У зоне асаблівай увагі

Рэспубліканскі праект “Апрабацыя мадэлі праграмна-метадычнага забеспячэння арганізацыі псіхалагічнай дапамогі ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі” быў распрацаваны для таго, каб навучальныя ўстановы, у тым ліку сацыяльна-педагагічныя цэнтры, маглі знайсці новыя падыходы ў арганізацыі псіхалагічнай службы. Услед за Валожынскім і Смаргонскім раёнамі ўдзельнікам праекта стаў Партызанскі раён Мінска, які ўжо сёння на некалькі крокаў апярэдзіў іншыя рэгіёны: рэалізацыя ідэі праз стварэнне занальных груп паказвае эфектыўныя вынікі ўзаемадзеяння СПЦ і школ. 

Падрабязнасцямі рэалізацыі праекта ў сваёй тэрытарыяльнай групе падзялілася загадчык аддзела прафілактыкі сямейнага недабрабыту, сацыяльнага сіроцтва сацыяльна-педагагічнага цэнтра Партызанскага раёна Мінска Ірына Нагорная.

З усяго Мінска да ўдзелу ў праекце пакуль што далучыўся толькі Партызанскі раён. Вынікі работы, якія дэманструе СПЦ, паказальныя: узаемадзеянне са школамі выйшла на новы ўзровень, а форма аказання псіхалагічнай дапамогі стала больш эфектыўнай дзякуючы сумяшчэнню кірункаў работы школьнага псіхолага і псіхолага СПЦ. 

“Удзел у праекце, як вядома, прымаюць тры рэгіёны краіны, якіх выбралі, — пачынае расказваць Ірына Мікалаеўна Нагорная. — Кожнаму з рэгіёнаў трэба было прыдумаць свае асаблівасці яго рэалізацыі: як найбольш эфектыўна арганізаваць псіхалагічную службу? Мы выбралі форму рэалізацыі ідэі праз арганізацыю занальных груп. Сэнс занальнасці заключаецца ў тым, што ўмоўна ўсе школы Партызанскага раёна былі падзелены на 4 групы. У кожнай з іх выбралі куратара. Атрымліваецца, што ўсе падзяліліся па тэрытарыяльнай прыкмеце. Калі дзесьці адбываецца нестандарная сітуацыя, у вырашэнні яе прымае ўдзел зона, якая знаходзіцца бліжэй за ўсё. Першым аб праблеме, што ўзнікла, даведваецца куратар”. 

Нестандартная сітуацыя — гэта, напрыклад, канфлікт у школе або суіцыдальныя паводзіны навучэнцаў, спрэчкі настаўніка з дзецьмі, нежаданне апошніх вучыцца. І.Нагорная ўспомніла, што ў той момант, калі Партызанскі раён далучыўся да праекта, у СПЦ па дапамогу звярнулася псіхолаг адной са школ: у навучэнца дрэнна праходзіла адаптацыя ў класе. Як дапамагчы яму? Як зрабіць так, каб гэтага хлопчыка прынялі аднакласнікі? 

“Каб вырашыць праблему, нас пазвалі ў школу, — успамінае Ірына Нагорная. — Сустрэча нагадвала сабой школьны сход. На яго былі запрошаны дырэктар СПЦ, яго намеснік, а таксама бацькі тых дзяцей, што вучацца ў адным класе з хлопчыкам. Школьнага псіхолага ў гэтай навучальнай установе на той момант не было, таму з калектывам узаемадзейнічала спецыяліст нашага СПЦ. Каб дапамагчы дзіцяці, яна працавала 3 месяцы не толькі з тым, каго не прымалі. Удзельнікамі сустрэч станавіліся ўсе дзеці з класа. Варта задумацца, што магло б здарыцца, калі б псіхолаг не пачала работу з дзецьмі. Сітуацыя магла расцягнуцца на месяцы і станавілася б усё горшай і горшай. Невядома, да якіх наступстваў гэта прывяло б. Менавіта такім чынам, праз узаемадзеянне з навучальнымі ўстановамі, мы змаглі апрабаваць форму работы праз занальныя групы. Дарэчы, амаль адразу да вырашэння праблемы непрыняцця навучэнца запрасілі псіхолага з іншай школы, што адносіцца да занальнай групы”. 

