Як жа доўга мы чакалі лета, каб і цёпла стала, і вада нагрэлася, і водпуск або канікулы надышлі! Дачакаліся — і хутчэй на пляжы, да вады, на рыбалку. Гэта цудоўна, праўда, толькі ў тым выпадку, калі пляж бяспечны, дно ў вадаёма праверанае, а яшчэ лепш, калі ёсць выратавальная станцыя, выкананы ўсе іншыя патрабаванні бяспекі. Бо вада дорыць цудоўны адпачынак толькі тым, хто ставіцца да яе з павагай, хто не дазваляе сабе легкадумнасці ў адносінах да жыцця — свайго і іншых.
Слушна, важна
— Важны аспект работы таварыства ратавання на водах — прафілактыка. Першачарговае значэнне мы, безумоўна, надаем прафілактычнай рабоце з установамі адукацыі, пачынаючы ад дзіцячых садоў і заканчваючы ўстановамі вышэйшай адукацыі, працоўнымі калектывамі, — расказвае вядучы спецыяліст Мінскай гарадской арганізацыі АСВОД Алена Жалабковіч. — Лекцыі, гутаркі, квесты, навучанне прыёмам аказання першай медыцынскай дапамогі — усё гэта ёсць у нашым арсенале. І ў кожным выпадку, сустракаючыся з дзецьмі і дарослымі і тут, і на месцах іх вучобы або работы, мы гаворым пра тое, што вада — гэта небяспечна.
Перад пачаткам летніх канікул ратавальнікі абавязкова нагадваюць усім правілы бяспекі: дзеці могуць знаходзіцца на вадаёмах толькі ў прысутнасці дарослых, купацца толькі ў спецыяльна абсталяваных месцах, нельга заплываць за буйкі, нельга скакаць у ваду з дамбаў і мастоў, падплываць да суднаў, плаваць на дошках, аўтакамерах і іншых непрызначаных для гэтага прыладах, нельга ўзлазіць на буі і іншыя папераджальныя знакі, не варта даваць несапраўдныя сігналы бедства.
З Аленай Францаўнай мы размаўляем на станцыі АСВОД, што на Камсамольскім возеры. Тут, між іншым, знаходзіцца ўнікальны музей АСВОД, у якім рэгулярна праходзяць экскурсіі для дзяцей і дарослых. Вось і я трапіла на адну з такіх экскурсій: на станцыю прыйшлі малодшыя школьнікі, якія адпачываюць у дзённым летніку сярэдняй школы № 95. Вядучы спецыяліст расказвае дзецям пра тое, як раней і цяпер працуюць вадалазы, паказвае вадалазны касцюм, якому ўжо не адзін дзясятак гадоў. Касцюм нават на від цяжкі, працаваць у ім пад вадой мог, канечне, толькі вельмі моцны чалавек. Убычылі дзеці і больш сучасны вадалазны касцюм у даволі дрэнным стане: пашкоджанні з’явіліся падчас ачысткі дна вадаёмаў ад смецця, якое выкінулі людзі, а гэта бываюць нават пральныя машыны. Так дзецям нагадваюць, што возера або рэчка не сметнік, смецце на дне нясе небяспеку і для тых, хто адпачывае, і для тых, хто працуе. Дарэчы, Алена Францаўна гаворыць, што цяпер людзі забруджваюць вадаёмы не так інтэнсіўна, як раней, усё часцей паказваюць сябе экалагічна адукаванымі асобамі.
Я ж даведваюся ў нашага гіда, што вадалазам можа стаць мужчына ад 18 да 40 гадоў, які прайшоў медыцынскую камісію, навучанне на выратавальнай станцыі, якое ўключае тэорыю і практычную падрыхтоўку, здаў экзамен. На сезонных выратавальных пастах працуюць матросы-ратавальнікі, якія таксама вучацца на выратавальных станцыях і здаюць залікі, у тым ліку плаванне, кіраванне вёсельнай лодкай, кіданне выратавальнага круга. Акрамя таго, на станцыі працуюць матарысты, матросы і медыцынскія сёстры.
На пытанні экскурсавода аб правілах паводзін на вадзе дзеці адказваюць дружна і правільна, з першага позірку пазнаюць і называюць прадмет, які ім паказвае спецыяліст: “Гэта выратавальная камізэлька!” Яны даведваюцца, што час, за які вадалаз павінен падняць чалавека, што тоне, — не больш чым 4 хвіліны, але бываюць выпадкі, калі людзі выжываюць і застаюцца здаровымі і пасля больш доўгага знаходжання пад вадой.
А яшчэ школьнікі даведваюцца, што ў ратавальнікаў ёсць свае спаборніцтвы, разглядваюць кубкі і дыпломы, атрыманыя на іх, наперабой расказваюць пра розныя выпадкі на вадзе, пра якія чулі або якія бачылі. І, самае важнае, не раз паўтараюць, што без дарослых плаваць і адпачываць на вадзе нельга.
Да чаго вядзе легкадумнасць
— Параўноўваючы статыстыку розных перыядаў, мы бачым, што прафілактычная работа дае пэўныя вынікі, — гаворыць спецыяліст МГА “АСВОД”. — Дзесяць і больш гадоў назад, напрыклад, у Мінску на аператыўным уліку было больш за паўтары сотні патануўшых, сярод іх — дзеці. У апошнія пяць гадоў гаворка ідзе пра 30 з лішкам патануўшых. Летась, напрыклад, на вадзе загінулі 34 жыхары сталіцы і гэта толькі дарослыя, гібелі непаўналетніх не было. Рэгулярная, сістэмная прафілактычная работа прыносіць несумненную карысць, і супрацоўніцтва з установамі адукацыі ў гэтым плане надзвычай важнае.
