Будучыя выпускнікі шукаюць работу з найбольш выгаднымі для сябе ўмовамі, тыя, каму яшчэ далёка да выпуску, — магчымасць падзарабіць, а калі пашанцуе — работу, што дазволіць набыць практычныя навыкі па спецыяльнасці. Міні-кірмаш вакансій, які прайшоў у Беларускім дзяржаўным універсітэце, пацвердзіў, што такіх жадаючых вельмі многа. У фае галоўнага корпуса ўніверсітэта, дзе быў арганізаваны кірмаш, мы сустрэлі навучэнцаў розных курсаў, якія прыйшлі на кірмаш з пэўнымі надзеямі і канкрэтнымі пажаданнямі.
Кірмаш з удзелам наймальнікаў арганізавала пярвічная прафсаюзная арганізацыя БДУ сумесна з упраўленнем занятасці насельніцтва камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама. У такім фармаце кірмаш у Белдзяржуніверсітэце прайшоў упершыню, але арганізатары спадзяюцца, што ён стане традыцыйным. Ва ўсякім выпадку, актыўнасць студэнтаў дае падставы на гэта спадзявацца. Старшыня прафсаюзнай арганізацыі студэнтаў універсітэта Вольга Локцева заўважае, што на міні-кірмаш запрошаны студэнты ўсіх факультэтаў, прыкладна 20 работадаўцаў, якія прапаноўваюць каля 900 рабочых месцаў.
Падыходзім да аднаго са столікаў, што размясціліся ў фае.
— Мы прадстаўляем кампанію “Беллесвырабы”, якая робіць міжпакаёвыя дзверы, — расказваюць нам спецыялісты кампаніі. — Наша прадукцыя ідзе на экспарт больш чым у 20 краін свету, таму ў першую чаргу нам патрэбны супрацоўнікі з веданнем англійскай мовы — усяму астатняму навучым, самі падрыхтуем спецыялістаў па продажах. Патрэбны яшчэ эканамісты, бухгалтары, капірайтар, кантэнт-менеджар, інтэрнэт-маркетолагі. Кампанія разлічвае запрасіць студэнтаў на практыку, а лепшых потым працаўладкаваць.
У размове таксама высвятляецца, што арганізацыя ўжо ўдзельнічала ў кірмашы вакансій у Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце і брала двух студэнтаў на практыку — адзін чацвёртакурснік атрымаў запрашэнне на работу.
РНПЦ мікрабіялогіі і эпідэміялогіі зацікаўлены ў маладых спецыялістах — хіміках, біёлагах, мікрабіёлагах — і прапаноўвае як поўную, так і няпоўную занятасць. Адзін з хлопцаў, які падышоў да прадстаўніцы навукова-практычнага цэнтра, якраз будучы хімік. Міхаіл шукае падпрацоўку з перспектывай, спадзяецца, што часовая занятасць у будучыні стане пастаяннай. А вось магістрантка Міжнароднага дзяржаўнага экалагічнага інстытута імя А.Д.Сахарава БДУ, сёлетняя выпускніца Наталля дакладна ведае, чаго хоча.
— Атрымліваю спецыяльнасць “Медыка-біялагічная справа”, планую займацца навуковай дзейнасцю, таму выбрала гэты РНПЦ, ведаю, што ў ім вельмі добрая база для інавацыйных распрацовак і ў прынцыпе заняткаў навукай, — гаворыць яна. — У мяне ўжо ёсць вопыт работы, праходжу практыку ў лабараторыі генетыкі чалавека ў Акадэміі навук. Акрамя таго, працую ў сваім інстытуце ў лабараторыі агульнай біялогіі і генетыкі, але там я просты спецыяліст, а ў РНПЦ бачу цікавыя для мяне перспектывы.
Спецыяліст, якая на кірмашы прадстаўляе Мінскі падшыпнікавы завод, расказвае, што яе прадпрыемства шукае падсобных рабочых, прычым жадаючыя могуць самі выбіраць дні і колькасць гадзін для работы.
— У нас ёсць вопыт супрацоўніцтва з навучэнцамі, якія атрымліваюць не вышэйшую, а іншую прафесійную адукацыю, — гаворыць прадстаўніца завода. — Многія працавалі і працуюць даволі працяглы час, потым прыходзяць на пастаянную работу па сваёй спецыяльнасці. Цяпер хочам зацікавіць студэнтаў, прычым нам патрэбны не толькі рабочыя, але, напрыклад, і эканамісты.
