Жыллё — галоўная перавага. Але ёсць і іншыя

Мы даўно прывыклі да думкі, што любы ці амаль любы малады чалавек, закончыўшы ўстанову вышэйшай адукацыі, імкнецца застацца ў буйным горадзе. Гэтае перакананне бярэ пачатак яшчэ з савецкіх часоў, але часы мяняюцца, мяняюцца ўмовы жыцця ў невялікіх гарадах ды мястэчках і становяцца больш прывабнымі для маладых спецыялістаў. Так я разважала па дарозе ў Любанскі раён. Ён хоць і размяшчаецца ў Мінскай вобласці, але ад сталіцы няблізка (аўтобусам дабірацца больш за тры гадзіны). Эканамічная накіраванасць раёна ў асноўным сельскагаспадарчая. Як жа тут жывуць і працуюць маладыя педагогі , што робіць аддзел адукацыі, спорту і турызму мясцовага райвыканкама, каб замацаваць (а спачатку зацікавіць размеркаваннем на Любаншчыну) маладыя кадры?

“Я бываю на сустрэчах з будучымі выпускнікамі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, іншых навучальных устаноў, куды мы прыязджаем на размеркаванне, і дакладна ведаю, што адно з галоўных пытанняў, калі не самае галоўнае, для маладых спецыялістаў — жыллё, — гаворыць Таццяна Леанідаўна Каравацкая, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Любанскага райвыканкама. — Гэта, вядома, не сакрэт. Проста хачу сказаць: жыццё зноў і зноў пацвярджае, што адна з галоўных пераваг размеркавання маладога спецыяліста ў малы населены пункт — жыллё. У нас ад стварэння кааператыва да здачы дома ў эксплуатацыю праходзіць гады два. А крэдыт нават для будаўніцтва жылля выдаецца пад тры працэнты на дваццаць гадоў”.
Дадам, што ў мясцовым аддзяленні “Беларусбанка”, куды я дазванілася, мне растлумачылі: крэдыт на будаўніцтва жылля ў такім населеным пункце (да дваццаці тысяч жыхароў) выдаецца пад 10% ад стаўкі рэфінансавання, але не менш за 3%. На момант падрыхтоўкі матэрыялу стаўка складала 23,5%, значыць, працэнт пад крэдыт — 2,35, што менш, чым 3%. У выніку атрымліваецца крэдыт менавіта пад тры працэнты.
Пагадзіцеся, перавага вельмі істотная і самым непасрэдным чынам можа паўплываць на рашэнне выпускніка ўстановы вышэйшай або сярэдняй спецыяльнай адукацыі прыехаць у раён, а то і застацца ў ім пасля абавязковай адпрацоўкі па размеркаванні. Праўда, пры наяўнасці іншых умоў. Напрыклад, не меншае, а часта і большае значэнне мае стварэнне сям’і. Маладыя педагогі — гэта ў асноўным дзяўчаты, таму бывае так: выйшла замуж за хлопца з іншага раёна, пераехала да яго або вырашыла шукаць шчасця ў вялікім горадзе. Што тут зробіш? Думаю, што ў любым раёне заклапочаны гэтай праблемай. Такое далікатнае і ў той жа час зусім простае жыццёвае пытанне, якое адміністрацыйнымі мерамі наўрад ці вырашыш.
А вось што тычыцца жыллёвых праблем, зрабіць можна многае. Дзе, скажам, жыць маладому спецыялісту, пакуль удасца пабудаваць уласнае жыллё? У раёнах, ва ўсялякім разе на Любаншчыне, маладых педагогаў забяспечваюць інтэрнатам з першага дня, кампенсуюць 30% ад кошту наёмнага жылля або выдзяляюць службовае жыллё. Так, за чатыры апошнія гады маладым педагогам у раёне выдзелена 26 службовых кватэр. Праўда, тут многа педагогаў — ураджэнцаў Любаншчыны, і для іх, хаця б напачатку, пытанне з жыллём не стаіць. Жывуць у бацькоў і цудоўна сябе адчуваюць. Дарэчы, спецыялісты, якія застаюцца працаваць на сяле, маюць магчымасць атрымаць домік, як, напрыклад, сям’я Еўдакімчык, у якой і муж, і жонка — педагогі (галава сям’і зараз узначальвае Камунараўскую сярэднюю школу). Дом ад ААТ “Палессе-агра” сям’я атрымала ў аграгарадку Сосны. Вось яна, формула поспеху: сям’я — жыллё — работа. Формула, якой скарыстацца на практыцы, зразумела, няпроста, але яна абавязкова дае станоўчыя вынікі, і, калі мясцовыя ўлады ў той частцы, якая залежыць ад іх, робяць усё магчымае, кадры ў раёне застаюцца.

