Год амаль прайшоў. Што ён прынёс? Гэтым пытаннем задаецца не толькі кожны з нас, але і цэлыя арганізацыі, як, напрыклад, Беларускі прафсаюз работнікаў адукацыі і навукі. Чым жылі прафсаюзная арганізацыя і Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі ў 2018 годзе, чым займаліся, у тым ліку на ніве дабрачыннасці, расказвае старшыня галіновага прафсаюза Аляксандр Аляксандравіч БОЙКА.
— Якія самыя значныя падзеі ў жыцці ФПБ, Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі варта выдзеліць па выніках года?
— Гэта, вядома ж, работа над законапраектам Працоўнага кодэкса. Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі выступіла адным з распрацоўшчыкаў дакумента. У цэлым у яго было ўнесена каля 40 прапаноў, усе яны сфарміраваны на аснове тых запытаў і праблем, з якімі звяртаюцца члены прафсаюза і працоўныя калектывы. У прыватнасці, прафсаюзы настаялі на захаванні тэрміну папярэджання работніка аб змяненні істотных умоў працы ў колькасці 30 дзён, тады як першая рэдакцыя прадугледжвала скарачэнне гэтага тэрміну да 7 каляндарных дзён.
Немалаважным было і ўключэнне ў законапраект палажэнняў, згодна з якімі будзе заканадаўча забяспечана магчымасць для прафсаюзнай арганізацыі прымаць удзел у абмеркаванні кантракта з работнікам — членам прафсаюза. Таксама законапраект прадугледжвае апавяшчэнне прафсаюза пры намеры наймальніка не падоўжыць кантракт з работнікам.
Сярод іншых прапаноў нацыянальнага прафцэнтра, якія ўвайшлі ў законапраект, — абмежаванне матэрыяльнай адказнасці работнікаў. На сёння законапраектам устаноўлены адзіныя падыходы прымянення матэрыяльнай адказнасці да работнікаў пры прычыненні імі шкоды наймальніку пры выкананні працоўных абавязкаў. Таксама прадугледжана, што штрафы, якія накладаюцца на наймальніка, у наступным не будуць спаганяцца з работнікаў.
У новай рэдакцыі Працоўнага кодэкса ўдалося захаваць права за пенсіянерамі, якія запатрабавалі скасавання працоўнага дагавора па прычыне вінаватых дзеянняў наймальніка, на атрыманне кампенсацыі ў памеры трохмесячнай заработнай платы. У першапачатковай рэдакцыі гэтая норма адсутнічала.
Яшчэ адзін прынцыповы для прафсаюзаў момант — гэта неабходнасць заканадаўчага замацавання такой нормы, як падаўжэнне або перазаключэнне кантрактаў з добрасумленнымі работнікамі на максімальны тэрмін або перавод іх на бестэрміновы дагавор з захаваннем усіх гарантый. Такая норма сёння ўключана ў якасці рэкамендацыйнай у генеральнае пагадненне, у шэраг галіновых пагадненняў і многія калектыўныя дагаворы. Абмеркаванне гэтай пазіцыі яшчэ ідзе, і мы будзем дабівацца замацавання яе ў Працоўным кодэксе.
Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі накіроўвае ў адрас ЦК прафсаюза праекты ўказаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, пастаноў Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь для прапаноў і заўваг па пытаннях прафесійнага пенсійнага страхавання педагагічных работнікаў, даплаты маладым спецыялістам; пастаноў Міністэрства адукацыі па пытаннях прадастаўлення грамадзянам фінансавай падтрымкі дзяржавы, рэалізацыі праекта па апрабацыі нарматыўнага фінансавання ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, аплаты працы педагагічных работнікаў за кошт пазабюджэтных сродкаў ад дзейнасці, якая прыносіць даходы, аптымізацыі колькасці работнікаў устаноў агульнай сярэдняй, сярэдняй спецыяльнай, вышэйшай адукацыі, дадатковай адукацыі і інш.
Разам з Міністэрствам адукацыі пастаянна прапрацоўваюцца магчымасці ўдасканалення сістэмы аплаты працы педагагічных работнікаў, прафесарска-выкладчыцкага складу. Напрыклад, з 1 верасня 2018 года на 20% павышаны тарыфныя стаўкі педработнікам (уключаючы асоб з ліку прафесарска-выкладчыцкага складу). З 1 студзеня 2019 года плануецца ўсталяванне галіновых павышэнняў тарыфных ставак (акладаў) педагагічным работнікам (уключаючы асоб з ліку прафесарска-выкладчыцкага складу), для чаго накіроўваюцца сродкі ў памеры 5% планавага фонду заработнай платы работнікаў устаноў.
