Там не бывае сумна

Неўзабаве адчыняць дзверы для дзяцей летнікі, што ствараюцца на базе ўстаноў дадатковай адукацыі. У адрозненне ад прышкольных лагераў, якія хлопчыкі і дзяўчынкі не заўсёды прагнуць наведваць (жаданне змяніць абстаноўку пераважае), у цэнтры творчасці яны бягуць з радасцю: акрамя заняткаў па інтарэсах, дзятве прапаноўваюцца цікавыя адпачынкавыя праграмы.
Пытанне недабору ў такія летнікі не паўстае ніколі. Да таго ж арганізацыя летнікаў на базе ўстаноў дадатковай адукацыі
спрыяе пастаяннаму росту колькасці гурткоўцаў.
У апошнія гады ў падлеткаў набываюць папулярнасць і палатачныя перасовачныя лагеры, якія таксама арганізуюцца педагогамі ўстаноў дадатковай адукацыі. Напрыклад, у Ваўкавыскім раёне Гродзенскай вобласці такія летнікі прымаюць дзяцей на працягу ўжо многіх гадоў.
Падлеткі выбіраюць прыроду

— Гэта вельмі цікава і, як паказвае час, запатрабавана, — расказвае галоўны спецыяліст аддзела выхаваўчай і сацыяльнай работы ўпраўлення адукацыі Ваўкавыскага райвыканкама Святлана Іванаўна Стачук. — Першым пачынаў ладзіць палатачныя летнікі Ваўкавыскі раённы цэнтр турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі. Некалькі гадоў назад звярнуцца да такой формы аздараўлення выхаванцаў вырашылі педагогі Краснасельскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. Сёлета палатачныя лагеры для гурткоўцаў плануюць арганізаваць таксама Цэнтр творчасці і Цэнтр тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі Ваўкавыска. І гэта акрамя лагераў дзённага знаходжання.
(Дарэчы, у Ваўкавыскім раёне сёння дзейнічаюць пяць (!) устаноў дадатковай адукацыі, і кожная з іх падчас летніх канікул становіцца аздараўленчай пляцоўкай.)
Адкрыццю палатачных летнікаў папярэднічае значная арганізацыйная работа, паколькі справа гэта сур’ёзная. Па словах С.І.Стачук, усе педагогі, якія працуюць з дзецьмі ў перасовачных лагерах, абавязкова ўдзельнічаюць у раённых турзлётах, набываючы і адпрацоўваючы пэўныя навыкі. Метадычным цэнтрам па арганізацыі работы ў такіх лагерах выступае раённы Цэнтр турызму і краязнаўства, ён жа прапаноўвае і маршруты, якія будуць найбольш прыдатнымі і цікавымі для дзяцей, і гульні турыстычна-краязнаўчага напрамку.
— Упершыню 9-дзённы палатачны перасовачны лагер мы арганізавалі ў 2005 годзе, — далучаецца да размовы дырэктар Ваўкавыскага раённага цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі Іна Вацлаваўна Кулак. — А ў мінулым годзе перад пачаткам змены мы яшчэ раз вывучылі жаданне выхаванцаў пажыць у прыродных умовах і адчуць сябе сапраўднымі турыстамі. Апытанне паказала, што 77% рэспандэнтаў з радасцю забыліся б пра камп’ютары і правялі б час на прыродзе. 23,9% адмовіліся па прычыне адсутнасці камфортных умоў пражывання. 56% апытаных ніколі не ставілі палатку і не раскладвалі агонь, 69% не ведалі, як паводзіць сябе падчас навальніцы, калі яна прыспела ў лесе ці на вуліцы. 77,7% дзяцей хацелі б выпрабаваць сябе на трываласць і навучыцца наладжваць свой быт у паходных умовах. І 86% апытаных лічылі, што жыццё ў калектыве на працягу змены дапаможа ім навучыцца нечаму новаму і раскрыць у сабе новыя якасці. У выніку, беручы пад увагу вядучыя патрэбнасці падлеткаў, педагогі цэнтра распрацавалі праграму “У царстве чатырох стыхій”, якая грунтуецца на гульнявой дзейнасці: усе ўдзельнікі праходзяць шэраг іспытаў, у ходзе якіх вучацца правілам жыццядзейнасці ў калектыве і асновам самаабслугоўвання.
За час існавання палатачнага лагера на базе Ваўкавыскага раённага цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі (за лета звычайна арганізуецца дзве 9-дзённыя змены. — Заўв.аўт.) дзеці разам з педагогамі асвоілі нямала пазнавальных маршрутаў. Летась маршрут быў такі: “Ваўкавыск — біялагічны заказнік рэспубліканскага значэння “Замкавы лес” — лясны масіў “Мелавыя горы” Гродна — Ваўкавыск”; сёлета плануецца пабываць на возеры Свіцязь, у Мастах і ўбачыць Свіслач ва ўсёй яе прыгажосці. Праўда, з кожным годам усё складаней — у фінансавым плане — становіцца арганізоўваць паходы, аднак тут на дапамогу прыходзяць бацькі выхаванцаў цэнтра. Напрыклад, эксурсіі ў музеі ці замкі ў тым ці іншым населеным пункце яны аплачваюць самі.
— Нягледзячы на гэта, жадаючых трапіць у палатачны лагер менш не становіцца, — заўважае І.В.Кулак. — За адну змену ў нас па-ранейшаму аздараўліваецца 40 дзяцей ва ўзросце 11 гадоў і больш.
Спраўляюцца на Ваўкавышчыне і з іншымі “турысцкімі цяжкасцямі”, што звязаны, у прыватнасці, з выкананнем палажэнняў Санітарных норм і правіл. Напрыклад, у Ваўкавыску даволі складана набыць каўнерыкі для спальных мяшкоў, якія абавязкова павінны выдавацца кожнаму турысту падчас паходу, — іх проста няма ў продажы. Аднак педагогі ўстаноў дадатковай адукацыі не губляюцца і замаўляюць каўнерыкі ў Мінску.

