Попыт, прапанова, канкурэнцыя

І пра першае, і пра другое, і пра трэцяе, а таксама пра многае іншае ведаюць на практыцы ўдзельнікі бізнес-кампаній, што дзейнічаюць у школах і іншых установах адукацыі. Лепшыя з такіх кампаній сталі ўдзельніцамі другога этапу Мінскага абласнога фестывалю “Школа прадпрымальніцтва”, які нядаўна прайшоў на базе абласнога інстытута развіцця адукацыі ў анлайн-фармаце. Арганізатары фестывалю — галоўнае ўпраўленне па адукацыі Мінаблвыканкама і МАІРА.

Міні-бізнес

Фестываль узнік калісьці для развіцця дзелавой і творчай ініцыятывы навучэнцаў у галіне прадпрымальніцкай дзейнасці, сёлета ён право­дзіўся пяты раз. А першыя вучнёўскія бізнес-кампаніі былі створаны ва ўстановах адукацыі Мінскай вобласці ў 2011/2012 навучальным годзе. Зараз працуюць 104 такія кампаніі, у іх занята 819 навучэнцаў. Больш за ўсё кампаній у Дзяржынскім (18), Маладзечанскім (18) і Мядзельскім (11) раёнах. 

Як бачна, выбіраць ёсць з чаго. Канечне, заяўкі на ўдзел у абласным фестывалі падаюць не ўсе кампаніі, але тым не менш прадстаўніцтва нядрэннае: сёлета заяўкі паступілі ад 39 камнаній з 11-ці раёнаў. Прадпрымальніцкая ініцыятыва школьнікаў у гэтых міні-прадпрыемствах тычыцца розных кірункаў дзейнасці: выро­шчванне ра­сады, вытворчасць сталярнай прадукцыі, швейных вырабаў, сувеніраў, арганізацыі экскурсій і інш. 

На першым (адборачным) этапе фестывалю вучнёўскія кампаніі прадстаўлялі бізнес-планы, якія ацэньвалі эксперты. У выніку для ўдзелу ў другім этапе яны адабралі 14 кампаній з 6 раёнаў Міншчыны. Вось гэтыя 14 лепшых і прадстаўлялі свае прэзентацыі, а журы ацэньвала іх арыгінальнасць, крэатыўнасць і актуальнасць бізнес-ідэй, прасоўванне тавару або паслугі, якую прапаноўвае кампанія. У той жа час прэзентацыі дазволілі падлеткам і іх выкладчыкам абмяняцца вопытам, тым больш што члены журы задавалі прадстаўнікам кампаній нямала канкрэтных пытанняў аб арганізацыі і развіцці іх бізнесу, давалі прафесійныя парады. 

У склад журы ўвайшлі супрацоўнікі абласнога інстытута развіцця адукацыі, устаноў адукацыі рознага ўзроўню, прадпрымальнікі. Вітала удзельнікаў фіналу рэктар МАІРА Інга Пятроўна Кандрацьева:

— Трэнд на развіццё прадпрымальніцкіх кампетэнцый сёння набывае асаблівае значэнне і гучанне як для вышэйшай школы, так і ў сіс­тэме агульнай сярэдняй адукацыі. Вучнёўскія бізнес-кампаніі застаюцца ўстойлівай і ў той жа час перспектыўнай формай навучання, якая пастаянна развіваецца. Менавіта ў фармаце такіх кампаній падлеткі ўпершыню сутыкаюцца з псіхалагічнымі аспектамі і эканомікай прадпрымальніцтва, засвойваюць асновы фінансаў, бухгалтэрыі, падаткаабкладання, маркетынгу і менеджменту. 

Сябе паказаць, на іншых паглядзець

А затым пачаліся анлайн-прэзентацыі, якія патрабавалі ад іх удзельнікаў артыстызму, дасканалага ведання ўсіх нюансаў работы кампаніі, упэўненасці, здольнасці да імправізацыі. Так, бізнес-кампанія “Крыніца” з сярэдняй школы № 4 Дзяржынска шые пасцельную бялізну і кухонныя рэчы. Кампанія ўзнікла яшчэ ў 2012 годзе, але пазней пашырыла сваю вытворчасць і стварыла філіял — кампанію “ДэкараторыЯ” па вытворчасці сувенірнай прадукцыі (паштовак, дэкаратыўных карцін, мяккіх цацак, вінтажных брошак, экасумак). 