— Ці плануецца разгляд выканання галіновага пагаднення паміж Міністэрствам адукацыі і галіновым прафсаюзам на 2016—2019 гады?
— У сістэме Міністэрства адукацыі створаны і дзейнічае галіновы Савет па працоўных і сацыяльных пытаннях, у склад якога ўваходзяць прадстаўнікі міністэрства і прафсаюза. Адпаведныя саветы створаны ва ўсіх абласных, гарадскіх, раённых органах кіравання і камітэтах галіновага прафсаюза. Не радзей за 2 разы ў год праводзяцца іх пасяджэнні.
Пачата работа па распрацоўцы праекта новага галіновага пагаднення на 2019—2022 гады. У яго аснове будзе цяперашняе пагадненне і тыя прапановы, якія паступяць ад структур галіновага прафсаюза, сацыяльных партнёраў.
Важна, што з 2011 года ў галіновыя, мясцовыя пагадненні, калектыўныя дагаворы арганізацый сістэмы адукацыі і НАН Беларусі ўключана норма аб аказанні сям’і загінуўшага на вытворчасці па віне наймальніка работніка, акрамя ўстаноўленага заканадаўствам пакрыцця шкоды, аднаразовай матэрыяльнай дапамогі са сродкаў наймальніка ў памеры не менш за 10 гадавых заробкаў загінуўшага, а таксама работніку ў сувязі са стратай прафесійнай працаздольнасці з-за траўмы на вытворчасці ў памеры аднаго сярэднямесячнага заробку за кожны працэнт страты працаздольнасці. За мінулы перыяд у чатырох выпадках гэтая норма ўжо рэалізавана.
Неабходна адзначыць, што ў пагадненне ўключаны гарантыі работнікам, якія добрасумленна выконваюць службовыя абавязкі і не дапускаюць парушэнняў працоўнай і выканальніцкай дысцыпліны. А для садзейнічання ў арганізацыі аздараўлення і санаторна-курортнага лячэння 2 кастрычніка бягучага года ўстаноўлены працэнт аказання матэрыяльнай дапамогі Цэнтральным камітэтам прафсаюза ў памеры 5% на патанненне кошту пуцёвак для членаў прафсаюза пры аздараўленні ў санаторыях Белпрафсаюзкурорта з кастрычніка 2018 года па красавік 2019 года (уключна). Такім чынам, член прафсаюза атрымлівае гарантаваную ФПБ скідку 25% і ЦК прафсаюза — 5%. Гэта без уліку палажэнняў, уключаных у калектыўныя дагаворы.
Падрыхтоўка праекта новага галіновага пагаднення на 2019—2022 гады пройдзе з улікам новага генеральнага пагаднення на 2019—2021 гады. У ім знайшлі адлюстраванне найбольш значныя для нашага грамадства пытанні: рост заробкаў і забеспячэнне занятасці насельніцтва, цэны на найважнейшыя прадукты харчавання і сацыяльныя гарантыі.
— З мая 2017 года ФПБ праводзіць народны маніторынг цэн на сацыяльна значныя тавары і паслугі. Які ўдзел прымае ў гэтай рабоце галіновы прафсаюз?
— Маніторынг цэн на харчаванне ў апошні час праводзіцца па ўсіх раёнах і 10 гарадах абласнога падпарадкавання — у 137 тэрытарыяльных адзінках, у 274 магазінах па 98 таварных пазіцыях. Пра вынікі народнага кантролю ФПБ інфармуе Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю і Камітэт дзяржкантролю. Даныя прафсаюзных маніторынгаў за 9 месяцаў гэтага года сведчаць, што сітуацыя ў цэлым была стабільнай, а цэны павышаліся адэкватна ўзроўню інфляцыі. Але па асобных пазіцыях адзначаецца даволі істотны рост.
Правядзенне сумесных маніторынгаў з сацыяльнымі партнёрамі — адна з норм галіновага пагаднення. У чэрвені бягучага года прэзідыум ЦК прафсаюза прыняў рашэнне аб правядзенні на ўсіх узроўнях сумесных з сацыяльнымі партнёрамі маніторынгаў па пытаннях не толькі аплаты працы работнікаў арганізацый сістэмы адукацыі, выканання заканадаўства аб працы і ахове працы, але і арганізацыі харчавання ва ўстановах адукацыі, у тым ліку яго якасці, цэнаўтварэння, выканання санітарных норм і правіл.
