівай будучыні навучэнцаў.
Наталля САХНО.
Фота з архіва сярэдняй школы № 38 Гомеля.