Нестандартнай сітуацыяй, якая патрабавала неадкладнага рэагавання і дапамогі, стаў здзейснены суіцыд аднаго з навучэнцаў школ. У выпадку такіх сітуацый спецыялісты павінны працаваць не толькі з дзецьмі, якія блізка кантактавалі ці проста вучыліся ў адным класе з ахвярай. Дапамогі, прычым экстраннай, патрабуюць і педагогі.

“Гэта быў страшны выпадак, раптоўны, але ён таксама яскрава паказаў, наколькі важна ўмець аказваць дапамогу адно аднаму, — працягвае дзяліцца назіраннямі І.Нагорная. — Для псіхолага школы нашы спецыялісты сталі кансультантамі: здарэнне нетыповае, не кожны будзе да яго гатовы, улічваючы спецыфіку работы школьнага псіхолага. Бачачы, наколькі дзейснай з’яўляецца дапамога, што аказваецца ў рамках праекта, мы вырашылі, што і далей, калі праект завершыцца, будзем працаваць па прынцыпе занальнасці. Па-першае, гэта эфектыўна, а па-другое, вельмі зручна. Раней, пакуль не далучыліся да праекта, ведалі, што ў раёне ёсць ад зін добры практыкуючы псіхолаг, які можа даць параду наконт любога здарэння. Думалі, што занальнасць, якую прымянілі, дапаможа ў кожнай з зон выбраць такога спецыяліста, які будзе дэманстраваць найбольш дзейсныя навыкі, багаты вопыт і кампетэнцыі і зможа дапамагаць. І мы не памыліліся. За навучальны год, пакуль знаходзімся ў праекце, змаглі выдзеліць чатырох псіхолагаў. Гэта дае магчымасць калегам-псіхолагам эфектыўна падтрымліваць зносіны ўнутры групы і звяртацца па дапамогу. Відавочна, такая форма работы аб’ядноўвае і дапамагае педагогам-псіхолагам лепш пазнаць адно аднаго. Не сакрэт, здараецца такое, што і сорамна, і не хочацца кудысьці ехаць і нешта ўдакладняць па сваёй сітуацыі. Занальная форма работы выключае ўсялякі сорам, яго тут быць не можа, бо педагогі становяцца камандай, якая працуе на вынік”.

У адной са школ раёна ўзнік канфлікт: бацькі дзіцяці, якога пакрыўдзілі, адразу звярнуліся са скарагай у аддзел па адукацыі. 

“Да вырашэння сітуацыі, што ўзнікла, папрасілі далучыцца псіхолагаў нашага СПЦ, бо мы ведалі, каго з пункту гледжання занальнасці можна далучыць да вырашэння спрэчкі, — працягвае загадчык аддзела прафілактыкі сямейнага недабрабыту. — Праз некаторы час гэтае здарэнне таксама было вырашана”.

Між радкоў

Тыдзень назад у Партызанскім раёне праходзіў сход па прамежкавых выніках праекта. Прадстаўнікі занальных груп, педагогі-псіхолагі школ і СПЦ дзяліліся назіраннямі і прапановамі. 

