Школа юных эканамістаў дзейнічае на эканамічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта — заняткі ў ёй стартавалі з 1 лютага мінулага года. Гэта спецыяльны курс падрыхтоўкі для навучэнцаў старшых класаў школ, ліцэяў і гімназій у галіне эканомікі, менеджмету, бізнес-планавання. Школа працуе пры актыўнай падтрымцы Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь, банкаўскіх, фінансавых і іншых арганізацый. Усё сур’ёзна і, відаць, надоўга.
Розныя магчымасці, розныя формы
— Школа складаецца з дзвюх груп слухачоў — старэйшай і малодшай, — расказвае яе куратар дацэнт кафедры карпаратыўных фінансаў эканамічнага факультэта БДУ Святлана Мікалаеўна Касцюкова. — Гэта навучэнцы 8—9-х і 10—11-х класаў адпаведна. Нашы вучні — падлеткі, якім цікавыя эканоміка і фінансы. Яны вывучаюць гэтыя сферы дзейнасці і для жыцця, для сябе, і для выбару прафесіі, бо наша школа сумяшчае ў сабе магчымасці дзён адкрытых дзвярэй і паўнацэнных заняткаў. Школьнікі знаёмяцца cа штодзённым жыццём факультэта, яго выкладчыкамі і вучэбнай базай, а таксама атрымліваюць веды ў галіне эканомікі і фінансаў, кіравання, рыхтуюцца да алімпіяд, чэмпіянатаў, конкурсаў бізнес-праектаў.
І, канечне, навучэнцы школы юных эканамістаў маюць магчымасць пагутарыць са студэнтамі і выпускнікамі ўніверсітэта, якія ахвотна дзеляцца асабістым вопытам вучобы ў БДУ, дапамагаюць вызначыцца з выбарам спецыяльнасці. Заняткі праходзяць раз на тыдзень па суботах з лістапада па сакавік, пасля заканчэння школы яе выпускнікі атрымліваюць сертыфікаты. Наведваюць школу юных эканамістаў вучні з мноства ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі сталіцы і не толькі Мінска: з сярэдніх школ №№ 90, 196, 32, 16, 159, гімназій №№ 13, 22, 11, 61, 23 і г.д., а таксама з сярэдняй школы № 1 Фаніпаля, гімназіі № 1 Дзяржынска, іншых устаноў (усяго сёлета 55 чалавек). У апошняй алімпіядзе па фінансавай дасведчанасці, якую традыцыйна праводзіць факультэт, наогул удзельнічалі 94 школы з усёй Беларусі, у вочным туры ўдзельнічалі вучні з 15 школ, так што цікавасць да фінансавых і эканамічных ведаў у моладзі вельмі вялікая.
Лекцыі для гэтых цікаўных і мэтанакіраваных маладых людзей чытаюць у тым ліку запрошаныя прафесіяналы фінансавай галіны, для навучэнцаў праводзяцца экскурсіі на буйныя прадпрыемствы, у фінансавыя кампаніі і банкаўскія ўстановы (у спакойны санітарна-эпідэміялагічны час, зразумела). Практыкуецца і такая форма работы, як правядзенне гульнятэк па настольнай гульні бізнесбол у рамках праекта, які ініцыіравала Рэспубліканская канфедэрацыя прадпрымальніцтва. Займаюцца, як я ўжо ўзгадвала, са школьнікамі студэнты, магістранты і выпускнікі розных спецыяльнасцей эканамічнага факультэта БДУ. Сёлета на факультэце нават вучацца дзве дзяўчыны, якія самі вучыліся ў школе юных эканамістаў, а цяпер сталі і першакурсніцамі БДУ, і выкладчыцамі гэтай школы.
Асновы эканамічнага мыслення
— Праграма школы юных эканамістаў арыентавана на развіццё сацыяльна-асобасных кампетэнцый навучэнцаў, заснаваных на эканамічных ведах, сацыяльна-творчым вопыце, — працягвае свой аповед Святлана Мікалаеўна. — Мы ўпэўнены, што рэалізацыя праграмы дазваляе фарміраваць у школьнікаў асновы эканамічнага мыслення, навыкі выкарыстання эканамічных ведаў для аналізу і тлумачэння эканамічных з’яў, падзей, сітуацый, дапамагае набыць вопыт прыняцця эканамічных рашэнняў на практыцы.