“Басай” — гэта проста цікава

У профільным 9-дзённым лагеры палатачнага тыпу “Басай” (у перакладзе з японскай мовы — “штурм крэпасці”), які кожнае лета арганізуе Краснасельскі раённы цэнтр творчасці дзяцей моладзі, за змену традыцыйна аздараўліваецца 15 падлеткаў.
— Наведваюць “Басай” выхаванцы, якія на працягу навучальнага года займаюцца ў спартыўнай секцыі шатакан каратэ-до, — расказвае дырэктар названай установы Святлана Аляксандраўна Канавалава. — Падчас змены дзеці не толькі працягваюць удасканальваць сваё спартыўнае майстэрства, але і ажыццяўляюць экскурсіі па роднай Беларусі, удзельнічаюць у спаборніцтвах і паказальных выступленнях.
Пляцоўку для размяшчэння летніка прадастаўляе ААТ “Беллакт”. Матэрыяльную дапамогу ў плане набыцця спальных мяшкоў і матрацаў аказваюць бацькі.
Больш за 10 гадоў на базе цэнтра працуе і дзённы лагер піянерскага актыву “Першапраходзец”. У чэрвені ён збірае дзяцей у сценах установы, а з 1 ліпеня запрашае ўсіх жадаючых пажыць у палатках. Акрамя краснасельскіх школьнікаў, лагер наведваюць і дзеці з суседняга пасёлка Рось.
— У сваю чаргу педагогі нашага цэнтра на працягу ўсяго лета задзейнічаны ў рабоце кругласутачнага лагера “Рось”: ажыццяўляюць метадычнае суправаджэнне, — адзначае С.А.Канавалава. — Метадыст, у прыватнасці, распрацоўвае праграму і дапамагае яе рэалізоўваць на ўсіх узроўнях, праводзіць навучанне выхавальнікаў летніка і г.д.

Увагі хапае ўсім

Наведвальнікі профільнага лагера “Тэхнаград” (арганізуецца Ваўкавыскім цэнтрам тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі) на працягу апошніх двух гадоў таксама выязджалі летам у палатачныя лагеры, прычым размешчаныя не толькі ў Гродзенскай вобласці, але і ў Брэсцкай, на базе пагранчасцей. А сёлета, як паведаміла дырэктар названай установы Марына Анатольеўна Гусак, “Тэхнаград” сам зладзіць палатачны лагер.
А Ваўкавыскі цэнтр творчасці дзяцей і моладзі гэтым летам зноў запросіць выхаванцаў у дзённы летнік “Горад майстроў”.
— Наведваюць яго нашы гурткоўцы 9—14 гадоў, але часам яны прыводзяць і сваіх сяброў, і нам даводзіцца замаўляць ва ўпраўленні адукацыі дадатковыя месцы, — дзеліцца дырэктар названай установы Яўгенія Генрыхаўна Валынец. — Аднак гэта не праблема — мы рады быць карыснымі дзецям. Раней, калі ў раёне не было ЦКРНіР, у летні перыяд на базе нашага цэнтра сацыяльныя педагогі працавалі з дзецьмі-інвалідамі (спецыяльна на лета адкрываліся стаўкі). А потым, калі адкрыўся цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, мы прадоўжылі фарміраваць атрад з дзяцей згаданай катэгорыі. Працягваем гэтую практыку і сёння. Штогод, такім чынам, у нас аздараўліваецца каля 50 дзяцей. Атрады невялікія — 12—15 выхаванцаў, у кожным працуюць па 2 педагогі, што дазваляе ўдзяліць увагу кожнаму дзіцяці.

Данута БУЙНОВА.