“Падчас сустрэчы звярнулі ўвагу на тое, што дапамога, якую аказвалі адно аднаму, была вельмі аператыўнай, — працягвае І.Нагорная. — Гэта паказвае, што нам не патрэбна была дапамога кагосьці з іншага мікрараёна: усё вырашаецца вельмі хутка і на месцах. Дарэчы, у педагогаў-псіхолагаў з’явілася нават такая форма работы, як самакантроль: яны хадзілі па школах, што належаць да іх занальных груп, дзяліліся вопытам, глядзелі, як вядзецца дакументацыя, як праводзяцца заняткі, які матэрыял ёсць у наяўнасці. Дарэчы, заняткаў сёлета было менш, чым раней. Гэта звязана з эпідэмічнай сітуацыяй. Але ідэя аднавіць заняткі з педагогамі ёсць. Гэта будзе добрая школа вопыту для кожнага з псіхолагаў. Згадзіцеся, усе педагогі цікавяцца рознымі тэмамі. Нехта добра працуе з адоранымі дзецьмі, іншы спецыялізуецца на рабоце з навучэнцамі па падрыхтоўцы да экзаменаў, хтосьці робіць ухіл на рабоце з праблемнымі сем’ямі ці працуе з выбарам прафесіі. Упэўнена, будзе цудоўна, калі спецыялісты змогуць падзяліцца сваімі напрацоўкамі з калегамі, паслухаюць адно аднаго і абмяняюцца вопытам”.

Абавязковым пунктам у рабоце кожнага школьнага псіхолага з’яўляецца ўзаемадзеянне з бацькамі. Спецыялісты СПЦ пасля далучэння школ да праекта не выключылі гэтай формы работы. Наадварот, сёння дыялогу з дарослымі ўдзяляецца яшчэ больш увагі. 

“Тэмы, для абмеркавання якіх запрашаем бацькоў, могуць быць самымі рознымі, пачынаючы ад адаптацыі ў 1 класе і заканчваючы падрыхтоўкай да выпускных экзаменаў у 11-м, — заўважае Ірына Мікалаеўна. — Акрамя кансультацый у школе, нас запрашаюць на правядзенне бацькоўскіх універсітэтаў, што арганізоўваюцца ў Партызанскім раёне. Бацькоўскі ўніверсітэт — гэта як бацькоўскі сход, толькі на яго запрашаюцца дарослыя прадстаўнікі непаўналетніх з усяго раёна. Падчас такіх сустрэч таксама ўзнімаюцца шматлікія праблемныя пытанні. Напрыклад, на адным з апошніх сходаў гаварылі пра суіцыдальныя паводзіны. Бацькі павінны ведаць, на што звяртаць увагу, якія маркеры паводзін могуць адносіцца да суіцыдальных. Няма нічога дзіўнага, што бацькі гэтага могуць не ведаць: не кожны з іх працуе з дзецьмі ці ў той сферы, якая тлумачыць гэтыя факты. Так, мы падкрэслілі, што мамы і таты павінны звяртаць увагу на паводзіны, учынкі дзіцяці, а таксама на тое, як яно мяняецца знешне, з кім падтрымлівае зносіны, якія фільмы глядзіць. Дарэчы, для размовы па такіх тэмах мы запрашаем не толькі школьных псіхолагаў. З бацькамі размаўляюць крызісныя псіхолагі, псіхатэрапеўты, псіхіятры і інш. І мы вельмі просім бацькоў не баяцца звяртацца да спецыялістаў. Нельга жыць мінулым і хаваць праблемы, што ўзнікаюць у зносінах з дзіцем, у сям’і. Ёсць многа спецыялістаў, якія могуць дапамагчы. Галоўнае — не баяцца і прыйсці ў кабінет да школьнага псіхолага. Чым раней прыйдзеце, тым большая верагоднасць, што праблема не будзе запушчана. Час павінен працаваць на карысць, а не насуперак. Ніколі не трэба думаць, што зварот да псіхолага — гэта сорамна і паказвае слабасць. Наадварот, гэта сведчыць пра адкрытасць і сілу, пра гатоўнасць ісці на кантакт і вырашаць складанасці”.

Псіхолаг для псіхолага

Супервізія для педагогаў-псіхолагаў — неабходны аспект у рабоце спецыялістаў школ і СПЦ. І.Нагорная гаворыць, што ў найбліжэйшы час хацелася б аднавіць практыку такога ўзаемадзеяння з калегамі. 