Цяпер звернемся да красамоўных, як мне здаецца, лічбаў. Сёлета ў Любанскі раён былі накіраваны 36 маладых спецыялістаў і адзін выпускнік з правам самастойнага працаўладкавання. Але адзін малады спецыяліст атрымаў пераразмеркаванне, трое паступілі на дзённае навучанне, таму ў раён прыехала крыху менш педагогаў, чым меркавалася спачатку. У горад накіраваны 14 чалавек, у сельскую мясцовасць — 8, у аграгарадкі — 11. Што да жылля, то 13 чалавек, або 39%, жывуць на наёмных кватэрах, 12 (37%) — у бацькоў, восем маладых спецыялістаў выпуску-2013 атрымалі жылыя памяшканні. Гаворка ідзе пра інтэрнаты, у якіх жывуць маладыя педагогі сярэдняй школы № 3 Любані, Кузьміцкай сярэдняй школы, Пластоцкага дзіцячага сада — базавай школы, Смальгоўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы, ясляў-сада № 3 райцэнтра, Сароцкага дзіцячага сада.
Менавіта ў апошнюю з пералічаных устаноў я і завітала. Тут з нядаўняга часу працуюць выпускніцы БДПУ імя Максіма Танка Наталля Назаргалеева (настаўнік-дэфектолаг) і Салігорскага дзяржаўнага педагагічнага каледжа Юлія Быцко (выхавальнік). Дзяўчаты не тутэйшыя: Наталля з Мінска, Юлія — з Гродзенскай вобласці. І першай, і другой прапаноўвалі месца ў інтэрнаце (калі быць дакладнай — у гасцініцы аграгарадка, дзе нядаўна зрабілі рамонт), але пагадзілася на такую прапанову толькі Наталля. Юлія гаворыць, што ёй спадабалася на наёмнай кватэры: і ўмовы задавальняюць, і з гаспадыняй агульную мову адразу знайшла. Работа ў дзіцячым садку падабаецца. Я, як і вы, паважаныя чытачы, ведаю, што зарплаты работнікаў гэтых устаноў не самыя высокія, але маладыя спецыялісты, як тое і павінна быць, атрымліваюць аднаразовую дапамогу, у іх павышаныя аклады. Акрамя гэтага, аддзел адукацыі, спорту і турызму Любанскага райвыканкама і раённая прафсаюзная арганізацыя адукацыі і навукі заключылі пагадненне аб павышэнні ставак маладым спецыялістам на 20%, а тым, хто закончыў установу адукацыі з чырвоным дыпломам, — на 30%. Дзеля справядлівасці скажам, што такі выдатнік, які атрымлівае 30% надбаўкі, у раёне пакуль адзін (але ж не гэта галоўнае: у мэтавікаў, напрыклад, з’явіўся стымул вучыцца як мага лепш). Дадам яшчэ адну лічбу: тым, хто дабіраецца да месца работы на грамадскім транспарце, аплачваецца 30% кошту праезду.