У міжнароднай транспартнай лагістычнай кампаніі Jenty працуюць з рознымі краінамі, у тым ліку з Кітаем, таму зацікаўлены ў тых, хто ведае замежныя мовы — англійскую, нямецкую, кітайскую, венгерскую, асабліва ў выпускніках факультэта міжнародных адносін. Кампанія прапаноўвае пастаяннае працаўладкаванне, але запрашае і стажораў з разлікам на тое, што маладыя людзі потым застануцца працаваць пастаянна ў якасці спецыялістаў па арганізацыі грузаперавозак і менеджараў па продажы транспартных паслуг.
А вось да стала кампаніі Burger King, відавочна, падыходзяць студэнты, якія пакуль шукаюць месца, дзе можна падзарабіць, распытваюць прадстаўніцу кампаніі пра пагадзінную аплату, магчымасць працаваць у выхадныя і г.д. Першакурсніцы з факультэта філасофіі і сацыяльных навук Агнеша, Віка і Ліза расказваюць, што шукаюць магчымасць сумяшчаць вучобу з работай, якая б добра аплачвалася. “Ну, хаця б нармальна”, — дадае адна з дзяўчат. Калі я пытаюся, што яна лічыць нармальнай аплатай для студэнта, мая суразмоўніца адказвае, што гэта рублёў 500—600 у месяц.
Спецыяліст па падборы персаналу кампаніі, якая размаўляе са студэнтамі, зазначае ў сваю чаргу, што прыкладна 80% персаналу ў Burger King якраз і складаюць студэнты. Паколькі кампанія прапаноўвае пагадзінную аплату, кожны можа зарабіць па сваіх магчымасцях і жаданні, у тым ліку і тую суму, на якую разлічваюць тры сяброўкі-першакурсніцы: працаваць можна нават ноччу, калі так зручней.
…Надзвычай мнагалюдна каля стала з інфармацыяй камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне. Студэнты задаюць шмат пытанняў, бяруць прапанаваныя буклеты і лістоўкі: “Садзейнічанне часовай працоўнай занятасці моладзі”, “Электронныя кірмашы вакансій” і інш.
— Мы вучымся на 1 курсе факультэта міжнародных адносін, — расказваюць Марыя і Кацярына, якія, здаецца, сабралі ўсю друкаваную інфармацыю, што прапаноўваў камітэт. — Шукаем падпрацоўку на лета, бяром столькі буклетаў, каб атрымаць як мага больш інфармацыі і выбраць найлепшы варыянт. Хочацца, каб гэта была работа 3—4 дні на тыдзень, а магчыма, штосьці знойдзем і на перыяд вучобы, калі пашанцуе — знойдзем работу, звязаную з будучай спецыяльнасцю, з замежнай мовай.
Чацвёртакурснік таго ж факультэта зараз праходзіць практыку, плануе паступаць у магістратуру, а на кірмашы шукае падпрацоўку, а можа, і пастаянную работу, звязаную з яго спецыяльнасцю: Антон — будучы юрыст. Паколькі я пазнаёмілася ўжо з прадстаўніком міжнароднай транспартнай кампаніі, падказваю хлопцу, да каго падысці.
Яшчэ 3 хлопцы — будучыя юрысты Раман, Яўген і філолаг Кірыл — заканчваюць 2 курс і шукаюць работу, “якая дазволіць зарабляць рублёў 600—800 у месяц, але не будзе перашкаджаць вучобе”. Разлічваюць на работу ў сферы паслуг або штосьці накшталт грузчыка ці камплектоўшчыка.
…Акрамя зносін работадаўцаў і студэнтаў, кірмаш прапанаваў удзельнікам конкурсы, віктарыны, відэапрэзентацыі кампаній, а асобныя работадаўцы, напрыклад, адна з вядомых сетак піцэрый — нават пачастункі. За адным з самых папулярных сталоў прапануюць цукеркі і …прадказанні, звязаныя з будучай кар’ерай. Тут працуе спецыяліст кампаніі А2 Consulting, што дапамагае бізнесу прымаць аптымальныя рашэнні для развіцця, — рэзідэнта Парка высокіх тэхналогій.