“Раней псіхолагі збіраліся разам, каб выказацца па ўсіх тэмах, з якімі працуем, абмеркаваць іх адно з адным і, магчыма, убачыць больш свежы падыход, іншы погляд на праблему, яе вырашэнне, чым тое, як самі яе ідэнтыфікавалі, — працягвае псіхолаг. — Арганізоўвала прафесійныя сустрэчы адна з псіхолагаў, гэта была яе асабістая, прыватная ідэя. Было б цудоўна, каб ініцыятыву аднавілі. Псіхолагам супервізія вельмі неабходна. Гэта як сустрэча звычайнага кліента і псіхолага, толькі тут мы самі для сябе з’яўляемся і кліентамі, і псіхолагамі”.

Адсутнасць супервізіі сёння з’яўляецца адзіным недахопам, які ў межах рэалізацыі праекта бачыць Ірына Нагорная. У астатнім спецыяліст задаволена тым, як паступова, прафесіянальна і дакладна працуе сістэма аказання псіхалагічнай дапамогі ў раёне.

“Мы працуем для дзяцей, для бацькоў і настаўнікаў і будзем задаволены, калі наша дзейнасць прынясе вынікі, — падсумоўвае спецыяліст. — Педагогі-псіхолагі ў межах праекта неаднаразова прымалі ўдзел у тэматычных семінарах, набывалі новы вопыт. Дарэчы, важна, што ў структуры дзейнасці псіхалагічнай службы раёна прадугледжана двайное падпарадкаванне па адміністрацыйнай і па прафесійнай лініях. Адміністрацыйнае кіраванне ажыццяўляецца кіраўніком установы адукацыі і накіравана на вызначэнне стратэгіі яе развіцця і функцыянавання, на стварэнне неабходных для гэтага ўмоў і інш. Прафесійнае кіраўніцтва ажыццяўляецца СПЦ. Безумоўна, наша дзейнасць арыентавана як на выкананне актуальных запытаў педагогаў-псіхолагаў, так і на перспектыву іх развіцця. Дзякуючы двайному падпарадкаванню, мы выкарыстоўвалі толькі прафесійныя рэсурсы, якія дазволілі ўкараніць мадэлі псіхалагічнай службы па псіхолага-педагагічным суправаджэнні ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу па занальных прынцыпах, што спрыяла паспяховаму вырашэнню пытанняў, выкарыстоўваючы практычны вопыт і прафесійныя навыкі адначасова некалькіх псіхолагаў. Калі попыт на псіхалагічную дапамогу ў канкрэтнай установе адукацыі ёсць, педагог-псіхолаг можа пераадрасаваць удзельніка адукацыйнага працэсу да іншага спецыяліста, уключанага ў занальную групу псіхалагічнай службы раёна. Дарэчы, дзейнасць занальных груп дазволіла законным прадстаўнікам навучэнцаў выбіраць спецыяліста, педагога-псіхолага за межамі сваёй установы адукацыі. Згадзіцеся, гэта важна. Бо, як я ўжо згадвала, не ўсе псіхолагі аднолькавыя: кожны спецыялізуецца на тым ці іншым кірунку работы. А значыць, у бацькоў і дзяцей павінна быць магчымасць выбару сярод спецыялістаў. Ад таго, наколькі правільным будзе гэты выбар, залежыць многае, але ў першую чаргу — правільнае псіхалагічнае суправаджэнне дзяцей”.

Праект яшчэ не завяршаецца, але ў Партызанскім СПЦ ужо ведаюць, што будуць працаваць па ім і ў будучыні: сістэма аказання псіхалагічнай дапамогі павінна заўсёды ўдасканальвацца. Згадзіцеся, не трэба ставіць кропку там, дзе можна паставіць коску: час падкідвае новыя праблемы, вырашаць якія тымі метадамі, што з цягам часу зношваюцца, не тое што не мае сэнсу — гэта проста неэфектыўна. Ці не так? 

Наталля САХНО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.