Як паказала практыка, найбольш эфектыўна наладжана супрацоўніцтва Мінскім абласным камітэтам прафсаюза. Так, галоўны тэхнічны інспектар працы абкама прафсаюза І.Дашкевіч з’яўляецца членам камісіі галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама па праверцы ведаў работнікаў па ахове працы; у склад камісіі па сістэмным кантролі за харчаваннем навучэнцаў у дзяржаўных установах адукацыі ўключана галоўны спецыяліст абкама прафсаюза В.Жданко. У адпаведнасці з распараджэннем Мінаблвыканкама ад 12 верасня гэтага года аб стварэнні міжведамасных рабочых груп, створаны групы для вывучэння прыбыцця і замацавання маладых спецыялістаў, умоў іх працы і пражывання.
Актуальным у гэтым годзе для ФПБ было пытанне павышэння платы за інтэрнаты. У ходзе маніторынгу высветлілася, што ў некаторых рэгіёнах кошт пражывання ў інтэрнаце склаў да 30% ад заробку пражываючых. І калі для жыхароў сталіцы і сталічнага рэгіёна памер гэтай сумы складае каля 7% ад заробку, то для жыхароў іншых абласцей — 30%. Як вынік — занепакоенасць ФПБ па гэтым пытанні падзялілі і ва ўрадзе. Абласным і Мінскаму гарадскому выканкамам даручана ўзяць гэтае пытанне пад асаблівы кантроль і выпрацаваць меры па зніжэнні аплаты за інтэрнаты з улікам даходаў людзей, у першую чаргу — сацыяльна неабароненых катэгорый. Выкананне даручэнняў узята пад жорсткі кантроль Міністэрствам антыманапольнага рэгулявання і гандлю. Звароты па пытаннях павышэння платы за інтэрнаты паступалі і ў адрас ЦК прафсаюза.
— Аляксандр Аляксандравіч, вядома, што 22 верасня мінулага года ФПБ падпісала пагадненне аб узаемадзеянні з Генеральнай пракуратурай Рэспублікі Беларусь. Як выбудавана работа?
— У федэрацыі і органаў пракуратуры розныя формы, метады работы, паўнамоцтвы, але мэта адна — абарона законных правоў і інтарэсаў нашых грамадзян. Для прафсаюзаў — у сферы працоўных адносін.
Праходзяць сумесныя маніторынгі па наглядзе і грамадскім кантролі за выкананнем заканадаўства аб працы і ахове працы. Прыярытэтным напрамкам супрацоўніцтва стаў кантроль выканання наймальнікамі гарантый у галіне працы, парадку і тэрмінаў выплаты зарплаты, а таксама ўсіх сум пры звальненні. Добра зарэкамендавалі сябе сумесныя прававыя прыёмы грамадзян, у першым паўгоддзі 2018 прафсаюзныя юрысты і пракуроры правялі 389 такіх прыёмаў.
Дарэчы, выязныя прававыя прафсаюзныя прыёмы грамадзян праходзяць штомесяц ва ўсіх раёнах краіны. Прававая інспекцыя працы галіновага прафсаюза прыняла ўдзел у 63 прыёмах, у тым ліку прынята 77 грамадзян у раённых, гарадскіх аб’яднаннях прафсаюзаў і 195 прынята ў арганізацыях.
Толькі за першае паўгоддзе юрысты ФПБ далі амаль 80 тысяч кансультацый па працоўных і звязаных з імі пытаннях. На карысць работнікаў вырашаны 58 спраў у судовых інстанцыях, у якіх інтарэсы грамадзян прадстаўлялі інспектары працы. Пры непасрэдным удзеле прафсаюзаў адноўлена на рабоце 39 чалавек, вернута больш за 2 млн нявыплачаных або незаконна ўтрыманых рублёў.
У першым паўгоддзі здзейснены грамадскі кантроль у 2568 арганізацыях адукацыі, у тым ліку кіраўнікамі і ўпаўнаважанымі прадстаўнікамі галіновага прафсаюза — 2238; праведзена 125 праверак; здзейснены кантроль у іншых формах (маніторынг) — 2443; выяўлена 4490 парушэнняў заканадаўства аб працы. Наймальнікам выдадзена 113 прадстаўленняў, 1147 рэкамендацый, 1308 даведак; наймальнікі ліквідавалі 4470 парушэнняў заканадаўства аб працы; да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнута 5 службовых асоб; папярэджана звальненне 14 работнікаў.
У ходзе планавых маніторынгаў, а таксама пісьмовых і вусных зваротаў работнікаў адукацыі ўстанаўліваюцца выпадкі недавыплаты сум работнікам з-за няправільнага прымянення нарматыўных прававых актаў. За першае паўгоддзе 2018 года рабочым і служачым па патрабаванні галіновага прафсаюза выплачана 87 400 рублёў.
— Прафсаюзы шмат робяць у кірунку аховы працы. Раскажыце пра гэтую работу, калі ласка.