Кампанія шукае бізнес-аналітыкаў, распрацоўшчыкаў. Яна даўно бярэ да сябе студэнтаў на практыку, а лепшым прапаноўвае работу. Сёлета, напрыклад, тут прымаюць на работу па размеркаванні чатырох выпускнікоў устаноў вышэйшай адукацыі — з БДУ і БДЭУ. Плюс на работу не па размеркаванні і не зусім па спецыяльнасці ў кампанію прыйдзе выпускнік факультэта міжнародных адносін БДУ, які праходзіў тут практыку. Як кажа прадстаўніца кампаніі, галоўнае — гэта жаданне, разуменне бізнес-працэсаў і веданне англійскай мовы. Усяго сёлета на практыцы ў А2 Consulting былі 12 студэнтаў з Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта і 4 — з БДУ. Запрасілі, як бачна, не ўсіх, але добрую практыку прайшоў кожны.
— У нашым універсітэце ёсць некалькі ўзроўняў прафарыентацыйнай работы і работы па дапамозе студэнтам у пошуках дадатковага заробку, — расказвае прарэктар па выхаваўчай рабоце і сацыяльных пытаннях Іван Іванавіч Янушэвіч, які быў у ліку тых, хто адкрываў міні-кірмаш вакансій. — Перш за ўсё гэта студэнцкія атрады, якія не толькі даюць магчымасць зарабіць, але і выконваюць выхаваўчую функцыю. У нас амаль 17 тысяч студэнтаў, і па апытаннях каля 40% з іх гатовы да другаснай занятасці не толькі ў студатрадах. У часткі моладзі ёсць жаданне зарабіць і ў той жа час у нейкай ступені азнаёміцца з будучай прафесіяй. Не па ўсіх спецыяльнасцях, але хаця б па некаторых — працаваць у тых арганізацыях, дзе пазней можна ўладкавацца на пастаянную работу. Магчыма, гэта ў асноўным тыя, хто працуе ў такіх атрадах, — аналіз мы яшчэ правядзём.
У БДУ праходзяць і іншыя падобныя мерапрыемствы. Напрыклад, у сакавіку адбыўся семінар-трэнінг, прысвечаны размеркаванню і працаўладкаванню пры ўдзеле прадстаўнікоў камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама, упраўлення прававой работы, галоўнага ўпраўлення адукацыйнай дзейнасці БДУ. Мэтай семінара было інфармаванне студэнтаў аб парадку і ўмовах размеркавання/пераразмеркавання выпускнікоў, патрабаваннях і ўмовах уладкавання на работу і г.д. У рамках трэнінгу маладыя людзі маглі атрымаць звесткі аб розных кампаніях, крытэрыях пры адборы персаналу, памылках пры складанні рэзюмэ, частых пытаннях на субяседаваннях і г.д., а таксама атрымаць парады кваліфікаваных спецыялістаў. Няма сумненняў, што, дзякуючы гэтаму, многія студэнты сталі больш упэўненымі ў сваёй будучыні, а сустрэча была карыснай не толькі для іх, але і для спецыялістаў — удзельнікаў семінара, якія з першых вуснаў даведаліся, што хвалюе будучых маладых спецыялістаў.
Штогод праводзіцца і кар’ерны форум БДУ для падтрымкі студэнтаў у працаўладкаванні і забеспячэнні эфектыўнага ўзаемадзеяння з заказчыкамі кадраў. А ў рамках Shadow day BSU — “Цень на дзень БДУ” — прайшоў вэбінар “Размеркаванне: адказы на самыя распаўсюджаныя пытанні”. Студэнцкі праект рэалізоўваецца пры падтрымцы кіраўніцтва хімічнага факультэта і Цэнтра кар’еры БДУ.
Таксама вучэбны аддзел Цэнтра кар’еры перыядычна арганізоўвае круглыя сталы з удзелам работадаўцаў па актуальных пытаннях працаўладкавання маладых спецыялістаў і аптымізацыі ўзаемадзеяння з арганізацыямі — заказчыкамі кадраў, удзельнічае ў розных сустрэчах.
Марына ХІДДЖАЗ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.