Аб практычным вопыце варта сказаць асобна. Кожны студэнт, які выкладае ў школе юных эканамістаў, рыхтуе інтэрактыўныя тэсты для сваіх вучняў, каб праверыць іх веды. Дапамагаюць студэнты і з распрацоўкай бізнес-планаў інвестыцыйных праектаў, прычым потым кампетэнтная камісія выбірае лепшыя праекты, іх распрацоўшчыкі атрымліваюць граматы і каштоўныя прызы. Так, нядаўна прызы Нацыянальнага банка атрымалі праекты праграмнага прадукту для кіравання фінансамі (асабістымі і карпаратыўнымі); атэлье, якое дае магчымасць развіваць новыя нацыянальныя брэнды; станцыі пітной вады; арт-пляцоўкі; робата для разбірання адходаў.
Натуральна, што і самі студэнты распрацоўваюць праекты і паказваюць іх інвестарам, так званым бізнес-анёлам. Таксама яны маюць магчымасць атрымаць стыпендыю дэканата. Скажам, летась гэтую прэмію (1 тысячу рублёў) атрымаў праект “Студэнцкая дастаўка” — дастаўка раздрукаваных курсавых, дакладаў тым, каму яны неабходны вельмі хутка, а часу стаяць у чарзе няма. А яшчэ гэта можа быць дастаўка ежы.
Студэнты таксама выязджаюць у родныя школы для правядзення прафарыентацыйных мерапрыемстваў, удзельнічаюць у перадачы для моладзі “Пін_код” на тэлеканале “Беларусь 2”, выступаюць у рубрыцы “Займальная эканоміка”.
І, нарэшце, будучыя спецыялісты ў сферы эканомікі і фінансаў удзельнічаюць яшчэ ў адным праекце, сумесным з Міністэрствам па падатках і зборах, — “Дзецям аб падатках” — для малодшых школьнікаў. Гэта ўжо не ў рамках школы, але сіламі студэнтаў і выкладчыкаў таго ж эканамічнага факультэта.
Набыць вопыт, перадаць вопыт
Што прыцягвае школьнікаў і гімназістаў да заняткаў, зразумела. А што раскажуць студэнты пра свае матывы, якія падштурхнулі іх стаць выкладчыкамі ў школе юных эканамістаў?
— Для нас, тых, хто ў будучыні, магчыма, плануе стаць выкладчыкам, такія заняткі — цудоўная трэніроўка, — гаворыць трэцякурсніца Кацярына Смольнік. — Да таго ж, калі тлумачыш штосьці школьнікам, сам паўтараеш, лепш засвойваеш матэрыял. Цікава паспрабаваць сябе ў новай ролі, важна таксама, што дэканат занатуе тое, што мы займаліся сацыяльнай работай. Магчыма, камусьці з нас гэта дапаможа атрымаць спецыяльную прэзідэнцкую стыпендыю.
— Калі ў нас будзе жаданне, мы, сапраўды, зможам выкладаць, напрыклад, на сваім факультэце, так што практыка вельмі дарэчы, — дадае Кацярына Позняк, таксама трэцякурсніца. — Сваю работу стараемся выканаць як мага лепш, каб нашы вучні зразумелі і запомнілі ўсё дасканала, тым больш што некаторым гэта можа дапамагчы стаць пераможцамі алімпіяды па фінансавай дасведчанасці (на нашым факультэце такая праводзіцца). І, канечне, важна, што мы дапамагаем старшакласнікам рыхтаваць бізнес-планы да сваіх ідэй. Хто ведае, магчыма, у будучыні нашы вучні свой план рэалізуюць, выйграюць які-небудзь стартап-конкурс — адзін з іх таксама праводзіцца на нашым факультэце.
Каця, між іншым, выйграла грант пры падтрымцы міжнароднай праграмы “Эразмус” і паедзе вучыцца ў Германію на цэлы семестр. Будзе потым пра што расказаць школьнікам.
А вось што расказала Арына Дзялендзік, трэцякурсніца, якая атрымлівае спецыяльнасць “Фінансы і крэдыт”:
— Я разам з іншымі нашымі студэнтамі асвятляла для школьнікаў дзве тэмы. Першая — сямейны бюджэт, што гэта такое і як правільна яго планаваць. Другая — генерацыя ідэй (методыкі), маркетынгавыя даследаванні і бізнес-план. На занятках мы стараемся данесці інфармацыю максімальна даступна, выкарыстоўваем як мага больш інтэрактыву, каб зацікавіць школьнікаў і выключыць сухую тэорыю. Выкладанне ў школе юных эканамістаў дае магчымасць яшчэ раз пераасэнсаваць матэрыял, які мы самі вывучалі, дапамагае паглядзець на яго пад іншым вуглом, бо ў нашых вучняў узнікаюць новыя думкі, яны бачаць матэрыял з іншага ракурсу, пра які мы не маглі і падумаць. Ну, і, канечне, гэта добры вопыт выкладання.