Арганізацыя міні-вытворчасці па вырабе якаснай і запатрабаванай прадукцыі — мэта кампаніі, якая дае школьнікам тэарэтычныя веды і практычны вопыт прадпрымальніцкай дзейнасці, развівае іх арганізатарскія навыкі, спрыяе выхаванню крэатыўнай, ініцыятыўнай, адказнай і самастойнай асобы. Кампанія не толькі вывучае запатрабаваны ў пакупнікоў асартымент прадукцыі, але і распрацоўвае план дзейнасці, рэкламуе сваю прадукцыю, сама вядзе дакументацыю і г.д.

Бізнес-кампанія DECОRWOOD таксама з Дзяржынскага раёна, а дакладней, з Негарэльскай сярэдняй школы № 1. “DECОRWOOD — наш жыццёвы маршрут” — так пра сваю кампанію гавораць яе ўдзельнікі. Бізнес-ідэю члены гэтай вучнёўскай кампаніі пабудавалі на вывучэнні рынку. Вывучылі і высветлілі, што ў спажыўцоў вырасла патрэбнасць у пасадачным матэрыяле пры азеляненні ўчасткаў як дач, так і жылых дамоў, арганізацый, прадпрыемстваў, навучальных устаноў.

— Экалагічнасць нашага праекта відавочная, бо жывыя расліны на прысядзібных і дачных участках нада­юць дому абжыты выгляд, гарманізуюць прастору. Дэкаратыўныя расліны можна выкарыстоўваць, каб падзяліць участак на зоны, падкрэсліваць або хаваць яго асаблівасці. З дапамогай раслін можна ствараць дзелавую атмасферу або адчуванне цяпла ў доме. Многія расліны, асабліва туя, валодаюць магчымасцю рабіць паветра ў памяшканні больш вільготным. Туі надзелены асаблівымі якасцямі: выдзяляюць лятучыя рэчывы, здольныя зніш­чаць мікраарганізмы ў паветры, а таксама замаруджваюць іх рост. А пахучыя эфірныя маслы, якія вы­дзяляюць туі, не толькі асвяжаюць і ачышчаюць паветра, але і адпужваюць шкодных насякомых, — расказалі дзве старшакласніцы — удзельніцы бізнес-кампаніі.

Дзяўчаты, трэба сказаць, выдатна ўмеюць рэкламаваць сваю прадукцыю. Яны таксама расказалі, што кампанія створана ў студзені 2017 года, зараз у ёй задзейнічаны 15 старшакласнікаў, а структура кампаніі складаецца з аддзелаў менеджменту, эканомікі, дызайнерскай групы, якая генерыруе ідэі па афармленні прадукцыі, і тэхналагічнай групы. Карацей, вы ўжо зразумелі, што кампанія вырошчвае дэкаратыўныя расліны, распрацоўвае дызайн прысядзібных участкаў, афармляе гаршкі для дэкаратыўных раслін. Прычым у сваім пасёлку школьнікі не маюць канкурэнтаў, акрамя аднаго спецыялізаванага магазіна, але яны ўпэўнены, што мо­гуць канкурыраваць з ім, як і з гадавальнікамі раслін у сваім раёне, бо тыя ў асноўным вырошчваюць пладовыя дрэвы і кусты ды і знаходзяцца няблізка. Прадукцыю DECОRWOOD рэалізоўвае на мерапрыемствах у школе і на іншых пляцоўках, а таксама на кірмашах і акцыях у райцэнтры. А пачатковыя сродкі школьнікі атрымалі ад здачы макулатуры, правядзення кірмашоў, на акупнасць выйшлі яшчэ восенню 2018 года. Чысты прыбытак у мінулым годзе склаў 2155 рублёў. 

Вось такая вельмі прафесіянальнай вучнёўская бізнес-кампанія, удзельнікі якой, без сумнення, уваходзяць у дарослае жыццё добра падрыхтаванымі, самастойнымі, упэўненымі. 