Але давайце вернемся ў Сарачы. Аграгарадок гэты няпросты, гадоў дзесяць-дванаццаць назад ён быў прызнаны лепшым у краіне. Кажуць, што архітэктар, які праектаваў яго, у свой час за гэтую работу атрымаў Дзяржаўную прэмію. І гаспадарка тут не простая — СВК “Чырвоная змена” імя знакамітага Кузьмы Іванавіча Шаплыкі.
Зразумела, што ў аграгарадку вельмі добрая інфраструктура: амбулаторыя, дзве кавярні, басейн, саўна, гасцініца, пра якую я ўжо згадвала, і г.д. Ёсць у Сарачах, вядома, і школа, куды мы з Таццянай Леанідаўнай Каравацкай і старшынёй райкама прафсаюза адукацыі і навукі Аляксандрам Мікалаевічам Брагінцам таксама завіталі. Школа па сённяшнім часе вялікая. Як расказала дырэктар Святлана Леанідаўна Канановіч, ва ўстанове зараз 140 навучэнцаў, 24 педагогі, 2 сумяшчальнікі, у кожнай паралелі па адным класе, дзе вучацца па 12-13 дзяцей. Сёлета да дружнай каманды тутэйшых педагогаў далучылася Кацярына Уладзіміраўна Дудзік, якая займае ў вясковай школе пасаду педагога-арганізатара, выкладае музыку, вядзе гурток і завочна вучыцца ў БДУ на філалагічным факультэце. “Ніводнага дня не пашкадавала, што трапіла ў гэтую школу, — гаворыць малады педагог. — Да мяне вельмі добра паставіліся, сустрэлі цудоўна, дапамаглі асвоіцца”. Кацярына — ураджэнка Любані, жыве з мужам (ён трэнер) у бацькоў, але ўжо летась маладая пара стала на ўлік асоб, што маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. “Тысяча трыста нейкімі”, — як гаворыць сама Кацярына. Але, як мяне запэўнілі, чарга тут рухаецца вельмі хутка. Будуюць у раёне многа, таму доўга маладой сям’і чакаць свайго жылля не давядзецца. Спадзяюся, што так яно і будзе.
У Сароцкай школе я пазнаёмілася яшчэ з дзвюма маладымі настаўніцамі, якія, праўда, працуюць тут ужо трэці год, але, зразумела, добра ведаюць, як на Любаншчыне сустракаюць маладых спецыялістаў — самі зусім нядаўна знаходзіліся ў гэтым статусе. Алёна Юр’еўна Шаплыка, выпускніца Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, выкладае ў Сароцкай школе англійскую мову, а Марына Мікалаеўна Брагінец закончыла БДПУ па спецыяльнасці “Хімія. Біялогія”. Самае цікавае, што абедзве дзяўчыны — выпускніцы Сароцкай школы. Алёна Юр’еўна паступала ва ўніверсітэт па накіраванні, таму дакладна ведала, што вернецца ў родны раён, атрымалася — у родную школу. Яе калега Марына Мікалаеўна гаворыць, што хацела працаваць менавіта ў Сарачах і, што называецца, “прасілася” ў сваю школу. “Тэорыя і практыка — з’явы розныя, — адзначае яна, — таму прафесійная падтрымка нашых настаўнікаў была вельмі дарэчы. Асабліва я ўдзячна Таццяне Іванаўне Трубчык, якая на пачатку маёй работы была тут намеснікам дырэктара”.
Пра падтрымку і дапамогу старэйшых педагогаў, дарэчы, гавораць усе маладыя настаўніцы і наогул адзначаюць камфортныя ўмовы. “Няўжо і паскардзіцца няма на што?” — цікаўлюся ў іх. “Ну, як сказаць, — адказваюць. — Добра было б абсталяваць кабінет хіміі, лінгафонны кабінет. Але ці ж гэта цяжкасці? І без гэтага працуем, не скардзімся. Тут добра”. Так, сучаснае абсталяванне для работы педагога мае немалое, але не вырашальнае значэнне. Хаця паступова сельская школа набывае сёе-тое. Напрыклад, нядаўна тут з’явілася сучасная музычная і іншая апаратура. Новы педагог-арганізатар і, вядома, школьнікі задаволены.
Канечне, не кожная вёска — аграгарадок, не ў кожнай такія ўмовы, як у Сарачах, не ў кожнай захочуць застацца маладыя спецыялісты. Не прэтэндую на ісціну ў апошняй інстанцыі, але скажу, што кожны выпадак трэба разглядаць асобна, а сітуацыю ў цэлым — з пункта гледжання заахвочвання маладых спецыялістаў прадастаўленнем жылля, перспектывай будаўніцтва ці набыцця ўласных квадратных метраў, развіццём сацыяльнай інфраструктуры і г.д. Карацей, добра і даўно вядомымі метадамі, бо, як ні круці, а большасць з нас жыве па прыказцы: “Рыба шукае, дзе глыбей, а чалавек, дзе лепш”.
А лепш часта бывае там, дзе чалавек нарадзіўся, згодна з іншай прыказкай: “Дзе нарадзіўся, там і згадзіўся”. Прыклады, прыведзеныя вышэй, — добрае таму пацвярджэнне. І гэта ў Любанскім раёне разумеюць: колькасць накіраванняў, якія выдае аддзел адукацыі, спорту і турызму будучым педагогам, штогод павялічваецца. Сёлета іх атрымалі восем чалавек. У гэтым годзе на работу сюды прыехалі 16 ураджэнцаў раёна, а гэта 49% ад агульнай колькасці навічкоў, пяцёра з іх — мэтавікі. Летась адпаведныя паказчыкі склалі адзінаццаць і два чалавекі адпаведна. Так і колькасць неабходных у раёне спецыялістаў змяншаецца, і праблема з жыллём вырашаецца прасцей.
Свой плён даюць і прафарыентацыйныя мерапрыемствы. Пасля таго як спецыялісты аддзела адукацыі пабывалі на размеркаванні ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце, у раён прыехалі два маладыя спецыялісты, зацікавіўшыся прапанаванымі перспектывамі. А, напрыклад, ва ўжо вядомай нам Сароцкай школе праз некалькі гадоў чакаюць сваю выпускніцу Вольгу Сацюк, якая сёлета паступіла ў Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт на спецыяльнасць “Замежная мова”.

І ўсё ж некаторых спецыялістаў у раёне не хапае, што характэрна, прынамсі, для многіх іншых рэгіёнаў Беларусі. “Хімікі, матэматыкі, фізікі, выкладчыкі замежнай мовы, інфарматыкі”, — пералічвае Таццяна Леанідаўна. Адна з галоўных прычын такой сітуацыі ў тым, што выпускнікі школ з матэматычнымі, тэхнічнымі здольнасцямі аддаюць перавагу не педагагічным, а больш “грашовым” спецыяльнасцям. Таму ва ўстановах адукацыі Любанскага раёна працуюць 102 пенсіянеры. “Многія нашы пенсіянеры так выдатна працуюць, што мы самі не хочам з імі развітвацца, — адзначыла Таццяна Леанідаўна. — У нас нават два дырэктары школы — жанчыны, якія ўжо выйшлі на пенсію”. Гэта пры тым, што на Любаншчыне з 2010 па 2013 год са 112 маладых спецыялістаў працягваюць працаваць 86 (77%). Калі ж зрабіць раскладку, то карціна такая: 2010 — 2012 гг. — 67%, 2011-2012 — 73%, 2011 — 2013 — 83% маладых спецыялістаў замацаваліся на месцах. Тэндэнцыя, як бачыце, станоўчая.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота аўтара.