— А я вырашыла быць выкладчыкам у школе юных эканамістаў, таму што люблю даваць сабе выклікі, як бы дзіўна гэта ні гучала, — дадае Вікторыя Бароўская, будучы спецыяліст па фінансах і крэдыце. — Быць выкладчыкам — гэта складана, але і цікава. Гэта мастацтва зацікавіць, прыцягнуць увагу і данесці інфармацыю так, каб яна надоўга запомнілася. Такія навыкі адназначна спатрэбяцца ў маёй будучай прафесіі. Мы будуем работу так, каб гэта не была сухая тэорыя. Напрыклад, на першых занятках мы прыдумалі выкарыстоўваць платформу з квізамі, якая з дапамогай смартфонаў у гульнявой форме прапаноўвае праверыць засвоены матэрыял. А на апошніх занятках па бізнес-планаванні выкарыстоўвалі метад факальных аб’ектаў, дзе трэба было ўдасканаліць ліхтарык з дапамогай абсалютна несумяшчальных прадметаў: валёнкаў, акуляраў, парашута. Інтрыгуе, праўда? Такі інтэрактыў выклікае непадробную цікавасць у вачах вучняў нашай школы, і нам, выкладчыкам, вельмі прыемна гэта бачыць.
Масцітыя — юным
Як я ўжо гаварыла, у школе юных эканамістаў выкладаюць не толькі студэнты. Тут бываюць такія масцітыя спецыялісты, што сустрэчу з імі можна назваць рэдкай удачай. Так, на пачатку сакавіка заняткі ў школе правялі старшыня Асацыяцыі беларускіх банкаў Аляксандр Васільевіч Кучынскі і галоўны спецыяліст аддзела па рабоце з фізічнымі асобамі Агенцтва па гарантаваным аднаўленні банкаўскіх укладаў фізічных асоб Андрэй Віктаравіч Марычаў. Госці расказалі пра мэту стварэння Асацыяцыі беларускіх банкаў і агенцтва, пра ўзроўні банкаўскай сістэмы ў Беларусі, работу замежных банкаў, інавацыі ў фінансавай галіне, аб прафесійных конкурсах інкасатараў, конкурсе “Ветлівыя банкі”, аб працэдуры звароту грошай у выпадку банкруцтва камерцыйнага банка і шмат аб чым яшчэ. Акрамя таго, хлопцы і дзяўчаты змаглі пагуляць у фінансавы футбол, сумясціўшы прыемнае з цікавым і карысным.
Што ж, такое цікавае і інфармацыйна насычанае навучанне здольна паспрыяць і прафарыентацыі школьнікаў, і павышэнню іх эканамічнай і прававой культуры, сфарміраваць у іх практычныя навыкі выкарыстання атрыманых ведаў для сучасных эканамічных і сацыякультурных працэсаў, падрыхтоўцы навучэнцаў да прадпрымальніцкай, менеджарскай і маркетынгавай дзейнасці. Усё гэта, несумненна, пашырае магчымасці школьнікаў для ўдзелу ў грамадскім жыцці, фарміруе ў іх актыўнае стаўленне да жыцця. Актыўны ж і ініцыятыўны падлетак, захоплены карыснымі справамі, — лепшае, што можна пажадаць для развіцця краіны, як у эканамічнай сферы, так і ў іншых.
У планах факультэта — правядзенне на базе цэнтраў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Мінска прафарыентацыйных мерапрыемстваў эканамічнага характару для навучэнцаў 10—11-х класаў школ і гімназій, так што фінансава дасведчаных і эканамічна падкаваных маладых людзей у нашай краіне яшчэ прыбавіцца. У тым ліку дзякуючы факультатыўным заняткам, для якіх калектыў эканамічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта зараз рыхтуе дапаможнік для навучэнцаў 8—9-х класаў.
У будучым навучальным годзе школа юных эканамістаў пачне дыстанцыйнае навучанне школьнікаў і гімназістаў з усёй Беларусі.
— Фінансавая дасведчанасць абавязкова дапаможа ў жыцці кожнаму, няважна, стане чалавек фінансістам або эканамістам ці не, — пераканана С.М.Касцюкова. — Нашы вучні, усе, хто цікавіцца эканомікай, безумоўна, прыносяць свае веды ў сям’ю, перадаюць іх бацькам, бабулям і дзядулям, аднакласнікам.
Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з архіва школы юных эканамістаў эканамічнага факультэта БДУ.