У Жыцькаўскай сярэд­няй школе Барысаўскага раёна бізнес-кампанія “Гаспадар” з’явілася яшчэ ў 2011 годзе, Годзе прадпрымальнасці. Вучняў і педагогаў падштурхнуў да дзелавой ініцыятывы факультатыў па асновах прадпрымальніцтва. Кампанія спецыялізуецца на распрацоўцы макетаў віншавальных паштовак, візітовак, дыпломаў, падзяк, закладак, календароў і іншай паліграфічнай прадукцыі. Прэзентуючы свае паслугі, прадстаўнікі “Гаспадара” асабліва падкрэслілі, што адметная рыса школьнага бізнесу — гэта магчы­масць задаволіць індывідуальныя запыты спажыўцоў: камп’ютарная вёрстка з выкарыстаннем індывідуальных фатаграфій, малюнкаў, выкарыстанне сучаснай графікі, выдатная якасць. 

Акрамя таго, у кампаніі распрацавалі макеты афармлення каробак для цукерак, упакоўкі для шакаладу, плануюць супрацоўнічаць з кандытарскай фабрыкай “Камунарка”, з вядомым вытворцам малочнай прадукцыі, вялі перагаворы з прадстаўнікамі футбольнага клуба БАТЭ аб стварэнні календароў з выявамі футбалістаў, атрыбутыкі клуба, нават ужо стварылі некалькі варыянтаў календароў. Таксама тут па просьбе аддзялення АСВОД распрацавалі макеты памятак па правілах паводзін на вадзе, пры пажары і інш. Прадстаўнікі кампаніі асабліва падкрэслілі, што ў бягучым навучальным годзе вырасла зацікаўленасць паштоўкамі і попыт на паслугі “Гаспадара” павялічыўся на 47% у параўнанні з мінулым годам.

Крэатыўна прадставіла сваю прадукцыю бізнес-кампанія “Крайскія фантазіі” Крайскай сярэдняй школы Лагойскага раёна, у якой працуюць сямёра школьнікаў. 

— Гавораць, што ўсе грошы ў вялікіх гарадах, а вёска — не месца для бізнесу, але гэта не так, заявіў прадстаўнік кампаніі. — Адзін з варыянтаў — пляценне з лазы кошыкаў і іншых вырабаў. 

Няпросты выбар

Іншыя кампаніі, што прэзентавалі сябе ў другім туры абласнога фестывалю “Школа прадпрымальніцтва”, прадстаўлялі самыя разнастайныя паслугі і прадукцыю. Прыемна, што многія з гэтых кампаній створаны на базе вясковых школ і ВПК, усе шукаюць шляхі да росту, звяртаюцца да магчымасцей і патрэб мясцовых рынкаў працы, пажаданняў спажыўцоў, нацэлены на развіццё сваіх аграгарадкоў і вёсак. 

Нягледзячы на пэўныя абмежаванні, якія ўзнікалі з-за немагчымасці правесці фестываль у рэальным фармаце, сумна не было ні ўдзельнікам, ні журы. Пасля больш чым чатырох гадзін прэзентацый, пытанняў і адказаў, абмеркаванняў, журы аб’явіла пераможцаў, падкрэсліўшы, што кожная з 14 кампаній — пераможца, бо ўвайшла ў фінал.

 Такім чынам, спецыяльныя дыпломы журы ў намінацыі “Лепшая бізнес-ідэя” атрымалі вучнёўскія бізнес-кампаніі “Па-за сеткай” Верхменскай сярэдняй школы імя В.А.Тумара Смалявіцкага раёна, “СтандАрт” Чэрвеньскага прафесійнага будаўнічага ліцэя і “Крайскія фантазіі”.

У намінацыі “Лепшая прэзентацыя бізнес-кампаніі” спецыяльныя дыпломы прысуджаны кампаніям “Крайскія фантазіі”, “Скарбніца” Плешчаніцкай сярэдняй школы № 1 Лагойскага раёна і “Зелянград” Драчкаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Смалявіцкага раёна. 

Таксама спецыяльныя дыпломы атрымалі тры кампаніі, якія паказалі сябе лепшымі ў намінацыі “Эфектыўнае прасоўванне тавару, які вырабляецца, і паслугі, якая аказваецца”. Гэта вучнёўскія бізнес-кампаніі “Скарбніца”, “СтандАрт” і “Гаспадар”. 

Ну, а лепшай вучнёўскай бізнес-кампаніяй прызнана кампанія DECORWOOD, з чым мы яе і віншуем.  

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з архіва МАІРА і cайтаў вучнёўскіх бізнес-кампаній “СтандАРТ” і “Крайскія фантазіі”.