— У штаце ФПБ больш за 100 тэхнічных інспектараў працы, акрамя таго, на прадпрыемствах працуюць грамадскія інспектары па ахове працы. Толькі за 9 месяцаў 2018 года тэхнічная інспекцыя працы Федэрацыі прафсаюзаў правяла 892 праверкі і 4739 маніторынгаў. Па іх выніках наймальнікам выдадзены 821 прадстаўленне і 4326 рэкамендацый для ліквідацыі больш за 50 тысяч парушэнняў. Тэхінспектары ФПБ прынялі ўдзел у расследаванні 272 няшчасных выпадкаў на вытворчасці, дзе прадстаўлялі інтарэсы пацярпеўшых і іх сем’яў. За 9 месяцаў у арганізацыях адукацыі і НАН Беларусі зарэгістравана 28 няшчасных выпадкаў на вытворчасці, у расследаванні якіх прынялі ўдзел прадстаўнікі галіновага прафсаюза (у 2017 годзе — 21).
На жаль, сёлета адзначаецца рост вытворчага траўматызму са смяротным і цяжкім канцом. Колькасць загінуўшых на вытворчасці ў краіне за 9 месяцаў склала 111 чалавек (за аналагічны перыяд 2017 года — 95), цяжка траўміраваны 508 чалавек (у 2017 годзе — 411). Нягледзячы на тое, што галіна адукацыі не вытворчая, у арганізацыях галіновага прафсаюза таксама ёсць тэндэнцыя росту вытворчага траўматызму. За названы перыяд цяжка траўміраваны 10 чалавек (у 2017 годзе — 6), 1 выпадак са смяротным канцом.
У галіне аховы працы з мэтай рэалізацыі дырэктывы № 1 работа галіновага прафсаюза накіравана на папярэджанне ўсіх відаў траўматызму і ўмацаванне вытворчай, працоўнай і выканальніцкай дысцыпліны. Асаблівую ўвагу прафсаюз удзяляе рабоце па прафілактыцы вытворчага і дзіцячага траўматызму ў рамках сацыяльнага партнёрства з органамі ўпраўлення адукацыі.
— Напярэдадні навагодніх свят органы ўлады, грамадскія аб’яднанні, арганізацыі праводзяць дабрачынныя акцыі. Як прафсаюзы ўдзельнічаюць у дабрачынным марафоне?
— Па ўсёй краіне праходзяць святы, на якія запрашаюцца дзеці з сацыяльных прытулкаў і дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, школ-інтэрнатаў, а таксама святы для дзяцей з мнагадзетных і малазабяспечаных сем’яў і дзяцей-інвалідаў. Для іх рыхтуюцца маляўнічыя паказы і, вядома ж, падарункі. Аказваецца дабрачынная дапамога дзецям-сіротам, інвалідам, а таксама дзецям, якія засталіся без апекі бацькоў, члены прафсаюза наведваюць дзіцячыя дамы, школы-інтэрнаты, дамы-інтэрнаты для дзяцей-інвалідаў, сацыяльныя прытулкі, дамы дзіцяці, сустракаюцца з выхаванцамі падшэфных інтэрнацкіх устаноў, ладзяць святы з падарункамі і сюрпрызамі для малых.
Але гэта толькі частка вялікай пастаянна дзеючай дабрачыннай акцыі “Прафсаюзы — дзецям”. З моманту яе аб’яўлення (2002 год) каля 60 тысяч дзяцей-сірот, дзяцей-інвалідаў і дзяцей з мнагадзетных сем’яў пабывалі на рэспубліканскіх і абласных прафсаюзных дабрачынных навагодніх святах. Толькі ў 2017 годзе сума дапамогі, аказанай прафсаюзамі ў рамках навагодняй акцыі, склала больш за 1,5 млн рублёў, шэфскай дапамогай ахоплены 186 дзіцячых інтэрнацкіх устаноў краіны.
Традыцыяй стала правядзенне пярвічнымі прафсаюзнымі арганізацыямі студэнтаў акцый па зборы сродкаў асабістай гігіены, канцылярскіх тавараў, кніг, адзення, бялізны, спартыўнага інвентару для дзяцей-сірот, дзяцей-інвалідаў і дзецей, якія засталіся без апекі бацькоў. Для дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту работнікаў арганізацый, дзяцей-сірот закупляюцца білеты на навагоднія і калядныя паказы, якія праводзяцца на базе ўстаноў, створаных на аснове ўласнасці Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Каля 5000 дзяцей наведаюць навагоднія ёлкі ў палацах і дамах культуры прафсаюзаў.
Падрыхтавала Марына ХІДДЖАЗ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.