Што яшчэ гаворыць статыстыка? Тое, што па краіне з пачатку 2021 года (да 21 чэрвеня) ад утапленняў загінулі 144 чалавекі, у тым ліку 18 непаўналетніх. З агульнай колькасці тых, хто патануў, у стане алкагольнага (наркатычнага) ап’янення знаходзіліся 38 (26,4%) чалавек. Выратавалі 129 чалавек, з якіх 32 — дзеці. За парушэнне правіл аховы жыцця людзей на водах папярэджана 11 498 чалавек, у тым ліку 1 348 непаўналетніх.
Калі гаварыць па рэгіёнах, то карціна на 21 чэрвеня была такая: на Брэстчыне з пачатку года патанулі 24 чалавекі, 3 з якіх — непаўналетнія, на Віцебшчыне — 30 чалавек, 4 з іх — дзеці. На Гомельшчыне патанулі 22 чалавекі, 2 з якіх — непаўналетнія. У Гродзенскай вобласці патанулі 17 чалавек, 1 з іх — непаўналетні, у Мінскай вобласці не вярнуліся дадому пасля купання або прагулкі ля вадаёма 20 чалавек, 3 з якіх — дзеці. У Магілёўскай вобласці патанулі 25 чалавек, у тым ліку 5 непаўналетніх. Патанулі 8 дарослых мінчан — не толькі на вадаёмах горада, але і на іншых. Выратаваць удалося ад 12 да 30 чалавек у кожнай вобласці і амаль паўсюль сярод выратаваных былі дзеці. Лік папярэджанняў у кожным рэгіёне ідзе на тысячы або набліжаецца да гэтых лічбаў. Напрыклад, па аператыўных даных, у Брэсцкай вобласці іх з пачатку года зроблена больш за 4 тысячы. На жаль, папярэджанні не ўсе ўспрымаюць сур’ёзна, і мінулы, надзвычай гарачы, тыдзень не стаў выключэннем: зноў ёсць патануўшыя.
Трэба дадаць, што тонуць людзі не толькі ў вялікіх вадаёмах і, наогул, не толькі ў вадаёмах. Так, у двары дома ў вёсцы Асаўцы Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці пры падзенні ў калодзеж патануў мужчына 1938 года нараджэння. Пры купанні ў сажалцы ў вёсцы Антонава Верхнядзвінскага раёна Віцебскай вобласці патануў 15-гадовы падлетак. На возеры Святое паблізу стаянкі ДАІ ў Магілёве ў стане алкагольнага ап’янення патануў 46-гадовы мужчына. На Гомельшчыне ў вёсцы Ларышчава Добрушскага раёна патанула 58-гадовая жанчына, якая пераплывала раку Іпуць. Ніхто з гэтых людзей, відавочна, не апасаўся вады. Дарэмна.
Перасцярога ніколі не лішняя
Між іншым толькі ў Мінску 8 выратавальных станцый, усяго ў Беларусі іх 66 і 148 пастоў. Спецыялісты, якія на іх працуюць, рэгулярна абходзяць пляжы і месцы, у якіх купанне забаронена, здзяйсняюць рэйды па вадаёмах за зонай буёў, размаўляюць з тымі, хто адпачывае, раздаюць ім лістоўкі з напамінам аб правілах бяспекі і іншай інфармацыяй, звяртаючы асаблівую ўвагу на сем’і з дзецьмі. З наступленнем гарачыні ў дазволеных для купання месцах на вадзе выстаўляюцца высоўныя пасты, і ратавальнік на лодцы з дапамогай рупара нагадвае людзям аб правілах бяспекі. Галоўнае, каб да гэтых напамінаў прыслухоўваліся. На пляжах размешчаны і стэнды з такімі напамінамі, у тым ліку з нумарамі тэлефонаў службаў ратавання. Таксама пастаянна праходзяць рэйды па забароненых для купання месцах. Ратавальнікі і іх памочнікі нагадваюць тым, хто там адпачывае, аб адміністратыўнай адказнасці — да 3 базавых велічынь — за купанне ў тых месцах, дзе яно забаронена.
Па даных на канец чэрвеня, супрацоўнікі выратавальных станцый сталіцы выратавалі больш за 30 чалавек, а прычынай няшчасных выпадкаў было заплыванне за буйкі, катанне на катамаранах у стане алкагольнага ап’янення і, канечне, купанне ў тым жа нецвярозым стане. Сярод выратаваных ёсць і непаўналетнія.
Як ужо зразумела з усіх прыведзеных даных, злоўжыванне алкаголем — адна з самых частых прычын гібелі людзей на вадзе. Таксама ратавальнікі адзначаюць бестурботнасць і самаўпэўненасць людзей: нават тыя, хто ўмее плаваць, заплываюць занадта далёка ад берага, і ў іх не хапае сіл вярнуцца назад. А некаторыя, наогул не ўмеючы плаваць, трапляюць у ваду пры выпадковых абставінах: калі перакульваецца лодка, калі яны падаюць з прагулачных катараў, катамаранаў, з берага і г.д. Наяўнасць выратавальнай камізэлькі, канечне, многім магла б выратаваць жыццё пры знаходжанні на плыўсродках, але не ўсе лічаць яе неабходнай.
Што ж, нам застаецца толькі далучыцца да заклікаў спецыялістаў АСВОД: выконвайце правілы бяспекі, не пераацэньвайце свае сілы і вельмі пільна сачыце за дзецьмі.
Марына Хідджаз.
Фота аўтара.